ЛІТВІ́Н Аляксей Міхайлавіч (н. 12.1.1951, в. Сямігосцічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (2003). Скончыў БДУ (1973). З 1975 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ, з 1987 у Ін-це гісторыі АН Беларусі (заг. аддзела гісторыі Беларусі перыяду Вял.Айч. вайны, з 1991 — аддзела ваен. гісторыі Беларусі). Даследуе гісторыю Беларусі перыяду 1-й і 2-й сусв. войнаў, падп. і партыз. барацьбу, ваен.буд-ва на Беларусі, праблемы калабарацыянізму ў час войнаў, пытанні міжнац. адносін. Адзін з аўтараў выдання «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1, 1983) і складальнікаў зб. дакументаў і матэрыялаў «Усенародны партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (чэрвень 1941—ліпень 1944)» (т. 3, 1982), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995), «Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: Праблемы гістарыяграфіі і крыніцазнаўства» (1999).
Тв.:
Армія Краёва на Беларусі // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1, 4;
«Белые пятна» второй мировой: Пол.-нем. контакты на территории Беларуси и Виленщины в отражении нем. док. // Нёман. 1995. № 2;
Акупацыя Беларусі (1941—1944): пытанні супраціву і калабарацыі. Мн., 2000;
Антысавецкія ваенна-паліцэйскія фармаванні на тэрыторыі Беларусі ў другой сусветнай вайне: стан і перспектывы даследавання // Гіст. альм. 2001. № 4;
Революция 1917 г. и создание белорусских военных формирований // Реформы и революции в России в XX веке. М., 2001. К вопросу о количестве людских потерь Беларуси в годы Великой Отечественной войны (1941—1945 гг.) // Беларусь у XX стагоддзі. Мн., 2002. Вып. 1;
Местная вспомогательная полиция на территории Беларуси (июнь 1941—июль 1944 гг.) // Беларусь у XX стагоддзі. Мн., 2003. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́КТЫКАваенная
(грэч. taktika мастацтва пастраення войск),
тэорыя і практыка падрыхтоўкі і вядзення бою падраздзяленнямі, часцямі (караблямі) і злучэннямі; састаўная частка ваеннага майстэрства. Тэорыя Т. даследуе заканамернасці, характар і змест бою, распрацоўвае спосабы яго падрыхтоўкі і вядзення. Практыка Т. ўключае падрыхтоўку войск, планаванне, забеспячэнне і вядзенне баявых дзеянняў, кіраванне падраздзяленнямі і часцямі ў баі і інш.Асн. фактары, якія вызначаюць развіццё Т.: удасканаленне зброі і ваен. тэхнікі; якасці асабовага складу (узровень адукацыі, баявыя традыцыі. нац. асаблівасці і інш.); характар аперацый і войнаў, патрабаванні аператыўнага майстэрства і стратэгіі ваеннай.
Са стараж. часоў да пач. 20 ст. Т. фактычна адлюстроўвала развіццё Сухапутных войск і Ваенна-Марскога Флоту. У войнах рабаўладальніцкіх дзяржаў Т. зводзілася да прамалінейнага руху войск у ходзе баёў і рукапашных схватак. У гэты перыяд яна развівалася ў кірунку ўдасканалення баявых парадкаў войск і манеўраванне імі (гл.Манеўр). Вынаходства новых відаў зброі прывяло да з’яўлення розных відаў пяхоты і кавалерыі, абумовіла неабходнасць узаемадзеяння паміж імі. З пач. 11 ст. ў Зах. і Цэнтр. Еўропе Т. вызначалася панаваннем на палях бітваў рыцарскай конніцы (гл.Рыцарскае войска). У 13 ст.найб. гнуткай Т. валодалі мангола-татары, якія атрымалі шэраг буйных перамог у войнах супраць многіх дзяржаў і народаў Азіі і Еўропы (гл.Мангольскія заваяванні). Прыкладамі ўзорнай Т. ўсх. славян у 13—14 ст. з’яўляецца Лядовае пабоішча 1242, Бітва каля Сініх Вод 1362, Кулікоўская бітва 1380 і інш. Далейшае развіццё Т звязана з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі. У 16—17 ст.найб. характэрнымі рысамі тактычнага майстэрства, у т. л. ў войску ВКЛ, з’яўляліся манеўр і рухомасць, раптоўнасць нападу, спалучэнне франтальных удараў з флангавымі і тылавымі, а таксама засадамі, камбінаванне розных відаў узбраення, пераслед адыходзячага непрыяцеля з мэтай яго знішчэння або захопу ў палон і інш. Да гэтага перыяду адносіцца росквіт тактычнага майстэрства шэрагу таленавітых военачальнікаў ВКЛ: М.Глінскага (Клецкая бітва 1506), К.Астрожскага (Аршанская бітва 1514), М.Радзівіла (Ульская бітва 1564), Я.К.Хадкевіча (Кірхгольмская бітва 1605), Я.Радзівіла (Лоеўская бітва 1649 і Лоеўская бітва 1651) і інш. З 17 ст. змяненне ў Т., звязанае з наяўнасцю вял. колькасці агнястрэльнай зброі, выявілася ў адмове ад глыбокіх баявых парадкаў, выцягванні войск уздоўж фронту з мэтай максімальнага выкарыстання зброі і змяншэння страт сваіх войск (лінейная Т. і інш.). Стварэнне масавых армій у канцы 18 — пач. 19 ст. і далейшае ўдасканаленне зброі прывялі да калоннага пастраення войск і рассыпнога строю. Са з’яўленнем у 2-й пал. 19 ст.наразной зброі пяхота пры наступленні ўтварала стралк. ланцугі. У 1-ю сусв. вайну ў сувязі з масавым выкарыстаннем кулямётаў, наразной артылерыі, з паяўленнем танкаў, авіяцыі і атрутных рэчываў пачала складвацца Т. агульнавайск. бою, зарадзілася Т. авіяц., інж. і хім. войск, адпрацоўваліся спосабы выкарыстання танкаў і бронеаўтамабіляў. У 1914—15 склаўся новы баявы парадак — «хваля ланцугоў». У 2-ю сусв. вайну выкарыстанне перадавой Т. садзейнічала перамозе Узбр. Сіл СССР і арміі саюзнікаў у вайне. Значны ўклад у Перамогу зрабіла партыз. армія Беларусі. Партыз. фарміраванні выкарыстоўвалі розныя тактычны спосабы. прыёмы і формы баявых дзеяння «рэйкавую вайну», засады, нечаканыя налёты напады, абарончыя баі з мэтай утрымання цэлых раёнаў і процідзеяння ням. Т. «выпаленай зямлі» і інш.
Істотныя змены ў тэорыі і практыцы Т. адбываліся з сярэдзіны 1950-х г. у сувязі з аснашчэннем войск шэрагу дзяржаў стратэгічным узбраеннем. Маланкавыя войны і інш. сучасныя формы узбр. проціборства абумовілі далейшае развіццё Т. відаў узбр. сіл, Т. родаў войск (сіл флоту), Т. спец. войск і агульнай Т. Змены ў стратэгіі і Т. сучасных баявых (спец.) дзеянняў адпрацоўваліся на шэрагу вучэнняў з удзелам падраздзяленняў і часцей Узбр. Сіл і інш. войск і вайск. фарміраванняў Рэспублікі Беларусь (комплексныя аператыўна-тактычныя вучэнні «Нёман-2001», «Бярэзіна-2002» і інш.).
Літ.:
Тактика. М., 1966;
Общая тактика.Ч. 1. М., 1976;
Петрусь П.М., Шеманский П.В., Чульский Н.К. Ядерное оружие и развитие тактики. М., 1967;
Гришин С.В., Жуков П.А., Китошвили Ш.И. Тактика: (По иностр. взглядам). М., 1972;
Воробьев И.Н. О тактике // Воен. мысль. 2002. № 1—5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЛІН-БРЭ́СЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 1-га Бел. фронту (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) 18 ліп. — 2 жн. ў Вял.Айч. вайну; састаўная частка стратэг.Беларускай аперацыі 1944. Удзельнічалі арміі 8-я гвардз., 28, 47, 48, 61, 65, 69, 70, 1-я Войска Польскага, 6-я і 16-я паветр., 2-я танкавая і некалькі карпусоў. Мэта аперацыі: ударамі левага крыла фронту ў абыход Брэсцкага ўмацаванага раёна з Пд і Пн разграміць люблінскую і брэсцкую групоўкі праціўніка і выйсці шырокім фронтам да р. Вісла. Сав. войскам процістаялі асн. сілы ням. 2-й палявой, частка сіл 4-й танк. армій, 9-я палявая армія. У выніку перагрупоўкі войск на напрамку гал. ўдару была дасягнута перавага сав. сіл над праціўнікам: па асабовым складзе ў 3 разы, па артылерыі і танках у 5 разоў, было больш самалётаў. Ужо ў першы дзень аперацыі вызвалена Жабінка, 20 ліп. — Кобрын і Маларыта, 22 ліп. — Камянец, 23 ліп. — Дамачава, 24 ліп. — Люблін, 28 ліп. — Брэст і Высокае. Поспеху Л.-Б.а. садзейнічала наступальная Львоўска-Сандамірская аперацыя 1944 1-га Укр. фронту, якая пачалася 13 ліп., а таксама ўдзел у баях партыз. падраздзяленняў, у т. л. брыгады імя Леніна. 31 ліп.сав. танкі выйшлі да Прагі — прадмесця Варшавы на правым беразе Віслы. З 28 ліп. да 2 жн. 8-я гвардз. і 69-я сав. арміі фарсіравалі на Пд ад Варшавы Віслу і захапілі плацдармы на яе зах. беразе ў раёнах Мангушава і Пулавы. У выніку аперацыі войскі 1-га Бел. фронту завяршылі вызваленне Беларусі ад акупантаў, выйшлі на тэр. Польшчы і стварылі ўмовы для наступлення на варшаўска-берлінскім напрамку. 47 вайск. злучэнням і часцям прысвоены ганаровыя найменні «Брэсцкіх», 12 — «Кобрынскіх», 16 — «Люблінскіх», 9 — «Ковельскіх». У гонар войск 1-га Бел. фронту ў Брэсце пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ «КАЦЁЛ»,
акружэнне 3-й, 10-й і часткі 13-й армій Зах. фронту ў раёне Навагрудка і Налібоцкай пушчы Баранавіцкай вобл., Мінскім умацаваным раёне 28.6—4.7.1941 у Вял.Айч. вайну. Утварыўся ў выніку злучэння пад Мінскам ням. 3-й (наступала з Вільнюса праз Маладзечна) і 2-й (наступала ад Брэста і Баранавіч) танк. груп у час Мінска абароны 1941. У акружэнне трапіла 11—15 дывізій, якія мелі значныя страты ў баях пад Гроднам, Ваўкавыскам і Лідай, прарваліся каля Зэльвы, Дзярэчына, Слоніма з беластоцкага «катла». Упартае супраціўленне сав. войск пад Беластокам, Навагрудкам і Мінскам скавала 25 дывізій ням. групы армій «Цэнтр». Каля 12 дывізій Зах. фронту былі разгромлены ў Н.«к.». З цяжкімі баямі з акружэння прарваліся 24-я (ген.-м. К.М.Галіцкі), рэшткі 17-й, 55, 64, 108, 155-й стралк., 36-й кав., 204-й матарызаванай і інш. дывізій, зводныя атрады 11-га (ген.-м. Д.К.Маставенка) і 13-га (ген.-м. П.А.Ахлюсцін) механіз. карпусоў. Частка акружэнцаў рассеялася па лясных вёсках, перайшла да партыз. форм барацьбы. «Лясная дывізія» на чале з ген.-лейт. І.В.Болдзіным і палк. І.С.Стральбіцкім з баямі выйшла праз варожыя тылы да Смаленска. 4—5 ліп. 52 тыс. чырвонаармейцаў (паводле ням. звестак) вымушаны былі здацца ў палон. За час ліквідацыі Н.«к.» каля 15 ням. дывізій панеслі адчувальныя страты, што запаволіла рух. ням. злучэнняў да Масквы, дазволіла сав. камандаванню аднавіць у ліп. 1941 Зах. фронт па Дняпры і Зах. Дзвіне, правесці Магілёва абарону 1941, Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941, Лепельскі контрудар 1941, рэйд трох кав. дывізій на чале з ген.-палк. А.І.Гарадавіковым па тылах 2-й ням. арміі, падцягнуць рэзервовыя арміі да Смаленска і Бранска.
Літ.:
Еременко А.И. В начале войны. М., 1964;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ НАРО́ДНАЯ А́РМІЯ (РВНА),
вайсковае фарміраванне з б. грамадзян СССР, арганізаванае ў канцы 1941 ням.-фаш. акупантамі ў Вял.Айч. вайну. Асновай РВНА сталі атрад нар. міліцыі ў пас. Локаць Брасаўскага р-на Арлоўскай вобл. (Расія) і групы мясц. самааховы ў навакольных вёсках пад кіраўніцтвам К.П.Васкабойніка (кіраўнік адміністрацыі аўт. раёна, створанага ў тыле 2-й танк. арміі вермахта). Пасля гібелі Васкабойніка фарміраванне ўзначаліў інж. Б.В.Камінскі, які разгарнуў актыўную дзейнасць супраць партызан. Пасля рэарганізацыі гітлераўцамі аўт. раёна ў павет, потым у акругу з насельніцтвам каля 600 тыс.чал. Камінскі ў выніку мабілізацыі скамплектаваў брыгаду колькасцю да 12 тыс. байцоў і назваў яе РВНА. Падраздзяленні РВНА ваявалі супраць партызан, неслі ахоўную службу. У 1-й пал. 1943 часці Чырв. Арміі нанеслі РВНА шэраг паражэнняў. У жн. 1943 з дазволу ням. камандавання Камінскі пачаў эвакуацыю РВНА і цывільнага насельніцтва акругі (эвакуіравана каля 30 тыс.чал.) у раён г. Лепель. Аднак у выніку масавага дэзерцірства і пераходу байцоў і жыхароў акругі на бок сав. партызан колькасць РВНА скарацілася больш чым на 2/3. Брыгада, папоўненая мясц. паліцэйскімі, абараняла тылавыя камунікацыі 3-й танк. арміі вермахта, па якіх наносілі ўдары партыз. брыгады Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. У пач. 1944 РВНА разам з бежанцамі пераведзена ў г. Дзятлава Гродзенскай вобл. У крас.—маі 1944 два палкі брыгады ўдзельнічалі ў антыпартыз. аперацыях «Лівень» і «Веснавое свята», у час якіх яны былі ўключаны ў склад баявой групы К. фон Готберга як «штурмавая брыгада РВНА». Потым РВНА разгорнута ў 29-ю грэнадзёрскую дывізію СС. У жн. 1944 асн. сілы дывізіі ўдзельнічалі ў задушэнні Варшаўскага паўстання, дзе панеслі вял. страты. Вызначыліся рабаўніцтвам мясц. жыхароў і марадзёрствам. Камінскі асуджаны ваен.-палявым судом СС і расстраляны. У кастр. 1944 рэшткі дывізіі раззброены і адпраўлены ў Мюнзінген (Германія), дзе ўвайшлі ў склад 1-й дывізіі Рускай вызваленчай армііген. А.А.Уласава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЖАНКО́Ў Мікалай Аляксеевіч (14.3.1932, в. Гладкава Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 8.12.1994),
бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя Мухінай (1960). Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Асн. тэма творчасці — гераічная гісторыя бел. народа. Творы вызначаюцца свабоднай, але стрыманай мадэліроўкай форм, разнастайнасцю вобразна-пластычных сродкаў. Сярод манум. работ: помнікі ў гонар перамогі рус. войск у 1812 на р. Бярэзіна пад Барысавам (1962), Герою Сав. Саюза Л.М.Даватару ў в. Хоціна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. (1965), партызану М.Гойшыку каля в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. (1968, абодва з арх. В.Занковічам і Л.Левіным), на брацкай магіле сав. ваеннапалонных у г. Барысаў (1967), мемар. комплексы Рыленкі (1973), у гонар Ветрынскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, партыз. брыгады імя Варашылава ў в. Гомель Полацкага р-на (1977), Манумент у гонар маці-патрыёткі (1975), помнік М.Горкаму ў Мінску (1981, абодва з А.Заспіцкім, І.Міско, арх. А.Трафімчуком), помнік-бюст Герою Сав. Саюза і Герою Сац. Працы К.П.Арлоўскаму ў в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. (1977, арх. Ю.Казакоў), помнік Герою Сав. Саюза Г.А.Нікандравай на брацкай магіле сав. воінаў і партызан у г. Дуброўна Віцебскай вобл. (1979, арх. Трафімчук). Аўтар станковых кампазіцый «Вайна 1812 года» (1962), «Партызаны» (1964), «Дзеці» (1965), «Новае Палессе» (1983), рэльефаў «Шлях героя» (1967), «Навекі разам» (1982), «Парад партызан у Мінску ў 1944» (1984), партрэтаў Дз.В.Цябута (1979, 1985), двойчы Героя Сав. Саюза К.К.Ракасоўскага (1985) і інш., стварыў шэраг памятных медалёў. Дзярж. прэмія СССР 1987.
Э.А.Петэрсон.
М.Рыжанкоў. Помнік юнаму партызану М.Гойшыку каля в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.Арх. В.Занковіч, Л.Левін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́РАЖ,
гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, на р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Каспля, на аўтадарозе Віцебск—Веліж (Расія). За 43 км на ПнУ ад Віцебска. 1,2 тыс.ж. (2001).
Вядомы з 16 ст. У 1563 пабудаваны Суражскі замак. 20.12.1569 С. атрымаў герб: у сярэбраным полі мур з трыма вежамі. З 1590 цэнтр староства. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 захоплены (2.9.1656) рус. войскамі, вернуты ВКЛ паводле Андросаўскага перамір’я 1667. З 1772 у Рас. імперыі, з 1777 горад, цэнтр павета, з 1796 у Беларускай губ. У 1780 у С. 300 ж., больш за 100 дамоў, драўляная царква. З 1802 у Віцебскай губ. У 1830-я г. пабудаваны Спаса-Праабражэнская і Петрапаўлаўская цэрквы, у 1864 заснавана нар. вучылішча. З 1866 заштатны горад Віцебскага павета. У 1897 у С. 2731 ж., прыстань, 2-класнае павятовае і нар. вучылішчы; у пач. 20 ст. 4400 ж., 11 мураваных і каля 440 драўляных дамоў, 48 рамесных майстэрняў, 69 крам, сплаў лесу, 2 царквы. У 1924—60 цэнтр Суражскага раёна Віцебскай акр., з 1938 у Віцебскай вобл., з 27.9.1938 гар. пасёлак, 3000 ж. У Вял.Айч. вайну з 12.7.1941 да 28.10.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў С. і раёне загубілі 9181 чал. 12.9.1941 партыз. атрад пад камандаваннем М.П.Шмырова разграміў у С. варожы гарнізон. Са студз.—сак. 1942 да снеж. 1943 існавала Суражская партызанская зона. На ПнУ ад С. знаходзіліся т.зв. Суражскія, ці Віцебскія «вароты». У 1960—62 і з 1965 у Віцебскім (у 1962—65 у Лёзненскім) р-не.
Працуюць лясгас, сярэдняя і муз. школы, сад-яслі, Дом культуры, цэнтр дзіцячай творчасці, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Помнік дзецям Героя Сав. Саюза Шмырова. Археал. помнік — замчышча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНКЕ́ВІЧ Аляксандр Антонавіч (20.1.1884, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 29.6.1938),
дзяржаўны і партыйны дзеяч Беларусі, вучоны, пісьменнік, публіцыст. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902), мед.ф-т Мэрылендскага ун-та ў ЗША (Балтымар, 1913). Настаўнічаў у сельскіх школах. Удзельнік агр.рэв. руху ў 1905—06 на Беларусі. Адзін з арганізатараў нелегальнага настаўніцкага з’езда 9.7.1906 у Мікалаеўшчыне, які быў разагнаны паліцыяй. У канцы 1906 эмігрыраваў у ЗША. З 1908 чл.рус. аддзела амерыканскай сацыяліст. партыі, супрацоўнічаў у рус.рэв. прэсе. Займаўся мед. практыкай. У 1917 праз Японію трапіў на Д.Усход. Быў на сав. і прафс. рабоце, удзельнічаў у партыз. руху, працаваў нам. міністра нар. асветы Далёкаўсх. Рэспублікі. З 1920 камісар земляробства ў Хабараўску. З 1921 нарком аховы здароўя БССР. З 1923 на парт. рабоце ў Мінску, Барысаве і Віцебску. У 1924—26 заг.бел. сектара Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду ў Маскве. З 1926 дацэнт БДУ, з 1928 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі імя Леніна, адначасова заг. аддзелаў друку, культуры і прапаганды ЦККП(б)Б. У 1931—32 працаваў у Ін-це л-ры і мастацтва Бел.АН. З 1932 дырэктар Ін-та гігіены і санітарыі Наркамата аховы здароўя РСФСР, з 1933 заг. сектара Міжнар. ленінскай школы, з 1935 ва Усесаюзным радыёкамітэце. Чл.ЦККП(б)Б у 1927—32, канд. у чл. Бюро з 1928, чл. Бюро ЦККП(б)Б у 1930—31. Канд. у чл. ў 1922—24, чл.ЦВКБССР у 1921—22, 1927—31. У сваіх працах аддаў даніну вульгарнаму сацыялагізму. 10.1.1938 неабгрунтавана арыштаваны, у чэрв. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Прататып доктара Сташынскага ў рамане А.Фадзеева «Разгром», Алеся Садовіча ў рамане Я.Коласа «На ростанях» і Баса-Грэнкі ў п’есе Я.Коласа «Забастоўшчыкі».
Літ.:
Соломевич И.В. Родился на Немане... // Белорусский экватор. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЦКЕ́ВІЧ Аляксандр Ісакавіч (28.1.1895, в. Навасёлкі Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 24.11.1937),
дзяржаўны дзеяч Беларусі. Працаваў на лесапільных з-дах Барысава і Рэчыцы. З 1915 у арміі, пасля ранення з 1918 на радзіме. Удзельнічаў ва ўстанаўленні сав. улады на Барысаўшчыне. Са снеж. 1918 старшыня Лошніцкіх валасных выканкома і рэўкома. У час польскай акупацыі кіраваў партыз. групамі на Барысаўшчыне. У 1920 старшыня Барысаўскай пав. РСІ, са снеж. — Барысаўскага пав. выканкома. У 1921 узначальваў камісію па барацьбе з бандытызмам, спекуляцыяй і дэзерцірствам. У снеж. 1922 як чл. паўнамоцнай дэлегацыі БССР падпісаў Дэкларацыю аб утварэнні СССР. З мая 1924 старшыня Магілёўскага акр. выканкома, з крас. 1925 нарком унутр. спраў БССР. У 1926—27 пастаянны прадстаўнік урада БССР пры ўрадзе СССР. З мая 1927 сакратар ЦВКБССР, адначасова старшыня Нац. камісіі пры ЦВКБССР, на гады дзейнасці якой на чале з Х. прыпаў пік праводзімай у рэспубліцы палітыкі беларусізацыі. У 1928 узначаліў урадавую Камісію па рэарганізацыі Ін-та бел. культуры ў Бел.АН. З лют. 1931 нарком фінансаў БССР. У 1935—37 сакратар Савета Нацыянальнасцей ЦВКСССР. Уваходзіў у склад рэдакцыйнай камісіі па выпрацоўцы Канстытуцыі СССР 1936, узначальваў Камісію па амністыі і сав. грамадзянстве. Быў рэдактарам час. «Революция и национальности», чл. рэдакцыйнага савета Вял.сав. атласа свету. Выступаў у друку па пытаннях сав. будаўніцтва. Чл.ЦВКБССР у 1920—37 і яго Прэзідыума ў 1925—36. Чл.ЦВКСССР у 1922—24, 1925—37 і яго Прэзідыума ў 1927—35. Чл. Кантрольнай Камісіі ЦБКП(б)Б у 1920—21, ЦБКП(б)Б у 1922—24. Чл.ЦККП(б)Б у 1927—37. Канд. у чл. Бюро ЦККП(б)Б у 1929—34. 25.7.1937 арыштаваны ў Маскве, этапіраваны ў Мінск. Неабгрунтавана абвінавачаны ў прыналежнасці да «Арганізацыі правых» і кіраўніцтве ёй (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле») і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫНЬКО́Ў Міхась (Міхаіл Ціханавіч; 30.11.1899, в. Зазыбы Віцебскага р-на — 21.9.1975),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1962). Акад.АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1936). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1917). У грамадз. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім р-нах (1917—19 і 1922—25). У 1919—22 у Чырв. Арміі. З 1925 працаваў адказным сакратаром, рэдактарам бабруйскай акр.газ. «Камуніст». З 1930 у Дзярж. выд-ве «Беларусь», у 1933—41 гал. рэдактар час. «Полымя рэвалюцыі». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскай філіі «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (1938—48). Рэдактар газ. «Беларуская звязда» (1939), «За Савецкую Беларусь» (1941—42). У 1943-46 і 1949—52 дырэктар Ін-та л-ры, мовы і мастацтва АН Беларусі. Друкаваўся з 1919. Асабліва моцны ўплыў зрабілі на Л. рамант. стылёва-выяўл. традыцыі рус. л-ры. У апавяданнях 1920—30-х г. (зб-кі «Апавяданні», 1927; «Гой», 1929, «Андрэй Лятун», 1930, «Саўка-агіцірнік», 1933, «На вялікай хвалі», 1934, і інш.) пераважна на аснове асабістага жыццёвага вопыту пісаў пра рэвалюцыю і грамадз. вайну, паказваў барацьбу за новы грамадскі лад («Над Бугам», «Крот», «Манчжур», «Кватармайстар Бадай», «Сінія галіфэ» і інш.), як змяняліся міжнац. адносіны («Гой»), усталёўваўся новы побыт («У мястэчку»), Паэтызаваў працу простых людзей, асэнсоўваў яе як крыніцу сапраўднай духоўнасці («Андрэй Лятун»). Шмат увагі аддаваў паказу гарадскога і местачковага жыцця, рабочага асяроддзя («Гома», «Чыгунныя песні», «Журавель мой, журавель» і інш.). Рэалістычны паказ старой бел. вёскі складае асн. змест няскончанага рамана «На чырвоных лядах» (1934). У аповесцях для дзяцей «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1935) і «Міколка-паравоз» (1936, кінафільм 1957) створана дынамічная і займальная падзейная плынь, у якой яркая і маляўнічая апавядальнасць атрымала лірыка-гумарыстычную афарбоўку. Жыццё працоўных Зах. Беларусі паказаў у зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1940). Гераізм і самаахвярная мужнасць народа ў барацьбе з фашызмам у перыяд Вял.Айч. вайны паказаны ў напоўненых драматызмам і трагедыйнасцю апавяданнях са зб. «Астап» (1944). У многіх з іх гучыць тэма знявечанага фаш. акупацыяй дзяцінства («Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» і інш.). Яркія эпізоды партыз. вайны на Беларусі супраць ням.-фаш. акупантаў атрымалі эмацыянальна-ўсхваляванае адлюстраванне ў рамане «Векапомныя дні» (кн. 1—4, 1-е поўнае выд. 1958; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1968). На матэрыяле замежных паездак напісаў кн. замалёвак, нарысаў і апавяданняў «За акіянам» (1962). Публіцыстычнае майстэрства Л. найб. выявілася ў артыкулах і сатыр. замалёўках перыяду Вял.Айч. вайны («Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў...», «Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю...» і інш.), у нарысах «Шляхамі вайны» (1945), «Пад сонцам Індыі» (1957). У літ.-знаўчых і крытычных работах абараняў праўдзівасць, даследчы пафас л-ры, змагаўся супраць спрошчанага, вульгарызатарскага яе разумення. Пісаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, К.Крапівы, К.Чорнага, І.Мележа, Я.Брыля, І.Шамякіна і інш.бел. пісьменнікаў, Т.Шаўчэнку, рус. і зарубежных класікаў (А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Някрасава, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, М.Горкага, Р.Тагора), дзеячаў сусв. культуры (Я.Каменскага і інш.). На бел. мову перакладаў творы М.Горкага і М.Ціханава. Помнікі Л. ў в. Крынкі Лёзненскага р-на і на магіле ў Мінску (на Усходніх могілках); музеі ў Крынкаўскай і Бронніцкай (Буда-Кашалёўскі р-н) школах.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1967—68;
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1981—85;
Летапіс эпохі. Мн., 1968;
Літаратура і жыццё. Мн., 1978;
Публіцыстыка. Мн., 1980;
Насустрач жыццю: Апавяданні. Мн., 1988;
Міколка-паравоз: Аповесці і апавяданні. Мн., 1989.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шчодрае сэрца пісьменніка. Мн., 1963;
Яго ж. Чалавечнасць. Мн., 1985;
Куляшоў Ф.І. Міхась Лынькоў. Мн., 1979;
Яго ж. Міхась Лынькоў: Семінарый. Мн., 1963;
Дзюбайла П.К. Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1964;
Пашкевіч Н.Е. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965;
Святло яго душы. Мн., 1979;
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд.Мн., 1990;
Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;
Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;
Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я — першая палавіна 60-х гг.Мн., 1985;
Кенька М. Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.