КАНДРАТО́ВІЧ (Кіпрыян) (Цыпрыян) Антонавіч (1859—?),

бел. і расійскі военачальнік, дзярж. дзеяч БНР. Ген. ад інфантэрыі (1910). Скончыў Мікалаеўскую акадэмію Генштаба. У час рус.японскай вайны 1904—05 нач. 9-й Усх.-Сібірскай дывізіі. З 1906 камандзір 2-га арм. корпуса, з 1907 пам. туркестанскага ген.-губернатара і камандуючага войскамі, з 1910 камандзір 1-га Каўказскага арм. корпуса. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1884—1900 супрацоўнічаў у газ. «Московские ведомости». Аўтар працы «Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 г.». У 1917 далучыўся да бел. нац. руху, уваходзіў у Цэнтр. бел. вайсковую раду, у маі—чэрв. 1918 чл. Нар. сакратарыята БНР. У снеж. 1918 разам з В.​Ластоўскім узначальваў Савет дзярж. бяспекі БНР. У 1919 уваходзіў у дэлегацыю БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі. Застаўся жыць у Парыжы, далейшы лёс невядомы.

В.​У.​Скалабан.

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЗІАЛФАВІ́ТНАЕ ПІСЬМО́, кансанантнае пісьмо,

складовае пісьмо, кожны знак якога выражае адзін пэўны зычны гук з адвольным ці нулявым галосным. Вынайдзена ў 2-м тыс. да н.э. зах. семітамі на аснове стараж. пісьменнасцей Міжземнамор’я (егіп., крыта-мікенскай, лувійскай іерагліфічнай) і, магчыма, на аснове протабіблскага складовага пісьма. Вядома з канца 2-га — сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. (клінападобнае угарыцкае пісьмо, лінейныя сінайскае пісьмо, фінікійскае пісьмо, паўд.-аравійскае і інш. аравійскія віды пісьма). З усіх пісьменнасцей К.п. найб. эканомнае па колькасці знакаў (літар), што выкарыстоўваюцца ў ім, і па хуткасці вывучэння. Але тэксты, напісаныя К.п., цяжка было прачытаць адназначна, асабліва да ўвядзення словападзелу. Пазней К.п. паступова ўдасканалена. Было запазычана народамі М. Азіі (1-е тыс. да н.э.), грэкамі (9—8 ст. да н.э.), якія пераўтварылі яго ў алфавіт.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСІЯ́НІНАЎ (Леанід Сямёнавіч) (18.8.1908, с. Старое Сяло Смаленскай вобл., Расія — 27.12.1978),

бел. і расійскі вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Акад. АМН СССР (1965, чл.-кар. 1960). Герой Сац. Працы (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1958). Скончыў 2-і Ленінградскі мед. ін-т (1931). З 1951 заг. кафедры Мінскага, з 1958—2-га і з 1967—1-га Маскоўскіх мед. ін-таў, адначасова ў 1967—78 дырэктар Усесаюзнага НДІ акушэрства і гінекалогіі. Навук. працы па родавай дзейнасці і траўматызме, абязбольванні ў акушэрска-гінекалагічнай практыцы, прафілактыцы і лячэнні тэрмінальнага стану, антэнатальнай ахове плода, прафілактыцы перынатальнай смяротнасці. Дзярж. прэмія СССР 1968.

Тв.:

Дыхательная функция крови плода в акушерской клинике. М., 1971;

Оперативная гинекология. М., 1971;

Амниоскопия в акушерской практике. М., 1973 (разам з І.​В.​Ільіным, Б.​А.​Красіным).

Л.С.Персіянінаў.

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНАМПА́К (Bonampak),

цырыманіяльны цэнтр майя апошніх стагоддзяў 1-га тыс. ў штаце Чыяпас (Мексіка). Адкрыты ў 1946. Захавалася каля 20 будынкаў, у т. л. «Храм размалёвак» (8 ст.), сцены якога ўпрыгожаны шматфігурнымі батальнымі і рытуальнымі сцэнамі. Знойдзены таксама стэлы, рэльефы, алтары.

Банампак. Фрагмент насценнай размалёўкі. 8 ст.

т. 2, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НТУ,

група народаў у Цэнтр. і Паўд. Афрыцы (буйнейшыя — руанда, макуа, шона, конга, малаві, рундзі, зулу і інш.). Больш за 150 млн. чал. (1987). Гавораць на мовах групы банту. Шырока рассяліліся (з 1-га тыс. да нашай эры да 19 ст.), асімілюючы карэннае насельніцтва (пігмеяў і інш.).

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ПА (Apo),

дзеючы вулкан на в-ве Мінданао, у Азіі. Выш. 2954 м (самы высокі на Філіпінах). Складзены з андэзітаў, знаходзіцца ў сальфатарнай стадыі (гл. Сальфатары). Укрыты трапічнымі, мяшанымі лясамі, хмызнякамі; каньёны, вадаспады, тэрмальныя крыніцы. Нац. парк Маўнт-Апа (пл. 72,9 тыс. га, засн. ў 1936).

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗА́ЛА (Odzala),

нацыянальны парк у Конга. Засн. ў 1935 (да 1940 запаведнік) у вярхоўях р. Мамбілі (прыток р. Ліквала). Пл. 110 тыс. га. Біясферны рэзерват. Захоўваюцца вільготны трапічны лес і саванна. У фауне звычайныя афрыканскі слон, буйвал, карлікавы буйвал, бонга, кустовая свіння, леапард, залаты кот і інш.

т. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРО́ЎСКАЕ,

нізіннае балота ў Беларусі, у Івацэвіцкім, Бярозаўскім і Іванаўскіх р-нах Брэсцкай вобл., на вадазборы р. Ясельда. Пл. 22,9 тыс. га. Глыб. торфу да 4,5 м, сярэдняя 1,1 м. Часткова асушанае, выкарыстоўваецца пад сенажаць, збожжавыя і кармавыя культуры; на неасушаных участках пераважаюць хмызнякі, асокі і разнатраўе.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́ШКА (Kosciusko),

гара ў Аўстралійскіх Альпах, самая высокая вяршыня Аўстраліі (2230 м). Складзена з крышт. парод. На вяршыні 5 месяцаў ляжыць снег. Ледавіковыя ландшафты, альпійская і субальпійская расліннасць, эўкаліптавыя лясы. Нац. парк (пл. 675 тыс. га, засн. ў 1944; уключае біясферны рэзерват). Названа ў гонар Т.Касцюшкі.

т. 8, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВО́Е,

гідралагічны заказнік ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1979 для аховы Крывога возера і прылеглых прыродных комплексаў. Пл. 1,1 тыс. га.

Размешчаны на Пд У Полацкай нізіны, 17 % вадазборнай пл. ўкрыта лесам, месцамі яна забалочана. Лясы хваёвыя і яловыя, на забалочаных участках бярэзнікі.

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)