эквілібры́стыка

(ад лац. aequilibritas = раўнавага)

1) жанр цыркавога мастацтва, заснаваны на ўменні выканаўцы рабіць складаныя акрабатычныя практыкаванні, захоўваць раўнавагу ў разнастайных становішчах;

2) перан. уменне лёгка прыстасоўвацца, лавіраваць у розных абставінах.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

эласты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Гнуткі і пругкі. Твар закрывала эластычная гумавая маска з вузкімі прарэзамі для вачэй. Машара. Скрут прыхінуўся спінай да скалы, з задавальненнем адчуваючы пад эластычным касцюмам яе цвёрдасць. Шыцік.

2. перан. Мяккі, плаўны, павольны; пазбаўлены рэзкасці. Эластычныя рухі. □ Павольная, эластычная ў сваім праяўленні сутарга прайшла па ягоным целе, і чалавек, распластаўся на каменні, адкінуўшы руку з плакатам убок. Мікуліч.

3. перан. Які лёгка змяняецца пад уздзеяннем якіх‑н. умоў, які можа лёгка прыстасоўвацца да чаго‑н.

[Ад грэч. elastós — пругкі, цягучы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Абазу́рыцца ’страціць сорам’ (Касп.) < *обо‑зор‑ити‑ся. Параўн. рус. пск. абазуритьсяпрыстасоўвацца, сваволіць’, абазурнік ’нахабнік, гультай’, абазурить ’страціць сорам’, абазориться (‑абазуриться), абазорник (‑абазурник; параўн. рус. озорник, зазорный, позор). Магчыма, таксама кантамінацыя абазориться з опозориться. Неверагодна Тапароў (Зб. Бернштэйну, 455), які сцвярджае іранскую крыніцу для гэтага слова. Маецца на ўвазе ўзнікшае на аснове ст.-іран. zūrah ’несправядлівасць’, ст.-перс. zūrah ’тс’ гіпатэтычнае *aba‑zū̆r з наступным марфалагічным перараскладам на славянскай моўнай глебе. Супраць іранскай крыніцы таксама лінгвагеаграфія слова. Гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 1, 17.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

эласты́чны

(н.-лац. elasticus = пругкі)

1) пругкі, гнуткі; здольны расцягвацца і вяртацца ў ранейшы стан (напр. э-ая падушка, э-ая спружына);

2) перан. мяккі, плаўны, павольны (напр. э-ыя рухі);

3) перан здольны лёгка прыстасоўвацца да чаго-н.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

плы́сці і плыць, плыву́, плыве́ш, плыве́; плывём, плывяце́, плыву́ць; плыў, плыла́, -ло́; плыві́; незак.

1. Перамяшчацца па паверхні вады або ў вадзе.

Лодка плыла супраць цячэння.

2. Ехаць на судне ці на іншым плывучым сродку.

П. на параходзе.

3. перан. Плаўна рухацца або плаўна распаўсюджвацца.

Месяц плыве па небе.

Над вёскай плыў водар садовай квецені.

Над рэчкай плыла знаёмая мелодыя.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Праходзіць перад вачамі рухомымі кругамі (пры паўпрытомным стане).

Перад вачамі плылі зялёныя кругі.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Праходзіць, мінаць.

Плыла позняя вераснёвая ноч.

Плысці па цячэнні — не супраціўляцца абставінам; прыстасоўвацца.

Плысці (плыць) у рукі (разм.) — пра тое, што лёгка дастаецца каму-н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

балансава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.

1. Захоўваць раўнавагу пры дапамозе рухаў цела. [Вано] стаяў на адной назе, .. у правай руцэ трымаў маленькія восці, левай злёгку балансаваў у паветры. Самуйлёнак. // перан. Прыстасоўвацца. Больш за чатыры месяцы балансаваў Заслонаў між падазронасцю ворагаў і незразумелым здзіўленнем тых, што лічылі яго за свайго. «Беларусь».

2. Спец. Падводзіць баланс ​1 (у 2 знач.).

3. што. Спец. Прыводзіць у адпаведныя суадносіны ўзаемазвязаныя часткі чаго‑н. Балансаваць састаўныя элементы ў кармавым рацыёне.

4. што. Спец. Ураўнаважваць вярчальныя дэталі машын, механізмаў. Балансаваць дэталі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пасна́дней ’больш выгодней, ямчэй’ (Нас.). Да ⁺снадны. Параўн. рус. снадитьпрыстасоўвацца’, ’складаць, падганяць (дошкі)’, ст.-польск. snadny ’зручны, ёмкі’, польск. snadnie ’лёгка, без намаганняў’, чэш., славац. snadny ’лёгкі’, мар. nesnadný ’бурклівы’, якія са слова snadъ: н.-луж. snaź, в.-луж., польск. snadź ’мажліва, відаць’, чэш. snad, славац. snaď ’тс’. Брукнер (504) і Фасмер (3, 696) уключаюць сюды і снасць ’начынне працы’. Пэўнай этымалогіі няма. Калі зыходзіць з асноўнага snadъ, можна дапусціць вельмі старое скарачэнне з прыслоўя snadobь (як рус. надо з надобь. Параўн. ст.-слав. оудобь ’лёгка’, ц.-слав. без‑добь ’у неадпаведны час’. Тады sna‑d‑ азначала б ’палёгка’ (Махэк₂, 563).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАЛІТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА ГРАМА́ДСТВА сістэма сац. інстытутаў дзярж.-арганізаванага грамадства, якія ажыццяўляюць паліт. функцыі. Уключае дзяржаву, партыі палітычныя, прафсаюзы, царкву, інш. арг-цыі і рухі. У ёй вылучаюць: падсістэму паліт. ідэй, тэорый, поглядаў, эмоцый, пачуццяў, якія складаюць паліт. свядомасць; падсістэму паліт. адносін паміж грамадствам і дзяржавай, рознымі класамі і сац. групамі, дзяржавамі і г.д.; падсістэму паліт. ін-таў, якія ўтвараюць паліт. арг-цыю грамадства. Характарызуецца адаптаванасцю, звязанай з уменнем прыстасоўвацца да сац. асяроддзя і складанасцю, якая вызначаецца колькасцю яе элементаў і сувязямі, што існуюць паміж імі. Пры ўскладненні сац. асяроддзя, у якім яна функцыянуе, жыццёвае значэнне для яе мае пошук кампрамісаў і кансэнсусу сац. паліт. сіл шляхам прыняцця паліт. рашэнняў. Паводле характару паліт. рэжыму П.с.г. падзяляюцца на дэмакр., аўтарытарныя і таталітарныя; паводле гатоўнасці і здольнасці ўспрымаць інавацыі звонку — на адкрытыя і закрытыя; паводле характару ўзаемаадносін паміж цэнтрам і месцамі — на дэцэнтралізаваныя, цэнтралізаваныя і звышцэнтралізаваныя. Паводле прынцыпу легітымнасці адрозніваюць традыцыйныя, легальныя або харызматычныя. У аснове традыц. улады ляжыць вера ў свяшчэнны характар норм. Здзяйсненне легальнай улады грунтуецца на прызнанні добраахвотна ўстаноўленых юрыд. нормаў, накіраваных на рэгуляванне адносін кіравання і падпарадкавання. Харызматычная ўлада звязана з асобай лідэра, якога надзяляюць выключнымі рысамі. П.с.г. ўласцівы наяўнасць мноства актыўных удзельнікаў; фармалізацыя гэтых удзельнікаў па асаблівасцях іх арганізацыі і функцыянавання; працэдуры абмену інфармацыяй; спалучэнне канфрантацыі і ўзаемадапамогі паміж элементамі сістэм. У рамках П.с.г. адбываецца паліт. сацыялізацыя асобы, выпрацоўка паліт. праграм і курсаў, узгадненне інтарэсаў розных сац.-паліт. сіл з мэтай забеспячэння, захавання і ўмацавання адзінства і згоды ў грамадстве, размеркаванне рэсурсаў, фарміраванне і выкарыстанне грамадскай думкі і інш.

В.​І.​Мянькоўскі.

т. 12, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Меркава́ць, міркава́ць, міркува́ць, міргова́ць, міргува́ць, мірґова́ць, мярґава́ць, пін. мэрґоваті, драг. мырґува́тэ ’думаць, разважаць, раіцца, абмяркоўваць, рабіць дапушчэнні’, ’мець намер’, ’рабіць заключэнне’, ’прыкідваць’, ’разлічваць, планаваць’, ’камбінаваць’, ’старацца ўхапіць што-небудзь’, ’патрапляць’, ’мірыць’ (ТСБМ, Грыг., Гарэц., Нас., Бяльк., Шат., Касп., Мядзв., ТС, Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, Сцяц., свісл., Сцяшк. Сл.), ’меркавацца, разлічваць, прыстасоўвацца, ладзіць, дамаўляцца, дзяліцца’ (Нас., Юрч.; карэліц., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ). Ст.-бел. мерковати, мярковати ’меркаваць’ (XVI ст.). Запазычаны са ст.-польск. miarkować ’мерыць, рэгуляваць’, ’стрымліваць, утаймоўваць’, ’параўноўваць’, miarkować się ’ладзіць, размяркоўвацца’, якое з с.-в.-ням. ці новав.-ням. merken ’разумець’, ’адзначаць’, ’браць пад увагу’, ’назначаць (бялізну)’, ’запамінаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 132; Кюнэ, Poln., 77).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нараві́ць, ‑раўлю, ‑ровіш, ‑ровіць; незак.

1. каму і без дап. Старацца дагаджаць. [Ульяна:] А я ж, панічок, і сама ведаю, што госцю трэба наравіць. Крапіва. Бедната наадрэз адмовілася наравіць пану, а тым больш аддаваць яму сваё сена. Бажко.

2. з інф. і злучн. «каб». Імкнуцца, старацца. Ласяня тупала каля дубка, нарабіла сарвацца з прывязі, трывожна пазірала па баках, шукаючы сваю маці. С. Александровіч. Нервова гарцаваў пад [камандзірам] конь, кусаў цуглі. Нарабіў сарвацца з месца, каб нагнаць калону. Паўлаў. На беразе раззыкаліся авадні і розная іншая драбяза. Яны так і наровяць, каб утнуць. Якімовіч.

3. з інф. Прыладжвацца, прыстасоўвацца. Шэмет наравіў ехаць па абочыне, дзе была не такая глыбокая гразь. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)