патрабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак.

1. каго-што, чаго, з інф., са злучн. «каб» і без дап. Прасіць у катэгарычнай форме, дамагацца чаго‑н. З размовы можна было здагадацца, што дзед патрабаваў нейкую даведку аб старасці. Якімовіч. Кожны прасіў, патрабаваў вырашыць яго справу ў першую чаргу. Асіпенка. Між іншым Андрэй катэгарычна патрабаваў, каб ішлі ў калгас, што вельмі радавала і цешыла падлетка Мікіту. Колас. // Прад’яўляць да каго‑, чаго‑н. якія‑н. патрабаванні. Патрабаваць ад вучняў дысцыпліны. □ Цімафей Міронавіч выйшаў з хаты з пакорнай слухмянасцю чалавека, які з мілай ахвотаю зробіць усё, што ад яго патрабуюць. Зарэцкі.

2. чаго, са злучн. «каб» і з інф. Абавязваць, прымушаць да чаго‑н. Маці з бабулькай не шкадавалі грошай, і Марынка заўсёды апраналася так, як патрабавала самая апошняя мода. Шыцік. Упаўнаважаны цэнтра Каралькоў патрабуе, каб слухаліся толькі яго. Юрэвіч. Наш доўг быў ісці, прабівацца да роднай зямлі, а доўг салдацкай дружбы патрабаваў ад мяне несці параненага сябра. Шамякін.

3. каго. Прапаноўваць, загадваць з’явіцца куды-н; выклікаць. Равінскі нервова круціў ручку насценнага тэлефона і патрабаваў начальніка чыгуначнай ЧК. Грахоўскі.

4. чаго. Мець патрэбу ў чым‑н. Многае было забыта за гэтыя гады, а многае патрабавала перагляду. Хадкевіч. Натруджанае працай цела патрабавала добрага адпачынку. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Пакрытая пухам і пер’ем жывёліна класа пазваночных, якая мае дзве канечнасці, крылы і дзюбу. Вадаплаўныя птушкі. Хатнія птушкі. □ У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Колас. / у знач. зб. Ездзілі ў Мінск караваны з ільном, збожжам, .. птушкай. Бядуля.

2. перан. Разм. іран. Пра чалавека, з пункту гледжання яго грамадскага значэння, становішча. Гэтая схільнасць упаўнаважанага — не дзіва, бо чалавек ён старонкі і па-сапраўднаму не ведае, што гэта за птушка наш Лепятун. Кулакоўскі. — Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.

3. Разм. Паметка на палях тэксту або ў тэксце ў выглядзе дзвюх рысак, якія сходзяцца ўнізе вострым вуглом. Зарыпела пяро: «Тут у вас не выходзіць...» «Тут вам трэба «падумаць ...» «Тут крыху змякчыць...» «Тут вось «птушку» паставім, разважыць не шкодзіць...» Дзяргай.

•••

Вольная птушка — пра чалавека, які жыве незалежна, свабодна.

Птушка высокага палёту (звычайна іран.) — пра чалавека, які займае высокае становішча ў грамадстве.

Ранняя птушка — пра таго, хто рана ўстае, з’яўляецца рана дзе‑н.

Стрэляная птушка — пра бывалага, вопытнага ў якой‑н. справе чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страхо́цце, ‑я, н.

Разм.

1. Той, хто (або тое, што) наганяе страх, палохае. Ды і такі добрага страхоцця нагнаў на Віцю той дзядзька, што ехаў у канцы цягніка, — старшы з аховы. Нядзведскі. [Луцэвіч:] О, вы яшчэ, дзеткі, не знаеце пушчы. Яна пагоніць на чалавека такія страхоцці, што калі хто і знойдзе [кветку шчасця], дык пакіне і ўцячэ. Вітка. // Страшная, трагічная з’ява, падзея. Пра тое, што немцы спалілі наш Вялікі Лес, а людзей, насельнікаў вёскі, пагналі ў Нямеччыну — Вяргейчык, па ўсім відаць, яшчэ не ведаў, бо і на чужыну ён паехаў намнога раней, да таго страхоцця, што мы перажылі. Сачанка. // толькі мн. (страхо́цці, ‑яў). Страхі. Пра пана Прусака ў нас расказваюць цэлыя страхоцці. Якімовіч.

2. Пра каго‑, што‑н. пачварнае, брыдкае, што палохае сваім выглядам. — Ну і страшыдла! — заўважыў .. [Сяргей]. — Спаткаешся з такім ноччу дзе ў глухім месцы — падумаеш: здань. І як .. трымаюць такое страхоцце. Машара.

3. у знач. вык. Тое, што і страх (у 2 знач.). Пабяруць калы і пачнуць матлашыць адзін аднаго. Проста страхоцце. Колас. // Вельмі многа. Хораша зімою ў бары. Толькі адно блага: снег глыбокі. Намяло сёлета — страхоцце адно. Савіцкі. — Палічы, колькі часу трэба чакаць, пакуль ты скончыш вучылішча, — страхоцце! Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Цягнуць, тузаць рэзкімі рухамі, рыўкамі. Сцяпан Птах торгае Івана за рукаў: — Я сам пайду. Хутчэй будзе. Навуменка. Аж пачырванеў тут ад злосці сівы і ад злосці той бараду сваю торгаў. Лынькоў. Запыленыя пальцы [Арцёма] торгалі сівы вус. Самуйлёнак.

2. каго і без дап. Дрыжаць, торгацца. У Макара непрывычна торгае павека. Асіпенка. / у безас. ужыв. Яго ўсяго торгае. // чым. Рабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела. [Сяргей:] — Што — жыць! Салдат мог спыніцца ў любым кутку роднай зямлі, адваяваўшы яе... — Тады не скажу, не ведаю, — торгае плячыма Дробаў. Ракітны.

3. што і без дап. Балець праз аднолькавыя прамежкі часу, звычайна, калі ўтвараецца нарыў; тузаць. Палец торгае. / у безас. ужыв. І ў выніку «прынятых мер» Зароў пад раніцу гаротнік наш, як звер... Руку разнесла, торгае руку. Валасевіч.

4. што. Рэзкім рухам кранаць, зрушваць з месца. Паравоз .. торгаў вагоны, іржаў жарабцом, выў, рагатаў. Бядуля.

5. Тое, што і торкаць (у 3 знач.). Драбок торгае лейцамі каня, выязджае на дарогу. Навуменка.

6. Тое, што і торкаць (у 2 знач.). Саўка пачуў, што рыбка пачынае торгаць. Колас.

7. Абл. Крычаць (пра птушак). Аднастайна,.. назойліва торгае драч. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халасты́, ‑ая, ‑ое.

1. Які не ўступіў у шлюб, нежанаты (пра мужчыну). Наш сусед, выкладчык музыкі ў інтэрнаце і кіраўнік самадзейнасці ўсіх навакольных устаноў і арганізацый, халасты хлопец гадоў пад сорак, амаль не даваў знаць аб сваім існаванні. Радкевіч. [Паліна:] Ты — дзяцюк халасты, а ў мяне тут — сям’я, Муж... Куляшоў. // Які складаецца з халасцякоў. Халастая кампанія. // Уласцівы халасцяку, халасцякам. Халастое жыццё. □ «Лёталі ў космас? Час і дзень. У халастым, а ці ў жанатым стане?» Барадулін.

2. Які не прыводзіць у рух механізма, машыны; не рабочы. Халастыя абароты. □ Як шалёны, завыў матор — задняе кола, згубіўшы счапленне з грунтам, засвістала на халастым хаду. Краўчанка. // Не звязаны з выкананнем карыснай работы. Халасты перагон вагонаў. □ Да мінімуму зведзены прастоі, халастыя прабегі. Механізатары змагаюцца за кожную мінуту рабочага часу. «Звязда».

3. Не здольны наравіць цэль; не баявы (пра стральбу). Не быў апошні выстрал халастым, Галовы склалі каты пад кусты... А я без памяці ляжаў на мяккім доле. А. Астапенка. — На граніцы, Ягорка, халастымі патронамі не страляюць. Шыловіч. // Які не мае кулі, шроту. Халасты зарад.

•••

На халастым хаду — упустую, марна.

Халасты прабег — пра транспарт, які ходзіць паражняком.

Халасты стрэл — пра бескарыснае дзеянне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́кавы 1, ‑ая, ‑ае.

Спец. Зроблены, пашыты з ціку ​2. Цікавая навалачка. Цікавы чахол.

ці́кавы 2, ‑ая, ‑ае.

1. Спец. Які мае адносіны да ціка ​3, з’яўляецца цікам ​3. Цікавае дрэва.

2. Зроблены з драўніны ціку. Цікавая мачта.

ціка́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае цікавасць, захапляе. Цікавая кніга. Цікавы даклад. □ Дзед умее расказваць такія цікавыя казкі, што заслухаешся. Рылько. // Які вызначаецца сваёй работай, багатымі ведамі і іншымі прыкметнымі рысамі. Паездкі на Бярозаўскую ДРЭС запомніліся і ўсхвалявалі мяне перш за ўсё сустрэчамі з вельмі цікавымі людзьмі. Дадзіёмаў. — Цікавы чалавек наш палітрук. Ён бясконца ходзіць ад адной гарматы да другой, на прыбор, да сувязістаў і разведчыкаў і праводзіць гутаркі. Шамякін.

2. Забаўны; незвычайны. Я сягоння вам хачу Расказаць пра сад дзіцячы, Што там добрага пачуў, Што цікавага пабачыў. А. Александровіч. Акрамя «зайцавага хлеба» ў бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў. Лынькоў.

3. Знамянальны, характэрны; прыкметны якімі‑н. якасцямі, уласцівасцямі. Ёсць пушчы, якія не менш цікавыя, [чым] далёкія трапічныя лясы. Маўр.

4. Разм. Прыгожы. [Пані Вашамірская] аглядае сябе, — яна яшчэ цяпер, маючы пяцьдзесят гадоў, досыць цікавая, стройная, вёрткая, нібы ёй дваццаць гадоў. Бядуля.

5. Тое, што і цікаўны (у 1 знач.). [Сцяпан:] Вельмі васпанна цікавая! Скора састарышся, каханенькая, родненькая, як усё будзеш ведаць. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эта́п, ‑а, м.

1. Пункт на шляху руху войска, у якім ваеннаслужачыя забяспечваюцца начлегам, харчамі, фуражом. Зусім нечакана Рытвінскі выехаў у штаб Акруговага этапа. Баранавых.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — пункт для начлегу арыштанцкіх груп, а таксама ўвесь шлях іх руху да месца ссылкі. Лісты пажоўклыя пад ногі Асенні дожджык церабіў, За міляй мілю, праз астрогі, Этапы мералі ў Сібір. Лужанін. // Група, партыя арыштаваных, якая пад канвоем накіроўваецца куды‑н. Балюча скрыпяць і галосяць калёсы па жвіры. Па шырокім гасцінцы панура этап наш брыдзе. Танк. Забастоўкі фабрык і майстэрняў, этапы высылаемых з Грузіі, лік самагубстваў на Верыйскім мосце.. — усё гэта набліжала развязку, пагібель меншавіцкага ўладарства. Самуйлёнак.

3. Асобная частка чаго‑н. Этап пералёту. // Пэўны адрэзак дыстанцыі ў спартыўных спаборніцтвах. Этапы велагонкі.

4. Прамежак часу, перыяд, адзначаны якой‑н. надзеяй; стадыя, ступень у развіцці чаго‑н. За некалькі кароткіх хвілінак прамільгнула ў мыслях усё, што было звязана з настаўніцкаю работаю і ўсе тыя этапы, што былі пройдзены за чатыры гады: Цельшына, Выганы. Колас. Па-першае, цяперашні этап вызначаецца далейшым паглыбленнем дэмакратычнай асновы Саветаў, расшырэннем сістэмы народнага прадстаўніцтва. Машэраў.

•••

Па этапу (этапам) — у дарэвалюцыйнай Расіі — пад канвоем (пра перасылку арыштантаў).

[Фр. étape.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Арэ́лі ’гушкалка’ (РБС, Гарэц., Касп., Рам., Кос.), ’гушкалка на вісячых вяроўках’ (Нас.), гушкалка з вяровак’ (Яруш., Мядзв.), рэ́лі (Рам., Бяльк., Палявы). Я. Камароўскі (Бел. лекс., 62) лічыць арэлі правінцыялізмам. Згодна з Рапановічам («Полымя», 1968, 10, 237; Лекс. і грам., 28–29), арэлі ўжываецца шэрагам пісьменнікаў з розных раёнаў. Чэрнякевіч адзначыў прыметнік арэльскія (гвазды) ’вялікія гвазды, якія выкарыстоўваюцца для забіўкі плытоў’ (рукап. рэферат БДУ, 1969) у Брэсц. вобл. Аднак у цэлым слова арэлі/рэлі пашырана на ўсходзе Беларусі. Магчыма, сюды ж трэба аднесці рэ́лкі ’жэрдкі, якія замацоўваюцца на бэльках у асеці ў якасці каласнікоў’ (Малчанава, Мат. культ., 38). Рус. арели ’гушкалка шыбеніца’, рели ’поручні, казлы, агароджа на слупах, жэрдка, тонкае доўгае бервяно, сошкі на невадзе’ (Даль; СРНГ; Пск. сл.; Кардашэўскі, УЗ МОПИ, 88, 36–37; 48, 89–90). У рус. акад. слоўніку 1794–1822 гг.: рель ’два слупы з перакладзінай для павешання злачынцаў’. Укр. паўн.-усх. орель, ореля, орелі, релі ’гушкалка’; паўднёварускае, усходнебеларускае, паўночна-ўсходнеўкраінскае арэлі ’гушкалка’, паўночнарускае ’шыбеніца’, спарадычна сустракаюцца іншыя значэнні, звязаныя з паняццем жэрдкі, шаста, бэлькі, большай часткай папярэчнай. Старажытнейшая фіксацыя слова (а)рэль у «Уставе (Ярослава князя) о мостѣхъ» (Філін, Происх., 546). Існуючыя этымалогіі слова рель у рускай мове непераканаўчыя. Думка Юрэвіча («Полымя», 1969, 2, 242) пра літ. óras ’паветра’ ці orel̃vis ’паветраплавальнік’ як крыніцу бел. арэлі, калі ўлічыць яго геаграфічнае пашырэнне, значэнне і форму, не можа быць прынята. Нельга лічыць слова і ўласнабеларускім (яно значна пашырана ў рускай мове, параўн. Курс суч., 147). Рэканструкцыя славянскай праформы выклікае, як адзначыў Фасмер, цяжкасці (няясна таксама, ці трэба звязваць перакладзіну з рель ’заліўны луг’, што, на наш погляд, наўрад ці пажадана на сучасным этапе вывучэння). Так, адсутнасць ва ўкраінскай і на месцы е не дае магчымасці пагадзіцца з Зубатым I, 2, 113, і рэканструяваць *rělja, роднаснае з літ. rékles ’прыстасаванне для сушкі’ і пад. Цікавая спроба Торбьёрнсона, 1, 11, рэканструяваць *rьdlь, роднаснае з літ. ar̃das ’жэрдка’, мн. ar̃dai ’каласнікі’, якая сустрэла крытыку Міккалы Balt., 46: незразумелай будзе тады геаграфія славянскага слова. Гл. яшчэ іншыя малаверагодныя этымалогіі, якія крытыкуе Фасмер, 3, 466. Зважаючы на геаграфію, нельга выключыць запазычаны характар, хаця наўрад ці можна прыняць гіпотэзу пра англійскую крыніцу reel ’матавіла’, калі ўлічыць час з’яўлення слова і значэнне. Больш верагоднай можна лічыць версію Груненталя, KZ, 63, 122, пра ням. Riegel ’перакладзіна, засаўка’ як крыніцу слова (параўн. першасную рэгістрацыю слова з и, а не е; для неадлюстравання g параўн. вядомы подпіс ана ръина; сярэдненямецкія значэнні ў асноўным адпавядаюць рускаму развіццю). Супрун, Бел.-рус. ізал. Гл. рэлкі, рэя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КО́ЎКА,

апрацоўка металаў шматразовым перарывістым ударным уздзеяннем кавальскага інструменту на нагрэтую загатоўку. У выніку яна дэфармуецца і паступова набывае зададзеныя форму і памеры. Адрозніваюць К. ручную і машынную. Машынная К. робіцца на ковачных машынах і бывае свабодная — з выкарыстаннем плоскіх байкоў (адзінкавая і дробнасерыйная вытв-сць) або ў штампах (масавая і буйнасерыйная вытв-сць). Асн. аперацыі К.: асадка, высадка, працяжка, раскатка, прашыўка.

З стараж. часоў К. самародных медзі, бронзы, волава, серабра, золата, метэарытнага і вырабленага (сырадутнага) жалеза стала адным з асн. спосабаў апрацоўкі металаў, пашыраным рамяством — кавальствам. Халодная, а затым і гарачая К. вядома з 4—3-га тыс. да н.э. ў Іране, Месапатаміі, Егіпце і інш. Кавальства раней за інш. рамёствы вылучылася з земляробства, у сярэдневякоўі дасягнула росквіту ў краінах Зах. Еўропы. Да 15—16 ст. завяршылася спецыялізацыя кавальства па галінах (выраб халоднай і агнястрэльнай зброі, інструментаў, дэталей с.-г. прылад, дзвярэй і сундукоў куфраў*, каганцоў, замкоў, гадзіннікаў і інш.). Каваныя вырабы ўпрыгожваліся насечкай, узорамі, сусальным золатам, бронзавай паталлю і інш. (гл. Коўка мастацкая). У 16 ст. з’явіліся першыя мех. молаты, у пач. 19 ст. пачала выкарыстоўвацца машынная штампоўка, у сярэдзіне 19 ст. вынайдзены паравы молат (Дж.​Несміт, Англія), у канцы гэтага ж стагоддзя з’явіўся гідраўлічны прэс. Кавальства ператварылася ў асобную галіну прамысл. вытв-сці — кавальска-прэсавую вытворчасць, у якой зліткі, сартавы і профільны пракат, лісты і інш. загатоўкі (пры неабходнасці нагрэтыя ў полымных і эл. печах) апрацоўваюць на ковачных машынах. У 19—20 ст. распрацаваны асновы тэорыі К. (П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, М.С.Курнакоў, С.І.Губкін і інш.).

На Беларусі К. вядома з часоў жалезнага веку. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невял. паўшарападобных печах (домніцах), з атрыманых загатовак (крыц) выкоўвалі наканечнікі коп’яў, нажы, долаты, конскую збрую і інш. Кавальства набывае пашырэнне ў 11—13 ст., калі становіцца высокаразвітым гарадскім рамяством. У 16 ст. ўзнікаюць першыя кавальскія цэхі, якія аб’ядноўваліся з іншымі (пераважна слясарнымі) ці вылучаліся ў самаст. прадпрыемствы. Значнага развіцця кавальства дасягнула ў 17—18 ст., калі ў гарадах працавалі дзесяткі кавалёў розных спецыяльнасцей: нажоўшчыкі, мечнікі, замочнікі, кацельшчыкі і інш. Большасць гарадскіх майстроў працавалі ў сферы манументальнага буд-ва: выраблялі агароджы, балконы, лесвічныя поручні, алтарныя перагародкі, крыжы, флюгеры і інш. У 19 ст. з развіццём прам-сці гарадское кавальства заняпала, адначасова расла яго роля ў вёсцы. Асн. работамі тут былі акоўка трансп. сродкаў, падкоўванне коней, выраб с.-г. інвентару (сярпоў, сашнікоў, матык, драпешак), слясарнага і сталярнага інструменту (сякер, свярдзёлкаў, стругаў, долатаў, скобляў), прылад хатняга ўжытку (секачоў, качэргаў, багроў, бязменаў і інш.), дэталяў аснашчэння жылля і мэблі (завес, клямак, замкоў, крукоў, зашчапак, кратаў і інш.). Для занятку К. будавалі драўляную, часам глінабітную ці цагляную кузню, абсталёўвалі яе кавальскай печчу (горнам), калодай з кавадлам, карытам з вадой для ахаладжэння і загартоўкі вырабаў, варштатам. Як кавальскі інструмент выкарыстоўвалі абцугі, малаткі, ціскі, прабойнікі, зубілы, метчыкі, цвікарні, дрылі, тачыла і інш. Вугаль (драўняны) набывалі на смалакурнях ці выпальвалі самі. Асн. кавальскай аперацыяй было награванне дачырвана загатоўкі і наданне ёй ударамі малатка патрэбнай формы. Вырабы пры неабходнасці загартоўвалі, цэментавалі, адпускалі, злучалі кавальскай зваркай, клёпкай, хамутамі. У наш час К. ў традыцыйным выглядзе захоўваецца пры калгасных і саўгасных майстэрнях, дзе з’яўляецца дапаможнай аперацыяй пры рамонце с.-г. тэхнікі і інвентару, абслугоўванні бытавых патрэб насельніцтва і звычайна спалучаецца з газа- і электразваркай.

Літ.:

Ковка и объемная штамповка стали: Справ. Т. 1—2. 2 изд. М., 1967—68;

Семерак Г., Богман К. Художественная ковка и слесарное искусство: Пер. с чеш. М., 1982;

Беларусы: У 8 т. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995.

Я.​М.​Сахута, У.​М.​Сацута.

т. 8, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛЛЕ, Іван Купала, Ян,

старажытнае язычніцкае земляробчае свята. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрап. народам. Ва ўсх. славян згадваецца ў летапісах з 1175, у старабел. граматах з 13—14 ст. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найб. росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Прадстаўнікі міфалагічнай школы лічылі К. святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Слова «купала», як і «К.», мае некалькі трактовак. Найб. пашыраная — ад стараж.-слав. «купець» (гарэць). Мае індаеўрап. корань kū̌p — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лац. cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да ант. вакхічных культаў. Аб гэтым сведчыць і такі абавязковы элемент К., як эротыка (супольнае купанне ў аголеным выглядзе, асаблівая сексуальная свабода ў купальскую ноч, пасля якой нараджаліся пазашлюбныя, т.зв. «святыя» дзеці, і інш.). Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у К. колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. У аснове міфа ляжыць матыў іх кровазмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі), які тлумачыцца як узаемасувязь асн. процілегласцей — агню і вады. Пашыраныя матывы купальскіх змей, жывёл, скарбаў і інш. звязваюць цыкл купальскіх міфаў з асн. міфамі слав. міфалогіі. Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з К. дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліп. (24 чэрв. с. ст.). Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і агр. варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажыванне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэнне) утыкалі ў сцены хаты і хлява, з інш. плялі вянкі для купальскага гуляння. Цэнтр. месца ў абрадах і гульнях К. займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на К. была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле нар. павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка і да т.п. Адначасова К. — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі, у некат. мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак). Традыцыя К. на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. 20 ст. У наш час існуе як традыц. нар. свята без абрадавай дзейнасці.

Літ.:

Петропавловский А.И. «Коляды» и «Купало» в Белоруссии // Этногр. обозрение. 1908. Кн. 76—77, № 1—2;

Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. М., 1974;

Беларускія народныя абрады. Мн., 1994.

т. 9, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)