МУХАВЕ́Ц,

рака ў Брэсцкай вобл., правы прыток р. Зах Буг. Даўж. 112,6 км. Пл. вадазбору 6600 км². Цячэ па Прыбугскай раўніне (вярхоўе) і Брэсцкім Палессі. Пачынаецца ў сутоках рэк Myxa і Вец у г. Пружаны. Уваходзіць у Дняпроўска-Бугскі водны шлях.

Асн. прытокі: Дахлоўка, Жабінка (справа), Дняпроўска-Бугскі канал, рэкі Трасцяніца, Асіпоўка, Рыта (злева). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, шыр. ў сярэднім цячэнні 400—600 м, ніжэй 1,5—2 км. Схілы ўмерана стромкія, выш. 4—8 м (у ніжнім цячэнні 3—6 м). Пойма двухбаковая, нізкая, парэзаная старыцамі і меліярац. каналамі, месцамі забалочаная. Рэчышча каналізаванае на ўсім працягу. У верхнім цячэнні рака называецца канал Мухавец. Ад г. Кобрын да Брэста рака зарэгуляваная. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады каля Брэста 34,9 м³/с. Суднаходства ад г. Кобрын (64 км ад вусця), працягласць навігацыйнага перыяду 230—240 сутак. На рацэ гарады Брэст, Пружаны, Жабінка, Кобрын.

Рака Мухавец.

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1987 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 263 м², каля 8,4 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У 9 залах паказаны гіст. шлях Навагрудка ад стараж. часоў да вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у 1944. Сярод экспанатаў археал. прылады працы з крэменю, бронзы, жалеза, керамічны посуд, упрыгожанні са шкла, бронзы 10—13 ст., прадметы імпарту з Кіеўскай зямлі, Скандынавіі, краін Зах. Еўропы і Б. Усходу. Экспазіцыя расказвае пра стварэнне ВКЛ, вял. князёў Міндоўга, Войшалка, Вітаўта. Дыярамы, малюнкі, фотакопіі дакументаў і інш. матэрыялы знаёмяць з жыццём горада ва ўмовах магдэбургскага права, войнаў 17—18 ст. Асобныя экспазіцыі прысвечаны дзеячам навукі і культуры Я.Булгаку, Я.Драздовічу, Ф.Еўлашоўскаму, А.Міцкевічу, Я.Чачоту і інш., дзейнасці Навагрудскай беларускай гімназіі, польскай гімназіі імя А.​Міцкевіча, т-ва бел. школы. Экспазіцыя, прысвечаная Вял. Айч. вайне, расказвае пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху, фарміраванняў Арміі Краёвай, яўр. партыз. атрада Бельскага і інш.

Т.​Р.​Вяршыцкая.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДВІ́ЛКА (Аркадзь Пятровіч) (24.8.1905, в. Языль Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 27.10.1986),

бел. пісьменнік, перакладчык. Канд. філал. н. (1956). Вучыўся на Фанетычных курсах новых моў у Ленінградзе (1926—27), у БДУ (1927—29), на Вышэйшых курсах новых моў пры 2-м Маскоўскім ун-це (1929—30). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (Ташкент, 1950). У 1933 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1988. З 1935 жыў у Ташкенце. Працаваў у Сярэднеазіяцкім ун-це (1951—57), Ташкенцкім пед. ін-це (1956—60), Рэсп. ін-це рус. мовы і л-ры (1960—85). Друкаваўся з 1924. Публікаваў вершы, апавяданні, нарысы, рэцэнзіі. Аўтар кн. нарысаў «Вялікае нараджэнне» (1932), навук. прац «Нарысы па рускай фразеалогіі» (1964), «Як хутчэй засвоіць значэнне англійскіх слоў» (1968) і інш. На бел. мову пераклаў раздзелы са «Спеву аб Гаяваце» Г.​Лангфела, «Песню пра вольны шлях» У.​Уітмена, асобныя творы Дж.​Лондана, Р.​Тагора, П.​Тычыны, раман М.​Ляшко «Доменная печ» і інш.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1649,

выступленне гараджан Мазыра і сялян навакольных вёсак у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Беларусі. Пачалося ўлетку 1648. Выступленне ўзначаліў мазырскі рамеснік Іван Сталяр. Жыхары Мазыра склалі асобную харугву на чале з мясц. седлавым майстрам Седляром. У жн. да гараджан далучыўся пасланы Б.​Хмяльніцкім атрад Міхненкі. З мэтай закрыць казацкім загонам шлях на Беларусь, у пач. студз. 1649 на Тураў і Мазыр рушыла 15-тысячнае войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.Радзівілам. Радзівіл паслаў да гараджан ганца з лістом, у якім прапанаваў здаць горад без бою, за што абяцаў усім паўстанцам права на свабодны выхад. Гараджане не прынялі прапановы. 19 студз. войска Радзівіла падышло да Мазыра. Драгуны, пад прыкрыццём саней з дрывамі, падышлі да варот, выбілі іх бярвёнамі і ўварваліся ў горад. К канцу дня горад і замак былі захоплены, рэшткі паўстанцаў адцеснены да Прыпяці і перабіты, горад разрабаваны, часткова спалены. Кіраўнік паўстання Сядляр прарваўся праз акружэнне і выратаваўся, Міхненка быў узяты ў палон і пакараны смерцю.

т. 9, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕ́НСКАЕ БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІЦТВА»,

«Беларускае народнае прадстаўніцтва», палітычнае аб’яднанне бел. партый і груп ліберальнай і правасацыялістычнай арыентацыі ў 1918 — пач. 1919. Створана 25.2.1918 з прадстаўнікоў Беларускай народнай партыі сацыялістаў, партыі сацыялістаў-аўтанамістаў, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Бел. праваслаўнага аб’яднання, Бел. саюза зямельных уласнікаў і інш. У выканаўчы к-т «М.б.п.» ўваходзілі протаіерэй П.​Кульчыцкі, К.А.Кандратовіч, Р.А.Скірмунт, В.Гадлеўскі, У.М.Уласаў, П.П.Аляксюк, В.​І.​Чавусаў, Р.А.Зямкевіч, А.​Русецкі. Друкаваны орган — газ. «Беларускі шлях». Аб’ядноўвала паліт. сілы, якія супрацьстаялі Беларускай сацыялістычнай грамадзе ў барацьбе за ўладу ва ўмовах ням. акупацыі. У праграмным дакуменце заявіла, што «прадстаўляе інтарэсы беларускага народа і з’яўляецца палітычным цэнтрам», які абараняе незалежнасць Беларусі, культуру і самабытнасць бел. народа. Выступала за стварэнне адзінага нац. цэнтра, цесны саюз з Германіяй, захаванне буйнога землеўладання. 12.4.1918 выканаўчы к-т «М.б.п.» кааптаваны ў склад Рады БНР. З нарастаннем вызв. барацьбы бел. народа супраць ням. акупантаў паліт. ўплыў «М.б.п.» зніжаўся, паступова яно распалася.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СНІЦТВА,

сістэма размеркавання службовых пасад («месцаў», адсюль назва) у Рас. дзяржаве з 14—15 ст. пры назначэнні на ваен., адм. і прыдворную службу з улікам паходжання, службовага становішча продкаў чалавека і яго асабістых заслуг. Перавага аддавалася прадстаўнікам больш старадаўніх і засл. родаў. Складаныя адносіны ўнутры знатных родаў і недакладнасць генеалагічных звестак выклікалі спрэчкі, якія вырашалі цар і баярская дума. У сярэдзіне 16 ст. М. з асяроддзя баяр і нашчадкаў удзельных князёў пашырылася на дваран, а ў 17 ст. нават на вярхі купецтва і гараджан. Прынцып М. часта закрываў шлях да заняцця значных вайск. і дзярж. пасад здольным, але недастаткова радавітым людзям, што супярэчыла рэальным інтарэсам дзяржавы. Развіццё ў 17 ст. ў Расіі абсалютызму, які прадугледжваў стварэнне строга падначаленага цэнтр. ўладзе бюракратычнага апарату, таксама вяло да выцяснення М., якое афіцыйна скасавана земскім саборам 1682. У сучасным значэнні М. — прытрымліванне вузкамясц. інтарэсаў, якое прычыняе шкоду агульнай справе.

Літ.:

Шмидт С.О. Местничество и абсолютизм // Абсолютизм в России (XVII—XVIII вв.). М. 1964.

т. 10, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАБЫ́ТНЫЯ ЖЫВЁЛЫ І РАСЛІ́НЫ,

першыя на Зямлі арганізмы, якія ў працэсе эвалюцыі біясферы далі пачатак усёй разнастайнасці раслінных і жывёльных форм жыцця. Узнікалі, развіваліся і знікалі на працягу многіх мільёнаў гадоў. Першыя сляды жывых істот выяўлены ў горных пародах, узрост якіх вызначаны ў 3,5 млрд. гадоў. Першыя формы жыцця ўзніклі, верагодна, у дакембрыйскіх морах (гл. Дакембрый) і падзяліліся на 2 асн. групы — расліны і жывёлы, якія за пэўны час прайшлі эвалюц. шлях ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў. Першапачатковыя аднаклетачныя істоты адносіліся да групы найб. прымітыўных арганізмаў — пракарыёт. Сярод некат. плаваючых іх форм узніклі першыя сапраўдныя аднаклетачныя — эўкарыёты. У канцы пратэразою (у вендзе, каля 600 млн. г. назад) у адкладах адзначаны адбіткі мнагаклетачных арганізмаў, якія бачны простым вокам. Прадстаўнікі найб. стараж. жывёл — археацыяты — з’явіліся каля 570 млн. г. назад. У канцы кембрыйскага перыяду існавалі прадстаўнікі амаль усіх тыпаў жывёльнага свету, а расліны былі прадстаўлены шматлікімі вапняковымі водарасцямі. Далейшая эвалюцыя біясферы прывяла да сучаснага стану флоры і фауны.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВІДЭНЦЫЯЛІ́ЗМ (ад лац. providentia прадбачанне),

рэлігійная інтэрпрэтацыя гісторыі як ажыццяўлення боскага плана выратавання чалавека і чалавецтва. Першапачаткова ідэя П. ўзнікла ў працах айцоў царквы, яна сістэматызавана ’і распрацавана Аўгусцінам і М.Лютэрам. Уведзены Аўгусцінам правідэнцыялісцкі шлях да «царства Божага» быў асновай сярэдневяковай схаластыкі. Надаўшы Божай волі статус адзінага вытоку сусв. гісторыі, П. Аўгусціна паслядоўна падводзіў да прызнання абсалютнага наканавання чалавечага лёсу небам, што сустракала крытыку з боку прыхільнікаў пелагіян, якія сцвярджалі наяўнасць у чалавека свабоды волі і магчымасці сваімі добрымі ўчынкамі выпраўляць наканаваны лёс. Ідэі П. былі ўласцівы У.​Данілеўскаму, А.​Тойнбі, Ж.​Марытэну і інш. хрысц. філосафам і гісторыкам. Канцэпцыя П. ў хрысціянстве арганічна суадносіцца з тэлеалогіяй і эсхаталогіяй. П. як дактрына або ідэя ўваходзіць у тэалагічныя сістэмы ўсіх хрысц. плыняў, а таксама ў канцэпцыі ісламу, іудаізму і інш. канфесій. З эпохі Асветніцтва ў процівагу П. развіваецца рацыяналістычны погляд на гісторыю як працэс ажыццяўлення «прыроднага закону», розуму, пазней — здаровага сэнсу.

А.​А.​Цітавец.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

dokonać

зак. czego1. зрабіць, выканаць, здзейсніць;

dokonać operacji — зрабіць аперацыю;

dokonać przestępstwa (zbrodni) — здзейсніць (учыніць) злачынства;

2. кніжн. дарабіць; завяршыць; закончыць;

dokonać żywota (życia) — закончыць свой жыццёвы шлях

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

trakt, ~tu

trak|t

м.

1. тракт, шлях;

~t bity — шашэйная (шасэйная) дарога; шаша;

2. ход;

w ~cie walki — у ходзе барацьбы;

w ~cie tego — у той час

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)