мяккацелыя, тып беспазваночных жывёл. 2 падтыпы: боканервовыя (2 або 3 класы) і ракавінныя (5 кл.). Каля 130 тыс. сучасных і больш за 100 тыс. вымерлых відаў. Вядомы з ранняга палеазою (больш за 550 млн. гадоў назад). Важны сродак вызначэння ўзросту геал. адкладаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, саланаватых і прэсных водах, на сушы. На Беларусі больш за 60 відаў з кл.двухстворкавых малюскаў і бруханогіх малюскаў, належаць да палеарктычнай фауны. Жывуць на дне вадаёмаў і на раслінах. У Чырв. кнізе Беларусі жамчужніца звычайная.
Даўж. ад 1,1 мм (смоўж гарацыя) да 2,5 м (трыдакна), на Беларусі да 15 см. Цела двухбакова-сіметрычнае, у большасці відаў укрыта ракавінай — двухстворкавай, спіральнай, суцэльнай ці з 8 пласцінак (у некат. відаў рэдукаваныя). Ракавіна мае рогавы, прызматычны і перламутравы слаі. Галава (у некат. відаў выяўлена слаба або адсутнічае) мае вочы, шчупальцы і ротавую адтуліну. Тулава ўтварае складку (мантыю), якая выдзяляе рэчывы ракавіны. Паміж мантыяй і тулавам у мантыйнай поласці знаходзяцца шчэлепы, органы хім. адчування, раўнавагі і інш. Мускулісты выраст брушной сценкі ўтварае нагу — орган перамяшчэння. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, большасць лёгачных малюскаў — зялёнымі ч. раслін; ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Ядомыя М. (вустрыцы, грабеньчыкі, кальмары, мідыі, ахаціны, смаўжы вінаградныя і інш.) — аб’екты промыслу і аквакультуры. Са старажытнасці ракавіны М выкарыстоўваліся ў якасці грошай, у культавых рытуалах, як упрыгожанні, у дэкар.-прыкладным мастацтве. Гл. таксама Галаваногія малюскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛФ ((Kalf) Вілем) (хрышчаны 3.11.1619, г. Ротэрдам, Нідэрланды — 31.7.1693),
галандскі жывапісец. Прадстаўнік амстэрдамскай школы нацюрморта. Як каларыст зазнаў уплыў Рэмбранта. У 1642—46 у Парыжы, дзе стварыў большасць сваіх работ, у якіх адлюстроўваў вясковыя сцэны з выявамі посуду і рэчаў хатняга ўжытку («Інтэр’ер хаціны», «Двор сялянскай хаты» і інш.). З 1643 пісаў нацюрморты з залатымі і сярэбранымі рэчамі, даспехамі, рэдкаснымі прадметамі (ракавіны, каралы; «Дэсерт», каля 1659, і інш.). Творы вылучаюцца дакладнасцю распрацоўкі фактуры матэрыялаў, спалучэннем вытанчаных тонаў і моцнымі святлоценявымі кантрастамі («Сняданак» і інш.). З 1646 у Галандыі (з 1653 у Амстэрдаме). Разам з інш. мастакамі паклаў пачатак новаму кірунку ў галандскім жывапісе, які стаў проціпастаўленнем суроваму манахромнаму стылю ў нацюрморце і прадвеснікам пышнасці мастацтва барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗЗУ́БКІ, анадонты (Anodonta),
род прэснаводных малюскаў кл. двухстворкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы. Жывуць у стаячых і з павольнай плынню вадаёмах, поўзаюць па грунце. На Беларусі 5 відаў: бяззубка звычайная (A. cygnea cygnea, найб. пашыраная), бяззубка выцягнутая (A. cygnea cellensis), бяззубка рыбіна (A. cygnea piscinalis), бяззубка качыная (A. cygnea anatina), бяззубка вузкая (Peeudanodonta complanata).
Ракавіна (даўж. да 20 см) з дзвюх авальных створак, злучаных эластычнай звязкай. Замковыя зубы адсутнічаюць (адсюль назва). Рухаюцца з дапамогай клінападобнай нагі. Орган дыхання — шчэлепы. Біяфільтраты, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі і іх рэшткамі. Раздзельнаполыя. Самка выношвае аплодненыя яйцы ў шчэлепах восень і зіму, вясной выходзяць лічынкі (глахідыі) і прымацоўваюцца да покрыва ў шчэлепах рыб, дзе да пераўтварэння ў дарослую асобіну вядуць паразітычны спосаб жыцця. Лічынкамі і моладдзю кормяцца рыбы. Корм для с.-г. Жывёл, ракавіны — сыравіна для галантарэйнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ ПРЫСТАСАВА́ННІ жывёл, марфалагічныя, фізіялагічныя або эталагічныя асаблівасці, якія забяспечваюць захаванне жывёл і іх патомства ад ворагаў і неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя. Утварыліся эвалюцыйна ў барацьбе за існаванне.
Марфалагічныя прыстасаванні ўключаюць ахоўную афарбоўку і форму жывёл, органы актыўнай і пасіўнай абароны (рогі, клюшні, ядавітыя органы змей, жукоў, пчолаў, восаў, скарпіёнаў, рыб, іголкі, калючкі, ракавіны, панцыры, мімікрыю). Ад неспрыяльных умоў жывёл ахоўваюць луска, валасяное покрыва, пер’е, тлушчавая праслойка скуры, шкарлупіна яец і інш. Да фізіялагічных ахоўных прыстасаванняў належаць ядавітасць лімфы, крыві, унутр. органаў і скуры жывёл, выдзяленне пахучых рэчываў, назапашванне харч. рэчываў у арганізме, анабіёз, спячка ў жывёл і інш.Эталагічныя (звязаныя з паводзінамі) ахоўныя прыстасаванні — аўтатамія (самакалечанне), сімуляцыя смерці, адпужванне гукамі, позамі і рухамі, міміка, рухі хваста, міграцыі, назапашванне корму; барацьба з паразітамі, групавая абарона, інстынкты пабудовы жылля, клопаты пра патомства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сліма́к, ‑а, м.
1. Малюск, які мае ракавіну і рухаецца вельмі марудна. [Мядзведзіца] пераварочвала старыя, трухлявыя калоды.. і ў чорнай вільготнай глебе заўсёды знаходзіла пад імі мноства тлустых лічынак, чарвей і слімакоў.В. Вольскі.// Малюск, амаль пазбаўлены ракавіны; слізняк. Корміцца язь насякомымі і іх лічынкамі, рознымі чарвякамі, слімакамі і водарасцямі.Матрунёнак.
2.Разм.зневаж. Пра бязвольнага, бесхарактарнага чалавека. [Маці:] — Бацька кажа — [Юрка] проста нікчэмны, слімак.Карпаў.[Сцяпан] лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, — але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог.Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разе́ц, ‑зца, м.
1. Рэжучы інструмент для апрацоўкі металу, дрэва і іншых цвёрдых матэрыялаў. — [Жалеза] плыве пад разцом лёгка і мякка.Кулакоўскі.Пакуль не ступілася джала разца І рукі ад працы не зморацца, Я мушу пакінуць адбітак жыцця На камні, жалезе і золаце.Танк.
2.перан. Пра майстэрства, манеру, стыль якога‑н. скульптара.
3. Пярэдні зуб плоскай формы ў чалавека і некаторых жывёл. Губы прывычна сціскаюцца за разцамі, вушныя ракавіны шчыльна закрываюцца і, адапхнуўшыся ад берага моцнымі заднімі нагамі, .. [бабёр], як калодка, потырч бухае ў ваду.Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДЭФЕКТАСКО́П (ад дэфект + ...скоп),
прылада або ўстаноўка для выяўлення дэфектаў (тыпу парушэнняў суцэльнасці ці аднароднасці, адхіленняў у хім. саставе) у матэрыялах, паўфабрыкатах і вырабах метадамі неразбуральнага кантролю. Стацыянарныя і лабараторныя Д. абсталёўваюць асцылаграфічнымі і лічбавымі індыкатарамі, самапіснымі прыстасаваннямі; пераносныя — стрэлачнымі прыладамі, гукавымі або асвятляльнымі сігналізатарамі. Існуюць Д., якія кантралююць рухомыя вырабы або самі рухаюцца адносна вырабаў (рэйкавыя Д., Д.-цялежкі і інш.).
Адрозніваюць Д.: ультрагукавыя (выкарыстоўваюць уласцівасць ультрагукавых хваль адбівацца ад дэфектаў, напр., трэшчын); рэнтгенаўскія і гама-Д. (прасвечваюць вырабы і матэрыялы адпаведнымі прамянямі, фіксуюць трэшчыны, ракавіны, пабочныя ўключэнні); магнітныя (з дапамогай магн. поля збіраюць магн. парашок або суспензію ў месцах дэфектаў); электраіндуктыўныя (узбуджаюць у вырабе або матэрыяле віхравыя токі, сіла і шчыльнасць якіх залежаць ад наяўнасці дэфектаў); люмінесцэнтныя (выяўляюць парушэнні пакрыццяў на дэталях электронных прылад); аптычныя (устаноўкі з прасветным экранам для візуальнага кантролю або сістэмай аўтам. аналізу відарысу; выяўляюць мікрашчыліны, мех. напружанні, адшчэпы, драпіны, скопішчы дыслакацый па змене інтэнсіўнасці адбітых прамянёў) і інш.Гл. таксама Дэфектаскапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́НТУПСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры пач. 20 ст. ў г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Першапачатковая драўляная сядзіба апісана ў інвентары 1591. Належала Гільзенам, сучасны выгляд набыла пры ўладальніку Ю.Бішэўскім. Ансамбль сядзібы падзяляецца на 2 зоны. Перад сядзібным домам размешчана парадная зона, якая ўключае партэр, мураваны арачны мост, капліцу, службовы флігель і бровар. За домам і ставам — выцягнутая па папярочнай восі гасп. зона. Цэнтр ансамбля — 2-павярховы мураваны сядзібны дом (1907, арх. Т.Раствароўскі) у стылі неарэнесансу. У асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка дамінуе тарцовая 3-ярусная чацверыковая вежа. Насычаная арх. пластыка ўключае канеліраваныя калоны, пілястры, анты, рустоўку, ракавіны, атык з балюстрадай і інш. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. 6 га). Насаджэнні згрупаваны па перыметры 4 ставоў і каналаў паміж імі на р. Лынтупка. У парку растуць клён серабрысты, елка блакітная, лістоўніца еўрап., піхта сіб. і інш. Сярод інш. пабудоў вылучаецца вежа-вяндлярня з машыкулямі і вокнамі-байніцамі ў рэтраспектыўна-замкавым стылі, у 1897 пабудаваны МЛЫН.
А.М.Кулагін.
Лынтупская сядзіба. Галоўны фасад сядзібнага дома.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАМЫ́ШСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры класіцызму ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1825 з цэглы. Вырашаны адзіным прамавугольным у плане аб’ёмам, накрытым 2-схільным дахам з вальмамі над 3-граннай апсідай. Гал. фасад вылучаны порцікам з 4 парамі калон і высокім трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны стральчатымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, 2-ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Цэнтр даху на гал. фасадзе завершаны шатровым ліхтарыкам. Шырокі неф касцёла з самаст, аб’ёмамі 2-ярусных сакрысцій перакрыты лучковым драўляным скляпеннем. У інтэр’еры арган, дэкарыраваны ў стылі ракако (1762). У канцы 19 — пач. 20 ст. у касцёле ўстаноўлены 3 драўляныя разныя алтары, выкананыя ў 17 ст. (перабудаваны і ўпрыгожаны скульптурамі ў 18—19 ст.), і амбон 1745 у стылі ракако (усе перанесены з Нясвіжскага касцёла бенедыкцінак). Гал. алтар 2-ярусны, на высокім цокалі, абапал якога на кранштэйнах устаноўлены скульптуры св. Станіслава і Маці Божай з дзіцем. Матывы разьбы: вінаградная лаза з гронкамі, разеткі, ракавіны, пальметы, акант, пуцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КРЫЎНЫЯ ТКА́НКІ,
вонкавыя ўтварэнні арганізма на мяжы са знешнім асяроддзем. Асн. функцыі П.т. — ахова, абмен рэчываў (у т. л. газаабмен, транспірацыя), тэрмарэгуляцыя, дотык, выдаленне, часам жыўленне (напр., у стужачных чарвей, скрэбняў, паганафор). У раслін адрозніваюць П.т. першасныя і другасныя. Першасныя (эпідэрміс, або эпідэрма, і эпіблема) вылучаюцца з пратадэрмы. Эпідэрма развіваецца на парастках, лісці, ч. кветак, пладах, насенні; сценкі яе клетак укрыты кутыкулай. Эпіблема ўтвараецца на канцы кораня, выконвае функцыі двухбаковапранікальнай мембраны. Пасля яе адмірання абарончую функцыю выконвае экзадэрма, якая адасабляецца з вонкавых слаёў клетак першаснай кары. У голанасенных і двухдомных раслін на сцёблах і каранях першасныя П.т. замяняюцца на другасныя — корак (вытворнае фелагену), непранікальны для газападобных і вадкіх рэчываў. Ён уваходзіць у склад перыдэрмы, газаабмен у якой адбываецца праз рыхлыя ўчасткі — чачавічкі. У жывёл П.т. складаюцца з покрыўнага (скурнага) эпітэлію (эпідэрмісу). У некат. з іх (немертыны, галаваногія малюскі, пазваночныя) у састаў П.т. уваходзіць мезадэрмальны злучальнатканкавы слой, або дэрма. Для П.т. жывёл характэрны вытворныя: валасы, хіцін панцыра членістаногіх, кутыкула, ракавіны малюскаў, луска, пер’е, кіпцюры, пазногці, скурныя залозы і інш. З П.т. звязаны пігментныя клеткі.