Тэйга́ні ‘пельмені’ (Сл. Брэс.). Хутчэй за ўсё, запазычана вусным шляхам з ід. tejgi ‘клёцка’, аформленага як назоўнік у мн. л. (гл. Астравух, Ідыш-бел. сл., 792), вытворнага ад ід. teig, tojg ‘цеста’ з ням. Teig ‘тс’, параўн. ням. Teigtasche ‘пельмень’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЯ́ЛІК (Хаім Нахман) (9.1.1873, в. Рады на Валыні, Украіна — 4.7.1934),

яўрэйскі паэт. Скончыў Валожынскую (на Беларусі) яўр. духоўную акадэмію. У 1921 пакінуў Расію, жыў у Берліне, з 1924 у Палесціне. Пісаў пераважна на іўрыце, таксама на ідыш. Рэфарматар паэзіі на іўрыце, у якой арганічна спалучаў духоўную і моўную сілу ТаНаХа (Старога запавету), лепшыя дасягненні яўр. сярэдневяковай л-ры, містычную ўзнёсласць кабалістыкі і навацыі еўрап. паэзіі неарамантызму і сімвалізму. Дэбютаваў вершам «Да ластаўкі» (1892). Аўтар цыкла «Песні гневу», у якім заклікаў свой народ да духоўнага абнаўлення, ганьбіў яго за звычку да рабства, прыніжанасць і пакорлівасць. Аўтар паэм «Ззянне» (1901), «Нябожчыкі пустыні» (1902), «Паданне пра пагром» (1904), «Вогненны скрутак» (1905). У 1908—09 разам з І.​Х.​Раўніцкім склаў анталогію «Агада: Казанні, прытчы, выказванні Талмуда і Мідрашоў у 4-х ч.».

Тв.:

Рус. пер. — Песни и поэмы / Пер. В.​Жаботинского. СПб., 1911;

Стихи разных лет / Пер. с иврита;

Город Резни: Поэма / Пер. с идиш // Иностр. Лит. 1990. № 4.

Літ.:

Горький М. О Х.-Н.​Бялике;

Ходасевич В. Бялик // Иностр. лит. 1990. № 4.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НСКІЯ МО́ВЫ,

група роднасных моў індаеўрапейскай сям’і моў, адна з галін гэтай сям’і (гл. Індаеўрапейскія мовы). Па паходжанні германскія мовы ўзыходзяць да прагерманскай (агульнагерманскай) мовы, што існавала да н.э. У пач. н.э. ў ёй намецілася паступовае разгалінаванне на паўн.-, усх.- і зах.-германскія падгрупы. Паўн.- германская падгрупа ўключае ўсх.-скандынаўскія мовы (нарвежскую мову, ісландскую мову і фарэрскую — мову Фарэрскіх а-воў) і зах.-скандынаўскія (шведскую мову і дацкую мову). Найб. стараж. мова гэтай падгрупы — стараж.-ісландская (пісьмовыя помнікі 12 ст.). Усх.-германская падгрупа складаецца з мёртвых моў: бургундскай, вандальскай, гепідскай, герульскай і найб. стараж.гоцкай мовы. Зах.-германская падгрупа ўключае англійскую мову, нямецкую мову, нідэрландскую мову, люксембургскую, фрызскую, а таксама афрыкаанс і ідыш. Асноўныя асаблівасці германскіх моў — перамяшчэнне зычных; моцны націск на першым (каранёвым) складзе; рэдукцыя ненаціскных складоў і адпадзенне зычных і галосных у канцы слова; камбінаторныя змены галосных у выніку асіміляцыі аблаут як парадыгматычны фактар і інш. З пункту погляду сучаснага становішча грамат. ладу германскім мовам характэрна імкненне да аналітызму.

Т.​С.​Глушак.

т. 5, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬЦІ́НСКІ (Хаім Ізраілевіч) (7.8.1910. г. Паневяжыс, Літва — 8.2.1986),

яўрэйскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ін-т нар. адукацыі (1932). Да 1946 працаваў у друку на Беларусі, потым у Бірабіджане. У 1948 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Жыў у Мінску, з 1975 у Ізраілі. Друкаваўся з 1929. Пісаў на ідыш. Першы зб. вершаў «Якое жыццё дарагое» (1931). Аўтар кніг апавяданняў і вершаў для дзяцей «Дзеці», «Наш хор» (абедзве 1933), «Бадзёрым крокам», «Без ценю», «Каб лёгка ісці» (усе 1936), «Брацікам і сястрычкам» (1939), п’ес «На вышцы» (1934), «Ёсць фарпост» (1935). У зб-ку паэзіі «Гады, гады мае...» (1973) філас. асэнсаванне грамадска-паліт. падзей у краіне. На бел. мове выйшлі зб-кі твораў М. «Навагодняя елка» (1939), «Поплеч з сынамі ўсімі» (1963), «Родны дом» (1965), «На сонечным баку» (1967) у перакладзе Э.​Агняцвет, Д.​Бічэль-Загнетавай, Г.​Бураўкіна, З.​Бядулі, А.​Бялевіча, А.​Вольскага, С.​Гаўрусёва, Н.​Гілевіча, П.​Глебкі, Х.​Жычкі, А.​Зарыцкага, Г.​Кляўко, Е.​Лось, П.​Макаля, Я.​Семяжона, М.​Стральцова, П.​Прыходзькі, В.​Ціхановіча і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Мой добры голуб: Выбр. Мн., 1970.

т. 10, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лаха́рдзік ’ласункі’ (Касп.), светлаг. ла́харды ’тс’ (Мат. Гом.), лахардзікі ’прысмакі’ (Мат. Маг.), бялын. ла́хырдзік ’пачастунак’, ла́хырдзіцца ’ласавацца’, ла́хырдна ’прыемна, смачна’, ла́хырднік ’ласун’, ла́хырдніца ’ласуха’, ла́хырдны ’смачны’ (Яўс.). Германізм, пашыраны, відаць, праз ідыш. Параўн. ням. lecker ’апетытны, смачны’, Leckerhaftigkeit ’цяга да пачастункаў’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахэ́лік ’кухталь’ (Яўс.). Фанетыка сведчыць пра запазычанне; магчымыя крыніцы ў аргатычных словах, параўн. ням. арг. Cheilek ’пай з крадзенага, грошы’, ідыш chajlik ’доля, пай’ з ст.-яўр. cheluka ’пай’, сляды пераасэнсавання ў выразе даць у хэйлік ’даць у каршэнь’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тык-тык — пра стук сэрца: Дзидона рюмзала и выла… / А сердце тык, тык‑тык у ей (Энеіда навыварат; гл. Полымя, 1996, 10, 196). Гукапераймальнае, параўн. тых‑тых (гл.), верагодна, набліжанае да тык1, тыкаць, параўн. укр. тик, ід. tik (Астравух, Ідыш-бел. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́ртус ‘гул, шум; жах’ (Касп.), ‘клопат’ (Сцяшк. Сл.), tertes ‘спрэчка, блытаніна, непаразуменне’: u ich byŭ tertes za lon (Арх. Федар.). Параўн. укр. тарта́с ‘шум, галас’, турту́с ‘стук, грукат’, польск. tertas, tartas ‘шум, галас, мітусня, неразбярыха’, чэш. tartas ‘тс’, славац. tartas ‘тс’. Лічыцца словам гукапераймальнага паходжання, гл. Брукнер, 566 (параўноўвае з славен. tertranje ‘галас’), Махэк₂, 636 (аналагічна да чэш. экспр. varvas, tarvas, harvas з канцавым ‑s, як у halas), ЕСУМ, 5, 525 (пранікненне з польскай мовы). Паводле Чэкмана (Гісторыя, 115), па фанетычных прычынах паходзіць з мовы ідыш як мэтлух, вэрхал і пад. Да апошняга параўн. ід. tertl‑mertl ‘від гульні ў карты’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), відаць, імітатыўнага паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́йвах ’пярэпалах’: … нарабіла вялікага рэйваху (Дзядзька Квас. Роздумы на калёсах. Беласток, 1995. С. 114). Укр. рейвах ’вэрхал, мітусня, беспарадак’, польск. rejwach ’тс’, чэш. rajboch ’беспарадак’. Паводле Махэка — няяснае (Махэк₂, 506). Брукнер выводзіць ад rej ’танец’ (Брукнер, 457). З ідыш rejwach ’шум, мітусня’ (Каня, Słownik, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́нзель ‘металічныя цуглі’ (ТСБМ), ‘вуздэчка’ (Баршч.). Запазычана, магчыма, з ід. trenzl ‘цуглі’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), параўн. польск. tręnzla ‘тс’, што да ням. Trenze ‘вуздэчка’, якое, у сваю чаргу, запазычана праз гал. trensse з ісп. trenza ‘пляцёнка, канат’ (Duden Etumologie, 863; Фасмер, 4, 98).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)