ГЕРА́Т,
горад у Афганістане, у аазісе, які арашае р. Герыруд. Адм. ц. правінцыі Герат. Каля 200 тыс. ж. (1994). Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Эканам. цэнтр зах. ч. краіны. Бавоўна-ачышчальныя, тэкст. і харч. прадпрыемствы. Саматужныя промыслы (тканіны, дываны). Гандаль каракулем і інш. с.-г. прадукцыяй. Арх. помнікі 12—15 ст. — цытадэль, маўзалеі, мячэці. У Гераце ў 15 ст. ўзнікла Герацкая школа мініяцюрнага жывапісу.
Заснаванне Герата прыпісваюць Аляксандру Македонскаму (адсюль назва ў грэч. крыніцах Александрыя-Арыяна ці Александрыя Арыйская, сучасная назва з часоў праўлення Сасанідаў). Пасля смерці Аляксандра Македонскага паслядоўна ў складзе стараж. і сярэдневяковых дзяржаў Сярэдняга Усходу. Пры Сасанідах і ў эпоху Халіфата значны горад, пры Саманідах — адзін з гал. гарадоў Харасана. У 1221 зруйнаваны манг. войскамі, да 1236 адноўлены. У 13—14 ст. Герат — сталіца дзяржавы Куртаў. Росквіт прыпадае на 15 ст. пры Цімурыдах, калі Герат стаў буйнейшым гандл., рамесніцкім і культ. цэнтрам на Сярэднім Усходзе. У 16 ст. заваяваны Сефевідамі, з 1716 у складзе Герацкага княства. У 1732 захоплены Надзір-шахам, з 1747 у складзе Дуранійскай дзяржавы. У 19 ст. цэнтр Герацкага княства, прадмет спрэчкі паміж Афганістанам і Іранам, Англіяй і Іранам. У 1863 Дост Мухамед канчаткова далучыў Герат да Афганістана.
т. 5, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫЯ ЗО́РКІ,
зоркі, свяцільнасць якіх раптоўна павялічваецца ў 103—106 разоў, а потым павольна памяншаецца да зыходнага значэння. Максімум свяцільнасці зоркі дасягаецца за некалькі сутак, спад доўжыцца гадамі. Нават вельмі слабая зорка (гл. Зорная велічыня) у выніку ўспышкі можа стаць бачнай простым вокам (адсюль назва). Н.з. ўваходзяць у склад цесных падвойных зорак.
Пры ўспышцы Н.з. адбываецца раптоўны выбух, выкліканы яе няўстойлівасцю, якая можа быць абумоўлена ўнутр. працэсамі, што ідуць з вылучэннем энергіі, уздзеяннем знешніх фактараў, абменам рэчыва паміж кампанентамі падвойных зорак. Выбух Н.з. закранае толькі прыпаверхневыя слаі і не мяняе яе агульнай структуры. Пры выбуху адбываецца выкід рэчыва — знешняй абалонкі масай каля 10−4 масы Сонца, якая расшыраецца са скорасцю да 2000 км/с і ўтварае туманнасць. Газавыя туманнасці, што расшыраюцца, выяўлены амаль ва ўсіх блізкіх Н.з. Пасля ўспышкі Н.з. становяцца гарачымі карлікамі. Успышкі Н.з. могуць паўтарацца прыкладна праз 20—100 гадоў (паўторныя Н.з.), пры гэтым нарастанне свяцільнасці меншае, чым папярэдні раз. Вядома больш за 300 Н.з., у т. л. звыш 150 у нашай Галактыцы і больш за 100 у туманнасці Андрамеды.
Літ.:
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.
А.А.Шымбалёу.
т. 11, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЖЫЦА, Лаўзіц (сербалужыцкае Łužica, ням. Lausitz),
гістарычная вобласць у паўд.-ўсх. ч. Германіі, на герм.-польск. памежжы паміж рэкамі Ныса-Лужыцка (Нейсе) і Шпрэе (вярхоўе). У 1-м тыс. н.э. заселена палабскімі славянамі — пераважна лужычанамі (на Пн) і мільчанамі (на Пд; гал. цэнтрам апошніх быў г. Будзішын, цяпер Баўцэн, Германія; адсюль паўд. частка Л. напачатку наз. Будзішынскай зямлёй). У 10 ст. заваявана, пазней каланізавана немцамі, паводле Будзішынскага міру 1018 адышла да Польшчы, з 1031 зноў у Германіі (у т. л. ў Брандэнбургу), з 14 ст. ў Чэхіі. З 15 ст. падзяляецца на Ніжнюю (на Пн) і Верхнюю (на Пд) Л., з 1526 у складзе манархіі Габсбургаў, з 1623—35 уладанне курфюрстаў Саксоніі, у 1815 падзелена паміж Прусіяй (б.ч. з г. Гёрліц) і Саксоніяй (ч. Верхняй Л. з Баўцэнам). Нягледзячы на працэс германізацыі (з 18 ст.), сярод слав. насельніцтва пачала фарміравацца нац. самасвядомасць; развівалася лужыцкая л-ра, былі створаны нац. культ.-асв. арг-цыі (Маці Сербская, Дамавіна). У 1935—38 усе лужыцкія арг-цыі і т-вы скасаваны, выкарыстанне лужыцкай мовы ў школах забаронена. У 1949—90 у складзе Герм. Дэмакр. Рэспублікі. У 1950 атрымала культ. аўтаномію (мае ўласнае школьніцтва, друк, у 1945 адноўлена Дамавіна).
т. 9, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНТ (Nantes),
горад на З Францыі. Адм. ц. дэпартамента Атлантычная Луара. Каля 250 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 400 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Порт у вусці р. Луара (штогадовы грузаабарот з аванпортам Сен-Назер больш за 20 млн. т), для сувязі пераважна з краінамі Афрыкі. Прам-сць: металургія, авія- і суднабудаванне, хім., папяровая, нафтаперапр., харчовая. Ун-т. Музеі: выяўл.
мастацтваў, нар. дэкар. мастацтва Брэтані і інш. Арх. помнікі 12—19 ст.
У старажытнасці сталіца галійскага племя намнетаў (адсюль назва). У 1 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі, у 497 — франкамі. З 4 ст. сядзіба біскупства. З 9 ст. сталіца Нанцкага графства (часова быў і рэзідэнцыяй каралёў), разам з ім у 12 ст. ўвайшоў у склад Брэтані, якая ў 1532 далучана да Францыі. У час рэлігійных войнаў выступаў на баку Каталіцкай лігі. Месца падпісання Нанцкага эдыкта 1598. У 16—18 ст. адзін з цэнтраў гандлю таварамі з амер. калоній і рабамі. У 17—18 ст. на каланіяльнай сыравіне працавалі мануфактуры. У 1793 Н. — адзін з цэнтраў контррэв. вандэйскага мяцяжу (гл. Вандэйскія войны), а потым змовы жырандыстаў. У 2-ю сусв. вайну горад моцна разбураны ў выніку бамбардзіровак саюзнікаў.
т. 11, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМО́НЫ (саманазва «Царква Ісуса Хрыста святых апошняга дня»),
рэлігійная плынь, заснаваная ў 1830-я г. ў ЗША Дж.Смітам. Вучэнне М. уяўляе сабой эклектычную сумесь ідэй хрысціянства, іудаізму, язычніцтва, а таксама самога Сміта, выказаных у «Кнізе Мармона», якая разам з Бібліяй лічыцца крыніцай веравызнання. Гал. тэзіс «Кнігі...» сцвярджае, што М. з’яўляюцца нашчадкамі іудзейскага племя, якое нібыта перасялілася ў Амерыку за 6 ст. да н.э., заснавала там квітнеючую цывілізацыю, знішчаную неўзабаве ў выніку ўнутр. канфліктаў. Адсюль выцякаюць ідэі аб «збіранні плямён ізраілевых» і «адраджэнні сапраўднай хрысціянскай царквы». Тэалагічная дактрына М. мае прыземлены, антрапацэнтрычны характар: гал. бог М. утварыўся з сукупнасці атамаў і ў сваю чаргу парадзіў астатніх багоў і багінь; аднак М. пакланяюцца не яму, а богу Зямлі — Элахіму, цялеснай істоце, якая мае чалавечыя запатрабаванні і пачуцці. Малітоўныя сходы М. складаюцца з пропаведзяў, чытання і спеваў рэліг. гімнаў. Вернікі плацяць царк. падатак — дзесяціну, штомесячна — «прынашэнне посту» (грошы, сэканомленыя ў выніку аднаразовага ўстрымання ад ежы). Культавы сэнс у М. набыла палігамія, да 1890 яны афіцыйна практыкавалі мнагажонства. Сучасны эпіцэнтр М. знаходзіцца ў штаце Юта, г.Солт-Лейк-Сіці (ЗША). На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 3 суполкі М.
Літ.:
Современные секты в России. М.; СПб., 1995.
А.А.Цітавец.
т. 10, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАВЕ́І, Хасманеі,
дынастыя першасвятароў іерусалімскага храма і цароў Іудзеі ў 2—1 ст. да н.э. Заснавальнік — свяшчэннаслужыцель з в. Модзін Матафія Хасманей (п. у 166 да н.э.). У 167 да н.э. ён узначаліў паўстанне супраць правіцеля дзяржавы Селеўкідаў — Антыёха IV, які намагаўся забараніць іудаізм. Матафія разбіў войскі Антыёха і вызваліў Іерусалім. Яго сыны: Іуда Макавей (адсюль назва дынастыі); Іанатан (з 153/152 першасвятар іерусалімскага храма, у 143 да н.э. паланёны і забіты сірыйцамі); Сімон (143—134 да н.э.), які дамогся поўнай незалежнасці Іудзеі. Сын апошняга Іаан Гіркан I (134—104 да н.э.) заваяваў Самарыю і прымусіў ідуміцян прыняць іудаізм, яго сын Арыстобул I быў абвешчаны царом Іудзеі [104—103 да н.э.]. Пры яго браце Александру Янаю [103—79 да н.э.] Іудзейскае царства дасягнула найб. росквіту і ўключала тэр. Палесціны і раёны за р. Іардан. У 63 рымскі палкаводзец Пампей умяшаўся ў дынастыйныя спрэчкі М., заняў Іерусалім і прымусіў іх прызнаць уладу Рыма. Б.ч. М. была ў 37 знішчана Ірадам I. М. прысвечаны «Кнігі Макавейскія» са Старога запавету, яны лічацца нац. героямі яўр. народа.
Літ.:
Иосиф Флавий. Иудейская война: Пер. с нем. Мн., 1991.
т. 9, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Лю́бка 1 — ласкавы зварот да жанчыны, дзяўчыны, да любімага чалавека, лю́бачка ’мілачка’ (Нас., Бес., Яруш., Шат., ТСБМ, Нар. Гом.). Укр., рус. лю́бка, польск., луж. lubka, чэш. lǐbka, славен. ljȗbka. Прасл. lʼubъka (Трубачоў, Эт. сл., 15, 183). Да лю́бы (гл.) — ж. род лю́ба (адсюль імя Люба, якое пасля набыло афіцыйную форму Любоў). Сюды ж лю́бачка ’мілая, любімая’, ’дзіцятка’ (ТСБМ, Жд. 1, Шат.), любчы́на ’мілая, дарагая’ (Нар. Гом.) — пад уплывам лексемы дзяўчы́на.
Любка 2 ’чараўнік, Platanthera bifolia (L.) L. C. Rich.’ (паўн.-усх., Кіс.). Укр. любки́ ’ятрашнік шлеманосны’, лю́бка ’ятрашнік шыракалісты’, рус. кур. лю́бка ’ятрашнік шлеманосны’. Усх.-слав. Бел. лексема прымыкае да рус. моўнай тэрыторыі. Да лю́бы (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́ндаль (БРС, Касп.), га́ндэль (Нас.). Ст.-бел. (з XVI ст.) гандель (гл. Булыка, Запазыч., 78). Укр. дыял. га́ндель, ге́ндель. Запазычанне з польск. handel ’тс’. Гл. падрабязна Слаўскі, 1, 400. Польск. слова ў XVI ст. было ўзята з ням. Handel ’тс’ (да дзеяслова handeln); Слаўскі, там жа. З ням. handeln ’гандляваць’ запазычана польск. handlować. Адсюль, як лічыць Слаўскі (там жа), узята бел. гандлява́ць (Нас., Шат.), укр. гандлюва́ти, гендлюва́ти (гандлевати было ўжо ў ст.-бел. помніках; гл. Булыка, Запазыч.). Бел. гандля́р (БРС, Шат., Касп.; няма ў Булыкі, Запазыч.), укр. гендля́р (магчыма, як мяркуе Слаўскі, там жа, праз польск. мову: польск. handlarz) таксама ўзяты з ням. Händler (да handeln).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Не́лень ’дуб, які захоўвае на сабе сухія лісты аж да новых і пачынае распускацца ў першай палове мая, прыблізна на два тыдні пазней за звычайны’ (Пятк. 2), неле́нь ’тс’ (Маш.), не́лень і не́лін ’тс’ (ТС), нелі́н ’тс’ (лельч., Жыв. сл.), часта ў спалучэннях не́лень‑дуб, не́лін‑дуб ’тс’ (ТС); укр. не́линь. Да *lěniti, *linʼati ’ліняць’, параўн. славен. léniti ’тс’, гл. ліняць; першапачаткова прыметнік як азначэнне пры назоўніку дуб, які пасля ў выніку дээтымалагізацыі субстантываваўся; паўторна збліжаны з лень, лянівы (гл.), адсюль другасная апісальная назва лянівы дуб, параўн.: Кажуць леніву дуб, бо вон повно развіваецца (ТС, 3, 21), а таксама шляхам апушчэння адмоўя — лень‑дуб (там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
От, ото ’вось’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Жд., Янк. 2, Янк. Мат., Ян., Кліх). Укр. от, ото, рус. от, ото, вот, серб.-харв. ото, чэш. oto, польск. oto, што сведчыць аб праславянскім характары слова. Адпаведна толькі ўсходнеславянскія паралелі з пратэтычным в‑: бел. авот (Бяльк.), рус. вот. Паводле Фасмера (1, 358), зыходзіць да спалучэння выклічніка o (аблаутнае, да e) з займеннікам to(d). Адсюль роднаснасць otъ, oto з eto (гл. гэты). ESSJ, SG, 2, 551 супраць, паколькі ўтварэнні з e‑ маладзей. Параўн. іншыя, яшчэ больш неверагодныя гіпотэзы: Фартунатаў, AfslPh, 12, 97 (з і.-е. *ho > лац. hoc), Зубаты, LF, 36, 338 (з ovo + to).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)