САЛАМІ́РСКАЕ ВО́ЗЕРА У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Крашанка, за 20 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,4 км², даўж. 1,4 км, найб.шыр. 440 м, найб.глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 5,5 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 3—6 м, спадзістыя, пад лесам і хмызняком, часткова разараныя. Пойма шыр. 10—300 м, забалочаная, укрыта хмызняком. Берагі нізкія, забалочаныя, на ПнЗ, Пн і У сплавінныя. 3 залівы. Дно плоскае, у прыбярэжнай зоне да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей сапрапелістае. Зарастае. Упадае ручай з воз. Ляшчынава. Пасяленні баброў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЮ́СТЫЙ (Гай Крысп) (Gaius Sallustius Crispus; 86—35 да н.э.),
старажытнарымскі гісторык і дзярж. дзеяч. Удзельнічаў у грамадз. войнах 49—45 да н.э. на баку Ю.Цэзара. З 46 да н.э. праконсул рым. правінцыі Новая Афрыка. Пасля смерці Цэзара (44 да н.э.) займаўся літ. дзейнасцю. Захаваліся інвектыва (выступленне) С. супраць Цыцэрона (54 да н.э.), лісты да Цэзара (каля 50—46 да н.э.) з прапановамі рэфармавання дзярж. ладу, 2 кнігі «Пра змову Катыліны» і «Югурцінская вайна», адметныя глыбокім псіхал. аналізам, дакладнасцю ацэнак падзей, напружанай дынамікай апавядання, невял. фрагменты твора «Гісторыя» (36—35 да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ДЫЕ́ГА (San Diego),
горад на Пд Ціхаакіянскага ўзбярэжжа ЗША, каля граніцы з Мексікай, у штаце Каліфорнія. Засн. іспанцамі ў 1769. 1220,7 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 3 млн.ж. (2000). Марскі порт, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр цытрусаводчага раёна, авіяракетнай прам-сці і вытв-сці касмічных лятальных апаратаў. Прам-сць: радыёэлектронная, у т. л.вытв-сцьЭВМ і абсталявання, пераважна для ваенных мэт; суднабуд. прыладабуд., металаапр., хім., плодакансервавая. 9 ун-таў. Ін-т акіянаграфіі. Кліматычны курорт. У парку Бальбоа адзін з буйнейшых у свеце заапаркаў. Гал. ваенна-марская база ЗША на Ціхім ак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ФРАНСІ́СКУ (São Francisco),
рака ў Бразіліі, на Бразільскім пласкагор’і. Даўж. 2800 км, пл.бас.каля 600 тыс.км². Вытокі ў горным масіве Сера-да-Канастра, у вярхоўях мае горны характар, потым цячэ ў шырокай даліне тэктанічнага паходжання. У ніжнім цячэнні прарываецца цераз берагавы ўступ пласкагор’я да Атл.ак., утварае парогі і вадаспады Паўлу-Афонсу. Высокія ўзроўні вады ў ліст.—маі. Сярэдні расход вады ў вусці 3300 м³/с. Буйное вадасх. Трэс-Марыяс і ГЭС (у верхнім цячэнні), некалькі ГЭС на вадаспадах Паўлу-Афонсу (у ніжнім). Суднаходная ў сярэднім цячэнні і ад вадаспадаў да вусця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРДЭ́ЧНІК (Leonurus),
род кветкавых раслін сям. губакветных (ясноткавых). Каля 15 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 2 віды С.: пяцілопасцевы (L. quinquelobatus) і сардэчны (L. cardiaca). Трапляюцца на пустках, у зарасніках хмызняку, уздоўж дарог.
Шматгадовыя травы выш. 25—120 см. Сцёблы прамастойныя, 4-гранныя, апушаныя. Лісце 3—5-раздзельнае або лопасцевае. Кветкі ружовыя, у несапраўдных кальчаках, сабраныя ў падоўжанае коласападобнае суквецце. Плод — арэшак. С. пяцілопасцевы і сардэчны маюць у сабе сардэчныя гліказіды, сапаніны, эфірны алей, культывуюцца і выкарыстоўваюцца ў афіц. і нар. медыцыне. Меданосныя, фарбавальныя, лек., тэхн. (алей, валокны) расліны, некат. — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРКАСПАРЫ́ДЫІ (Sarcocystis),
мясныя спаравікі, род прасцейшых атр.какцыдый, унутрыклетачныя паразіты млекакормячых, птушак, зрэдку паўзуноў. Узбуджальнікі саркацыстозаў (саркаспарыдыёзаў). Каля 90 відаў.
Маюць складаны тып развіцця са зменай гаспадара. Бясполае размнажэнне (шызаганія) працякае ў арганізме (мышцах) прамежкавага гаспадара, які заражаецца, калі праглынае спарацысты (зародкі) С., што выдзяляюцца канчатковым гаспадаром з фекаліямі. Палавое размнажэнне (гомаганія і спораганія) працякае ў арганізме (кішэчніку) канчатковага гаспадара, які заражаецца пры ўжыванні мяса прамежкавага гаспадара з саркацыстамі (адна са стадый бясполага размнажэння). Спарацысты інвазійныя для прамежкавага гаспадара. Чалавек можа быць прамежкавым (для Sarcocystis lindemanni) і канчатковым гаспадаром С. (S. suihominis, S. bovihominis).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л МО́ЛАДЗІ (СІМ),
міжнародная маладзёжная арг-цыя сацыял-дэмакр. кірунку. Засн. на Міжнар. канферэнцыі сацыяліст. саюзаў моладзі (24—26.8.1907, г. Штутгарт, Германія), да 1912 аб’ядноўваў каля 170 тыс.чл. маладзёжных арг-цый 17 краін. У 1-ю сусв. вайну фактычна распаўся. Пад уплывам Кастр. рэвалюцыі 1917 значная ч. арг-цый, што ўваходзілі ў СІМ, перайшла на камуніст. пазіцыі і ў ліст. 1919 засн.Камуністычны інтэрнацыянал моладзі. Адноўлены ў 1923 на міжнар. канферэнцыі ў г. Гамбург (Германія). Прымыкаў да Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала, распаўся ў пач. 2-й сусв. вайны. Пераемнікам СІМ стаў засн. ў 1946 Міжнар. саюз маладых сацыялістаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВАБО́ДНЫЯ АФІЦЭ́РЫ».
тайная афіцэрская арг-цыя ў Егіпце ў 1940-я — пач. 1950-х г. Яе ядро (Г.А.Насэр, М.А.Садат і інш.) узнікла ў 1942, арганізацыйна аформілася ў 1949. Да 1952 налічвала каля 1 тыс. членаў, якія займалі розныя пасады ва ўсіх звёнах ваен. і дзярж. кіраўніцтва Егіпта. Ставіла за мэту ажыццяўленне шырокіх сац., паліт. і эканам. рэформ, незалежнай знешняй палітыкі краіны. 23.7.1952 узначаліла ваен. пераварот, які адхіліў ад улады караля Фарука, пасля чаго выканком «С.а.» ператвораны ў Савет кіраўніцтва рэвалюцыяй (старшыня М.Нагіб), які ўзяў на сябе ўсю ўладу ў краіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕДЗЬ,
рака ў Калінкавіцкім, Светлагорскім і Рэчыцкім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 49 км. Пл. вадазбору 625 км². Пачынаецца за 1,5 км на Пд ад в. Падлукі Калінкавіцкага р-на, вусце за 3 км на У ад в. Сведскае Рэчыцкага р-на. Цячэ па паўн. частцы Гомельскага Палесся. Даліна невыразная, у сярэднім цячэнні месцамі трапецападобная, шыр. 1—3 км. Схілы выш. 5—7 м, спадзістыя. Пойма двухбаковая, шыр. 0,5—1 км, моцна перасечаная меліярацыйнымі каналамі. Рэчышча шыр. 10—20 м, каналізаванае, акрамя невялікага ўчастка каля вусця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНАКРО́П,
шпергель (Spergula), род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і трапічных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 5 відаў С.: буйны (S. maxima), веснавы (S. vernalis), звычайны (S. vulgaris), ільняны (S. linicola), пасяўны (S. sativa). Трапляюцца ў хваёвых лясах, на ўзлесках, лугах, палях, агародах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 20—30 см. Сцёблы прамастойныя ці прыўзнятыя, галінастыя, як і лісце, залозіста-апушаныя. Лісце ніткападобнае, даўж. да 5 см, у несапраўдных кальчаках. Кветкі правільныя, дробныя, белыя, у паўпарасоніках. Плод — каробачка. Кармавыя расліны, часта пустазелле збожжавых і прапашных культур.