НЕЕ́ЛЬ ((Néel) Луі Эжэн Фелікс) (н. 22.11.1904, г. Ліён, Францыя),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1953), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1966), Лонданскага каралеўскага т-ва (1966). Замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1928). З 1928 у Страсбурскім ун-це (з 1937 праф.), у 1945—76 у Грэнобльскім ун-це, адначасова ў 1956—70 дырэктар Цэнтра ядз. даследаванняў у Грэноблі, дырэктар (з 1954) і прэзідэнт (з 1970) Нац. політэхн. ін-та. Навук. працы па тэорыі магнетызму. Тэарэтычна абгрунтаваў існаванне антыферамагнетызму (1932) і т-ры, пры якой ён знікае (гл. Нееля пункт). Распрацаваў тэорыю антыферамагнетызму, стварыў агульную тэорыю ферытаў. У 2-ю сусв. вайну прапанаваў метад аховы караблёў ад магн. мін. Працы па палеамагнетызме спрыялі пацвярджэнню тэорыі дрэйфу кантынентаў і тэорыі тэктанічных пліт. Нобелеўская прэмія 1970.

М.М.Касцюковіч.

Л.Неель.

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)