ІНТЭРПРЭТА́ЦЫЯ (ад лац. interpretatio тлумачэнне, пасрэдніцтва),
1) вытлумачэнне, пераклад на больш зразумелую мову.
2) І. навуковая ў логіцы — сукупнасць значэнняў (сэнсаў), якія надаюцца якім-н. чынам элементам некаторай тэорыі (выразам, формулам, сімвалам і інш.). Выкарыстоўваецца і ў дачыненні да асобных элементаў такой тэорыі; у гэтым выпадку гавораць пра І. выразу, формулы, сімвала. Мае важнае значэнне пры супастаўленні навук. тэорый з адлюстраванай у іх рэчаіснасцю, пры апісанні розных спосабаў пабудовы тэорыі, яе развіцця і функцыянавання. У выніку І. фармальная лагічная сістэма ператвараецца ў мову, што апісвае пэўную прадметную вобласць. Паняцце «І.» цесна звязана з паняццем «мадэль» (гл. Мадэліраванне).
В.М.Пешкаў.
т. 7, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)