машыны і абсталяванне, якія выконваюць розныя тэхнал. аперацыі апрацоўкі драўніны або драўняных матэрыялаў. Падзяляюцца на дрэварэзальныя станкі (аснашчаюцца розным дрэварэзальным інструментам), гнутарныя, зборачныя, для нанясення клею, аддзелачныя станкі і прэсы.
На гнутарных станках загатоўкам надаюць пэўную форму без парушэння сувязей паміж часцінкамі драўніны (выгінаннем па шаблоне, з прапарваннем і праварваннем, з наступнай сушкай у замацаваным становішчы). Зборачныя станкі выкарыстоўваюць для злучэння (шыпамі, шрубамі, цвікамі і інш.) дэталей у вузлы і гатовыя вырабы (зборка рамак, корпусных вырабаў і інш.; гл.Шчытазборачныя станкі). Станкі для нанясення клею аснашчаюць клеемяшалкамі, упырсквальнымі механізмамі, клеенамазвальнымі вальцамі і інш. На аддзелачных станках рыхтуюць паверхню вырабаў (грунтуюць, шпаклююць, наносяць фарбу і тэкстурны рысунак), наносяць лакафарбавыя матэрыялы, шліфуюць і аздабляюць паверхню, робяць плёначныя і дэкар. пакрыцці. На прэсах вырабляюць шматслойную фанеру, драўнянастружкавыя пліты і інш. У дрэваапрацоўчай прамысловасці карыстаюцца таксама агрэгатнымі станкамі, станкамі-аўтаматамі і паўаўтаматамі, аўтам. і паўаўтам. станочнымі лініямі. Рабочыя органы Д.м. падзяляюцца на галоўныя (выконваюць прыёмы, якія вызначаюць працэс апрацоўкі, напр. рэзанне, падачу) і дапаможныя (выконваюць функцыі базіравання, напрамку, фіксацыі, пагрузачна-разгрузачныя, кантрольныя і інш.).
Літ.:
Амалицкий В.В., Санев В.И. Оборудование и инструмент деревообрабатывающих предприятий. М., 1992.
А.А.Барташэвіч.
Схемы дрэваапрацоўчых машын: а — даўбёжных станкоў (ланцуговафрэзернага і з гнездавой фрэзай); б — драбільных станкоў; в — шліфавальнага цыліндрычнага станка; г — гнутарнага станка (1 — шаблон, 2 — дэталь, 3 — шына, 4 — прасавальны ролік); д — вальцоў для нанясення клею (1 — дазіравальны ролік, 2 — валец, які наносіць клей 3 на дэталь 4); е — прэса (1 — матрыца, 2 — пуансон, 3 — дэталі, якія склейваюцца); ж — вальцовага станка для нанясення лаку (1 — дазіравальны ролік, 2 — валец, які наносіць лак на дэталь 3); з — лаканаліўной машыны (1 — транспарцёры, 2 — дэталь, 3 — лаканаліўная галоўка, 4 — слой лаку, 5 — лаказліўны латак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел геаметрыі, у якім геам. вобразы (крывыя і паверхні) вывучаюцца метадамі матэм. аналізу, у першую чаргу — дыферэнцыяльнага злічэння. Аб’екты Д.г. — крывыя і паверхні эўклідавай прасторы, іх сем’і (неперарыўныя сукупнасці крывых і паверхняў). У Д.г. даследуюцца ўласцівасці, характэрныя бясконца малой частцы геам. вобразаў (дыферэнцыяльныя ўласцівасці). У адрозненне ад элементарнай і аналітычнай геаметрыі, якія вывучаюць асобныя крывыя і паверхні ці спец. класы крывых і паверхняў, Д.г. разглядае крывыя і паверхні наогул.
Класічная Д.г. вывучае дыферэнцыяльныя ўласцівасці геам. вобразаў звычайнай трохмернай прасторы, якія не залежаць ад становішча ў прасторы. Асобныя паняцці Д.г. сустракаюцца ў 2-й пал. 17 ст. ў працах англ. вучонага І.Ньютана, ням. матэматыка Г.Лейбніца і інш. Асновы тэорыі паверхняў закладзены ў канцы 18 ст. працамі ням. вучонага Л.Эйлера і франц. вучонага Г.Монжа. Значны ўклад у развіццё Д.г. зрабілі К.Гаўс, рус. матэматыкі К.М.Петэрсон (пабудаваў асновы класічнай тэорыі паверхняў) і М І.Лабачэўскі, ням. матэматык Б.Рыман. Асн. кірункі сучаснай Д.г.: геаметрыя аднародных прастораў, у якіх дзейнічае некат. сукупнасць (група) пераўтварэнняў (у класічнай Д.г. — група рухаў) і вывучаюцца ўласцівасці геам. вобразаў, што не мяняюцца пры пэўных пераўтварэннях; геаметрыя абагульненых прастораў, якія будуюцца на аснове дыферэнцаванай разнастайнасці, што ўключае як прыватны выпадак паняцці крывой і паверхні класічнай Д.г. Асобнае месца займае «геаметрыя ў цэлым», якая даследуе геам. вобразы, што не могуць быць вырашаны сродкамі дыферэнцыяльнага злічэння.
На Беларусі сістэматычныя даследаванні па сучаснай Д.г. пачалі праводзіцца з канца 1960-х г. Пабудавана глабальная тэорыя нармалізаваных і спалучаных звязнасцей у галоўных расслаеннях, праведзена даследаванне сіметрычных прастораў і шэрагу іх абагульненняў (В.І.Вядзернікаў, А.С.Фядэнка).
Літ.:
Погорелов А.В. Дифференциальная геометрия. 5 изд. М., 1969;
Дифференциальная геометрия. Мн., 1982;
Феденко А.С. Пространства с симметриями. Мн., 1977;
История отечественной математики. Т. 3. Киев, 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПАРТА́ЦЫЯ (лац. deportatio),
прымусовае высяленне, выгнанне асобы з пастаяннага месца жыхарства або з краіны, ссылка з пасяленнем яе ў новым месцы з абмежаваннем свабоды перамяшчэння. Тэрмінам «Д.» абазначаліся асобыя віды высялення, якія выкарыстоўваліся ў 18—19 ст. паводле крымін. заканадаўства Францыі ў адносінах да злачынцаў-рэцыдывістаў і рэвалюцыянераў. У СССР у 1920—40-я г. прымусовае высяленне ў Сібір, Казахстан, раёны Крайняй Поўначы, на Урал і інш. аддаленыя рэгіёны краіны грамадзян, якія былі прызнаны ворагамі сав. улады. У 1930-я г. ў час правядзення суцэльнай калектывізацыі ссылку зведалі многія сялянскія сем’і, якія былі прылічаны да кулацкіх і высланы ў глыб дзяржавы. У 1931—34 з БССР было выслана каля 260 тыс.чал. З лют. 1940 у БССР пачалася масавая Д. насельніцтва (пераважна польскага) з Зах. Беларусі. Да 22.6.1941 у зах. абласцях Беларусі было рэпрэсіравана больш за 135 тыс.чал., з іх выслана ў глыб СССР больш за 125 тыс. У час Вял.Айч. вайны 1941—45 у СССР у тыл краіны было дэпартавана насельніцтва некалькіх аўтаномных тэрыторый — крымскія татары, калмыкі, карачаеўцы, інгушы, немцы Паволжа, чэчэнцы і інш., абвінавачанае ў супрацоўніцтве ці дапамозе ням.-фаш. захопнікам. У 2-й пал. 1950—80-х г. большасць ахвяр Д. рэабілітавана, а выселеныя народы вернуты на сваю радзіму.
Літ.:
Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-ых гадоў на Беларусі. Мн., 1994;
Яго ж. Абвінавачваюць лічбы: Гістарыяграфія і крыніцы па праблеме паліт. рэпрэсій 1920—1950-х гг. на Беларусі // Бел. мінуўшчына. 1997. № 5;
Парсаданова В.С. Депортация населения из Западной Украины и Западной Белоруссии в 1939—1941 гг. // Новая и новейшая история. 1989. № 2;
Хацкевіч А. Арышты і дэпартацыі ў заходніх абласцях Беларусі (1939—1941 гг.) // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1—2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТА́ЛЫ (лац. metallum ад грэч. metallon шахта, руднік),
простыя рэчывы, якія ў звычайных умовах маюць характэрныя, метал., уласцівасці — высокую эл. праводнасць і цеплаправоднасць, адмоўны тэмпературны каэф.эл. праводнасці, здольнасць добра адбіваць эл.-магн. хвалі (бляск, непразрыстасць), пластычнасць. У цвёрдым стане М. — крышт. рэчывы з металічнай сувяззю. У тэхніцы да М. адносяць таксама сплавы на іх аснове (гл.Металазнаўства).
Да М. адносяць 86 са 109 элементаў перыяд. сістэмы. Паводле становішча ў перыяд. сістэме адрозніваюць М. галоўных (a) і пабочных (b) падгруп, ці непераходныя і пераходныя. У непераходных М. адбываецца запаўненне знешніх s- і p-электронных абалонак (напр., шчолачныя металы), у пераходных — запаўненне размешчаных бліжэй да ядра d- і f-абалонак (гл.Пераходныя элементы). Паводле тэхн. класіфікацыі адрозніваюць чорныя (жалеза і яго сплавы) і каляровыяМ., якія ўмоўна падзяляюць на некалькі груп: лёгкія металы, цяжкія (свінец, цынк і інш.), тугаплаўкія металы, высакародныя металы, рэдказямельныя М. (гл.Рэдказямельныя элементы), радыеактыўныя М. (гл.Радыеактыўныя элементы) і інш.Хім. ўласцівасці М. абумоўлены электроннай будовай атамаў, якія лёгка аддаюць знешнія (валентныя) электроны, таму ў хім. рэакцыях яны звычайна з’яўляюцца аднаўляльнікамі. М. ўтвараюць асн.аксіды і гідраксіды, многія замяшчаюць вадарод у к-тах. У прыродзе ў свабодным стане трапляюцца рэдка, звычайна ў выглядзе злучэнняў (аксідаў, сульфідаў і інш.). Здабычай М. з руд займаецца металургія. Ступень выкарыстання М. абумоўлена практычнай каштоўнасцю яго ўласцівасцей, а таксама прыроднымі запасамі (распаўсюджанасцю ў зямной кары) і цяжкасцямі атрымання. Здольнасць М. да ўзаемнага растварэння з утварэннем пры крышталізацыі цвёрдых раствораў і інтэрметалідаў (гл.Металіды) дазваляе атрымліваць мноства сплаваў з разнастайным спалучэннем уласцівасцей. У тэхніцы М. выкарыстоўваюць выключна ў выглядзе сплаваў як найважнейшыя канстр. матэрыялы.
Літ.:
Венецкий С.И. Рассказы о металлах. 4 изд. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА ПІСЬМЕ́ННІКА,
сістэма па-мастацку асэнсаваных агульнаўжывальных і індывід. моўных сродкаў, якая служыць для выражэння ідэй, думак, пачуццяў пісьменніка ў маст. і публіцыст. творах. Асн. элементамі М.п. з’яўляюцца словы, сукупнасць якіх складае слоўнік мовы пісьменніка (напр., «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа», 1993; «Слоўнік мовы Янкі Купалы», т. 1, 1997). Расшырэнне і ўдасканаленне слоўніка — адна з умоў дакладнага, індывідуальна непаўторнага адлюстравання з’яў рэчаіснасці. Багацце М.п. характарызуецца колькасцю слоў, глыбінёй і разнастайнасцю індывід. аўтарскага выкарыстання іх спалучальных магчымасцей, сэнсавых адценняў, гукапісных і выяўл. сродкаў, якія дае мова для стварэння маст. вобразаў. Індывідуальнасць М.п., яе адметнасць — спосабы эстэт. асваення мовы, выкарыстанне яе стыляў, лексікі, вобразных сродкаў. Мяжа паміж словамі як моўнымі адзінкамі ва ўласным сэнсе і словамі М.п. ў галіне маст. пісьменніцкага ўжывання вельмі рухомая. Пры вылучэнні пераносных значэнняў, адценняў слоў у творах таго ці інш. пісьменніка тлумачацца стылістычныя асаблівасці яго маст. словаўжывання, апісваюцца факты адлюстравання і выкарыстання лексікі ў маст. творах. У гэтым сэнсе можна гаварыць аб тым, што пісьменнік прадстаўляе мову свайго часу. Аднак шматлікія сэнсавыя ўскладненні, каламбурныя і знарок супярэчлівыя адценні, якія атрымлівае слова ў кампазіцыі маст. твора, пераносныя ўжыванні, выкарыстанне фразеалагічных злучэнняў і інш. індывідуалізуюць мову кожнага пісьменніка. Поўнасцю індывідуальным, непаўторным элементам М.п. выступае сістэма вобразных сродкаў. Паняцце М.п. ўключае і сінтаксічна-стылістычныя асаблівасці пабудовы сказаў, якія вызначаюць манеру пісьменніка, яго стыль. Сінтакс. і рытмічная будова маст. тэксту набывае ў М.п. функцыі маст. сродкаў: «Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну...» (Я.Колас). Спалучэнне поліфункцыянальнасці і канкрэтнасці моўных сродкаў, дакладнасці і адчувальнасці вобразаў, сінтакс. і стылістычнай арганізацыі маст. тэксту дае магчымасць майстрам слова ствараць непаўторныя па сіле эстэт. ўздзеяння на чытача маст. творы.
Літ.:
Янкоўскі Ф. Слова і яго ўжыванне // Янкоўскі Ф. Роднае слова. 2 выд.Мн., 1972;
Стыль пісьменніка. Мн., 1974;
Храпченко М.Б. Творческая индивидуальность писателя и развитие литературы. 4 изд. М., 1977.