МАНАСТЫ́РСКІЯ ЎЛАДА́ННІ,

зямельная і інш. ўласнасць праваслаўных (з 12 ст.), каталіцкіх (з 15 ст.) і уніяцкіх (з 16 ст.) манастыроў. Яны фарміраваліся з падараванняў вял. князёў і каралёў, магнатаў, шляхты, а таксама ў выніку ўласнай гасп. і інш. дзейнасці (купля, атрыманне ў спадчыну або за доўг і інш.). Ва ўласнасці манастыроў звычайна знаходзіўся комплекс культавых збудаванняў, жылых будынкаў і гасп. пабудоў, у некат. выпадках — млыны, корчмы і інш. Аснову М.у. складалі зямельныя ўладанні з паселенымі на іх манастырскімі сялянамі, а таксама вял. сумы грошай. Манастыры мелі льготы ў землеўладанні, не плацілі звычайных дзярж. падаткаў. Колькасць манастыроў на тэр. Беларусі рэзка зменшылася пасля далучэння яе да Рас. імперыі (у 1842 уладанні правасл. і каталіцкай цэркваў былі перададзены ў загадванне Мін-ва дзярж. маёмасцей). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 манастыры практычна зніклі, а іх уласнасць нацыяналізавана.

т. 10, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НДЭС (Méndez) Леапольда (30.6.1902, Мехіка — 15.11.1969),

мексіканскі графік і жывапісец. Вучыўся ў АМ у Мехіка (1917—20) і ў Школе на адкрытым паветры ў Чымалістаку (1920—22). З 1932 кіраўнік секцыі пластычных мастацтваў Мін-ва асветы, з 1937 — «Майстэрні нар. графікі». Чл.-заснавальнік Лігі рэв. пісьменнікаў і мастакоў (1933—37). Працаваў пераважна ў тэхніцы лінагравюры, у творах спалучаў яркую экспрэсію з псіхал. глыбінёй вобразаў: гравюры для альбома «Мексіканская рэвалюцыя» (1947), цыклы да фільмаў «Рыо Эскандыда», «Сялянская дзяўчына» (абодва 1948), «Дзень жыцця» (1949), «Шаль Саледад» (1950) і інш. Аўтар манум. размалёвак у Нац. графічных майстэрнях (1936—57, з П.​О’Хігінсам і інш.) і жаночай клініцы № 1 (1946, з П.​О’Хігінсам) у Мехіка, ілюстрацый да кн. «Выпадковыя мелодыі» Х. дэ ла Кавады (1944) і інш. Міжнар. прэмія міру 1953.

Л.Мендэс. Я прагну! З серыі «Рыо Эскандыда». 1948.

т. 10, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ІНФАРМАЦЫ́ЙНА-ДАВЕ́ДАЧНАЯ СІСТЭ́МА ПА ПРАБЛЕ́МАХ АХО́ВЫ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ, Інфатэра. Арганізавана ў 1972 у сістэме Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) як глабальная сетка абмену аператыўнай інфармацыяй аб стане навакольнага асяроддзя, пошуку і выяўленні крыніц тэхн. і інш. інфармацыі па навакольным асяроддзі. Забяспечвае інфармацыяй пра атмасферу, клімат, хім. рэчывы, энергет. рэсурсы, чысціню вады, землекарыстанне, адходы вытв-сці, прыродаахоўнае заканадаўства і інш. Кіраванне сістэмай ажыццяўляецца ЮНЕП (штаб-кватэра ў Найробі, Кенія). У складзе сістэмы каардынацыйнае бюро пры штаб-кватэры і міжнар. сетка нац. цэнтраў (178 нац. цэнтраў, 11 цэнтраў рэгіянальнай службы і 34 спец. цэнтры рэгіянальных крыніц). Крыніцы інфармацыі размешчаны ў мін-вах і цэнтрах дакументацыі, НДІ, ун-тах, няўрадавых і грамадскіх арг-цыях, агенцтвах ААН, ЮНЕСКА і прыватных агенцтвах. На Беларусі цэнтр дзейнічае з 1982. У 1993 створаны Бел. рэгіянальны цэнтр супрацоўніцтва Інфатэра.

У.​Я.​Рошчын.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІ-ФУТБО́Л,

спартыўная камандная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек, у т. л. варатар. Мэта камандаў — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Працягласць гульні — 2 таймы па 20 мін «чыстага часу». Гульня ідзе на пляцоўцы даўж. 24—42 м і шыр. 14—22 м. Пакрыццё пляцоўкі пад адкрытым небам — земляны грунт, дзёран, сінт. дыван, у памяшканні — сінт. ці драўлянае. Памеры варот 3 × 2 м.

У Еўропе пачаў развівацца ў Аўстрыі (1958). З 1980-х г. пашырыўся ў Бельгіі, Бразіліі, Венгрыі, ЗША, Іспаніі, Італіі, Нідэрландах, Расіі і інш. Першы чэмпіён Еўропы — каманда Іспаніі (1996, г. Кордава, Іспанія), першы чэмпіён свету — каманда Бразіліі (1996, Нідэрланды).

На Беларусі папулярны з канца 1980-х г. Створаны 2 лігі. Першы чэмпіянат рэспублікі адбыўся ў 1990, гульні на Кубак Беларусі праводзяцца з 1991.

т. 10, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ННЫ ЗАГАРАДЖА́ЛЬНІК,

1) баявы карабель, прызначаны для пастаноўкі мінных загарод. Падзяляюцца на надводныя і падводныя. Надводныя бываюць марскія, рачныя, спец. пабудовы і пераабсталяваныя з караблёў, трансп. і дапаможных суднаў. Водазмяшчэнне да 3200 т, скорасць да 20 вузлоў (37 км/гадз). Узбраенне — марскія (рачныя) міны, для самаабароны — зенітна-артыл. зброя. Шырока выкарыстоўваліся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны.

На Беларусі ў 1940—41 у складзе Пінскай ваеннай флатыліі быў рачны М.з. «Піна» (б. колавы буксірны параход), які ў пач. Вял. Айч. вайны ўдзельнічаў у баях на Дняпроўска-Бугскім канале і Прыпяці. Патануў 28.8.1941.

2) Сродак інж. ўзбраення для хуткай мех. устаноўкі мін у грунт.

Літ.:

Шершов А.П. История военного кораблестроения: С древнейших времен до наших дней. СПб., 1994;

Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЕ́ЛЬ (Néel) Луі Эжэн Фелікс (н. 22.11.1904, г. Ліён, Францыя),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1953), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1966), Лонданскага каралеўскага т-ва (1966). Замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1928). З 1928 у Страсбурскім ун-це (з 1937 праф.), у 1945—76 у Грэнобльскім ун-це, адначасова ў 1956—70 дырэктар Цэнтра ядз. даследаванняў у Грэноблі, дырэктар (з 1954) і прэзідэнт (з 1970) Нац. політэхн. ін-та. Навук. працы па тэорыі магнетызму. Тэарэтычна абгрунтаваў існаванне антыферамагнетызму (1932) і т-ры, пры якой ён знікае (гл. Нееля пункт). Распрацаваў тэорыю антыферамагнетызму, стварыў агульную тэорыю ферытаў. У 2-ю сусв. вайну прапанаваў метад аховы караблёў ад магн. мін. Працы па палеамагнетызме спрыялі пацвярджэнню тэорыі дрэйфу кантынентаў і тэорыі тэктанічных пліт. Нобелеўская прэмія 1970.

М.​М.​Касцюковіч.

Л.Неель.

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕНУКЛІ́ДНАЯ ДЫЯГНО́СТЫКА, радыеізатопная дыягностыка,

распазнаванне паталагічных змен асобных органаў і сістэм арганізма з дапамогай радыеактыўных прэпаратаў. Заснавана на рэгістрацыі і вымярэнні выпрамяненняў ад уведзеных у арганізм радыеактыўных прэпаратаў або радыеметрыі біял. проб. Р.д. з выкарыстаннем радыенуклідаў адлюстроўвае іх рух і размеркаванне ў органах і тканках і не ўплывае на цячэнне фізіял. працэсаў. Актыўнасць радыенукліда, які выкарыстоўваецца пры Р.д., памяншаецца ў выніку яго распаду (фіз. працэс) і вывядзення прэпарату з арганізма (біял. працэс). З мэтай візуалізацыі ў Р.д. выкарыстоўваюцца радыенукліды, што выпраменьваюць гамафатоны (высокаэнергет. эл.-магн. выпрамяненне). Каб пазбегнуць празмернага ўздзеяння на пацыента, перыяд паўраспаду радыенукліда павінен складаць ​1/3 часу даследавання, якое цягнецца ад 10 мін да некалькіх гадзін. Р.д. дазваляе вывучаць абмен рэчываў, функцыю органаў і сістэм, скорасць руху крыві і лімфы, транзіт кішэчнага змесціва, сакраторна-экскрэторныя працэсы і інш.

А.​М.​Міхайлаў.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРА́ЖАЎ Васіль Іванавіч (н. 26.7.1944, г. Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1986), праф. (1987). Скончыў БДУ (1966). Акад. Бел. акадэміі адукацыі (1994, у 1994—99 прэзідэнт). З 1967 у АН Беларусі, з 1975 на парт. і выкладчыцкай рабоце, з 1988 у Мін-ве адукацыі Рэспублікі Беларусь (з 1991 нам. міністра, з 1994 міністр). З 2001 рэктар Рэсп. ін-та вышэйшай школы БДУ. Навук. працы па квантавай тэорыі поля. Даследаваў тэорыю электрамагнетызму ў прысутнасці магн. зараду, тэорыю поля з некампактнымі групамі ўнутр. сіметрыі. Сфармуляваў калібровачную палявую тэорыю на аснове ўраўнення Дзірака—Кэлера. Устанавіў і даследаваў калібровачныя і палярызацыйныя сіметрыі з улікам спінавых ступеней свабоды.

Тв.:

Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1975 (разам з Л.​М.​Тамільчыкам);

От научной гипотезы к физическому факту. Мн., 1977 (разам з В.​І.​Куўшынавым);

Поляризационная симметрия. Мн., 1996.

т. 15, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́ДЖМАН (Tudjman, Tudman) Франьё (14.5.1922, Вяліка-Трговішча, Харватыя — 10.12.1999), харвацкі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Ген.-маёр (1960), д-р гіст. навук. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. партыз. руху.

Пасля 1945 служыў у югасл. Мін-ве абароны і Генштабе. З 1961 вучыўся ў Заграбскім ун-це, з 1963 выкладаў у ім, потым дырэктар Ін-та гісторыі харвацкага рабочага руху (г. Заграб), У 1967 за выступленні ў абарону самабытнасці харвацкай мовы звольнены з працы і выключаны з Саюза камуністаў Югаславіі. Да 1969 выбіраўся дэпутатам харвацкага Сабара (парламента). У 1971—73 зняволены югасл. ўладамі за «контррэв. дзейнасць», у 1981—84 — за «антыдзярж. прапаганду». У 1989 заснаваў Харвацкую дэмакр. садружнасць (з 1998 старшыня гэтай партыі). З мая 1990 старшыня Дзярж. прэзідыума, са жн. 1992 прэзідэнт Харватыі. Устанавіў у краіне аўтакратычны рэжым. Аўтар шэрагу кніг.

М.​С.​Даўгяла.

Ф.Туджман.

т. 16, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ ВОЙСК,

узгодненыя сумесныя дзеянні падраздзяленняў, часцей, злучэнняў, аб’яднанняў розных відаў узбр. сіл, родаў войск (сіл) і спец. войск; адзін з асн. прынцыпаў ваеннага майстэрства. Бывае стратэгічнае, аператыўнае і тактычнае.

У.в. вядома са стараж. часоў. Першапачаткова абмяжоўвалася рамкамі бою (бітвы); з пашырэннем маштабаў узбр. барацьбы ўзнікла неабходнасць ва ўзаемадзеянні паміж буйнымі вайск. аб’яднаннямі (арміямі, групамі армій, франтамі), у т. л. кааліцыяй дзяржаў (узбр. сіламі саюзнікаў). Больш актыўна У.в. выкарыстоўвалася ў 1-ю сусв. вайну, асабліва шырока — у 2-ю сусв. вайну, а таксама пры правядзенні сучасных ваен. аперацый, у т. л. ў Кувейце (гл. Кувейцкі крызіс 1990—91), Афганістане (2002) і інш.

У Рэспубліцы Беларусь У.в. і каардынацыю дзейнасці структурных элементаў ваен. арганізацыі ажыццяўляе Мін-ва абароны і Ген. штаб (у ваенны час з’яўляецца выканаўчым органам Савета бяспекі і дзейнічае пад кіраўніцтвам Галоўнакамандуючага Узбр. Сіламі).

С.​В.​Папоў.

т. 16, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)