НАРАЧА́НСКАЯ ГРУ́ПА АЗЁР.

У Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нарач. Уключае азёры Нарач, Мястра, Баторына, Бледнае возера, злучаны паміж сабой пратокамі (за выключэннем бяссцёкавага воз. Бледнае) і маюць агульны сцёк у р. Нарач. Агульная пл. каля 100 км², аб’ём вады 0,8 км³, пл. вадазбору 279 км². Уваходзіць у нац. парк Нарачанскі.

Фарміраванне азёр звязана з этапамі адступання паазерскага ледавіка, калі вызваленыя ад яго ўчасткі Нарачана-Вілейскай нізіны запоўніліся расталымі водамі і ўтварыўся азёрны басейн, падпруджаны Паўд.-Нарачанскай канцова-марэннай градой на Пд і Свянцянскімі градамі на Пн; узровень яго быў на 5—7 м вышэйшы за сучасны. 10—12 тыс. гадоў назад прыток ледавіковых вод спыніўся, узровень басейна панізіўся і пачалі фарміравацца сучасныя азёры. Паводле саставу іхтыяфауны вадаёмы Н.г.а. сігава-снятковыя, ляшчова-судаковыя, акунёва-плоткавыя, зарыбляюцца вугром. На азёрах адзначаны гняздоўі птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі: лебедзя-шыпуна, малой крачкі, скапы, малой паганкі. У сувязі з інтэнсіўным антрапагенным уздзеяннем назіраецца пагаршэнне экалагічнага стану азёр, асабліва воз. Нарач. Прымаюцца меры па ахове унікальнага прыроднага азёрна-ландшафтнага комплексу. Маляўнічасць азёр, хваёвыя лясы на берагах, спрыяльныя кліматычныя ўмовы абумовілі стварэнне тут курорта Нарач з санаторыямі, дамамі адпачынку, дзіцячымі лагерамі, турбазамі і інш.

З.​І.​Гарэлышава.

т. 11, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПТЫКА АНІЗАТРО́ПНЫХ АСЯРО́ДДЗЯЎ,

раздзел фіз. оптыкі, які вывучае заканамернасці распаўсюджвання аптычнага выпрамянення (святла) у суцэльных асяроддзях з упарадкаванай структурай.

Характэрныя асаблівасці О.а.а. (падвойнае праменепераламленне, дыхраізм, вярчэнне плоскасці палярызацыі і інш.) выяўляюцца пры нелінейных узаемадзеяннях светлавых хваль з рэчывам, а таксама пры распаўсюджванні эл.-магн. хваль ЗВЧ дыяпазону. У О.а.а. тэарэт. апісанне распаўсюджвання святла грунтуецца на Максвела ўраўненнях, дзе ўласцівасці анізатропных асяроддзяў (гл. Анізатрапія ў фізіцы) улічваюцца тэнзарамі дыэл. і магн. пранікальнасцей. Да такіх асяроддзяў адносяць крышталі, асяроддзі з штучнай анізатрапіяй (гл. Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў) і рэчывы, якія маюць прасторавую дысперсію (напр., растворы). Даследуюцца таксама тэкстуры, штучныя дыэлектрыкі з рознымі відамі анізатрапіі, фатонныя крышталі.

На Беларусі даследаванні па праблемах О.а.а. вядуцца з 1950-х г. у БДУ і Ін-це фізікі Нац. АН, з 1970-х г. у Гомельскім ун-це, Ін-це прыкладной оптыкі Нац. АН (г. Магілёў). На аснове каварыянтных метадаў Ф.І.Фёдаравым пабудаваны агульная несупярэчлівая тэорыя О.а.а. і класіфікацыя паглынальных і гіратропных асяроддзяў, даследаваны асаблівасці распаўсюджвання святла ў такіх асяроддзях.

Літ.:

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Яго ж. Теория гиротропии. Мн., 1976;

Федоров Ф.И., Филиппов В.В. Отражение и преломление света прозрачными кристаллами. Мн., 1976;

Оптические свойства кристаллов. Мн., 1995.

В.​В.​Філіпаў.

т. 11, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́МНАЯ РАСПРАЦО́ЎКА РАДО́ВІШЧАЎ,

сістэмы горна-тэхн. працэсаў па здабычы карысных выкапняў з нетраў зямлі. Найб. пашырана распрацоўка цвёрдых выкапняў (руд, нярудных выкапняў, вуглёў) шахтавым спосабам з утварэннем горных вырабатакшахтах, на рудніках). Выкарыстоўваецца таксама свідравінны спосаб здабычы адносна мяккіх выкапняў, калі іх разбурэнне і транспартаванне адбываецца за кошт энергіі вадзяных струменяў (патокаў), і інш. спосабы змены агрэгатнага стану рэчыва (напр., ператварэння вугалю ў гаручы газ пры падземнай газіфікацыі вугалю).

Пры шахтавым спосабе робяцца раскрыўныя работы, падрыхтоўка радовішча да эксплуатацыі, выманне выкапняў з выкарыстаннем мех. і выбуховага разбурэння забояў, горных мацаванняў вырабатак, транспартавання горнай масы. Свідравінны спосаб уключае стварэнне буравой свідравіны, разбурэнне пласта выкапня і ператварэнне яго ў гідрасумесь гідрадынамічным, ультрагукавым і інш. метадамі, адпампоўку гідрасумесі на паверхню. Шырока выкарыстоўваецца для здабычы солей іх растварэннем і адпампоўкай расолаў на паверхню.

На Беларусі П.р.р. шахтавым спосабам ажыццяўляецца пры здабычы калійнай солі (акрамя гідраздабычы) на Старобінскім радовішчы; свідравінны спосаб — пры здабычы кухоннай солі на Мазырскім радовішчы.

Б.​А.​Багатаў, П.​Я.​Антонаў.

Падземная распрацоўка радовішчаў: а — агульная схема распрацоўкі (1 — руднае цела, 2 — квершлаг, 3 — клецевы пад’ём, 4 — скіпавы пад’ём, 5 — капры); б — механагідраўлічным спосабам (1 — вадавод, 2 — грунтапомпа, 3 — пульпаправод вертыкальны, 4 — пульпаправод штрэкавы, 5 — механа-гідраўлічны камбайн); в — гідраманіторным спосабам (1 — вадавод, 2 — гідраманітор).

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШКІН,

палацава-паркавы ансамбль 18—19 ст. у г. Пушкін (да 1918 Царскае Сяло) Ленінградскай вобл. Ядро ансамбля — Вялікі (Кацярынінскі) палац (перабудаваны; 1743—48, арх. А.​В.​Квасаў, С.​І.​Чавакінскі; 1752—57, арх. В.​В.​Растрэлі) з багатым убраннем фасадаў і інтэр’ераў (арх. Растрэлі, Ч.​Камерон, В.​П.​Стасаў). У 1780—90-я г. да палаца прыбудаваны ў стылі класіцызму т.зв. тэрмы Камерона (арх. Камерон), Зубаўскі флігель (арх. Ю.​М.​Фельтэн) і корпус Ліцэя (арх. І.​В.​Няелаў, перабудаваны ў 1811 арх. Стасавым, у 1811—17 тут вучыўся А.​С.​Пушкін). У 1720—1860-я г. ствараліся паркі: Кацярынінскі, Аляксандраўскі, Баболаўскі, Ніжні, Фермскі (агульная пл. каля 600 га). У парках — Аляксандраўскі палац (1792—96, арх. Дж.​Кварэнгі), аздоблены двайной каланадай, шматлікія павільёны, у т. л. барочны Эрмітаж (1743—54, арх. М.​Р.​Зямцоў, Растрэлі), Грот (1749—63, арх. Растрэлі і інш.); альтанкі, каскады, руіны ў стылях барока, псеўдаготыкі, класіцызму, помнікі Пушкіну (1899—1900, скульпт. Р.​Р.​Бах), садова-паркавая скульптура, сажалкі, каналы. З 1983 маст.-арх. палацава-паркавы музей-запаведнік.

Літ.:

Лемус В.В. Пушкин;

Альбом. Л., 1982;

Семенникова Н.В. Пушкин: Дворцы и парки. 2 изд. Л., 1987;

Город Пушкин: Ист.-краевед. очерк-путеводитель. СПб., 1992.

Горад Пушкін. Вялікі (Кацярынінскі) палац.

т. 13, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

amount

[əˈmaʊnt]

1.

n.

1) су́ма f.

What is the amount of the bill? — Яка́я су́ма раху́нку?

2) ко́лькасьць f.

a great amount of intelligence — высо́кі інтэле́кт

3) ва́ртасьць, ва́жнасьць f.

4) агу́льная су́ма пазы́кі й працэ́нтаў

2.

v.i.

1) склада́ць

2) дахо́дзіць

The loss from the flood amounts to… — Стра́ты ад паво́дкі дахо́дзяць да…

3) быць раўназна́чным

This amounts to a refusal — Гэ́та раўназна́чна адмо́ве

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

sense

[sens]

1.

n.

1) пачуцьцё n.

Sight, hearing, touch, taste, and smell are the five senses — Зрок, слых, до́тык, смак і нюх — пяць пачу́цьцяў

2) пачуцьцё n.

a sense of security /of duty — пачуцьцё бясьпе́кі/абавя́зку

3) вычуцьцё n.

sense of humor — пачуцьцё гу́мару

4) разва́жнасьць, інтэліге́нтнасьць f.

common or good sense — здаро́вы ро́зум, глузд

5) адчува́ньне n.

a sense of beauty — адчува́ньне хараства́

a sense of direction — вычуцьцё кіру́нку

6) значэ́ньне n., сэнс -у m.

He was a gentleman in every sense of the word — Ён быў джэнтэльмэ́нам у по́ўным сэ́нсе гэ́тага сло́ва

7) толк -у m.

to speak or write sense — гавары́ць або́ піса́ць разу́мна

8) агу́льная ду́мка

the sense of the assembly — агу́льная ду́мка схо́ду

2.

v.

1) адчува́ць, пачува́ць

She sensed that he was tired — Яна́ адчува́ла, што ён быў сто́млены

2) разуме́ць

- in a sense

- senses

- make sense

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Пту́шка (ТСБМ, Мядзв., Нас., Гарэц., Касп., Шат., Раст., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’хатняя птушка’ (Сл. ПЗБ), птух, пту́ха ’птушка; агульная назва дзікіх птушак’ (Байк. і Некр., Мат. Гом.; пруж., драг., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), пту́шша ’птушкі’ (Байк. і Некр.), пту́шшо ’тс’ (Бяльк.). Рус. паўдн., зах. пту́шка, птю́шка ’птушка, птушачка, пташка’, птух, пту́ха, птю́ха ’тс’. Прасл. дыял. (усх.-слав.) *pъt‑uxъ паралельнае да *pъt‑akъ, дыял. (пераважна зах.-слав.) *pъtъ‑axъ, гл. птах, пта́шка, што выводзяцца з прасл. *pъta, прадстаўленага таксама з іншай суфіксацыяй ва ўкр. пти́ця, рус. пти́ца, славен. ptíca, ptìč, серб.-харв. пти̏ца, балг. пти́ца, макед. птица, ст.-слав. пътица, птица. Усё гэта дэмінутыўныя ўтварэнні ад *pъta з праславянскай антрапаморфнай семантыкай ’птушкі’ — ’дзеткі’ (Трубачоў, Этногенез₂, 194). Роднасныя лат. putns ’птушка’, літ. putýtis ’пташка’, pùte, pučiùte ’курыца’, лац. putus ’дзіця’, putillus ’тс’, putila ’птушанё’, літ. paũtas ’яйка’, лат. pàuts, ст.-прус. pawtte ’тс’. Гл. Бернекер, JF, 9, 362; Траўтман, 233; Мюленбах-Эндзелін, 3, 344; Фасмер, 3, 398; Махэк₂, 496; БЕР, 5, 842–844; Шустар-Шэўц, 2, 1186; Бязлай, 3, 133; Сной₂, 591; ЕСУМ, 4, 624; Банькоўскі, 2, 960.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЯЛІ́КІЯ АЗЁРЫ (Great Lakes),

група вял. азёр ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Уключае азёры: Верхняе возера, Гурон, Мічыган, Эры, Антарыо. Агульная пл. 245,2 тыс. км²; аб’ём вады 22,7 тыс. км³; самая вял. колькасць прэснай вады на Зямлі. Сцёк па р. Св. Лаўрэнція ў Атлантычны акіян.

Катлавіны Вялікіх азёр тэктанічнага (Верхняе возера і Гурон) і ледавіковага паходжання. Паўн. берагі часта скалістыя, абрывістыя, паўд.-ўсх. — пераважна нізкія, гліністыя і пясчаныя. Шмат астравоў. Вялікія азёры размешчаны прыступкамі, злучаны паміж сабой кароткімі парожыстымі мнагаводнымі рэкамі. Рака Ніягара, якая злучае азёры Эры і Антарыо, утварае Ніягарскі вадаспад. З воз. Антарыо выцякае р. Св. Лаўрэнція. Сярэднія т-ры вады на паверхні ў студз. ад 0 °C у паўд. частцы да -5 °C на Пн, ліп. адпаведна ад 20 да 14 °C. Са снеж да сак. — красавіка прыбярэжныя воды Вялікіх азёр укрыты лёдам. Інтэнсіўнае суднаходства. Рыбалоўства. Звязаны суднаходнымі каналамі з р. Гудзон і сістэмай Місісіпі. Шлюзавыя каналы ўтварылі водны шлях для марскіх суднаў даўж. каля 3000 км (у абход парогаў на р. Сент-Мэрыс, канал Су-Сент-Мары і Ніягарскага вадаспада — канал Уэленд).

Да пач. 1970-х г. Вялікія азёры былі значна забруджаны прамысл. сцёкамі. У выніку правядзення спец. праграм адноўлены флора і фауна, палепшылася якасць вады. Гал. парты — Дулут, Мілуокі, Чыкага, Дэтройт, Таліда, Кліўленд, Эры, Буфала (ЗША), Тандэр-Бей, Су-Сент-Мары, Таронта (Канада).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДКА,

агульная назва нар. духавых муз. інструментаў флейтавага тыпу на Беларусі, Украіне, у Расіі. Падобныя інструменты вядомы з глыбокай старажытнасці ў многіх народаў свету пад рознымі назвамі. Мае выгляд трубкі даўж. 20—30 см з адной свістковай і 5—8 (найчасцей 6) бакавымі ігравымі адтулінамі; у верхні канец трубкі ўстаўлена свістковае прыстасаванне. Бываюць Д. даўж. да 100 см без бакавых адтулін. Вырабляюцца са ствалоў дрэў розных парод (хвоя, клён, крушына, арэшнік і інш.), кары вярбы і лазы, у апошні час з алюмінію. Маюць мяккі, пяшчотны гук разнастайнай афарбоўкі і сілы ў розных рэгістрах, значныя кантыленныя і тэхн. магчымасці.

На тэр. Беларусі Д. вядома з 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. (паводле даных археал. раскопак і літ. помнікаў). У этнагр. працах 19—1-й пал. 20 ст. адзначана выкарыстанне Д. ў некат. каляндарна-земляробчых і сямейных абрадах, на гулянках і бяседах. Пра Д. складзены загадкі, казкі, песні; у прафес. паэзіі яна побач з інш. нар. інструментамі выступае як сімвал паэт. душы народа («Мая дужа» Ф.​Багушэвіча). У наш час сустракаецца на ўсёй тэр. Беларусі, на ёй іграюць нар. музыканты, Д. ўведзена ў многія прафес. і самадз. творчыя калектывы, ансамблі і аркестры. Навучанне ігры на Д. існуе ў Бел. ун-це культуры.

Літ.:

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979.

І.​Дз.​Назіна.

Дудкі.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙНСІЯ́НСТВА,

тэорыя дзярж. рэгулявання эканомікі. Асн. палажэнні сфармуляваны Дж.М.Кейнсам у кн. «Агульная тэорыя занятасці, працэнта і грошай» (1936). К. даследуе колькасныя сувязі такіх макраэканам. велічынь, як капіталаўкладанні і нац. даход, інвестыцыі і занятасць насельніцтва, нац. даход, спажыванне і зберажэнне, сукупная колькасць грошай у абарачэнні, узровень цэн, заработная плата, прыбытак і працэнт і інш. У К. аналізуюцца не столькі індывід. паводзіны ўдзельнікаў эканам. працэсу, колькі суадносіны паміж сукупным попытам і прапанаваннем. Кейнс сцвярджаў, што з прычын псіхал. схільнасці людзей да зберажэння, спажыванне расце больш павольна, чым даходы. Павелічэнне нац. даходу вядзе не да росту попыту, а да росту зберажэнняў. Калі рост зберажэнняў не кампенсуецца ростам інвестыцый, даход зніжаецца і ўзмацняецца беспрацоўе. Кейнс выказаў таксама ідэю эканам. раўнавагі рыначнай сістэмы ва ўмовах няпоўнай занятасці і сцвярджаў, што ў канкурэнтнай эканоміцы не існуе механізма, які б гарантаваў поўную занятасць. Каб пазбегнуць масавага беспрацоўя, ён лічыў неабходным умяшанне дзяржавы, якая, на яго думку, павінна стымуляваць попыт на тавары шляхам фінансавання інвестыцый з бюджэту і такім чынам уздзейнічаць на рост вытворчасці. К. зрабіла значны ўплыў на эканам. палітыку краін з развітой рыначнай гаспадаркай. Сярод вядучых прадстаўнікоў К.​Л.​Клейн, Ф.​Мадыльяні, П.​Сэмуэльсан, Дж.​Тобін і інш. Шэраг палажэнняў К. былі скарэкціраваны і развіты ў неакейнсіянстве.

Літ.:

Эклунд К. Эффективная экономика — Шведская модель: Пер со швед. М., 1991.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)