прылада для вымярэння энергетычнага размеркавання (спектра) электронаў ці пазітронаў, што ўтвараюцца пры бэта-распадзе, а таксама электронаў, якія вылучаюцца рэчывам пры ўздзеянні на яго іанізавальных выпрамяненняў.
Асн. характарыстыкі бэта-спектрометра: раздзяляльная здольнасць (найменшая розніца ў энергіі электронаў, якая можа быць зарэгістравана) і святласіла (адносіны колькасці электронаў, што папалі ў дэтэктар, да ўсёй колькасці электронаў дадзенай энергіі, якія вылучаны крыніцай). Здабытак святласілы на плошчу крыніцы электронаў наз. свяцільнасцю: чым яна большая, тым больш адчувальны бэта-спектрометр. Адрозніваюць бэта-спектрометры, што вымяраюць энергію электронаў па выніку іх уздзеяння на рэчыва (іанізацыйныя камеры, сцынцыляцыйныя лічыльнікі, паўправадніковыя дэтэктары), і бэта-спектрометры, якія прасторава раздзяляюць электроны розных энергій у эл. і магн. палях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАМЕ́ТРЫЯ,
вымярэнне велічынь, якія характарызуюць гук, а таксама амплітудных, частотных і фазавых суадносін гукавых хваль, што характарызуюць работу электраакустычных прылад, акустычныя ўласцівасці матэрыялаў, канструкцый, памяшканняў і інш. Праводзіцца ў гукавымяральных камерах.
У глухіх камерах (бязрэхавыя, з макс. паглынаннем гуку) ствараюць і вымяраюць пастаянны гукавы ціск, вызначаюць дыяграмы накіраванасці гуку, характарыстыкі мікрафонаў, тэлефонаў, гуказдымальнікаў і інш. акустычных сістэм, выконваюць інш. акустычныя даследаванні. У гулкіх камерах (з мінім. гукапаглынаннем) вызначаюць каэф. гукапаглынання па працягласці рэверберацыі да і пасля ўнясення ў камеру шчыта з матэрыялу, які даследуецца. Амплітудныя суадносіны гукавых хваль (сілу гуку) вымяраюць прамым і эл. метадам, частотныя суадносіны — эл. метадам з дапамогай аналізатараў спектра гукавой частаты, фазавыя суадносіны — фазометрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́К (Мікалай Станіслававіч) (н. 29.10.1945, в. Дзешчанка Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1993). Скончыў БДУ (1966). З 1966 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі (з 1988 нам. дырэктара). У 1976—77 у Гомельскім дзярж. ун-це. Навук. працы па крышталяоптыцы, крышталеакустыцы, нелінейнай акустыцы. Распрацаваў нелінейна-аптычныя метады і прылады для вымярэння параметраў лазернага выпрамянення і кіравання імі; спосабы кіроўнага факусіравання і сканіравання ультрагукавых пучкоў.
Тв.:
Генерация мощного излучения с перестройкой спектра в области 280—385 нм (у сааўт.) // Письма в ЖЭТФ. 1972. T.15, вып. 1;
Внутрирезонаторная лазерная спектроскопия с применением нелинейного преобразования частоты (у сааўт.) // Квантовая электроника. 1988. Т. 15, № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ФШЫЦ (Ілья Міхайлавіч) (13.1.1917, г. Харкаў, Украіна — 23.10.1982),
украінскі і расійскі фізік-тэарэтык. Акад.АНСССР (1970, чл.-кар. 1960), АН Украіны (1967). Брат Я.М.Ліфшыца.
Скончыў Харкаўскі ун-т (1936) і Харкаўскі політэхн.ін-т (1938). У 1937—68 у Харкаўскім фіз.-тэхн. ін-це АН Украіны. З 1969 у Ін-це фіз. праблем АНСССР. Навук. працы па квантавай тэорыі цвёрдага цела, электроннай тэорыі металаў, фіз. кінетыцы, статыст. тэрмадынаміцы палімераў. Устанавіў сувязь паміж назіранымі ўласцівасцямі металаў і геаметрыяй іх паверхні Фермі, абгрунтаваў магчымасць аднаўлення энергет.спектра кандэнсаваных цел па эксперым. даных. Ленінская прэмія 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ ЧАСТАТЫ́ў радыётэхніцы,
працэс перанясення паласы частот, занятай эл. сігналам, у іншую вобласць частотнага спектра для больш зручнай яго апрацоўкі, выпрамянення ці паляпшэння параметраў радыёапаратуры.
У радыёперадатчыку нізкачастотны сігнал гуку. відарысу ці інш. віду інфармацыі з дапамогай мадулятара пераўтвараецца ў высокачастотны сігнал (гл.Нясучая частата) для перадачы ў зададзеным дыяпазоне частот. У радыёпрыёмніку пры дэмадуляцыі (дэтэктыраванні) адбываецца адваротны працэс — пераўтварэнне высокачастотнага сігналу ў адпаведны нізкачастотны сігнал. У супергетэрадзінным радыёпрыёмніку прыняты сігнал папярэдне пераўтвараецца ў ваганні другой высокай (прамежкавай) частаты з захаваннем закону мадуляцыі. Выкарыстоўваецца адна-, радзей двух- ці трохкратнае П.ч. для больш высокай выбіральнасці прыёму, пастаянства эл. характарыстык прыёмніка ў зададзеным дыяпазоне частот і інш.Гл. таксама Многаканальная сувязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІ́ЛАВА ЗАКО́Н,
вызначае залежнасць квантавага выхаду фоталюмінесцэнцыі ад даўжыні хвалі ўзбуджальнага святла. Адкрыты С.І.Вавілавым (1924), ляжыць у аснове тэорыі люмінесцэнцыі. Паводле Вавілава закона квантавы выхад фоталюмінесцэнцыі пастаянны ў шырокім інтэрвале даўжынь хваляў узбуджальнага святла і рэзка памяншаецца пры даўжынях хваляў, большых за тую, пры якой назіраецца максімум інтэнсіўнасці спектра люмінесцэнцыі.
Пастаянства квантавага выхаду абумоўлена квантавай прыродай святла, хуткім пераразмеркаваннем энергіі ва ўзбуджаным электронным стане па вагальных і інш. падузроўнях і перадачай энергіі навакольнаму асяроддзю. Вавілава закон выконваецца ў вадкіх і цвёрдых растворах; для складаных малекул у газавай фазе не мае месца, што тлумачыцца захаваннем лішку вагальнай энергіі, набытай у акце паглынання святла. Вавілава закон атрымаў тэарэт. тлумачэнне ў працах бел. вучоных Б.І.Сцяпанава і М.К.Барысевіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЭАСІГНА́Л,
электрычны сігнал з шырокім спектрам частот, прызначаны для ўтварэння чорна-белых, каляровых або стэрэавідарысаў. Мае сігнал відарыса, радковыя і кадравыя сінхраімпульсы (каляровы відэасігнал акрамя сігналу яркасці мае сігналы колернасці і колернай сінхранізацыі). Бывае аналагавы і лічбавы. Утвараецца святлоэл. пераўтваральнікамі, напр., відыконамі ў тэлебачанні, фотаэлементамі і фотапамнажальнікамі ў факсімільнай сувязі, дэтэктарамі эл.-магн. хваль у радыёлакацыі. Паласа частот спектра відэасігналу вызначаецца скорасцю разгортвання відарыса і стандартызавана для кожнага выпадку выкарыстання.
Відэасігнал пры перадачы вертыкальных каляровых палос: а — тэлевізійны відарыс; б — асцылаграма радка сістэмы ПАЛ; в — асцылаграма чырвонага радка сістэмы СЕКАМ; 1 — радковыя гасільны і сінхранізавальны імпульсы, 2 — працягласць радка; U′y — сігнал яркасці; Uск — сігнал колернасці; Uскс — сігнал каляровай сінхранізацыі; Uп.r, Uп.b — немадуляваныя паднясучыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУСТЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы для ўзбуджэння, прыёму, перадачы і паглынання акустычных хваляў. У акустаэлектроніцы як гукаправоды выкарыстоўваюцца матэрыялы з малымі акустычнымі стратамі ў рабочым дыяпазоне частот: шкло, сплавы на аснове магнію, плаўлены і крышт. кварц і інш.; у акустаоптыцы як святлогукаправоды — матэрыялы, празрыстыя ў адпаведнай вобласці аптычнага спектра, з малымі акустычнымі стратамі і з высокай акустааптычнай эфектыўнасцю ў рабочым дыяпазоне частот: свінцовае, тэлуравае, халькагеніднае шкло, крышталі паратэлурыту, малібдэну свінцу, фасфід і арсенід галію і інш. Для вырабу акустычных выпрамяняльнікаў і прыёмнікаў выкарыстоўваюцца магнітастрыкцыйныя матэрыялы і п’езаэлектрычныя матэрыялы, у буд-ве — гукаізаляцыйныя і гукапаглынальныя матэрыялы, якія характарызуюцца малым каэфіцыентам адбіцця і вял. каэфіцыентам паглынання акустычных ваганняў на гукавых частотах (парапласты, мінер. вата, порыстая гума і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́МЕРФЕЛЬД ((Sommerfeld) Арнольд) (5.12.1868, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія —26.4.1951),
нямецкі фізік-тэарэтык, заснавальнік мюнхенскай школы тэарэт. фізікі. Чл.-кар. Берлінскай АН (1920), замежны чл.АНСССР (1929). Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1891). З 1891 працаваў у розных ВНУ Германіі, у 1908—40 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па квантавай тэорыі атама, спектраскапіі, электроннай тэорыі металаў. Рашыў задачу аб выпрамяненні вертыкальнага дыполя, які знаходзіцца на мяжы 2 асяроддзяў (1909), удакладніў мадэль атама Бора і стварыў тэорыю тонкай структуры спектра вадародападобных атамаў (1916), распрацаваў тэорыю тармазнога выпрамянення электронаў (1931). Аўтар падручнікаў па тэарэт. фізіцы.
Тв.:
Рус.пер. — Пути познания в физике. М. 1973.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 391—392.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́НДРЫЯН (Mondrian, Mondriaan) Піт (Пітэр Карнеліс; 7.3.1872, г. Амерсфарт, Нідэрланды — 1.2.1944), нідэрландскі жывапісец, тэарэтык мастацтва; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік неапластыцызму. Скончыў Амстэрдамскую АМ (1897). Працаваў у Нідэрландах, Парыжы (1912—14 і з 1919), Лондане (з 1938), Нью-Йорку (з 1940). Адзін з заснавальнікаў групы «Стыль» (1917). Зазнаў уплыў кубізму. У творчасці імкнуўся да «універсальнай гармоніі», ствараў пераважна абстрактныя кампазіцыі са строга ўраўнаважаных прамавугольных плоскасцей, падзеленых контурнымі перпендыкулярнымі лініямі і лакальна афарбаванымі ў асн. колеры спектра з дабаўленнем белага і чорнага: «Кампазіцыя. Ромб з шэрымі лініямі» (1918), «Кампазіцыя А» (1919), «Кампазіцыя» (1922), «Кампазіцыя з жоўтымі лініямі» (1933), «Нью-Йорк-сіці I» (1942), «Брадвейскі бугі-вугі» (1942—43) і інш. Аўтар кн. «Неапластыцызм» (1920), «Новая форма» (1925).