Страх ‘адчуванне небяспекі; боязь’, выкл. ‘страшна, жах’, прысл. ‘вельмі, надзвычайна’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан., Сл. ПЗБ, ТС), ‘вельмі, моцна’ (Нас.), ‘пудзіла’ (гродз., драг., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; воран., Шатал.; Сл. Брэс., Клім.), страх, страшо́к ‘страшыдла, злы дух, д’ябал’ (Скарбы). Сюды ж страхата́ (Нас., Касп., Сл. ПЗБ), страхо́цце, страхаццё (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Ласт.) ‘нешта страшнае’, страха́цца ‘пужацца’ (Ласт.). Параўн. укр., рус. страх, стараж.-рус. страхъ, польск. strach, в.-луж. strach, н.-луж. tšach, чэш., славац. strach, серб.-харв. стра̑х, славен. strȃh, балг. страх, макед. страв, ст.-слав. страхъ. Прасл. *straxъ ‘страх, боязь, трывога’ не мае надзейнай этымалогіі. Па адной з версій, праславянскае слова мела першаснае значэнне ‘здранцвелы, анямелы’ і параўноўвалася з літ. stregti, stregiu ‘здранцвець; пераўтварыцца ў лёд’, лат. strēǵele ‘лядзяш’, с.-в.-ням. strac ‘тугі’, нова-в.-ням. strecken ‘расцягваць’; гл. Фасмер, 3, 772, з літ-рай; Глухак, 586. На іншую думку, *straxъ з ранейшага *strog‑so з рэгулярным змяненнем gs > ks > ch і звязаны з прасл. *strogъ (гл. строгі) ад і.-е. кораня *(s)terg‑/*(s)treg‑ (Борысь, 579). У выпадку развіцця *straksъ < *straskъ дапускаецца той жа корань, што і ў рус. стращать ‘палохаць’, острастка ‘пагроза, грозьба’ з чаргаваннем st/sk аналагічна пусціць/пушчаць/пускаць (Младэнава, Новое в рус. этим., 221–222). Дапушчэнне рухомага s дазваляе звязваць з трасці, параўн. страхану́цца ‘страсянуцца’ (Сл. ПЗБ). Прасл. *straxъ разглядаецца таксама як славянскае новаўтварэнне ад *strastь (гл. страсць) (Брукнер, KZ, 43, 309). Славянскае слова — дэвербатыў ад *straxati, параўн. н.-луж. tšachaś, польск. дыял. strachać, славац. prestrachaný, якія з *strōksati, роднаснага ням. schrecken ‘страшыць’, што з *srek‑ з “інтэнсіўным” суф. ‑sa (Махэк₂, 581); сувязь з лат. struõstêt, struõstit ‘пагражаць, сурова папярэджваць’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1699). Гл. яшчэ агляд версій у ЕСУМ, 5, 435.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1944 у Мінску, адкрыты 20.9.1945. Размяшчаўся ў будынку б. Дома прафсаюзаў (пл. Свабоды, 23), з 1950 — у б. доме Саюза пісьменнікаў Беларусі (вул. Энгельса, 21), з 1959 у спец. будынку, пабудаваным на месцы дома, дзе ў 1927—41 жыла сям’я Я.​Купалы (вул. Я.​Купалы, 4). Стваральнік і першы дырэктар музея — жонка Я.​Купалы У.Ф.Луцэвіч. Пл. экспазіцыі 492 м². Захоўвае прадметы духоўнай і матэрыяльнай культуры (каля 35,2 тыс. адзінак, у т. л. 27,3 тыс. асноўнага фонду), звязаныя з жыццём і грамадскай дзейнасцю Я.​Купалы. Кніжны фонд налічвае 6500 экз., у т. л. ўсе прыжыццёвыя выданні кніг Я.​Купалы, 1111 кніг з Віленскай бібліятэкі-чытальні Даніловіча «Веды», дзе Я.​Купала працаваў бібліятэкарам; перыяд. выданні 1905—42: газеты «Наша ніва» (1906—15), «Северо-Западный край» з першай публікацыяй верша «Мужык», «Наша доля», «Звон», «Рунь», «Беларусь», «Беларускае жыццё», «Голас Беларуса», «Наша думка», «Беларуская думка», асобныя нумары час. «Лучынка», «Саха», «Вольны шлях», «Маладняк», «Зоркі», «Малады араты», «Чырвоны сейбіт», «Беларускі каляндар» (1909—17) і інш., газеты і лістоўкі перыяду Вял. Айч. вайны і перыёдыка пасляваен. часу з творамі Я.​Купалы; публікацыі пра яго на бел., рус., укр., груз., арм., літ., лат., славенскай, эст., балг., польск., чэш., англ., ням., франц., ісп., кіт. і інш. мовах свету, у т. л. кніга аднаго верша «А хто там ідзе?» на 83 мовах. Фонд рукапісаў Я.​Купалы (больш за 1240 адзінак) захоўвае рукапісы твораў, аўтарызаваныя машынапісныя лісты, кнігі паэта з дарчымі надпісамі. У фотаархіве музея (3594 адзінкі) фотаздымкі Я.​Купалы 1888—1942, яго родных, групавыя здымкі з пісьменнікамі, дзярж. і грамадскімі дзеячамі, сябрамі, знаёмымі і інш., а таксама фотаздымкі святаў паэзіі ў Мінску, Вязынцы, Ляўках, Акопах, вечароў у гонар паэта, купалаўскага фотапленэру, рэсп. і міжнар. Купалаўскіх чытанняў і інш. У кінафонавідэаархіве музея (каля 230 адзінак) фоназапісы выступленняў Я.​Купалы, успамінаў пра паэта яго родных і блізкіх, бел., рас. і інш. пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і інш. Асобны раздзел фанатэкі складае муз.-літ. Купаліяна: песні і рамансы на словы паэта, драм. творы Я.​Купалы ў выкананні артыстаў тэатраў, радыё і тэлебачання. Зберагаюцца дакумент. кадры кінахронікі пра жыццё і творчасць, пахаванне Я.​Купалы ў 1942 у Маскве, перапахаванне ў 1962 у Мінску, кадры кіначасопісаў «Савецкая Беларусь», прысвечаных юбілеям Я.​Купалы, кінафільмы «Янка Купала. Жыццё і творчасць», «Паўлінка», «Раскіданае гняздо» і інш., дыяфільмы «Янка Купала» (1955, 1982). З 1991 фарміруецца калекцыя відэастужак: фільм «Ніколі я не паміраў», запісы вечароў і тэлеперадач, прысвечаных Я.​Купалу, спектакляў «Тутэйшыя», «Паўлінка» і інш. У фондзе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (больш за 2000 адзінак, у т. л. больш за 1000 адзінак маст. Купаліяны) прыжыццёвыя партрэты паэта работы Дз.​Полазава (1921), Я.​Кругера (1923), працы, прысвечаныя Я.​Купалу або сюжэтам з яго твораў, жывапісцаў С.​Андруховіча, Г.​Бржазоўскага, М.​Гусева, А.​Кроля, Х.​Ліўшыца, З.​Паўлоўскага, М.​Савіцкага, П.​Сергіевіча, У.​Стальмашонка, І.​Стасевіча, В.​Цвіркі, Я.​Ціхановіча, А.​Шаўчэнкі і інш.; графікаў Э.​Агуновіча, М. і У. Басалыгаў, А.​Кашкурэвіча, Я.​Куліка, М.​Купавы, Я.​Раманоўскага, В.​Шаранговіча; скульптараў З.​Азгура, А.​Анікейчыка, А.​Бембеля, А.​Глебава, У.​Летуна, М.​Палякова і інш., работы самадз. майстроў. Зберагаюцца асабістыя рэчы, дакументы, узнагароды Я.​Купалы, вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва (вазы, дэкар. талеркі, шкатулкі) з партрэтамі паэта і выявай помнікаў яму. У экспазіцыі макеты хаты ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Я.​Купала, дачы ў Ляўках, эскізы і макеты да драмы «Раскіданае гняздо», трагікамедыі «Тутэйшыя», камедыі «Паўлінка», оперы Р.​Пукста «Машэка», п’есы У.​Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» (пра юнацтва паэта), значкі і медалі, паштоўкі з выявамі Я.​Купалы, купалаўскіх мясцін. Асобны фонд музея складае архіў У. Ф.​Луцэвіч (3078 адзінак): дакументы, рукапісы, эпісталярная спадчына, фотаздымкі, яе асабістыя рэчы. Фонд ушанавання памяці Я.​Купалы (1100 адзінак) захоўвае ўспаміны, артыкулы і вершы, прысвечаныя Я.​Купалу. Супрацоўнікі музея праводзяць святы паэзіі, выстаўкі, дні музея ў вёсках, навук. рэсп. (з 1995 міжнар.) канферэнцыі «Купалаўскія чытанні». Па ініцыятыве музея створаны Міжнар. фонд Я.​Купалы, які аб’ядноўвае даследчыкаў спадчыны паэта з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Англіі, ЗША. Музей падрыхтаваў і выдаў зб-кі матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць паэта, матэрыялы міжнар. Купалаўскіх чытанняў, бібліяграфіі твораў Я.​Купалы, успаміны, буклеты пра яго. Музей мае 4 філіялы: Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына». На матэрыялах фондаў музея створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі», музей-кватэра Я.​Купалы ў Пячышчах (Татарстан, 1975), гісторыка-літ. музей «Над ракой Арэсай» у калгасе «Чырвоная змена» Любанскага р-на (1980), музеі ў школах імя Я.​Купалы ў в. Сеніца Мінскага р-на (1982) і в. Бяларучы Лагойскага р-на (1998).

Літ.:

Літаратурны музей Янкі Купалы. Мн., 1981;

Святло Купалава Дому. Мн., 1998.

Ж.​К.​Дапкюнас.

Купалы Янкі літаратурны музей.
Купалы Янкі літаратурны музей. Рабочы кабінет паэта.
Купалы Янкі літаратурны музей. Фрагмент экспазіцыі.

т. 9, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Буч1 ’верша’ (БРС, Сцяшк. МГ), ’сець’ (Маш., 36), ’прылада, зробленая з дубцоў для лоўлі рыбы’ (КЭС, лаг.), ’сажалка, дзе можна лавіць рыбу’. Рус. дыял. (зах.) буч ’тс’, польск. дыял. bucz ’тс’. Звычайна лічыцца запазычаннем з літ. мовы (літ. bùčias, bùčius ’тс’ < лат. bucis ’кошык, сплецены з вербавых пруцікаў’; уласна літ. форма bukìs ’род рыбацкай сеці’, гл. Фрэнкель, 61), параўн. яшчэ Варш. сл., 1, 225. Падрабязна аб усёй праблематыцы Урбуціс, Baltistica, V (1), 51–52.

Буч2 ’пасудзіна з саломы, шытая дубцамі, для мукі’ (КЭС, лаг., Янк. Мат.). Можна меркаваць, што слова таго ж паходжання, што і буч1 ’верша (плеценая карзіна)’. Так Урбуціс, Baltistica, V (1), 51–52. Наўрад ці можна думаць пра іншае паходжанне слова (напр., пра запазычанне з с.-в.-ням. butschen ’бочка для засолкі’ або пра сувязь з укр. бу́ша ’цыліндрычная пасудзіна для салення рыбы’ < ням.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́зера ’прыродны вадаём або штучны ставок’ (БРС, Яруш., Шат., Касп., Бяльк., КТС); ’ста́рык на лузе’; ’крыніца’ (Яшк.). Рус. о́зеро, дыял. о́зер, укр. о́зеро, ст.-рус. озеро, ст.-слав. ѥзеро, ѥезерь, польск. jezioro, чэш. jezero, славац. jazero, в.-луж. jezor, н.-луж. jazor, каш. jezor, серб.-харв. jȅzero, славен. jezȇro, jȇzer м. р., jézera ж. р., балг. е́зеро ’возера; крыніца ў рацэ або вільготнай глебе’. Прасл. *ęzęra — форма з перагаласоўкай jezero (БЕР, 1, 482). Роднаснымі з’яўляюцца літ. ẽžeras, ãžeras ’возера, сажалка, стаў’, лат. ezers ’тс’, ст.-прус. aśsaran ’тс’ (Бернекер, 1, 455), грэч. Ἀχέρων ’найменне ракі ў апраметнай’, ἀχερούσία ’балоцістыя воды’ (Траўтман, 73). Далей ёсць падставы для збліжэння з слав. ezъ (гл. яз) (Мейе, BSL, 25, 11 і наст.; 29, 38 і наст.; БЕР, там жа; Слаўскі, 1, 571; Машынскі, JP, 37, 299; Тапароў, Прус., 131 і наст.). Гл. таксама Фасмер, 3, 125.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́ля1 (БРС, Бяльк., Юрч., КТС, Шат., КЭС). Рус. во́ля, укр. во́ля, ст.-рус., ст.-слав. волꙗ, польск. wola, ст.-польск. wolá, чэш. vůle, славац. voľa, балг. во́ля, макед. волја, серб.-харв. во̏ља, славен. vólja, в.-луж., н.-луж. wola. Прасл. volʼa. Роднаснае літ. valià ’тс’, лат. vaįa ’сіла, улада’, ст.-ісл. val н. р., ст.-в.-ням. wala ж. р. ’выбар’, н.-в.-ням. Wahl ’тс’, wollen ’хацець’, ст.-інд. váraḥ ’жаданне, выбар’, авест. vāra‑ ’воля, адбор’, кімр. guell ’лепей’ і звязана, такім чынам, чаргаваннем са ст.-слав. велѣти, рус. довлеть, велеть (Траўтман, 348 і наст.; Праабражэнскі, 1, 95; Фасмер, 1, 348; Махэк₂, 704; Шанскі, 1, В, 157 і наст.).

Во́ля2 ’валляк’ (Гарэц., Яруш., Шат., Юрч., КЭС, Бес., Сцяшк., З нар. сл., Шатал.), во́ле (Нас., Бяльк., Шатал.), во́лье (Янк. Мат., Сержп., Грам. 54), во́ло (Клім.). Гл. валлё.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Людскі́, лю́цкій, лю́цькі, лю́дзкі, людськэ́й ’у якога высокая мараль, сумленны, шляхетны, зычлівы’, ’чалавечы’, ’прыстойны’, ’добры, прыгодны для чаго-небудзь’, ’людскі, чужы’, ’як у людзей’, ’ветлівы’, ’асабісты’ (Нас., Шат., Бяльк., ТСБМ, ТС; КЭС, лаг.), лю́дзка ’прыстойна, як у людзей’ (Шат.), лю́дско ’добра, удала’ (Сцяшк.); лю́дскі ’які належыць людзям’, ’уласцівы людзям’, ’уласцівы ніжэйшаму класу грамадства’, ’прызначаны для прыслугі’, ’меладычны (музыка)’ (ТСБМ, Нас., Мат. Гом.; КЭС, лаг.); ’сялянскі’ (шальч., драг., Сл. ПЗБ); ст.-бел. людъскый ’чалавечы, людскі, які мае месца сярод людзей’, а з XVI ст. узнікае значэнне ’чалавечы, гуманны’ (Будлахаў, Гіст., 119). Да прасл. lʼudьskъ < lʼudьje, lʼudъ > лю́дзі, люд ’уласцівы людзям’, якому адпавядаюць літ. liáudiškas ’народны’, лат. ļaudisks ’людскі’ (Слаўскі, 4, 369–371). Сюды ж больш новая лексема адцягненага значэння людскасць, людзкость ’чалавечнасць, свецкасць, спагадлівасць’, ’уменне жыць з людзьмі’ (Нас., Касп., Гарэц., ТСБМ, ТС), ’далікатнасць, шляхетнасць’ (КЭС, лаг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́секаць ’высмаркаць нос’ (Янк. II, Бір. дыс., Шатал., брэсц., пін., З нар. сл.), вы́снекаць, вы́снякаць ’тс’ (Бір. дыс., Сцяц.). Укр. ви́сякати ’тс’, сяка́ти ’фыркаць, смаркацца’, рус. исся́кнуть ’вычарпацца’, польск. siąkać, siąknąć, sięknąć ’канчацца, вычэрпвацца; смаркацца’, в.-луж. sakać, saknyć ’высыхаць, вычэрпвацца’, чэш. sáknouti ’сачыцца, мачыць’, славац. siakať, siaknuť ’фыркаць, смаркацца’, серб.-харв. пресѐкати, ‑ка̑м ’вычарпаць’, балг. сѐквам, се́кна ’вычэрпваюся’. Прасл. *sęknǫti роднаснае слав. *sǫčiti, ц.-слав. исѫчити (гл. сучы́ць) (Фасмер, 3, 826). У іншых і.-е. мовах роднаснымі з’яўляюцца літ. senkù, sékti ’апускацца’, seklùs ’мелкі’, лат. sîkt, sīkstu, sîku ’засыхаць’, ст.-інд. ásakrak ’невычэрпны’, ст.-англ. sîhte ’балоцісты’ (з *siηhti), ірл. sesc ’сухі, бясплодны; той, які не дае малака’, кімр. hysp ’сухі’ (Траўтман, 256). Іначай–Махэк₂ (536), які звязвае таксама са слав. sokъ. Беларускія формы з ‑н‑, відавочна, пад уплывам польскіх назалізаваных форм з наступнай метатэзай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даба́ ’час’ (Раст.), до́ба ’пара, суткі’ (Байк. і Некр.). Параўн. рус. дыял. до́ба́, укр. доба́, польск. doba, чэш. doba, славац. doba, балг. до́ба, макед. доба, серб.-харв. до̏ба (н. р.!), славен. dóba. Прасл. *doba ’тс’. Лічыцца роднасным з літ. dabà ’прырода, уласцівасць, характар’, dabar̃ ’цяпер’, лат. daba ’від, характар’, гоц. gadaban ’падыходзіць’ і г. д. (гл. Фасмер, 1, 520). Думаць, што ў гэтым слове калісьці была аснова на ‑r‑ (н. р.), дакладней, гетэраклітычная аснова на ‑r/n‑ (і.-е. *dhabhr̥/‑nos). Сюды адносіцца і слав. *dobrъ ’добры і г. д.’ Гл. яшчэ Траўтман, 42–43; Бернекер, 1, 203–204; Махэк₂, 121–122; Слаўскі, 1, 150. Булыка (Запазыч., 98) ставіць пытанне аб тым, што ст.-бел. доба ’час, пара’ запазычана з польск. мовы. Няясна, якая матывацыя ў яго меркаваннях. Фармальна няма ніякіх прыкмет запазычання, таму пытанне застаецца адкрытым.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мозг (мозык, мозак, мозаг, мо́зок, мосх), мазгі, мозгі, мозг̌і, мозкі ’мозг у чэрапе і канале пазваночніка’, ’розум’, ’тканка ў поласці касцей, шпік’ (ТСБМ, Нас., Дразд., Мядзв., Янк., Шатал., Бяльк., Грыг., Клім., ТС, Сл. ПЗБ), мазгавіт́ы ’разумны, кемлівы, разважлівы’ (ТСБМ, Бяльк.), мозкова́ть ’думаць, працаваць галавой’ (ТС). Укр. мо́зок, мі́зок, рус. мозг, ст.-рус. мозгъ, польск., н.-луж. mózg, в.-луж. mozh, mozy (мн. л.), чэш. mozek, славац. mozok, славен. mȏzg, mȏzeg, серб.-харв. мо̏зак, макед. мозок, балг. мозък, ст.-слав. можданъ (< mozgěnъ). І.‑е. адпаведнікі: ст.-прус. muzgeno ’касцявы мозг’, літ. smãgenys ’мазгі’, smãgenės, лат. smadzenes, у якіх s‑ паходзіць з s‑ у smãkrės ’мозг’, ст.-інд. smajján‑, smajjā ’касцявы мозг’, авест. mazga‑, ст.-в.-ням. marag, marg, тах. maśśuni ’тс’ < і.-е. *mozg(h)os (Махэк₂, 377; Міклашыч, 203; Траўтман, 172; Фасмер, 2, 638; Бязлай, 2, 118).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мурог1, мурога, муражы́на, муражок, маржок, мурожніца, мурожжа, мурожнае сена ’лугавое сена лепшага гатунку з невысокай мяккай травы з сухога лугу’, ’сухі луг’ (ТСБМ, Чач., Др.-Падб., Сцяшк., Нас., Шат., Касп., Бяльк., Яшк., Сл. ПЗБ, Ян., ТС, Сцяшк. Сл.; КЭС, лаг.), паўд.-усх. муру̑ог ’дзірван’ (КЭС). Укр. мурі́г, морі́г ’дзірван, мурава’, рус. мурог ’сенакос, луг, дзірван’. Балтызм. Параўн. лат. mauragas ’ястрабок валасісты, Hieracium pilosella L.’, maurinš ’мурава, лужок’ (Буга, Rinkt, 1, 468; Мюленбах-Эндзелін, 2, 569; Фасмер, 3, 13–14).

Мурог2 ’аўсяніца, Festuca L.’ (Мядзв., Гарэц., Др.-Падб., ТС, Бір. Дзярж., Касп.), мурожніца ’тс’ (маг., Кіс.), мурог, моро́г ’гладун гладкі, Herniaria glabra L.’ (лельч., стол., Бейл.), ’вострыца дзярністая, Deschampsia caespitosa P. Beauv.’ (маг., гом., Кіс.; Ян.), ’утаптанае каля дарогі месца, густа парослае драсёнам птушыным, Polygonum aviculare L. і дзяцелінай’ (Яшк.), ’маннік водны, Glyceria aquatica Wahlb.’ (Яруш.). Да мурог1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)