англійскі паэт, мастак. Першы англ. рамантык паводле вызначэння паэтаў-прэрафаэлітаў. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі. Аўтар лірыка-філас. зб-каў «Песні неспакушанасці» (1789) і «Песні вопыту» (1794). У «Прароцкіх кнігах» (1789—1820); паэмы «Шлюб Неба і Пекла», «Французская рэвалюцыя», «Прывідныя ўяўленні дачок Альбіёна», «Амерыка», «Еўропа» і інш.) праз складаную сімволіку міфал. і біблейскіх вобразаў адлюстраваў трагічныя калізіі еўрап. гісторыі на мяжы стагоддзяў. Паэма «Іерусалім: эманацыя гіганта Альбіёна» (1820) — духоўны запавет Блейка. Ілюстраваў уласныя творы, «Кнігу Іова», «Боскую камедыю» Дантэ. Наватарскія ідэі Блейка (тэорыя ўяўлення як універсальны інструмент адкрыцця вышэйшай духоўнай рэальнасці; прынцып сінтэзу мастацтваў, увасоблены ў кніжнай графіцы), надоўга апярэдзіўшы свой час, заставаліся ў цэнтры ўвагі 20 ст. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў Я.Семяжон.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. М., 1965;
Стихи М., 1978.
Літ.:
Елистратова А.А. Наследие английского романтизма и современность. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКСТА́НТ [ад лац. sextans (sextantis) шостая частка; у марской справе часцей секстан],
вугламерны адбівальны інструмент, асн. частка якога — дуга памерам у 1/6 частку акружнасці (60°), падзеленая на градусы і долі градуса (лімб). Вымярае вуглы да 120°. Выкарыстоўваецца ў мараходнай і авіяц. астраноміі для вымярэння вышынь нябесных свяціл і берагавых прадметаў над гарызонтам, а таксама вуглоў паміж бачнымі з карабля прадметамі.
Выявы аб’ектаў, напр., нябеснага свяціла і марскога гарызонту, паміж якімі вымяраецца вуглавая адлегласць, сумяшчаюцца ў трубе С. Гэта дае магчымасць не замацоўваць С. на нерухомай аснове, рабіць вымярэнні, трымаючы яго ў руках. Для астр. вызначэння месца карабля ці самалёта С. вымяраюць вышыні некалькіх нябесных свяціл, а потым будуюць вышынныя лініі становішча з улікам папраўкі на паніжэнне гарызонту з прычыны шарападобнасці Зямлі.
Схема секстанта: 1, 3 — святлафільтры; 2, 4 — люстэркі; 5 — падзорная труба; 6 — шкала; φ — вугал паміж напрамкамі на нябеснае свяціла і гарызонт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛЕ́РКІ,
самагучальны ударны музычны інструмент. Складаецца з 2 метал. дыскаў (з чашападобнымі ўзвышэннямі ў цэнтры), якімі ўдараюць адзін аб адзін і глушаць, прыціскаючы да грудзей. Па памерах і характары гучання бываюць малыя (дыяметр 25—35 см), сярэднія (37,5—45 см), вял. (47,5—60 см); «турэцкія» (яркага гучання), «кітайскія» (з прыгукам гонга), педальныя («чарльстон», ці джазавыя), «антычныя» («кроталы» — самыя малыя па памерах) і інш. Ужываюць і 1 Т., падвешаную на руцэ або штатыве, па якой б’юць палкай ад літаўраў і інш. Вядомы са стараж. часоў. У сімф. аркестр уведзены ў канцы 18 ст. Выкарыстоўваюцца ў бел.нар.інстр. музыцы (вядомы з 17—18 ст. ў складзе «янычарскіх капэл»). Спалучэнні Т. і барабана, Т. як састаўной часткі і нар. ударнай устаноўкі з педаллю (у якой, акрамя барабана, шумёлы, бубен, клякотка і інш.) складаюць характэрныя рысы бел.нар.інстр. музыкі з адметнымі мясц. традыцыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТУРМАВЫ́Я АТРА́ДЫ (ням. Sturmabteilungen, скарочана SA),
паўваенныя злучэнні Нацыянал-сацыялістычнай партыі Германіі ў 1921—45. Напачатку выкарыстоўваліся А.Гітлерам як ударная дапаможная сіла пры правядзенні прапагандысцкіх кампаній. З 1923 іх (каля 2 тыс.чал.) узначальваў Г.Герынг. Пасля «піўнога путчу» 1923 забаронены, у 1925 адноўлены і сталі масавай арг-цыяй (сац. база — моладзь, беспрацоўныя і інш.). З 1931 узмацнілася іх берлінская арг-цыя на чале з яе нач. штаба Э.Ромам (Рэм). З прыходам да ўлады ў Германіі нацыстаў (1933) Ш.а. — гал.інструмент іх тэрору (у Прусіі з 22.2 да 2.8.1933 выкарыстоўваліся як «дапаможная паліцыя»). У выніку забойства Рома (30.6.1934) і інш. кіраўнікоў, якія прэтэндавалі на лідэрства ў нацысцкай партыі, страцілі паліт. значэнне на карысць СС; іх колькасць паменшылася з 4,5 млн. ў чэрв. 1934 да 1,2 млн.чал. у 1938. Пасля разгрому герм. фашызму (1945) Ш.а. забаронены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Каліно́к ’струнны музычны інструмент, балалайка’ (Бяльк.). Няясна. Дакладных адпаведнікаў у іншых бел. гаворках як быццам няма, у іншых мовах таксама. Паралелі нам невядомыя. Не выключана, што суадносіцца з каліна (фармальная сувязь з асновай ёсць), аднак матывацыя няясная. Можа рэканструяваць і форму *коленок, аднак і да яе паралелі нам невядомыя.