Заве́т ’запавет’. Рус. заве́т, укр. заві́т ’тс’, польск. дыял. zawiat ’заклад’, чэш. závěť, уст. závėt ’запавет’, славац. závet, славен. zavèt, серб.-харв. за́вет, балг. кніжн. завѐт, макед. завет ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. завѣтъ ’умова, клятва, запавет, загад’. Бязафіксны аддзеяслоўны назоўнік агульнаслав. характару ад дзеяслова zavětiti ’накладваць абавязак, абяцаць, загадваць’ < větiti ’ведаць’. Значэнне, а магчыма, і само слова замацаваліся, відаць, пад ст.-слав. уплывам (параўн. польск. семантыку і адсутнасць слова ў серб.-луж.). Словы таго ж кораня веча, савет (гл.). Шанскі, 2, З, 15–16; Фасмер, 1, 305; БЕР, 1, 574; Махэк₂, 687.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заса́да ’скрытае месца; спосаб, людзі, што выкарыстоўваюцца для нечаканага нападу’. Рус., укр. заса́да ’тс’, польск. zasada ’аснова, прынцып’, в.-луж. zasada ’аснова’, ’усаджванне за кімсьці, чымсьці’, чэш., славац. zásada ’аснова, прынцып’, ’пастка’, серб.-харв. за̑сада ’прынцып’, балг. заса̀да ’засада’. Ст.-рус. засада ’атрад войска для абароны ці нападу’ (XVI ст.). Бязафіксны назоўнік з тэматычным ‑а ад дзеяслова zasěsti (< za‑sěd‑ti, гл. сядзець) і чаргаваннем галоснага з далейшай спецыялізацыяй значэння: ’месца і людзі, што сядзяць у гэтым месцы для нечаканага нападу’ > ’спосаб такога нападу’. Лядзяева, Вестник МГУ, 1959, 4, 171; Шанскі, 2, З, 61.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Засе́к ’месца для захавання збожжа, мукі ў свірне, клеці’. Рус. дыял. за́се́к ’тс’, укр. за́сі́к ’тс’, польск. zasiek ’тс’, ’засека’, чэш., славац. zásek ’засека’, чэш. таксама ’ўдар тапаром; надрэз, зроблены такім чынам’, славен. zasèk ’засека’, ’удар тапаром’, серб.-харв. за́сек ’надрэз’, макед. засек ’тс’, ’хвароба хатняй жывёлы’. Ст.-рус. засѣкъ ’засек’ (XV ст.), ст.-бел. засѣкъ ’тс’ (XVI ст.). Утворана ў прасл. ад zasěkati, zasěkti (< za‑sěk‑ti, гл. сячы) са спецыялізацыяй значэння, першапачаткова, відаць, ’тое, што засякаецца’ > ’агароджа’; параўн. асек. Параўн. XII научно-методич. конф. северо-западной зоны. Л., 1970, с. 91.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заўзяты ’ўпарты, напорысты, напружаны’. Рус. завзя́тый, укр. завзя́тий, польск. zawzięty ’тс’, славац. zavzalý ’тс’; параўн. славен. zavzę́ten ’дзіўны, цудоўны; цяжкі на пад’ём’. Паводле формы, дзеепрыметнік на ад *za + vъz‑ę‑ti (гл. узяць), утвораны хутчэй за ўсё па польск. глебе, дзе вядомае і цяпер zawziąć ’узяць’ у ст.-польск. мела шырокае ўжыванне з далейшым развіццём значэння ’узяты’ > ’захоплены’ (у прамым і пераносным сэнсе) > ’упарты’. З польск. у бел. укр. > рус., а таксама славац. Фасмер, 2, 72; Брукнер, 640. Славен. мае іншае значэнне і ўтварэнне і можа лічыцца асобным словам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зве́дкі ’адведзіны’ (Нас.). Параўн. у Даля свѣдать ’праведаць’, укр. звіди, звідини ’разведка’, польск. zwiady ’адведзіны’, дыял. ’заручыны’, чэш. zvéd(y) ’разведка’, славац. zvedy ’тс’. У бел., рус., польск. значэнне візіту, у той час як іншыя прыклады хутчэй пра атрыманне інфармацыі. Як і адведкі, вячоркі (гл.), утворана ад дзеяслова зведваць з суф. ‑к‑і (параўн. зажынкі, дасеўкі, памінкі, Сцяцко, Афікс. наз., 48). Дзеясловы з ‑ведаць у значэнні ’нанесці візіт’ шырока вядомы ва ўсх.-слав. мовах (рус. проведать, наведать, укр. відвідати, звідати, навідати), таму няма падставы лічыць іх запазычанымі з польск. (гл. адведаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Звер ’дзікая жывёла’. Рус. зверь, укр. звір, польск. zwierz, в.-луж. zwěrjo, н.-луж. zwéŕe, чэш. zvěř, славац. zver, славен. zvę̂r, серб.-харв. зве̑р, зви̏јер, балг. звяр, макед. sвер. Ст.-слав. звѣрь. Ст.-рус. звѣрь. Ст.-бел. звер (Скарына). Прасл. zvěrь < і.-е. gʼhu̯ēr‑ ’дзікая жывёла’: літ. žvėrìs, лат. zvērs, ст.-прус. він. скл. мн. л. swirins, грэч. θήρ, ‑ος ’звер’, лац. ferus ’дзікі’. Фасмер, 2, 87; Шанскі, 2, З, 79; БЕР, 1, 625; Скок, 3, 666–667; Голуб-Копечны, 440; Махэк₂, 720; Копечны, Zákl. zásoba, 429; Траутман, 374–375; Покарны, 1, 493.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Звон ’ударны сігнальны інструмент; гук гэтага інструмента’. Рус. звон ’від гуку’, дыял. ’прыстасаванне’, укр. дзвін ’звон’, польск. dzwon, в.-луж. zwon, н.-луж. zwón ’тс’, палаб. zünĕ ’mit Glocken läuten’ (’званіць у званы’), чэш., славац. zvon, славен. zvǫ̂n, серб.-харв. зво̏но, зво̏н, зво̑н ’звон’, балг. звон ’прыстасаванне; гук’, звън ’гук’, макед. ѕвоно ’звон’. Ст.-слав. звонъ ’тс’. Ст.-рус. звонъ ’тс’. Прасл. zvonь — аблаўтны бязафіксны назоўнік ад дзеяслова zvьněti (гл. звінець). Ст.-бел. і дыял. форма дзвон < польск. (Булыка, Запазыч., 94), Шанскі, 2, З, 79; Копечны, Zákl. zásoba, 430.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зе́брыкі ’расліна братаўка дуброўная (брат-сястра), Melampyrum nemorosum L.?’ (ельск., Жыв. сл.). Параўн. рус. дан. зе́брик ’шчарбіна’. Паколькі ў кветак зебрыка адзначаюцца зубцы, якія таксама бываюць факультатыўна ў асновы лісткоў, відаць, бел. назва расліны звязана з рус. зебрик ’шчарбіна’, якое, відаць, суадносіцца з зебры ’жабры’, ’сківіцы’ паводле формы, вядомых у тых жа гаворках (параўн. і бел. зябры); гл. жабры. Назва зубца з памяншальным суфіксам ‑ик > ‑ык, а назва расліны па мн. л., магчыма, у сувязі з парнай назвай брат з сястрою, Иван да Марья і г. д. Трубачоў, Дополн., 2, 91. Гл. зябер.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зло́дзей ’той, хто крадзе’. Рус. злоде́й ’ліхадзей, злачынец’, укр. зло́дій ’злодзей’, польск. złodziej ’тс’, уст. ’злачынца’, в.-луж. дыял. złodźij, н.-луж. złoźej ’злодзей, злачынец’, чэш. zloděj ’злодзей’, славац. zlodej ’злодзей, несумленны чалавек’, славен. zlȏdẹj ’злы; чорт’, балг. злодѐй ’злачынец’, макед. злодеј ’тс’. Ст.-слав. зълодѣи ’злачынец’. Ст.-рус. зълодѣи, злодѣй (1076 г.) ’злачынец’, ’вораг’. Прасл. zъlo‑dějь — складанае слова ад zъlo (гл. зло) і dějati (гл. дзея і інш.); параўн. злачынец, чарадзей, дабрадзей. Шанскі, 2, З, 94; Фасмер, 2, 99. Націск у бел., верагодна, пад польск. уплывам, як і канкрэтызацыя значэння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зязю́ліць ’біць’, ’піць гарэлку’ (Нас.), зязюлець ’рабіцца мутным, шэрым’ (Нас.). Словы са значэннем ’зязюля’ маюць у розных мовах шмат пераносных значэнняў, звязаных з павер’ямі, а таксама гукавобразнымі ўявамі. Трэба ўлічыць зюзь, рус. зюзю́кать ’піць’. Для «птушынай» семантыкі ’піць’ параўн. савець, салавець. У выніку ўзаемадзеяння, з аднаго боку, гукавобразных уяўленняў, а з другога боку, уяўленняў аб суадносінах выгукаў зязюлі з ударамі і ўзніклі значэнні, звязаныя таксама з указаным (гукавобразным) рус. словам. Насовіч (223) этымалагізуе зязюлець ’рабіцца шэрым, падобным да колеру зязюлі’. Гэта таксама ўваходзіць, верагодна, у сінкрэтычнае вобразнае знач. слова і яго станаўленне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)