ву́гал, -гла́ м., в разн. знач. у́гол;

прамы́ в.геом. прямо́й у́гол;

тупы́ в.геом. тупо́й у́гол;

пад вугло́м у 60°мат. под угло́м 60°;

в. адбіцця́физ. у́гол отраже́ния;

в. падзе́нняфиз. у́гол паде́ния;

в. прыцэ́лувоен. у́гол прице́ла;

завярну́ць за в. — заверну́ть за у́гол;

рубі́ць у в.плотн. руби́ть в у́гол;

пло́скі в.геом. пло́ский у́гол;

з-за вугла́ — из-за угла́;

згла́дзіць во́стрыя вуглы́ — сгла́дить о́стрые углы́;

зрэ́заць в. — сре́зать у́гол

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ла́па, ‑ы, ж.

1. Ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак. Гусіная лапа. □ [Стралец:] — Чмыхае мядзведзь носам ды абараняецца пярэднімі лапамі ад чмялёў. Якімовіч. // Разм. груб. Аб руцэ або назе чалавека.

2. Разм. Пышная галіна. Многа снегу на лапах вялікіх ялін. Брыль.

3. Спец. Расплюшчаны і загнуты канец у некаторых інструментах, прыстасаваннях; інструмент, прыстасаванне з такім канцом. Шавецкая лапа. Лапы культыватара. □ Хлопцы з чыгункі даставілі на ўмоўленае месца некаторыя інструменты: лапы, гаечныя ключы. Лынькоў.

4. Спец. Шып на канцы бервяна, які ўстаўляецца ў выемку другога бервяна пры звязванні іх у вянец. Рубіць у лапу.

5. Уст. Удар лінейкай па далоні як від пакарання ў дарэвалюцыйнай школе. // Лінейка, якой білі. [Дзед:] — Лапа, ну як табе сказаць: лінейка такая дубовая або кляновая. Некалі настаўнікі білі ёю вучняў па далоні, па лапе.. Таму і лапай празвалі. Якімовіч.

•••

Даць (сунуць) у лапу гл. даць.

Запусціць лапу ў што гл. запусціць.

Налажыць лапу на што гл. налажыць.

Папасціся (трапіць) у лапы каго, чые, каму гл. папасціся.

У лапах каго, чыіх, у каго — у поўнай залежнасці, ва ўладзе (быць, знаходзіцца, апынуцца і г. д.).

Хадзіць на мяккіх лапах гл. хадзіць.

Як курыца лапай гл. курыца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каро́ткі, укр. короткий, рус. короткий, чэш. krátký, славац. krátky, в.-луж. krótki, палаб. kortʼě (< kort ъkъ), польск. krótki, балг. кратък, макед. краток, серб.-харв. кра́так, славен. krátek. Этымалогія слова даволі празрыстая. Прасл. kortъkъ атрымаў сваю рэгулярную суфіксацыю ‑ъkъ з прасл. kortъ (ŭ‑аснова). Назоўнік kortъ у значэнні ’раз’ захаваўся ў паўд.-слав. і зах.-слав. мовах. Усх.-слав. мовы запазычылі стараславянскія формы крат, кратны (гл.), кратнасць (гл.). Прасл. kortъ непасрэдна суадносіцца з прасл. čьrtǫ, čersti ’праводзіць баразну’, літ. kir̃sti, kertùрубіць’, лат. cirst ’тс’, ст.-інд. kártati ’рэжа’ (Трубачоў, Эт. сл., 11, 102; 4, 75–76). Такім чынам, kortъ меў значэнне ’адрэзаны кавалак, канец’. Гэта не значыць, што тут мы маем справу з праславянскай інавацыяй (čersti > kortъ > kortъkъ ’кароткі’). Сапраўды, у балт. мовах не існуе надзейнай паралелі да kortъkъ. Літ. kartùs ’горкі’, якое з’яўляецца фармальна тоесным прасл. kortъ, мае іншую семантыку (параўн. Хэмп, RS XXX, 1, 43). Але насуперак Трубачову, Эт. сл., 11, 103, нельга адмаўляцца ад параўнання прасл. kortъkъ і лац. curtus ’кароткі’. Семантычная тоеснасць, якой не хапае фармальна тоеснаму літ. kartùs, тут відавочная, а фармальныя разыходжанні мінімальныя (лац. curtus павінна адпавядаць не прасл. kortъ, а kъrtъ). Улічваючы тое, што паняцце ’кароткі’ ў балт. мовах перадаецца лексемай іншага паходжання (літ. trum̃pas ’кароткі’, trùpùtis ’крошка’, trupė́ti ’крышыцца’), магчымым з’яўляецца другаснай пранікненне італ. kartus (блізкага да лац. curtus) у прасл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

будава́ць, будую, будуеш, будуе; незак., што.

1. Ставіць, мураваць, рубіць дом, узводзіць будынак, збудаванне. Будаваць палац. Будаваць дом. // без дап. Займацца будоўляй. Мы павінны будаваць добра і танна. // Вырабляць, выпускаць (машыны, механізмы і пад.). Сяргей Іванавіч пайшоў пасля арміі ў інстытут, каб навучыцца будаваць танкі. Шамякін. // Рабіць, майстраваць, ляпіць (гняздо і пад. — пра птушак і звяроў). І вадасточная труба.. Вісіць, аглухшы, а над ёй Будуюць зноў прытулак свой Дзве ластаўкі. Танк.

2. перан. Ствараць, тварыць. Народы нашых краін ідуць да адной вялікай мэты — яны будуюць сацыялізм і камунізм, будуюць самае лепшае і справядлівае грамадства на зямлі. Палітыка. Мы на вахту працы сталі, Мір будуем на вякі. Астрэйка.

3. У думках намячаць, ствараць (планы, здагадкі і пад.). Тры дні сурова, па-салдацку, ўспаміналі.. [сын з бацькам] нядаўняе мінулае і адначасова будавалі планы на будучыню. Васілевіч.

4. Асноўваць, базіраваць на чым‑н. Колькі іх было ў гісторыі, «вялікіх» і дробных цынікаў — «інквізітараў», што будавалі свае разлікі на слабасці, на баязлівасці людзей. Адамовіч. Агітатары будуюць свае гутаркі на канкрэтных прыкладах з жыцця сваіх брыгад. «Звязда».

5. Вычэрчваць якую‑н. геаметрычную фігуру на аснове зададзеных памераў. Будаваць квадрат. □ Затым пад прамым вуглом адыходжу ўздоўж берага і будую два прамавугольныя трохвугольнікі — вялікі і маленькі. Жычка.

6. Састаўляць, складаць што‑н., адбіраючы і размяшчаючы пэўным чынам, у пэўным парадку, сістэме матэрыял. Будаваць фразу. Будаваць сюжэт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улажы́ць, улажу, уложыш, уложыць; зак., каго-што.

1. Палажыць, змясціць унутр чаго‑н.; укласці. Улажыць кнігу ў партфель. □ Напісаўшы пісьмо, Ганка ўлажыла яго ў канверт і, падумаўшы крыху, падпісала: «Леніну, Ільічу». Бяганская. [Дзядзька] згарнуў паперку яшчэ на чатыры часткі, улажыў яе ў кашалёк. Брыль. // Зрасходаваць на пабудову, пакрыццё і пад. Дарогі будаваць трэба, сапраўды яны ў нас дрэнныя.. Што толькі бедныя шафёры не робяць. Хутка ўвесь лясок, што раскінуўся каля раённага цэнтра, уложаць у дарогу. Сергіевіч.

2. перан. Патраціць, расходаваць на што‑н. Казалі, што Ева расчала рубіць вясной вялікі дом, восем на дзесяць, каб улажыць усе тыя лішнія грошы, якія яна атрымала сёлета за лён. Ермаловіч. // Аддаць, прысвяціць каму‑, чаму‑н. Колькі любві мы і працы Улажылі ў суровую глебу! Танк.

3. Надаць каму‑н. ляжачае становішча, памагчы легчы. Дзеда ўлажылі ў пасцель, паставілі на тумбачку бутэлечкі з лекамі, шклянку з вадой. Хомчанка. Выправіўшы з пакоя Пракопа, [Арына] раздзела Лёдзю, улажыла ў ложак, мокрым ручніком выцерла ёй рукі, твар, шыю. Карпаў. // Прымусіць легчы спаць. Толькі позняя ноч улажыла ўсіх спаць. Чарот. // Прымусіць хворага знаходзіцца ў пасцелі. Бабка.. Кажа: «Грып, няйначай, нейкі конскі, Аж паўвёскі ў ложкі ўлажыў». Чэрня.

4. Разм. Забіць. Раптам зводдаля, адтуль, куды напрасцяк імчаўся бяляк, пачуўся стрэл, і Мікола ўбачыў, як далёка нехта з яго сяброў усё-такі ўлажыў небараку... Краўчанка. [Дзяжа:] Цішэй! Стрымайце выбух гневу, Пасмейце пікнуць — улажу. Колас.

5. Зрабіць укладку (пра валасы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рубе́ль1 ’грашовая адзінка, роўная 100 капейкам’, ’банкнот і манета такой вартасці’ (ТСБМ), ст.-бел. рубель ’грашовая адзінка, роўная 100 грошам’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж рублёвы ’які каштуе адзін рубель’ (ТСБМ), рублёўка ’манета або казначэйскі білет вартасцю ў адзін рубель’ (ТСБМ). Як назва грашовай адзінкі ва ўсіх славянскіх мовах з рус. рубль ’рубель’, якое ад рубить ’сячы’ (гл. руб), паводле Фасмера (3, 511), “абрубак грыўны”. Параўн. укр. карбо́ванець пры карб ’засечка; рубец’, карбува́ти ’рабіць нарэзы; рэзаць; сячы’, карбо́ваний ’пакрыты разьбой; парэзаны’ (ЕСУМ, 2, 388). Гл. таксама рубель2.

Рубе́ль2 ’тоўстая жэрдка, якой уціскаюць на возе сена, снапы і пад.’ (ТСБМ), ’жордка, да якой прымацоўваюць бярвёны пры складанні плытоў сплаўнога лесу’ (стол., лельч., петр., Маслен.), ’тоўстая рухомая жэрдка, на якой стаяць, крыючы страху саломай’, ’кладзь, якая агароджвае застаронкі ў станку (курэні)’ (ТС), рубэ́ль ’жэрдка ў нажной ступе’ (Клім.), ’прылада для ўціскання сена ці саломы на возе або машыне’ (пін., стол., Сл. Брэс.). Ст.-рус. рубль ’кляп, адсечаны кавалак’ (Сразн., 3, 182). Але, магчыма, новы беларускі аддзеяслоўны назоўнік з суф. ‑ель ад рубіць (гл.) са значэннем выніку дзеяння як бурдзе́ль ’пракіслая страва’ ад бурдзе́ць ’пракісаць’, круце́ль ’перавясла’ і ’падобныя’. Параўн. балг. ръ́бел ’адбітая частка прылады для рэзання, сячэння; зазубрына на вастрыі прылады’, н.-луж. rubjel ’абрубак палкі’ (< прасл. *robьlь ’адсечаны кавалак’, Шустар-Шэўц, 2, 1249).

Рубе́ль3 ’драўлянае прыстасаванне для разгладжвання бялізны’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. дыял. рубе́ль ’тс’, ’жэрдка з зарубкамі па краях, якой прыціскаюць сена’. Фасмер (3, 511) выводзіць ад рубить (гл.). Відаць, да папярэдняга слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кава́ць1 ’ударамі молата або ціскам апрацоўваць распалены метал, надаваць яму патрэбную форму; падкоўваць, акоўваць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Сержп., Яруш.). Укр. ковати, кувати, рус. ковать, польск. kować, н.-луж. kowaś, в.-луж. kować, чэш. kovati, славац. kovať, серб.-харв. kòvati, славен. kováti, мак. ковам, балг. кава. Прасл. kovati, kovǫ: kovati, kujǫ ’апрацоўваць метал молатам і інш.’ Ад і.-е. kāu‑, kəu‑ ’біць, сячы, рубіць’, параўн. літ. káuti ’біць, забіваць’, лат. kaût ’тс’, ст.-ням. houwan, ням. hauen ’біць, сячы, каваць’ і інш. Трубачоў (Ремесл. терм., 345–347) звяртае ўвагу на спецыфічнасць значэння ’апрацоўваць молатам’ у славян параўнальна з кантынуантамі ў іншых і.-е. мовах. У гэтым славянскія мовы адрозніваюцца ад балтыйскіх. Падрабязна аб значэннях слав. kovati гл. Слаўскі, 3, 18–19; БЕР, 2, 506–509.

Кава́ць2 ’кукаваць’ (Мал., Сержп. Грам., Сцяц., зэльв.; Радч.). Укр. кувати, польск. kować ’тс’. Звяртаюць на сябе ўвагу значэнні слав. kovati ’апрацоўваць молатам, біць’ у розных мовах і гаворках, якія апісваюць манатонныя працэсы, напр. славін. kùevą, ku̯ovają ’гучна, манатонна стукаць дзюбай (звычайна пра дзятла) і да т. п.’ Слаўскі (3, 19) лічыць, што прасл. kovati мела значэнне ’кукаваць’. Ён прыводзіць семантычную паралель: bić ’біць’ і ’спяваць (аб перапёлцы)’. Лічыць гэты перанос (< kovati ’біць і г. д.’) старажытным нельга, паколькі каваць ’кукаваць’ адзначана на сумежных арэалах і можа ўяўляць познюю інавацыю. Да таго ж не выключана, што каваць можна суаднесці як другаснае з гукапераймальным kukovali, параўн. укр. кукувати, бел. кукаваць, рус. куковать, польск. kukować, в.-луж. kukować. Магчыма, працэс перараскладання або народнай этымалогіі мог прывесці да вычлянення каваць < кукаваць. Менш верагоднай уяўляецца думка аб старажытных сувязях каваць ’кукаваць’ і ст.-інд. kā́uti ’крычыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)