СВЕДЗЬ,
рака ў Калінкавіцкім, Светлагорскім і Рэчыцкім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 49 км. Пл. вадазбору 625 км². Пачынаецца за 1,5 км на Пд ад в. Падлукі Калінкавіцкага р-на, вусце за 3 км на У ад в. Сведскае Рэчыцкага р-на. Цячэ па паўн. частцы Гомельскага Палесся. Даліна невыразная, у сярэднім цячэнні месцамі трапецападобная, шыр. 1—3 км. Схілы выш. 5—7 м, спадзістыя. Пойма двухбаковая, шыр. 0,5—1 км, моцна перасечаная меліярацыйнымі каналамі. Рэчышча шыр. 10—20 м, каналізаванае, акрамя невялікага ўчастка каля вусця.
т. 14, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)