СЛІМАКІ́, слізнякі,

наземныя бруханогія падкл. лёгачных малюскаў пераважна атр. сцяблініставокіх, у якіх няма вонкавай ракавіны або яна недаразвітая. Больш за 250 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, пераважна лясныя жывёлы. Актыўныя ноччу. На Беларусі найб. пашыраны С.: палявы (Deroceras agreste), сеткаваты (D. reticulatum), вялікі (Limax maximus) з роду арыён (Arion) і інш.

Даўж. цела 15—200 мм. Цела чэрвепадобнае або цыліндрычнае, складаецца з галавы, вантробнага мяшка са скурнай складкай (мантыяй) і нагі. Органы дыхання — лёгачныя мяшкі. Раздзельнаполыя або гермафрадыты. Пераважна расліннаедныя, ёсць драпежнікі (кормяцца глебавымі алігахетамі і інш. відамі малюскаў). Шкоднікі пасеваў. Некат. — прамежкавыя гаспадары паразітаў с.-г. жывёл.

Слімакі: 1 — вялікі; 2 — сеткаваты; 3 — арыён субфускус; 4 — арыён руфус.

т. 15, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)