ПУАНСО́ (Poinsot) Луі (3.1.1777, Парыж — 5.12.1859),

французскі матэматык і механік. Чл. Парыжскай АН (1813). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1797), дзе з 1809 працаваў прафесарам. Пэр Францыі (1846), сенатар (1852). Навук. працы па тэорыі правільных зорчатых мнагаграннікаў («цел П.») і геам. метадах даследавання мех. сістэм. На аснове тэорыі пары сіл пабудаваў геам. статыку, дзе сфармуляваў умовы раўнавагі цвёрдых цел і іх сістэм. Вывеў тэарэму аб вярчэнні цвёрдага цела вакол нерухомай восі пры адсутнасці знешніх сіл (1834), увёў паняцце эліпсоіда інерцыі.

Тв.:

Рус. пер. — Начала статики. М.;

Пг., 1920.

т. 13, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́РБАХ, Поербах (Purbach, Peuerbach) Георг (30.5.1423, Поербах, Аўстрыя —8.4.1461), аўстрыйскі астраном і матэматык. З 1450 праф. Венскага ун-та. Займаўся складаннем і ўдасканаленнем астр. табліц, праводзіў даследаванні па трыганаметрыі. Першы ў Зах. Еўропе выклаў пталамееву тэорыю эпіцыклаў у трактаце «Новая тэорыя планет» (выд. ў 1472), які доўгі час з’яўляўся навуч. дапаможнікам па астраноміі. Працаваў таксама над удасканаленнем перакладу твораў Пталамея. Разам са сваім вучнем Рэгіямантанам напісаў кнігу «Кароткае выкладанне вялікага твора Пталамея» (выд. 1543).

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.

т. 13, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬВАТА́ЦЫЯ (ад лац. solvere раствараць),

узаемадзеянне часціц (малекул, іх асацыятаў, іонаў) растворанага рэчыва з малекуламі растваральніку. Уплывае на ўсе фіз. і фіз.-хім. працэсы, што адбываюцца ў растворах. Абумоўлена Электрастатычнымі і ван-дэр-ваальсавымі сіламі ўзаемадзеяння (неспецыфічная С.), а таксама каардынацыйнымі сувязямі і вадароднай сувяззю (спецыфічная С.). У выніку С. ўтвараюцца сальваты — малекулярныя ўтварэнні пастаяннага ці пераменнага саставу, у якіх малекула (іон) растворанага рэчыва абкружана сальватнай абалонкай з малекул растваральніку. Асобны выпадак С. — гідратацыя.

Літ.:

Бургер К. Сольватация, ионные реакции и комплексообразование в неводных средах: Пер. с англ. М., 1984.

т. 14, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́ВА (Svevo) Італа [сапр. Шміц

(Schmitz) Эторэ; 19.12.1861, г. Трыест, Італія — 13.9.1928], італьянскі пісьменнік. Аўтар аўтабіягр. раманаў «Жыццё» (1892),

«Старасць» (1898). Вядомасць прынеслі раман «Самапазнанне Дзена» (1923) і «Аповесць пра добрага старога і прыгожую дзяўчыну» (выд. 1929), у якіх героі даследуюцца аўтарам пры дапамозе паглыбленага псіхааналізу ў формах, блізкіх да л-ры «плыні свядомасці». Аўтар апавяданняў («Кароткае сентыментальнае падарожжа», выд. 1949), п’ес («Камедыі», выд. 1960), нарысаў.

Тв.:

Рус. пер. — По-предательски // Итальянская новелла XX в. М., 1969.

Літ.:

Грамши А. «Открытие» Итало Свево // Грамши А. О литературе и искусстве. М., 1967.

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́НХУВУД (Svinhufvud) Пер Эвінд (15.12.1861, г. Сяксмякі, Фінляндыя — 29.2.1944),

фінляндскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Уваходзіў у партыю младафінаў. З 1894 дэп. сейма, у 1907—12 яго старшыня. Выступаў за незалежнасць Фінляндыі ад Рас. імперыі, за што ў 1914 высланы рас. ўладамі ў Сібір (вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917). З ліст. 1917 першы прэм’ер-міністр незалежнай Фінляндыі. У 1918 часовы кіраўнік дзяржавы. У ліп. 1930 — лют. 1931 прэм’ер-міністр (падтрымліваў нацыяналіст. лапуаскі рух; назва ад г. Лапуа), у 1931—37 прэзідэнт Фінляндыі. Пазней адышоў ад паліт. дзейнасці.

т. 14, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМАНЕ́НКА Васіль Андрэевіч (8.1.1935, с. Біеўцы Палтаўскай вобл., Украіна — 14.12.1963),

украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т (1957). Друкаваўся з 1962. Аўтар зб-каў вершаў «Цішыня і гром» (1962), «Зямное прыцяжэнне» (апубл. 1964), «Вершы» (апубл. 1966), «Лебедзі мацярынства» (апубл. 1981), зб. апавяд. «Віно з руж» (апубл. 1965). Пісаў нарысы, публіцыст. артыкулы, вершы для дзяцей. Паэзія С. адметная лірызмам, гуманіст. пафасам. На бел. мову асобныя вершы С. пераклалі Д.​Бічэль-Загнетава, С.​Законнікаў, М.​Мінчанка, В.​Рагойша, М.​Федзюковіч, У.​Шахавец.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Ад круч дняпроўскіх. Мн., 1983.

т. 14, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯ́РГАВА (Särgava) Карл Эрнст (17.4.1868, г.п. Вяндра Пярнускага пав., Эстонія — 12.4.1958),

эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1957). Скончыў Тартускую настаўніцкую семінарыю (1889). Друкаваўся з 1890. Цыкл апавяд. «Язвы» (т. 1—3, 1899—1901) пра жыццё вёскі, аповесць «Асветнік» (1904) пра вясковую інтэлігенцыю. Аўтар аповесцей «Ніколі» (1895), «Няшчасны шчаслівец» (1899), драмы «Кветка папараці» (1920), камедыі «Новы міністр» (1922), гіст. рамана «Пойдзем у горад запісвацца, жыццё сваё палягчаць» (т. 1—2, апубл. 1968).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. Таллин, 1956;

Помогите! и другие рассказы. Таллин, 1963.

т. 15, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УА́ЙЛДЭР (Wilder) Торнтан Нівен (17.4.1897, г. Мадысан, ЗША — 19.12.1975),

амерыканскі пісьменнік; родапачынальнік амер. антытэатра. Скончыў Іельскі ун-т (1920). Літ. дзейнасць пачаў раманам «Кабала» (1926). Філас. раманы «Мост караля Людовіка Святога» (1927), «Жанчына з Андраса» (1930), «Сакавіцкія іды» (1948), хроніка-эпапея «Дзень восьмы» (1967) пазначаны ўплывам экзістэнцыялізму. Аўтар шматлікіх п’ес на міфалагічныя і гіст. сюжэты (зб-кі «Анёл, які патрывожыў воды», 1928; «Доўгі калядны абед», 1931), аўтабіягр. рамана «Тэафіл Норт» (1973) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Наш городок. М., 1979;

Мартовские иды. Теофил Норт М., 1981.

Т.​Я.​Камароўская.

т. 16, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДЭРАЛІ́СТЫ (англ. federalists),

палітычная партыя ў ЗША ў канцы 1780-х г. — 1816; апаненты антыфедэралістаў. Выражалі пераважна інтарэсы буйной гандл. буржуазіі і ч. плантатараў-рабаўладальнікаў; лідэры — А.Гамільтан, Дж.Адамс і інш. У 1789—1801 кіруючая партыя. Імкнуліся да ўзмацнення ўлады федэральнага ўрада; увялі пратэкцыянісцкі тарыф (1789), стварылі Нац. банк (1791). У знешняй палітыцы арыентаваліся на Вялікабрытанію. Пасля паражэння на выбарах 1800 апазіцыйная партыя, але захоўвалі пэўны паліт. ўплыў да 1816 (асабліва ў штатах Новай Англіі).

Літ.:

Федералист: Полит. эссе Александра Гамильтона, Джеймса Мэдисона и Джона Джея: Пер. с англ. М., 2000.

т. 16, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛО́РЫ (Flory) Пол Джон (19.6.1910, г. Стэрлінг, штат Ілінойс, ЗША — 8.9.1985),

амерыканскі фізіка-хімік, адзін з заснавальнікаў тэорыі полікандэнсацыі Чл. Нац. АН ЗША (з 1953). Скончыў Манчэстэрскі каледж (1931). З 1948 праф. Корнелскага ун-та, у 1956—61 навук. кіраўнік Меланаўскага ін-та, з 1962 праф. Станфардскага ун-та. Навук. працы па фізіцы палімераў, стат. механіцы макрамалекул. На аснове яго работ створаны метады вызначэння будовы і ўласцівасцей макрамалекул з вымярэнняў вязкасці, седыментацыі і дыфузіі. Нобелеўская прэмія 1974.

Тв.:

Рус. пер. — Статистическая механика цепных молекул. М., 1971.

т. 16, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)