ФАУНІ́СТЫКА,

раздзел заалогіі і зоагеаграфіі, які вывучае сукупнасці відаў жывёл — фауны зямнога шара і яго частак, іх сістэм., геагр. і генет. структур. Займаецца складаннем спісаў відаў жывёл, іх аналізам, выдзяленнем фауністычных элементаў, якія характарызуюцца агульнасцю пашырэння або паходжання. Збірае фактычны матэрыял, неабходны для зоагеаграфічнага раянавання рознага рангу. На аснове фауністычных даследаванняў вызначаюцца таксама арэалы асобных відаў жывёл.

т. 16, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)