ІНТЭРПРЭТА́ЦЫЯ (ад лац. interpretatio тлумачэнне, пасрэдніцтва),

1) вытлумачэнне, пераклад на больш зразумелую мову.

2) І. навуковая ў логіцы — сукупнасць значэнняў (сэнсаў), якія надаюцца якім-н. чынам элементам некаторай тэорыі (выразам, формулам, сімвалам і інш.). Выкарыстоўваецца і ў дачыненні да асобных элементаў такой тэорыі; у гэтым выпадку гавораць пра І. выразу, формулы, сімвала. Мае важнае значэнне пры супастаўленні навук. тэорый з адлюстраванай у іх рэчаіснасцю, пры апісанні розных спосабаў пабудовы тэорыі, яе развіцця і функцыянавання. У выніку І. фармальная лагічная сістэма ператвараецца ў мову, што апісвае пэўную прадметную вобласць. Паняцце «І.» цесна звязана з паняццем «мадэль» (гл. Мадэліраванне).

В.​М.​Пешкаў.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́НТЫЯ, Карушка,

гістарычная вобласць у Цэнтр. Еўропе, у бас. р. Драва на тэр. сучасных Аўстрыі, Славеніі і Італіі. У 6 ст. каланізавана славянамі (славенцамі). У пач. 7 ст. — 658 уваходзіла ў склад дзяржавы Сама, потым — Карантаніі (гл. ў арт. Славенія, гісторыя). У 11 ст. вылучылася ў асобнае герцагства. З 12 ст. падвяргалася германізацыі. З 1282 у складзе ўладанняў графа цірольскага, з 1335 — імперыі Габсбургаў (з 1804 Аўстр. імперыі, з 1867 Аўстра-Венгрыі). Паводле Сен-Жэрменскага дагавора 1919 б.ч. К. ўвайшла ў склад Аўстрыі (зямля Карынтыя, з 1970-х г. пабрацім Беларусі), паўд.-ўсх. ч. перададзена Югаславіі (з 1991 у Славеніі), невял. раён — Італіі.

т. 8, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЛЬТЫБЕ́РЫ (лац. Celtiberi),

старажытныя плямёны паўн.-ўсх. Іспаніі, якія ўтварыліся ад змяшання ібераў з кельтамі і рассяляліся на Пірэнейскім п-ве ў 5—3 ст. да н.э. Гал. з плямёнаў К. — аравакі. К. падзяляліся на сем’і, роды і абшчыны, лічыліся грубым, дзікім і ваяўнічым племем, аднак славіліся вырабам выдатнай зброі (рымляне, напр., перанялі іх тып мяча). Вобласць іх рассялення наз. Кельтыберыя, пасля рым. заваявання (у 195 да н.э. часткова, з 72 да н.э. поўнасцю) увайшла ў прав. Іспанія Блізкая. К. працяглы час супраціўляліся гэтаму заваяванню (паўстанні ў 195—193, 181—179, 153—151; 143—133, паўстанне Серторыя 80—72 да н.э.).

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУК Іван Іванавіч (н. 15.6.1954, в. Згурск Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фалькларыст. Канд. філал. н. (1985). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1975). З 1979 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, з 1998 прарэктар Бел. АМ. Даследуе бел. фальклор, нар. культуру, бел. нар. каляндар і інш. Аўтар манаграфій «Усходнеславянскія казкі пра жывёл» (1992), «Следам за сонцам: Беларускі народны каляндар: свята, абрады, паэзія» (1994), сааўтар прац «Магія слова чароўнага», «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры: Мінская вобласць» (абедзве 1995), «Народная культура і сучасная школа» (1996) і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 8, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОМ (ад грэч. nomos вобласць, акруга),

1) адміністрацыйная акруга ў Стараж. Егіпце. Уяўляе сабой паліт. аб’яднанне, неабходнае для ўтварэння і функцыянавання адзінай ірыгацыйнай сістэмы. Кожны Н. меў дакладна вызначаныя межы, паліт. і рэліг. цэнтр, войска, герб і багоў-апекуноў. Адм. апаратам кіраваў намарх (правіцель Н.). Колькасць Н. і іх плошча не былі пастаяннымі. У спісах Н. Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) у храмах фараонаў Снофру і Неусера пералічаны 37 Н. У «Кнізе мёртвых» (стараж.-егіп. зборнік заклінанняў і гімнаў) названы 42 багі, што адпавядала 42 Н. Новага царства (каля 1580 — каля 1070 да н.э.).

2) Адм.-тэр. адзінка ў сучаснай Грэцыі (52 у 1997).

т. 11, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРАВАДНІКО́ВЫ ДЭТЭ́КТАР у ядзернай фізіцы,

прылада для рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў, асн. элемент якой — крышталь паўправадніка.

Адчувальны слой П.д. — вобласць паўправадніка паблізу p-n-пераходу, якая абеднена носьбітамі току і мае высокае эл. супраціўленне. Іанізавальная часціца, што пранікла ў крышталь, генерыруе дадатковыя (нераўнаважныя) носьбіты току (электроны і дзіркі), у выніку чаго ў знешнім ланцугу ўзнікае імпульс току, які ўзмацняецца і рэгіструецца. Зарад, сабраны на электродах П.д., прапарцыянальны энергіі, выдзеленай часціцай пры праходжанні праз адчувальны слой. Можа працаваць як спектрометр, калі часціца поўнасцю тармозіцца ў ім. Выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, а таксама ў хіміі, геалогіі, медыцыне і прам-сці.

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́КРЫЎНЫ ЛЕДАВІ́К.

мацерыковы лёд, наземны ледавік у выглядзе суцэльнага ледзянога шчыта (купала). Дасягае магутнасці некалькіх кіламетраў (больш за 4 км у Антарктыдзе) і плошчай у мільёны квадратных кіламетраў. Утвараецца там, дзе снегавая лінія апускаецца да ўзроўню нізін. Напрамак руху і шчытападобная пукатая форма П.л. не залежаць ад характару рэльефу дна. Вобласць жыўлення размешчана ў цэнтр., найб. узвышанай частцы, адкуль лёд расцякаецца да краёў. Расход лёду ажыццяўляецца пераважна за кошт яго сцёку ў шэльфавыя ледавікі і адколвання айсбергаў. П.л. займаюць пл. 14,4. млн. км², з іх 85,3% прыпадае на Антарктыду, 12,1% на Грэнландыю, 2,6% на ледавікі Канадскага Арктычнага архіпелага, Ісландыі, Шпіцбергена і інш. астравоў Арктычнага басейна.

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБАДСКА́Я УКРАІ́НА,

гістарычная вобласць у Расіі 17—18 ст. на тэр. сучасных Украіны (Харкаўская, часткі Данецкай, Луганскай і Сумскай абл.) і Рас. Федэрацыі (часткі Варонежскай, Курскай і Белгарадскай абл.). З 2-й пал. 16 ст. засялялася ўкр. казакамі і сялянамі, што ўцякалі сюды з тэр. Украіны, падуладнай Рэчы Паспалітай. Сяліліся слабодамі (адсюль назва). Казацкае насельніцтва стала называцца слабадскімі казакамі. С.У. з поўначы засялялі рус. служылыя людзі і збеглыя сяляне. З пач. 18 ст. ўрад рассяляў тут вял. групы выхадцаў з тур. уладанняў (малдаван, сербаў і інш.). У 1765 на тэр. С.У. ўтворана Слабодска-Укр. губ., якая ў 1835 перайменавана ў Харкаўскую губерню.

т. 14, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛАСАКРАТО́Н (ад грэч. thalassa мора + kratos сіла, магутнасць),

устойлівая або маларухомая вобласць ложа акіянаў, у межах якой развіты абісальныя раўніны. Тэрмін уведзены аўстр. геолагам Р.​Фейрбрыджам у 1955. Найб. стараж. Т. Ціхага і ўсх. ч. Індыйскага акіянаў, якія існуюць, магчыма, з дакембрыю; менш стараж. — зах. ч. Індыйскага, Атлантычнага і Паўн. Ледавітага акіянаў, якія, верагодна, утварыліся ў палеазоі — мезазоі. У складзе Т. вылучаюць акіянічныя пліты або монакратоны, сярэдзіннаакіянічныя хрыбты, унутрыкратонныя і перыкратонныя валы, вузкія глыбавыя хрыбты горставага тыпу, доўгія зоны разломаў (паводле тыпу аўлакагенаў мацерыковых платформ) і вулканічныя збудаванні. У канцэпцыі «новай глабальнай тэктонікі» (або тэктонікі пліт) складаюць ч. пліт літасферы.

т. 15, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫУ́ЛІ-ВЕНЕ́ЦЫЯ-ДЖУ́ЛІЯ (Friuli-Venezia Giulia),

адм. вобласць у Паўн. Італіі. Уключае правінцыі Трыест, Гарыцыя, Удыне, Пардэноне. Пл. 7,8 тыс. км². Нас. 1,2 млн. чал. (2000). Адм. ц. і буйны марскі порт — г. Трыест. Размешчана на схілах Юлійскіх і Карнійскіх Альпаў (выш. да 2780 м). На Пд ч. Паданскай нізіны. Клімат у гарах умераны, на ўзбярэжжы субтрапічны міжземнаморскі. Гал. р. Тальямента. Гаспадарка індустр.-агр. тыпу. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне (суднабудаванне, эл.-тэхн.), чорная металургія, хім., нафтаперапр., цэлюлозна-папяровая, дрэваапр., тэкст., харчовая. Здабыча свінцова-цынкавых руд, плавікавага шпату. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, цукр. буракі, бульбу, агародніну. Садоўніцтва (персікі, яблыкі, грушы). Вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Шаўкаводства. Турызм.

т. 16, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)