Тыпагра́фія ‘друкарня’ (ТСБМ), ст.-бел. типография ‘тс’ (1633 г., ПГС). Хутчэй за ўсё, у названым значэнні запазычана праз рус. типогра́фия ‘тс’ ці непасрэдна з ням. Typographie або франц. typographie ‘тс’ (з грэч. τύπος ‘адбітак’ і γραφω ‘пішу’), гл. Арол, 4, 72; параўн. польск. typografja ‘майстэрства друку’ (Варш. сл.). Віткоўскі (Зб. Русаку, 241) для рускай мовы дапускае польскае пасрэдніцтва, відаць, праз старабеларускую мову.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ты́сячнік ‘багацей, уладальнік тысячнага капіталу’ (ТСБМ), ты́сячны ‘службовая асоба пры царскай уладзе’ (Скарбы), ст.-бел. тысячникъ, тисящникъ, тисечникъ, тысячникъ, тысечникъ ‘начальнік тысячы воінаў’, тысящникъ, тысещникъ, тысущник ‘начальнік тысячы воінаў’ (ГСБМ). Вытворныя ад тысяча (гл.), у старабеларускую мову прыйшло са ст.-слав. тысѧщьникъ, тысѫщникъ ‘начальнік атрада з тысячы воінаў’, у сучаснай мове словаўтваральны тып асабовых назоўнікаў ад лічэбнікаў малапрадуктыўны (Сцяцко, Афікс, наз., 219).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тэ́раз ‘цяпер’ (Сл. ПЗБ), тэ́рас ‘тс’ (Сл. ПЗБ, шчуч., З нар. сл.), тэразне́йшы ‘цяперашні, сучасны’ (гродз., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), ст.-бел. тэразъ, тэразъ ‘зараз, цяпер’ (XVII ст.), теразнейший, терезнейший ‘цяперашні’ (ГСБМ). Са ст.-польск. teraz ‘толькі што’, tenraz ‘цяпер’ (XVI ст., ESSJ SG, 2, 654; Борысь, 630), сучаснага польск. teraz, terazniejszy з тым жа значэннем (Булыка, Лекс. запазыч., 157).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́мніць ’памятаць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк.), помліць, помняць, поўніць ’тс’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. помнити (Сл. Скар.). Рус. по́мнить, польск. pomnieć ’тс’. Прасл. *po‑mьněti (Махэк, 490) < *mьněti/*mьniti ’думаць, меркаваць’, гл. памяць. Станкевіч (Зб. тв., 1, 59) лічыць, што па-беларуску мае быць по́мнець, што неабавязкова, паколькі магчыма і ўтварэнне *po‑mьniti ’тс’, параўн. літ. miñti ’помніць’ і minéti ’прыпамінаць, успамінаць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пратэ́ст ’рашучае пярэчанне супраць чаго-небудзь, заява аб нязгодзе’ (ТСБМ), ст.-бел. протестъ ’тс’ (1711 г.), протестовати (1598 г.), укр. проте́ст ’тс’, рус. проте́ст ’тс’. Адваротны дэрыват дзеяслова протестовати, адпаведніка лац. prōtestāri ’ўрачыста абвяшчаць, сведчыць’; у далейшым запазычанне з ням. Protest у сучасным значэнні, што выводзяць з італ. protesto ’апратэставанне векселя’ (ЕСУМ, 4, 609; Банькоўскі, 2, 791; Фасмер, 3, 382).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прафе́сар ’вышэйшае вучонае званне выкладчыка і супрацоўніка вучэбных устаноў’, ’вялікі знаўца чаго-небудзь’ (ТСБМ). Ст.-бел. професоръ ’настаўнік, прафесар’ (XVI–XVII стст.) праз польск. profesor (Булыка, Запазыч., 268); пасля, магчыма (але неабавязкова), праз рус. профе́ссор з ням. Professor, крыніца ў лац. professor ’публічны настаўнік’ ад profiteor ’адкрыта аб’яўляць (аб прадмеце сваіх заняткаў, аб сваёй спецыяльнасці)’ (гл. Фасмер, 3, 384; Банькоўскі, 2, 780).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыжану́ць ’прыгнаць’ (Ян.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад незафіксаванага *жану́ць/*жэну́ць/*жыну́ць, форма якога звязана з прасл. *ženǫ (1 ас. адз. л. цяп. час) ад *gъnati (гл. ЭССЯ, 7, 196–197). Падаецца, аднак, што з улікам ст.-бел. приженути ’прыгнаць; спешна прыехаць’, а таксама рус. наўг. прижа́нуть ’наблізіць усутыч’, прижену́ть ’падсунуць да нечага’ з вельмі блізкай семантыкай, з’яўляецца магчымасць для рэканструкцыі інфінітыўнага карэляту *ženǫti.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыйсці́, прыйсці́ць, прысці́, прыці ’прыйсці’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), ст.-бел. приити, прити (Сл. Скарыны). Узыходзіць да прасл. *priiti (Копечны, Zákl. zásoba, 291) < *pri‑jьti, гл. ісці. Параўн. укр. прийти́ ’тс’, рус. прийти́, придти́, польск. przyjść, каш. přinc, чэш. přijít, славац. prisť, славен. príti, серб.-харв. priíći, в.-луж. přińć, н.-луж. pśiś, ст.-слав. прити, стараж.-рус. приити (Сразн.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прытаро́мны (прыторо́мный), прыторо́нный ’стромкі, круты (бераг)’ (лун., Шатал.; ЛА, 2), сюды ж перан. прытаро́мны ’страшны, жудасны’, прытаро́мна, прыстаро́мно ’жудасна, жахліва, страшна’ (Скарбы). Няясна. Магчыма, з *прытаропны, параўн. таро́пно ’страшна’ (Скарбы), гл.; параўн. рус. о́торопь ’жах’. Магчыма, адпавядае стараж.-рус. притранъ ’страшны, жахлівы’ (адносна апошняга гл. ESJSt, 12, 719: pritranьnъ), што звязваецца з церці (гл.). Гл. таксама Даніловіч, Бел. дыял. фраз., 200–201.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Пу́львар ’пушок для здабывання агню крэсівам, наскубалі з вопраткі’ (навагр., Жыв. сл.), pülwer ’гаручы матэрыял для крэсіва, які вырабляецца з губы, што расце на бярозе (альбо з паленага палатна, якое ужываецца замест губы — на Мазоўшы)’ (Тарн.). З ням. Pulver, што ўзыходзіць да лац. pulvus (Р. скл. pul· veris) ’пыл, прах’, верагодней за ўсё праз польскую мову, гл. Глінка, Бел.-польск. ізал., 29.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)