ПРУ́ГКІЯ ХВА́ЛІ,

механічныя ўзбурэнні, якія распаўсюджваюцца ў пругкім асяроддзі. Узнікаюць пры землетрасеннях, выбухах, ударах. Разнавіднасці П.х. — гукавыя хвалі і ультрагукавыя хвалі.

У вадкасцях і газах існуюць пераважна падоўжныя хвалі разрэджання-сціскання (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамку распаўсюджання). У ізатропных цвёрдых целах, якія маюць пругкасць зруху, існуюць падоўжныя і папярочныя хвалі (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамках, перпендыкулярных да распаўсюджання). У анізатропных асяроддзях (крышталях) П.х. падоўжна-папярочныя (часцінкі зрушваюцца ўздоўж трох узаемна перпендыкулярных напрамкаў, якія не супадаюць з напрамкам распаўсюджання). Паблізу паверхні цвёрдага асяроддзя могуць існаваць паверхневыя акустычныя хвалі. У абмежаваных цвёрдых целах (пласцінках, стрыжнях) узнікаюць т.зв. нармальныя П.х. — камбінацыя падоўжных і Папярочных хваль. На мяжы асяроддзяў П.х. адбіваюцца і пераламляюцца. Пры гэтым у цвёрдым асяроддзі ўзнікаюць і падоўжныя і папярочныя П.х. На перашкодах можа адбывацца дыфракцыя хваль і іх рассеянне. З-за ўнутр. трэння (вязкасці) і цеплаправоднасці асяроддзя П.х. затухаюць з адлегласцю (гл. Паглынанне хваль). Пры вял. амплітудах хваль іх узаемадзеянне з асяроддзем становіцца нелінейным. П.х. ўлічваюцца пры тэхн. разліках падмуркаў, станкоў, турбін, самалётаў, караблёў, пры рашэнні геафіз. задач (распаўсюджанне П.х. ад землетрасенняў, зрухаў зямной кары), пры кантролі ядз. выпрабаванняў.

Літ.:

Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;

Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 13, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лісі́ца1, лісі́цы ’калодачка з дзіркамі, праз якія прадзяваюцца шнуркі ад панажоў’ (Жд. 1), ’ліштва з дзіркай, у якую ўстаўляецца жэрдка для адзення’ (ТС), ’планка, у якую ўстаўляецца верхні канец млёна’ (лід., Сл. ПЗБ), ’шпунт, тонкая планка паміж дошкамі дзвярэй’ (петрык., ельск., Нар. сл. і Сцяшк.; рас., Шатал.), ’палены з высечкамі пасярэдзіне, у якія ўшчэмліваюцца дошкі ці дзверы, калі іх клеяць ці калі ў іх заганяюць шпонкі’ (КЭС, лаг.), ’слупы з вінтамі, якімі выпрамляюць скрыўленую сцяну’ (жытк., Нар. сл.), ’прыстасаванне для сціскання бярвенняў у сцяне’ (вілен., Шн. 2; лях., Сл. ПЗБ; слуц., Нар. словатв.; стаўб., Жд. 2; Нас., Маш., Касп.), лун. ’бервяно, якім падпіраюць пахілены будынак’ (Шатал.), ’ціскі’ (чач., добр., Мат. Гом.), ’зажым, у якім што-небудзь заціскаецца пры дапамозе кліноў’ (Інстр. 2), ’металічная планка з паглыбленнем у верхнім камені жорнаў’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’ціскаўка, напаўрасшчэпленая дзеравіна’ (Некр.); ’жэрдка, якая злучае пярэднюю і заднюю восі воза або вузгалоўе воза’, ’папярэчына, якая звязвае жэрдкі плоту’ (Бломкв.), ’кіёк, адзін канец якога ўваткнуты ў дзірку навоя і не дае яму круціцца’ (в.-дзв., Шатал.); ’тоўстае палена, якое ўпоперак кладзецца на сані (падсанкі) для перавозкі бярвення’ (Бяльк., ТСБМ, Касп.; бялын., Янк. Мат.; в.-дзв., Шатал.), падпоры, якія ўжываюцца для паднімання драўляных збудаванняў’ (гродз., Шн. 2), ’папярочныя бэлькі, якімі прымацоўваюць вулей-калоду да дрэва’ (Маш.), ’цяжар, які прывязваецца ці прышрубоўваецца да канца пругла, каб лягчэй было выцягваць вядро з вадой са студні’ (Янк. 2); лісі́ца (або су́чка) ’дошчачка, што круціць валок кола калаўрота’ (КЭС, лаг.). Некаторыя з гэтых значэнняў маюць адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах: укр. лисиці ’ціскі, шчамлёткі — для сціскання склееных дошак, для ўмацавання сцяны’, рус. лисица ’перакладзіна, якая злучае восі драбін’, ’бярвенні, якія ўмацоўваюць плыты’, ’сані’, польск. lisica, ст.-чэш. lisicě ’прэс’, славац. lisica ’капкан’, серб.-харв. лѝсица, славен. lisíca ’кайданы’, макед. лисица ’дзірка, у якой замацавана ярмо’, балг. лисица ’два загнутыя дручкі, якія злучаюць заднюю частку калёс з пярэдняй’. З прасл. lisica — ’ліса-самка’, пазней ’ліса наогул’, асобна ў слав. мовах ’розныя прыстасаванні, прадметы для сціскання’ — старая метафара (Слаўскі, 4, 279; Бязлай, 2, 144).

Лісі́ца2 ’жоўтая пляма на адзенні ад спалення’ (Нас.). Да ліса́вы (гл.). Утварылася ў выніку пераносу значэння паводле падабенства колеру.

Лісіца3, лісі́цы, лісі́чкі, лісі́цкі ’грыб лісічка, Cantarellus cibarius Fr.’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Шат., Яруш., Янк. 2, Дэмб. I, ТС; уздз., Нар. словатв.; лельч., Мат. Гом.), шчуч. лісічык ’тс’ (З нар. сл.), лі́ска, лі́скі ’тс’ (пруж., уздз., Нар. словатв.; гарад. Сл. ПЗБ; светлаг., Мат. Гом.). Укр., рус. лисичка, чэш., славац. liška, славен. lisíčka ’тс’. Прасл. lisičьka метафара, перанос значэння ’ліс, ліса’ паводле колеру.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЭФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. deformatio скажэнне),

змена ўзаемнага размяшчэння часціц (частак) цела, якая вядзе да скажэння яго формы і памераў і ўзнікнення напружанняў механічных. Узнікае ад мех. нагрузак, цеплавога расшырэння, уздзеяння эл. і магн. палёў, інерцыйных і гравітацыйных сіл і інш. Найпрасцейшыя віды Д. — выгін, зрух, кручэнне, расцяжэнне-сцісканне.

У цвёрдых целах адрозніваюць Д. пругкую (узнікае і знікае адначасова з нагрузкай), пластычную (захоўваецца пасля зняцця напружання) і вязка-пругкую (залежыць ад працэсу нагрузкі ў часе, пасля зняцця нагрузкі самаадвольна імкнецца да нуля). Д. бываюць таксама лінейныя (са зменай лінейных памераў цела) і аб’ёмныя (са зменай аб’ёму); агульныя для ўсяго цела (напр., абс. падаўжэнне) і лакальныя (мясцовыя); аднародныя (аднолькавыя ў любым пункце цела) і неаднародныя (змяняюцца ад аднаго пункта цела да другога, уласцівыя рэальным матэрыялам). Д. заўсёды звязана з затратай энергіі, якая пры пругкай Д. пераходзіць у патэнцыяльную, пры пластычнай — у цеплыню. Калі лакальная Д. дасягае гранічнага для дадзенага матэрыялу значэння, адбываецца яго разбурэнне. Пругкія Д. падпарадкоўваюцца законам пругкасці тэорыі (для іх выконваецца Гука закон), пластычныя — пластычнасці тэорыі і паўзучасці тэорыі. Пластычная Д. ў крышталічных целах звязана з паняццем дыслакацый. Вымярэнне Д. робяць пры выпрабаванні матэрыялаў, даследаванні збудаванняў у натуры або на мадэлях. Пругкія Д. ўлічваюць пры разліках дэталей машын, інж. канструкцый і збудаванняў; пластычныя — у тэхналогіі металаў (пры пракатцы, штампоўцы, коўцы, валачэнні, прасаванні і інш.), вытв-сці пластмас і керамічных вырабаў. Гл. таксама Супраціўленне матэрыялаў.

І.​І.​Леановіч.

Дэфармацыі: 1 — расцяжэння; 2 — сціскання; 3 — зруху; 4 — кручэння; 5 — выгіну.

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пру́гкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які хутка прымае першапачатковую форму пасля сціскання або згінання. Пругкі мяч. □ На пругкім луку, выгнутым з ляшчыны, яшчэ пяе ледзь чутна цеціва. А. Вольскі. Ледзь-ледзь пакалыхваючыся буйным калоссем на пругкіх сцяблах, застыгла зялёнае возера пшаніцы. Сіўцоў. // Які не паддаецца сцісканню, згінанню. Лёня памятае яго — гладкага здаравілу .. ў ботах-«дудках» з такімі пругкімі халявамі, што, не разуўшыся, казалі, у іх нельга было прысесці. Брыль. Тыя, хто прыехаў учора, распакаваўшы чамаданы, пазасцілалі падсіненымі, пругкімі ад крухмалу пр[осціна]мі свае ложкі. Шахавец.

2. Не друзлы, не вялы; крамяны, моцны. Пругкія мускулы. Пругкая скура. □ Гамыра адвязаў каня, пагладзіў па крутой і пругкай шыі рукою знатака. Колас.

3. Лёгкі, спружыністы (пра рухі). Пругкі крок. □ Сабака пругкім скокам.. памчаў па крутой, звілістай сцежцы. Самуйлёнак.

4. Які мае вялікую сілу ціску; моцны. Раздзеўшыся, [студэнты] пускалі ваду і, пакуль хапала духу, мыліся і прытанцоўвалі пад ледзяным пругкім струменем, які сек цела. Карпаў. [Палянцаў] туліўся ад халоднага пругкага ветру і часта хапаўся за свой капялюш, каб яго не сарвала. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры..., прыстаўка.

1. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і надае значэнні: а) давядзенне руху да канчатковай мэты; завяршэнне руху ў пэўным пункце, напрыклад: прыбегчы, прыйсці, прывалачы, прыляцець, прыпаўзці; б) давядзенне дзеяння да пэўнага выніку, напрыклад: прыахвоціць, прывучыць, прыкончыць, прыспець; в) збліжэнне, сутыкненне, напрыклад: прыткнуць, прыпнуць, прыхіліць; г) злучэнне, змацаванне, напрыклад: прыбіць, прыкалоць, прыклеіць, прыляпіцца, прымерзнуць, прыстаць, прышыць; д) сцісканне, выгладжванне, пашкоджанне ў выніку сціскання, напрыклад: прыкачаць, прымяць, прыціснуць; е) рух, накіраваны к сабе; дзеянне ў сваіх уласных мэтах, напрыклад: прывабіць, прыгрэбці, прыманіць, прысвоіць, прытуліць; ж) дадаванне, дабаўленне да чаго‑н., напрыклад: прыбавіць, прыараць, прылгаць, прыліць, прыпісаць; з) непаўнату дзеяння, напрыклад: прыадчыніць, прыглушыць, прыкрыць, прысылаць; і) суаднесенасць з пэўнай датай, надзеяй, напрыклад: прымеркаваць, прысвяціць, прыстасаваць; к) (толькі ад асноў дзеясловаў незакончанага трывання з суфіксамі ‑ыва‑, ‑іва‑, ‑ва-) дзеянне, якое суправаджае якое‑н. іншае дзеянне, напрыклад: прыгаворваць, прыпяваць, прытанцоўваць, прытупваць.

2. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў і прыметнікаў, падаючы значэнне: які размяшчаецца паблізу, каля чаго‑н., непасрэдна прымыкае да чаго‑н., напрыклад: прыбярэжны, прылесак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скрыпі́цы: pan… kajdanoszy hotuje, a skrypicy na ruczycy (Зянк.). Кольберг (Kolb., 385) тлумачыць ‘пастронкі’, што недакладна, параўн. тлумачэнне Шымкевічам укр. скрипни́ци ‘драўляныя клешчы, якія надзявалі на ногі злачынцам’ (Шымк. Сл., 127), параўн. таксама скрипи́ца, скрепи́ца ‘драўляныя кайданы або калодка’. З іншай суфіксацыяй укр. дыял. скри́пці ‘блокі ў кроснах’, польск. skrzypic, skrzypce ‘кайданы, калодка’, чэш. skřipec ‘блок у кроснах’, ‘дыба, прыстасаванне для катавання’, славац. škripec ‘тс’, в.-луж. skřipk ‘блок у кроснах’, серб.-харв. шкрипац ‘блок’, славен. škrípec ‘блок’, ‘клешчы’, балг. скрипе́ц ‘частка кроснаў; блок’, макед. скрипец ‘блок’. Прасл. *skripьcь. Трубачоў (Ремесл. терм., 135) адносіць да *skripěti ‘скрыпець’. Варбат (Этимология–1981, 17–18) у сувязі з апошняй версіяй падкрэслівае, што ўсе вышэйпамянёныя рэчы маюць паз, шчыліну, адкуль ‘прыстасаванне з пазам, жолабам для змацавання, сціскання, сцягвання’ і г. д., што дэманструе сувязь з зыходным дзеясловам. Гл. таксама БЕР, 6, 798 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 288 (слова не звязана з гукапераймальнай асновай *skrip‑, а непасрэдна выводзіцца ад і.-е. *sker‑ ‘рэзаць, калоць’ з семантычным развіццём ‘раскол’ — ‘кляшчотка, клешчы’, ‘дыба’, ‘блок’). Борысь (Etymologie, 666–669) выводзіць назвы рознага тыпу дэталяў, сярод іх каш. skřëpk ‘бэлька, у якой паварочваюцца вароты; калодка, ступа з гняздом для восі варот’, з прасл. *skripъ, *skripa, фармальна тоеснага прасл. *skripъ, *skripa ‘скрып, трэск, скрыгат’, якое ў познепраславянскую эпоху набыло спецыфічнае (тэхнічнае) значэнне. Паводле Басая і Сяткоўскага (Słownik, 668), польск. skrzypiec ‘прылада для катаванняў’ можа быць багемізмам, але не выключаецца і захаванне ўласнага архаізма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́рыцца (ты́рицьца) ‘церціся, ацірацца дзе-небудзь’, уты́рыцца ‘ўсунуцца, улезці’: утырився сюды (Нас.),ты́рыць ‘біць’: будзем ты́рыць суседняга хлопца (уздз., Жд. 3) Параўн. укр. разм. тиратися ‘гараваць, бедаваць’, ти́рити ‘цягнуць’, ‘піхаць, усучваць’, рус. ты́риться ‘ісці, прабіраючыся крадком’, ты́рить ‘красці’, сты́рить ‘украсці’, мажліва, сюды ж з т. зв. жгонскай мовы ти́рить у́паки ‘валіць валёнкі’. Цвяткоў (Запіскі, 2, 55) параўноўваў зваротны дзеяслоў з польск. terać się бадзяцца, ацірацца’, трактуючы змену першага галоснага пры запазычанні ў якасці працэсу «нахілення або сціскання», як у польск. rozterka ‘ўнутраны непакой, ваганне’; ст.-бел. ростырк, розтырк ‘сварка, разлад’ (1518 г., ГСБМ), аднак няяснымі застаюцца фармальныя і семантычныя адносіны паміж тыраць і тырыць. У рус. тырить, стырить ‘красці, скрасці’ Кіпарскі (Зб. Бернштейну, 418) бачыць «двухбаковае чаргаванне» ў аснове *tur‑ з першасным значэннем ‘схапіць, сцягнуць’, гл. турыць. Узыходзіць да прасл. *tyriti, адносна першаснай семантыкі якога існуюць розныя меркаванні; зыходнае значэнне ‘скрытна знаходзіцца дзе-н.’ (Іваненка, Студіі з ономастики та етимології. 2010, 72), што адпавядае семантыцы зваротнага дзеяслова ў Насовіча, параўн. і стырыць ‘стаяць, прысутнічаць, дзяжурыць’ (гл.), што ўрэшце можа быць звязана з гукапераймальным тыр (гл. тыр-тыр), параўн. рус. тыр да ёр ‘бязладдзе’, ст.-польск. tyr ‘папрок’, серб. тир ‘штуршок’ і інш., гл. тыркаць, тырчаць. Што да паходжання дзеяслова, то, відаць, яно звязана з прасл. *tirati (гл. тыраць), якое выводзіцца з *terti ‘церці’ (Сной₂, 766). Відавочна, на семантыку дзеяслова маглі паўплываць іншамоўныя запазычанні, сярод якіх для ўкр. ти́рити ‘цягнуць, валачы’ прапануецца запазычанне з рум. tîrî ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 572), а для рус. ты́риться ‘лезці, прабірацца’, тырить ‘красці’ — цыг. te terés ‘трымаць, мець, браць’ (Бараннікаў, Язык и литература, Ленинград, 1931, 7, 153; Шапавал, ВЯ, 2007, 5, 113).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаць1, жну ’убіраць расліны, зразаючы сцёблы’. Рус. жать, укр. жа́ти, польск. żąc, ’в.-луж. уст. žęć, žnyć, н.-луж. žeś ’тс’, палаб. zanai ’жатва’, чэш. žíti, žnouti, славац. žať, балг. жъ̀на, макед. жнее, серб.-харв. же̏ти, славен. žéti ’жаць’. Ст.-сл. жѧти, ст.-рус., ст.-бел. жати ’тс’. Прасл. *žęti, *žьną ’тс’ мае ў адрозненне ад іншых і.-е. моў спецыялізаванае значэнне. І.‑е. корань *g​hen‑(ə)‑ меў, паводле Покарнага (1, 491), значэнне ’біць’ і суадносіцца са слав. словам гнаць (гл.), а таксама з літ. genė́ti ’ачышчаць голле са ствала’ (Траўтман, 85), ст.-іран. ǰain‑ti ’ўбіваць’, нарв. дыял. gana ’ссякаць галлё з дрэва’ і інш. Фасмер, 2, 60; Скок, 3, 678; Махэк₂, 728; БЕР, 1, 565; Шанскі, 1, Ж, 279; Ваян, RÉS, 41, 1962, 59–60. У бел. прадстаўлены вытворныя жатва, жнец, жняя, жніво, вядомыя, відаць, яшчэ ў праславянскі перыяд, і шэраг іншых. Пра ст.-бел. значэнні і вытворныя гл. Шадурскі, дыс., 315–319.

Жаць2, жму ’ціснуць, праць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. жать, укр. жа́ти, польск. żąc ’ціснуць’, в.-луж. žimać ’выціскаць’, н.-луж. žeś, žmeś, žḿuś, ’ціснуць’, чэш. žmoliti, славац. žmoliť ’ціскаць, церці’, славац. žmyknúť ’вылушчыць шляхам сціскання’, балг. жъмка, серб.-харв. же̑ти, же́ти ’сціскваць’, славен. žę̑ma ’прэс’, ožę̑mati, ę́ti ’ціснуць, сціскваць’. Ст.-сл. съжѧти ’сціскваць’, ст.-рус. жати ’тс’ (зафіксавана з XVII ст.). Прасл. *žęti, *žьmǫ ’ціснуць’ да і.-е. кораня *gem‑ ’хапаць, сціскваць’ (літ. gùmulas ’куля’, gãmalas ’снежная куля; кусок хлеба, мяса’, лат. gumt ’хапаць’, грэч. γέντο ’схапіў’, γέμω ’я поўны’, нарв. kams ’галушка’ і інш.). Роднаснае слав. утварэнне з іншым вакалізмам гамёлак, гамёлка ’вялікі кавалак (хлеба, сыру)’ (гл.). Фасмер, 2, 59; Шанскі, 1, Ж, 278; БЕР, 1, 565; Покарны, 1, 368–369; Скок, 3, 678–679; Траўтман, 88. Сцвярджэнне Крукоўскага (Уплыў, 33), быццам кораня ‑жм‑ няма ў бел. мове, неабгрунтаванае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)