Мурог 1, мурога, муражы́на, муражок, маржок, мурожніца, мурожжа, мурожнае сена ’лугавое сена лепшага гатунку з невысокай мяккай травы з сухога лугу’, ’сухі луг’ (ТСБМ, Чач., Др.-Падб., Сцяшк., Нас., Шат., Касп., Бяльк., Яшк., Сл. ПЗБ, Ян., ТС, Сцяшк. Сл.; КЭС, лаг.), паўд.-усх. муру̑ог ’дзірван’ (КЭС). Укр. мурі́г, морі́г ’дзірван, мурава’, рус. мурог ’сенакос, луг, дзірван’. Балтызм. Параўн. лат. mauragas ’ястрабок валасісты, Hieracium pilosella L.’, maurinš ’мурава, лужок’ (Буга, Rinkt, 1, 468; Мюленбах-Эндзелін, 2, 569; Фасмер, 3, 13–14).
Мурог 2 ’аўсяніца, Festuca L.’ (Мядзв., Гарэц., Др.-Падб., ТС, Бір. Дзярж., Касп.), мурожніца ’тс’ (маг., Кіс.), мурог, моро́г ’гладун гладкі, Herniaria glabra L.’ (лельч., стол., Бейл.), ’вострыца дзярністая, Deschampsia caespitosa P. Beauv.’ (маг., гом., Кіс.; Ян.), ’утаптанае каля дарогі месца, густа парослае драсёнам птушыным, Polygonum aviculare L. і дзяцелінай’ (Яшк.), ’маннік водны, Glyceria aquatica Wahlb.’ (Яруш.). Да мурог 1 (гл.).