ГРО́ДЗЕНСКАЯ КАПЭ́ЛА ТЫЗЕНГА́ЎЗА,

прыдворны аркестр раннекласічнага складу падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза ў 1765—80. Належала да найбольшых і найлепшых па прафес. узроўні калектываў падобнага роду ў ВКЛ, славілася і за яго межамі, у т. л. ў Мангейме (Германія); у 1780 была ангажыравана ў Нац. т-р у Варшаве. Суправаджала паказы Гродзенскага т-ра Тызенгаўза, касцельныя службы, іграла на балях, розных урачыстасцях і інш. Рэпертуар капэлы ўключаў араторыі, месы, муз.-сцэн. творы, сімфоніі, быт. музыку (танцы, дывертысменты, серэнады). Удзельнічала ў выкананні оперы А.Грэтры «Магніфік» («Велікапышны»), камедыі П.Бамаршэ «Севільскі цырульнік», «Сялянскага балета» і «Балета пекараў». Выконвала сімфоніі І.Гайдна, а таксама музыку, створаную ў прыдворным асяроддзі Тызенгаўза. У капэле былі замежныя і мясц. музыканты, у т. л. прыгонныя, якія атрымлівалі адукацыю ў Гродзенскай музычна-тэатральнай школе Тызенгаўза або пры дварах у Нясвіжы, Слоніме. У час росквіту капэлы ў 1777—79 у ёй было 30 капэлістаў і 7 «хлопцаў з капэлы». З адстаўкай Тызенгаўза капэла распалася.

Літ.:

Żórawska-Witkowska A. Kapeła Antoniego Tyzenhauza w Grodnie // Muzyka. 1977. № 2.

І.Дз.Назіна.

т. 5, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́САЎ Міхаіл Іванавіч

(21.11.1900, в. Трасцянка Саратаўскай вобл., Расія — 11.1.1971),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Нар. арт. Беларусі (1944). Вучыўся ў Саратаўскай кансерваторыі (1925—28), оперным класе Бел. муз. тэхнікума (1928—30), Бел. студыі оперы і балета (1930—33) у А.Баначыча. У 1933—58 (з перапынкам, у 1941—43 у Ерэванскім оперным т-ры) саліст Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. У 1958—64 маст. кіраўнік Бел. філармоніі, у 1964—70 выкладчык Бел. кансерваторыі. Дэбютаваў партыяй Эскамільё ў оперы «Кармэн» Ж.Бізэ (1932). Валодаў моцным прыгожым голасам, сцэн. абаяльнасцю. Створаныя ім вобразы адметныя адухоўленасцю, маст. выразнасцю. тонкім густам, пачуццём меры. Лепшыя вобразы ў нац. рэпертуары: Змітрок і Апанас («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага), Кастусь («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Кузьміч («У пушчах Палесся» А.Багатырова); у класічным — Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Анегін, Ялецкі. Мазепа («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Траякураў («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Мечнік («Страшны двор» С.Манюшкі). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел. нар. песні, творы бел. кампазітараў.

Літ.:

Пукст Р Натхнёны спявак // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.С.Смольскі.

М.І.Дзянісаў.
М.Дзянісаў у ролях Дэмана (злева) і Гразнога.

т. 6, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ТЭА́ТР ТЫЗЕНГА́ЎЗА,

оперна-балетная трупа падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза ў Гродне ў 1769—80. Да 1774 невял. ансамбль інструменталістаў і вакалістаў, пазней сталы калектыў (у 1780 больш за 70 чал., уключаючы капэлістаў) са значным оперным і балетным рэпертуарам з твораў ням., франц. і італьян. аўтараў. У 1774 пераважалі італьян. артысты, запрошаныя ў Гродна прыдворным скрыпачом і капельмайстрам Л.Сітанскім (гл. ў арт. Сітанскія). У 1776 т-р канчаткова сфарміраваўся. У ім працавалі 7 спевакоў і 8 спявачак, у т. л. вядомыя італьян. вакалісты Дж.Кампанучы, Г. дэ Бернуцы Давія і К.Банафіні (усе пазней артысты італьян. оперы С.-Пецярбурга), Я.Д.Гіблер, А.Бароні, а таксама М.Сітанская, Д.Малевіч, Г.Змітровіч і інш. З 1778 у пастаноўках удзельнічалі вучні Гродзенскай музычна-тэатральнай школы Тызенгаўза, прыгонныя танцоўшчыкі, спевакі і інструменталісты. Балетная трупа ў 1779—80 уключала больш за 30 чал. Балетмайстры Г.Петынеці (1774—79; ставіў балеты на ўласныя лібрэта, танцаваў гал. партыі), з 1779 К.А.Марэлі і яго жонка, педагог і першая танцоўшчыца Г.Марэлі (Саламоні). Сярод артыстаў Л.Петынеці (пасля 1775), прыгонныя М.Адольская, А.Бжазінскі, Е.Валінскі, А.Дарэўская, Р.Лаўцэвіч, М.Малінская, Д.Пякарская-Сітанская, М.Рымінскі, М.Чаклінская, якія пазней атрымалі вядомасць на варшаўскай сцэне. У 1778 у т-ры пастаўлены опера «Магніфік» («Велікапышны») А.Грэтры, балеты «Сялянскі балет» і «Квартэт дудароў», «Другі балет пекараў» (харэаграфія ўсіх Г.Петынеці), камедыя «Севільскі цырульнік» П.Бамаршэ. Паказы суправаджала Гродзенская капэла Тызенгаўза. Пасля закрыцця т-ра балетная трупа працавала ў Паставах (да 1785).

Будынак т-ра закладзены ў 1772 па ініцыятыве Тызенгаўза, узведзены ў 1770-я г. з цэглы (арх. І.Г.Мёзер, Дж.Сака). Задуманы як працяг Гродзенскага палаца Тызенгаўза (злучаўся з яго левым флангам крытым пераходам). Тэатр. зала, сфарміраваная па «італьян. крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры; мела 22 ложы ў 2 ярусах, партэр і сцэну з 5 планамі кулісных машын для перамяшчэння дэкарацый. Пасля рэканструкцый у 1859, 1940 і 1975 надбудаваны 3-і паверх, расшырана сцэн. каробка і глядзельная зала. Трохпавярховы будынак складанай канфігурацыі ў плане пастаўлены на высокі руставаны цокаль, накрыты 4-схільным дахам. Гал. фасад асіметрычны, падзелены карнізам на 2 часткі. Над уваходам у левым крыле — вял. балкон, які падтрымліваюць 4 калоны, апрацаваныя рустам. Правая частка будынка — прамавугольны ў плане аб’ём сцэн. каробкі. Глядзельная зала знаходзіцца на ўзроўні 1-га і 2-га паверхаў. На 1-м паверсе размешчаны невял. фае і службовыя памяшканні, на 2-м — рэпетыцыйны пакой, грымёрныя. З 1984 у будынку працуе Гродзенскі абл. т-р лялек.

Літ.:

Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990. С. 187—191, 224—227.

Г.І.Барышаў (тэатр), С.Я.Сільверстава, А.Ю.Пятросава (архітэктура).

т. 5, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)