Скру́так1 ‘звязка пачэсанага льну, лыка і г. д.’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк., Шатал., Сл. ПЗБ, Інстр. 3), ‘здор, скручаны рулонам’ (Сл. ПЗБ), скру́тка ‘скрутак’ (Сл. ПЗБ), скру́цень ‘скрутак лазовай кары’ (ТС), гіперкарэктнае скрю́тык ‘скрутак’ (Бяльк.). Да скруціць < круціць з суф. ‑ак; аналагічна ў іншых славянскіх мовах; параўн. укр. скру́ток, скру́тень, рус. скру́так ‘тс’.

Скру́так2 ‘няшчасце’ ў выразе: каб на цябе скрутак (бяроз., КЭС), скрут ‘злом, скон’ (Барад.); параўн. у Янк. БФ.: на скрут галавы ‘небяспечна, бязглузда рабіць што-небудзь’. Да скруціць < круціць (гл.); таксама ўкр. скру́та ‘цяжкае становішча’, рус. дыял. скру́тно ‘цяжка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смарка́ць, смарка́цца ‘ачышчаць нос’. Параўн. укр. сморка́ти, рус. сморка́ть(ся), стараж.-рус. смъркати, ц.-слав. смръкати, смръкъ ‘смаркачы’, польск. smarkać, smark ‘смаркачы’, в.-луж. smorkać, н.-луж. smarkaś, чэш. smrkati, славац. smrkať, серб.-харв. шмр́кати, славен. smŕkati, smŕk ‘соплі’, балг. смъ́ркам, макед. смрка, шмрка. Прасл. *smъrkъ, *smъrkati (або *smr̥kati) роднаснае літ. smùrgas ‘соплі’, smurkštinti ‘запэцкаць, забрудзіць’, лат. smurgât, новаперс. morg ‘соплі’; усё з і.-е. *smerk‑/*smerg‑ (параўн. сморгаць). Гл. Фасмер, 3, 691; Махэк₂, 562; Шустар-Шэўц, 1323; Сной₁, 586; Рэйзак, 586; Борысь, 562. Сюды ж смаркачы́ ‘соплі’, смарка́ч ‘малады нявопытны чалавек’, смаркуль ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смярдзе́ць ‘вылучаць смурод, дрэнна пахнуць’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), смердзе́ць ‘тс’ (ТС). Параўн. укр. смерді́ти, рус. смерде́ть, стараж.-рус. смьрдѣти, польск. śmierdzieć, в.-луж. smjerdźić, н.-луж. smerźiś, чэш. smrděti, славац. smrdieť, серб.-харв. смр́дјети, славен. smrdẹ̑ti, балг. смърдя, макед. смрди, ст.-слав. смрьдьти. Прасл. *smьrděti дакладна адпавядае літ. smìrdéti, лат. smir̂dêt ‘смярдзець’, лац. merda ‘кал, нечыстоты’ ад і.-е. *smerd‑ ‘смярдзець’, гл. Траўтман, 271; Мюленбах-Эндзелін, 3, 965; Махэк₂, 561; Фасмер, 3, 685; Шустар-Шэўц, 1321; Сной₁, 586; ЕСУМ, 5, 317. Параўн. смерд, смурод.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрымгало́ў ‘вельмі хутка, імкліва’ (ТСБМ), ‘потырч’ (Некр. і Байк.), стромгало́ў ‘тс’ (Скарбы), стромголо́ў ‘тс’ (ТС), стрымя́ галаву́ ‘тс’ (Нас.). Укр. стрімголо́в ‘хутка; уніз галавою’, рус. стремглавц.-слав.), ц.-слав. стрьмглавъ, стрьмоглавъ, серб.-харв. stȑmoglav ‘кулём, уніз галавой’, славен. strmoglav ‘тс’, макед. стрмоглаво ‘ўніз галавой, імкліва’, ст.-слав. стрьмоглавь ‘уніз, упярод галавой’. Да стромы і галава; рэканструкцыя першаснай формы няпэўная: прыслоўе *strьmo + *golvь (В. скл. адз. л.) або *strьmьgolvь, дзе *strьmь — імператыў ад дзеяслова *strьmiti, гл. страміць (Новое в рус. этим., 223). Гл. таксама Фасмер, 3, 775; ЕСУМ, 5, 445–446. Параўн. строматыч (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́шчы1 ’сапраўдны, ісцінны’ (Касп., ТС), ст.-бел. сущии ’прысутны’: сущоу емоу на пироу (Карскі 2–3, 465), suszczy ’будучы’: u wysokom tohda horode suszczy (Хроніка Быхаўца), параўн. укр. су́щий ’істотны, важны’, рус. су́щий ’існуючы, сапраўдны’. Запазычана са ст.-слав. сѫшти, дзеепрым. цяп. часу ад быти ’быць’.

Су́шчы2 ’хвароба немаўлят’: дзіця ў сушчах (віц., Нар. медыцына). Характэрная для назваў хвароб форма мн. л., што Карскі (2–3, 331) тлумачыў “множественностью признаков”; зыходная форма *сушч (ад сухі, гл., параўн. рус. сушч ’сухар, сушаная дробная рыба’) як тоўшч і пад., да словаўтварэння параўн. радашча, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сычу́г ’адзін з аддзелаў страўніка жвачных жывёл’ (ТСБМ; б.-каш., ст.-дар., пін., Жыв. св.), сычу́к ’страўнік цяляці-сысуна’ (шуміл., Сл. ПЗБ). Укр. сичу́г ’тс’, рус. сычу́г ’тс’. Лічыцца запазычаннем з цюрк., параўн. куман. suzug ’кішка, вантробы’, кыпч. sučuk ’каўбаса’, тур. sudžuk ’тс’; гл. Фасмер, 3, 822 з аглядам літ-ры. Трубачоў (Дополн., там жа; ВЯ, 1960, 3, 68) узводзіць да рус. сы́тить ’сыціць, насычаць’ (гл. сыта), прыводзячы семантычныя паралелі ням. Lab, Labmagen ’сычуг’: laben ’цешыць, даваць асалоду’, асец. axsœn ’сычуг’, axsyn ’стварожваць’; сюды ж сычу́жны (сыр), сычу́жына ’сычужны фермент’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сярдзі́ты ’схільны сердаваць, злавацца’, ’злосны (пра чалавека)’, ’моцны ў сваім праяўленні, люты (пра мароз, вецер і пад.)’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Байк. і Некр., Бяльк., Сержп. Прымхі, Жд. 1, ЛА, 5). Укр. серди́тий, рус. серди́тый, ст.-рус. сьрдитыи, польск. sierdzisty, славац. srditý, серб.-харв. ср̀дит, славен. srdít, балг. сърди́т, макед. срдит, ст.-слав. сръдитъ. Прасл. *sьrditъ, дэрыват *sьrdь (гл. сэрца), таму што яно лічылася цэнтрам эмоцый, у тым ліку гневу, параўн. гнеў альбо се́рцэ, гне́вацса альбо се́рдзіцса (Пятк. 2); гл. Фасмер, 3, 605; Міклашыч, 292; Траўтман, 302; ЕСУМ, 5, 217; гл. таксама сердаваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Табе́, Д. і М. скл. займенніка ты (гл.), Тв. скл. табо́ю/табо́й (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. тобѣ, тобе (Карскі, 2–3, 191), tobie, tebe (Хроніка Быхаўца). Параўн. укр. тобі́, польск. tobie, чэш. tobě, стараж.-рус. тобѣ, што на фоне рус. тебе́, в.-луж. tebi, н.-луж. tebje, славац. tebe, славен. tebi, серб.-харв. тѐби, балг. те́бе, макед. тебе, ст.-слав. тебѣ ’тс’ (гл. цябе) разглядаюцца як другасныя формы, узнікшыя па аналогіі з формамі Тв. скл. адз. л. у якасці паўночнаславянскай інавацыі, гл. Цітка, Kronika, 128.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарча́ць ’выпінацца, выдавацца, вытыркацца; знаходзіцца перад вачыма’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Бяльк.), тарчэ́ць ’тс’ (барыс., Шн. 2; Касп., Сл. ПЗБ; дзісн., Нар. сл.), торча́ць ’тс’ (ТС). Укр. дыял. торча́ти ’тырчаць, выдавацца, выступаць’, рус. торча́ть ’тс’, стараж.-рус. торчати ’тс’, польск. дыял. terczeć ’тс’, каш. tarčec ’тс’, чэш. trčeti ’тс’, славац. trčať ’тс’, старое харв. trčati ’тс’, славен. trčati ’не расці, сядзець (пра дрэва)’. З прасл. *trčati/*trčeti, роднаснага да *strčati/*strčeti (Фасмер, 4, 88; Бязлай, 4, 215; Борысь, 577; SEK, 5, 134; ЕСУМ, 5, 573, 609), гл. тырчаць, стырчаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таска́ ’туга’ (пух., Сл. ПЗБ), таскава́ць ’тужыць па кімсьці без надзеі ўбачыцца’ (Пятк. 2), тоскова́ць ’тужыць, нудзіцца’ (ТС), таскава́ць ’тужыць, сумаваць’ (Ласт.). Укр. то́ска́ ’туга, сум’, рус. тоска́ ’тс’, стараж.-рус. тъска ’туга, неспакой’, тоска ’тс’, польск. tęsknić ’вельмі хацець убачыць кагосьці, дасягнуць чагосьці’, ст.-польск. tesknąć ’смуткаваць’, чэш. tesknit ’тс’, славац. teskniť ’тс’. Прасл. *tъska ’туга, сум’ адпавядае і.-е. *tus‑/*teus‑ ’апаражняць, спусташаць’; формы з ‑n‑ вытворныя ад *tъsknъ ’сумны, тужлівы’. Індаеўрапейскімі адпаведнікамі лічаць літ. taučiù, taũsti ’тужыць’, tautà ’туга’ (Фасмер, 4, 88; ЕСУМ, 5, 609; Борысь, 632).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)