расійскі дзярж. дзеяч. Інжынер (1874). Скончыў Гал.інж. вучылішча ў Пецярбургу (1836) і афіцэрскія класы пры ім (1839). У час Крымскай вайны 1853—56 у дзеючай арміі. З 1861 дырэктар канцылярыі ваен. міністра, памочнік Дз.А.Мілюціна ў правядзенні ваен. рэформ. З 17.4.1865 віленскі, ковенскі, гродзенскі і мінскі ген.-губернатар, гал. начальнік Віцебскай і Магілёўскай губ. і камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. Як гал. начальнік Паўн.-Зах. краю працягваў палітыку, пачатую М.М.Мураўёвым. Пры ім у Беларусі зачынены апошнія кляштары, умацавана становішча правасл. царквы. К. быў адным з гал. ініцыятараў прыняцця закону ад 22.12.1865 аб забароне асобам польскага паходжання купляць маёнткі ў Зах. краі і аб абавязковым продажы ўсіх маёнткаў, секвестраваных у час паўстання 1863—64. З ліп. 1867 камандуючы войскамі Туркестанскай акругі. Правёў шэраг паспяховых ваен. аперацый на працягу 1868—76 і далучыў да Рас. імперыі значную частку Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РАНСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (4.5.1881, г. Сімбірск, цяпер Ульянаўск, Расія — 11.6.1970),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Пецярб.ун-т (1904). Адвакат (прысяжны павераны). У час рэвалюцыі 1905—07 прымыкаў да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Набыў вядомасць як абаронца ў час паліт. судовых працэсаў і як кіраўнік камісіі па расследаванні падзей Ленскага расстрэлу 1912 у 3-й Дзярж. думе. У 4-й Дзярж. думе старшыня фракцыі трудавікоў. З сак. 1917 чл. Часовага ўрада: міністр юстыцыі (сак.—май), ваен. і марскі міністр (май—вер.), з 8(21).7.1917 міністр-старшыня (прэм’ер), з 30 жн. (12 вер.) і вярх. галоўнакамандуючы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 арганізатар (разам з ген. П.М.Красновым) антыбальшавіцкага выступлення 26—31.10(8—13.11).1917. З чэрв. 1918 у эміграцыі: жыў у Берліне, Парыжы, з 1940 у ЗША. Складальнік і рэд. шэрагу дакумент. публікацый па гісторыі рас. рэвалюцыі, аўтар мемуараў.
Тв.:
Рус.пер. — Россия на историческом повороте: Мемуары. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РЧАНСКА-ФЕАДАСІ́ЙСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1941—42,
дэсантная аперацыя войск Закаўказскага, з 30.12.1941 Каўк. фронту (камандуючы ген.-лейт. Дз.Ц.Казлоў, ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва аперацыяй), сіл Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. П.С.Акцябрскі) і Азоўскай ваен. флатыліі (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) супраць ням.-фаш. і рум. войск у Вял.Айч. вайну. Праведзена 25.12.1941—2.1.1942 з мэтай авалодання Керчанскім п-вам і стварэння ўмоў для поўнага вызвалення Крыма. Удзельнічалі 44-я і 51-я арміі (6 стралк. дывізій, 2 стралк. брыгады, 2 горнастралк. палкі — усяго каля 42 тыс.чал.), 500 самалётаў франтавой авіяцыі, больш за 250 караблёў і суднаў. 26 снеж. пачалася высадка дэсантаў на ўсх. узбярэжжы Керчанскага п-ва, 29 снеж. — у раёне г. Феадосія. 29 снеж. вызвалена Феадосія, 30 снеж. Керч, да 2.1.1942 — увесь Керчанскі п-ваў. К.-ф.а. адцягнула значную колькасць ням.-фаш. войск ад Севастопаля, але далейшага развіцця не атрымала.
Літ.:
Зубков А.И. Керченско-Феодосийская десантная операция. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЙСТ, Кляйст (Kleist) Эвальд фон (8.8.1881, г. Браўнфельс-на-Лане, Германія — кастр. 1954), германскі военачальнік, адзін з нацысцкіх ваен. злачынцаў. Ген.-фельдмаршал (1943). З таго ж дваранскага роду (вядомы з 13 ст.), што і Г. фон Кляйст. Скончыў ваен. акадэмію (1913). У арміі з 1900, у 1-ю сусв. вайну на штабных, потым камандзірскіх пасадах у кавалерыі. У 2-ю сусв. вайну камандаваў танк. корпусам, танк. групай у час агрэсіі супраць Польшчы (1939), Францыі (1940) і на Балк. (1941), 1-й танк. арміяй на паўд. участку сав.-герм. фронту, з 1942 групай армій «А» на Паўн. Каўказе і Паўд. Украіне. У 1944 за паражэнні ням.-фаш. войск у Крыме, на Паўд. Бугу і нязгоду з ваен. стратэгіяй А.Гітлера звольнены ў адстаўку. У канцы вайны трапіў у палон да брыт. войск. Як ваен. злачынец у 1946 перададзены ў Югаславію, у 1948 — у СССР. Асуджаны сав.ваен. трыбуналам, памёр у лагеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ЭФІО́ПСКАЯ ВАЙНА́ 1895—96,
каланіяльная вайна Італіі супраць Эфіопіі. У 1885 Італія захапіла на Чырвоным м. порт Масаўа, які стаў базай для ваен. сутыкненняў з Эфіопіяй у 1887—88. Заключаны ў 1889 італа-эфіопскі дагавор аб дружбе і гандлі Італія стала тлумачыць як падставу для ўстанаўлення свайго пратэктарату над Эфіопіяй і захапіла шэраг яе паўн.-зах. раёнаў. Калі Эфіопія адвергла такія прэтэнзіі, італьян. армія пачала ваен. дзеянні і на працягу 1895 захапіла прав. Тыгрэ. Імператар Эфіопіі Менелік II заклікаў народ да абароны радзімы. 1.3.1896 у бітве пры Адуа 20-тыс.італьян. армія была разбіта. Паводле дагавора ад 26.10.1896 Італія вымушана была прызнаць незалежнасць Эфіопіі. Дапамогу Эфіопіі аказала Расія, накіраваўшы зброю (30 тыс. ружжаў, 5 млн. патронаў) і атрад Чырв. Крыжа на чале з ген. М.К.Шведавым. У аказанні дапамогі Эфіопіі ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі: ваен. ўрач Д.Л.Глінскі, ваен. спецыялісты А.К.Булатовіч, М.С.Лявонцьеў (ваен. саветнік Менеліка II) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКІ ПАХО́Д БАНАПА́РТА 1796—97,
баявыя дзеянні франц. арміі на чале з ген. Н.Банапартам (гл.Напалеон I) супраць аўстра-сардзінскіх войск у Паўн. Італіі ў вайну 1792—97 Францыі з 1-й антыфранц. кааліцыяй (Аўстрыя, Англія, Расія, Сардзінскае каралеўства, Каралеўства абедзвюх Сіцылій і інш.). Ініцыіраваны Банапартам, армія якога (каля 42 тыс.чал.) у крас. 1796 разбіла войскі Сардзінскага каралеўства (П’емонт) і вымусіла яго заключыць сепаратны мір. У маі Банапарт разграміў аўстрыйцаў каля Лодзі, заняў Мілан. У бітвах пры Кастыльёне, Раверэта, Басана, Аркале, Рывалі ён разграміў аўстр. войскі і ў лют. 1797 вымусіў гарнізон Мантуі капітуляваць, у сак. 1797 разгарнуў наступленне на Вену. Паводле заключанага 17.10.1797 міру (каля в. Кампаформіо, ПнУ Італіі) Аўстрыя ўступала Францыі б.ч.Паўн. Італіі і Аўстр. Нідэрланды, аднак атрымлівала як кампенсацыю Зальцбург, ч. Баварыі, б.ч. ліквідаванай Венецыянскай рэспублікі. Іанічныя а-вы і землі ў Албаніі адышлі да Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў (Васіль Іванавіч) (18.2.1903, в. Заграддзе Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. —2.12.1967),
дзярж. дзеяч БССР, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну Герой Сав. Саюза (1942), ген.-маёр (1943). Скончыў Камуніст.ун-т Беларусі (1933). У 1928—40 на сав. і парт. рабоце. З 1940 нам. старшыні СНКБССР, з сак. 1941 сакратар Мінскага абкома КП(б)Б. 3 ліп. 1941 1-ы сакратар Мінскага абкома КП(б)Б, з сак. 1942 і камандзір Мінскага партыз. злучэння. У 1944—48 1-ы сакратар Мінскіх абкома і гаркома КП(б)Б. У 1947 Старшыня Вярх. Савета, у 1948—67 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета БССР і нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР. З 1949 чл.ЦККПБ. З 1956 канд. у чл., з 1966 чл.ЦККПСС. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1946, БССР з 1947. Аўтар кніг успамінаў «Людзі асобага складу» (1967), «Верны да канца» (2-е выд., 1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1873—76,
народнае паўстанне на тэр. Какандскага ханства (у 1710 вылучылася з Бухарскага ханства) пад кіраўніцтвам Ісхака Мулы Хасан-аглы (Пулат-бека). Пачалося як рух качэўнікаў-кіргізаў супраць самавольства і вял. падаткаў мясц. правіцеля Худаяр-хана. На працягу 1874—75 адбываліся сутыкненні паміж паўстанцамі і ханскімі войскамі. Калі сыны хана Насрэдзін-бек, Муратбек і военачальнікі разам са сваімі атрадамі далучыліся да паўстанцаў, Худаяр уцёк у Ташкент пад абарону рас. войск. Абвешчаны ханам Насрэдзін 22.9.1875 тайна заключыў з туркестанскім ген.губернатарам К.П.Каўфманам дагавор, паводле якога прызнаў сябе васалам Расіі. Гэта выклікала новы ўздым паўстання, якое набыло нац.-вызв. характар. Паўстанцы, якія абвясцілі ханам Пулат-бека, пасля шэрагу поспехаў у студз.—лют. 1876 разбіты рас. войскамі на чале з ген. М.Дз.Скобелевым каля Андыжана, Асаке і ў крэпасці Учкурган. Пулат-хан уцёк з Учкургана, але быў злоўлены і пакараны смерцю. Какандскае ханства ўключана ў склад Расіі як Ферганская вобл. у Туркестанскім краі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́Т РУ́СКІХ АФІЦЭ́РАЎ У ПО́ЛЬШЧЫ,
падпольная рэв.арг-цыя ў часцях рас. арміі на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны ў 1861—63. Узнік восенню 1861 як федэрацыя афіцэрскіх гурткоў колькасцю ў некалькі соцень чал. (палякі, рускія, беларусы і інш.). Кіраўнікі: А.Л.Патабня, Я.Дамброўскі, З.Падлеўскі і інш.К-т ідэйна прымыкаў да «чырвоных», выступаў за ліквідацыю прыгонніцкіх парадкаў. Быў звязаны з рас.рэв. цэнтрам у Лондане (А.І.Герцэн, М.А.Бакунін, М.П.Агароў), ЦК «Зямлі і волі» ў Пецярбургу (у яе склад к-т увайшоў у канцы 1862 як аўт.арг-цыя), Цэнтр.нац. к-там у Варшаве, Літоўскім правінцыяльным камітэтам у Вільні. У 1861—62 вёў прапагандысцкую работу ў войсках, выпусціў больш за 16 пракламацый. 27.6.1862 Патабня здзейсніў замах на рас. намесніка ў Польшчы ген. А.М.Лідэрса. Да сярэдзіны 1863 дзейнасць к-та спынілася ў сувязі з рэпрэсіямі і змяненнем паліт. сітуацыі, многія яго члены ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ЎСТВА ПО́ЛЬСКАЕ, Царства Польскае,
назва часткі Польшчы, якая паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 адышла да Расіі і ўваходзіла ў яе склад да 1918. Пл. 128,5 тыс.км², нас. 3,3 млн.чал. (1816). Паводле канстытуцыі 1815 канстытуцыйная манархія, звязаная персанальнай уніяй з Рас. імперыяй. Было пазбаўлена магчымасці праводзіць самаст. знешнюю палітыку, але мела ўласныя сейм (адбыліся ў 1818, 1820, 1825), урад, войска. Пасля задушэння паўстання 1830—31 аўтаномія абмежавана паводле Арганічнага статута Каралеўства Польскага 1832. У канцы 1850—60-х г. тут адноўлены цывільны ўрад, мясц. самакіраванне, аднак пасля задушэння паўстання 1863—64 зноў скасаваны. Спачатку падзялялася на 8 ваяводстваў. У 1866 уведзены новы адм. падзел (створана 10 губерняў), у 1874 — пасада ген.-губернатара, пачала выкарыстоўвацца назва Прывіслінскі край, пачалася інтэнсіўная русіфікацыя краю. У 1918 стала асн. ядром адноўленай і незалежнай польскай дзяржавы.
Літ.:
Обушенкова Л.А. Королевство Польское в 1815—1830 гг.: Экон. и социал. развитие. М., 1979.