ПУ́РБАХ, Поербах (Purbach, Peuerbach) Георг (30.5.1423, Поербах, Аўстрыя —8.4.1461), аўстрыйскі астраном і матэматык. З 1450 праф. Венскага ун-та. Займаўся складаннем і ўдасканаленнем астр. табліц, праводзіў даследаванні па трыганаметрыі. Першы ў Зах. Еўропе выклаў пталамееву тэорыю эпіцыклаў у трактаце «Новая тэорыя планет» (выд. ў 1472), які доўгі час з’яўляўся навуч. дапаможнікам па астраноміі. Працаваў таксама над удасканаленнем перакладу твораў Пталамея. Разам са сваім вучнем Рэгіямантанам напісаў кнігу «Кароткае выкладанне вялікага твора Пталамея» (выд. 1543).
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.
т. 13, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)