МА́СКА (франц. masque ад сярэднелац. mascus),

1) спецыяльная накладка з проразямі для вачэй, якая формай і малюнкам нагадвае твар чалавека, мысу жывёлы, галаву міфалагічнай істоты і інш. Паводле прызначэння падзяляюцца на рытуальна-абрадавыя і тэатр., у т. л. паўмаскі (закрываюць толькі верхнюю частку твару). Бываюць таксама парныя (2 выканаўцы паказваюць адну істоту), калектыўныя (пад адной М. хаваюцца некалькі выканаўцаў), М.-касцюмы, М., якія трымаюць у руках або надзяваюць на пальцы. Ужываецца і як элемент акцёрскага грыму (пластычная наклейка). Вядома са старажытнасці як паляўнічая маскіроўка, рытуальны атрыбут татэмічных і інш. язычніцкіх культаў, у якіх мела магічнае значэнне. Як элемент тэатр. грыму ўжывалася ў ант. т-ры, пазней у італьян. камедыі дэль артэ, паказах скамарохаў і інш. Найб. пашырана ў традыц. культуры народаў Азіі і Афрыкі. На Беларусі М. карысталіся скамарохі («мядзведзь», «каза», дзед і інш.), асобныя персанажы ў паказах нар. драм («Цар Максімілян»), акцёры т-раў Радзівілаў у алегарычных балетах. Як адзін са сродкаў сцэн. выразнасці сустракаецца ў пастаноўках сучасных т-раў, асабліва ў т-ры лялек.

2) Гіпсавы злепак з твару нябожчыка.

Тэатральныя маскі дэманаў з Шры-Ланкі.

т. 10, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАЦО́ЎКА МЕТА́ЛАЎ ЦІ́СКАМ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў, у выніку якіх адбываецца пластычная дэфармацыя загатовак без парушэння іх суцэльнасці пад уздзеяннем прыкладзеных вонкавых сіл. Асн. віды апрацоўкі металаў ціскам: пракатка, прасаванне, валачэнне, коўка, штампоўка, гібка; абсталяванне: пракатныя станы, прэсы, валачыльныя станы, молаты, гібачныя машыны.

Апрацоўваюць ціскам большасць металаў і сплаваў, за выключэннем крохкіх (напр., чыгуноў), пераважна ў гарачым стане (пры т-ры больш высокай, чым т-ра рэкрышталізацыі). Пасля халоднай апрацоўкі (робіцца звычайна пры пакаёвай т-ры) пластычныя ўласцівасці металаў узнаўляюць адпалам. Часам выкарыстоўваюць і цёплую апрацоўку (пры прамежкавых т-рах). Апрацоўка металаў ціскам дае магчымасць павысіць трываласць, зменшыць шурпатасць паверхні (напр., абкаткай ролікамі) вырабаў, паменшыць расход металу, лягчэй механізуецца і аўтаматызуецца.

Тэорыя апрацоўкі металаў ціскам займаецца вызначэннем намаганняў, што абумоўліваюць пластычнае дэфармаванне; разлікам памераў і формаў загатовак; вывучае заканамернасці пластычнага цячэння металаў, уплыў апрацоўкі металаў ціскам на мех. і фіз. ўласцівасці металаў. Звязана з дасягненнямі фізікі металаў і пластычнасці тэорыі. Заснавана рус. вучоным Дз.​К.​Чарновым, развіта і выкладзена ў працах рус. і бел. Вучоных С.​І.​Губкіна, А.​І.​Цэлікава, А.​П.​Чакмарова, Г.​М.​Паўлава, В.​П.​Севярдэнкі, В.​С.​Смірнова, В.​М.​Чачына, А.​В.​Сцепаненкі і інш. На Беларусі работы ў галіне апрацоўкі металаў ціскам вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це АН, Бел. політэхн. акадэміі і інш.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ТА ДЫ БАНДО́НЕ [Giotto di Bondone; 1266 або 1267, Коле-ды-Веспіньяна (?), Італія — 8.1.1337],

італьянскі жывапісец, прадстаўнік Протарэнесансу. Вучыўся, верагодна, у майстэрні Чымабуэ. Працаваў пераважна ў Падуі і Фларэнцыі. З імем Дж. ды Б. звязаны паварот у развіцці італьян. жывапісу, яго разрыў з сярэдневяковымі канонамі і традыцыямі італа-візант. мастацтва 13 ст. Знаёмства з познаант. жывапісам і творамі П.Каваліні вызначыла далейшае развіццё творчасці Дж. ды Б. У 1304—06 ён стварыў вядомыя размалёўкі капэлы дэль Арэна (Скравеньі) у Падуі. Размешчаныя на сценах капэлы ў 3 ярусы размалёўкі перадаюць гісторыю жыцця Марыі і Хрыста ў выглядзе шэрагу драм. эпізодаў. Захаванне ў кожнай кампазіцыі адзінства часу і месца, энергічная пабудова аб’ёмаў і прасторы, прастата сітуацый і пластычная выразнасць жэстаў, светлы, святочны каларыт робяць размалёўкі выдатным творам протарэнесансавага жывапісу Італіі. У пач. 14 ст. Дж. ды Б. выканаў размалёўкі ў царкве Бадзія (1300—02, Фларэнцыя), а таксама некалькі алтарных абразоў, сярод якіх найб. вядомы «Мадонна Аньісанці» (1310—20, Фларэнцыя). У размалёўках капэл Перуцы (каля 1320) і Бардзі (1320—25) у фларэнційскай царкве Санта-Крочэ дасягнуў арган. сувязі з архітэктурай, стрыманасці каларыту і манументальнасці вобразаў. Аўтар праекта кампанілы (званіцы) фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (буд-ва пачата ў 1334).

Літ.:

Данилова И. Джотто: [Альбом]. М., 1970.

Джота ды Бандоне.
Джота ды Бандоне. Фрэска «Уезд Хрыста ў Іерусалім» у капэле дэль Арэна ў Падуі. 1304—06.

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НА,

пластычная асадкавая горная парода, якая складаецца пераважна з тонкадысперсных (менш за 0,01 мм) гліністых мінералаў (каалініт, мантмарыланіт, монатэрміт, галуазіт, гідраслюды і інш.). Як прымесі трапляюцца кварц, палявыя шпаты, кальцыт, аксіды жалеза, калоідныя рэчывы, арган. злучэнні і інш. Пры высыханні гліна захоўвае нададзеную ёй форму, а пасля абпальвання набывае цвёрдасць каменю. Разам з гліністымі сланцамі гліну ўтвараюць каля 50% парод асадкавай абалонкі Зямлі. Гал. хім. кампаненты гліны: крэменязём SiO2 (30—70%), гліназём Al2O3 (10—40%), вада H2O (5—10%).

Гліну адрозніваюць паводле саставу, паходжання, афарбоўкі, практычнай значнасці. Па генезісе вылучаюць гліны астаткавыя, якія ўзніклі ў выніку намнажэння на месцы гліністых прадуктаў выветрывання інш. парод, і асадкавыя, што ўтварыліся пры пераадкладанні. Часцей гліны з’яўляюцца сумессю трох ці больш мінералаў (полімінеральныя). Калі адзін з мінералаў пераважае, гліну называюць адпаведна: каалінітавыя, мантмарыланітавыя і г.д. У прамысл. адносінах вылучаюць 4 групы: легкаплаўкія; вогнетрывалыя і тугаплаўкія; кааліны; адсарбцыйныя (высокадысперсныя мантмарыланітавыя).

На Беларусі гліны трапляюцца ў адкладах усіх геал. сістэм. Мінеральна-сыравінная база рэспублікі ўключае 212 радовішчаў легкаплаўкіх, 6 — тугаплаўкіх глін, 9 радовішчаў гліністай сыравіны для вытв-сці аглапарыту, керамзіту і інш., а таксама радовішчы кааліну. Гліна выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэглы, дрэнажных і каналізацыйных труб, вяжучых матэрыялаў, адсарбентаў, фармовачных сумесей, папяровай, гумавай і інш. галінах прам-сці.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМАТУ́РА (ад лац. armatura узбраенне, амуніцыя),

дапаможныя, звычайна стандартныя прылады, прыстасаванні і дэталі, неабходныя для забеспячэння нармальнай работы абсталявання і трываласці канструкцый. Арматура жалезабетонных канструкцый успрымае пераважна расцягвальныя намаганні і стварае папярэдняе напружанне. Падзяляецца на рабочую (разліковую), мантажную і размеркавальную (канструкцыйную). Арматура павінна быць трывалая, пластычная, вязкая, добра зварвацца.

Найб. пашырана арматура стальная стрыжнёвая (гарачакачаная, умацаваная тэрмічна і выцягваннем) і драцяная (арматурны дрот, пасмы, канаты, тканыя і зварныя сеткі). Дыям. стрыжнёвай арматуры 6—90 мм, драцяной 3—8 мм. Для паляпшэння счаплення арматуры з бетонам ёй надаюць перыядычны профіль. У якасці арматуры жалезабетонных канструкцый выкарыстоўваюць таксама шкловалакно і вырабы з яго, шклапластыкі і інш. Арматура трубаправодная рэгулюе цячэнне вадкасці, паліва, газу, пары па трубах. Падзяляецца на запорную, рэгулявальную, вадазборную і засцерагальную (вентылі, краны, засаўкі, клапаны, рэгулятары ціску, кандэнсатаадводчыкі і інш.). Арматура электратэхнічная — шчыткі, патроны, выключальнікі, штэпсельныя разеткі і вілкі, некаторыя дэталі эл. машын, дэталі і прыстасаванні для мацавання ізалятараў і правадоў і інш. Арматура святлотэхнічная — часткі асвятляльных прыстасаванняў, прызначаныя для размеркавання светлавога патоку і аховы вачэй ад яркіх прамянёў, для падводу эл. току, прымацавання і аховы лямпаў ад пашкоджанняў і інш. Арматура пячная (металургічных пячэй) — сукупнасць метал. частак, якія павялічваюць трываласць печы і ахалоджваюць яе вонкавую паверхню.

Арматура жалезабетонных канструкцый: 1 і 2 — арматура перыядычнага профілю; 3 — дрот перыядычнага профілю; 4 — сямідротавая пасма; 5 — двухрадны канат.

т. 1, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч., plastikos прыдатны для лепкі, падатлівы) матэрыялаў, уласцівасць цвёрдых цел (матэрыялаў) пад уздзеяннем мех. нагрузак зменьваць без разбурэння сваю форму і захоўваць частку атрыманай дэфармацыі пасля спынення ўздзеяння. Залежыць ад структуры цела і ўмоў яго дэфармавання (скорасці нагружэння, т-ры, ціску і інш.). Малое значэнне або адсутнасць П. азначае процілеглую ўласцівасць — крохкасць матэрыялаў. Улік П. дазваляе вызначаць запасы трываласці, дэфармавальнасці і ўстойлівасці канструкцый, магчымасці апрацоўкі матэрыялаў ціскам (валачэння, коўкі, пракаткі, штампоўкі). Вывучаюць П. пластычнасці тэорыя, супраціўленне матэрыялаў і інш.

Пластычная дэфармацыя звязана з разрывам некат. міжатамных сувязей і ўтварэннем новых. П. аморфных цел вызначаецца імавернасцю рэлаксацыйных перагруповак атамаў і малекул (гл. Рэлаксацыя), а цел з крышт. будовай — утварэннем, перамяшчэннем і ўзаемадзеяннем дэфектаў у крышталях. У залежнасці ад колькасці атамаў, што ўдзельнічаюць у элементарным акце пластычнай дэфармацыі, адрозніваюць П.: самадыфузійную і дыфузійную (перамяшчэнне атамных слаёў крышталя, на якія ўздзейнічаюць знешнія сілы, на ўчасткі, дзе дзейнічаюць расцягвальныя сілы), краўдыённую (спараджэнне і перамяшчэнне краўдыёнаў — згушчэнняў атамаў уздоўж шчыльна ўпакаваных шэрагаў атамаў), дыслакацыйную (слізганне па крышталеграфічных плоскасцях, гл. Дыслакацыі ў крышталях), звязаную з дэфармацыяй элементарнай ячэйкі крышталя (гл. Двайнікаванне), з працяканнем фазавага пераўтварэння (гл. Фазавыя пераходы).

Літ.:

Хоникомб Р. Пластическая деформация металлов: Пер. с англ. М., 1972;

Полухин П.И., Горелик С.С., Воронцов В.К. Физические основы пластической деформации. М. 1982;

Кайбышев О.А. Сверхпластичность промышленных сплавов. М., 1984;

Работнов Ю.Н. Механика деформируемого твердого тела. 2 изд. М., 1988.

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ (сапр. Сарокін) Глеб Паўлавіч

(11.5.1899, г. Вазнясенск, Украіна — 3.3.1967),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1940), нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў Адэскім політэхн. ін-це (1917—18). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх спектаклях, якія наладжваў яго бацька П.​Сарокін. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы (маст. кіраўнік у 1941—47; у 1943 узначальваў тэатр. франтавую брыгаду). Выдатны майстар камедыі. Майстэрства пераўвасаблення, яркасць знешняга малюнка, пластычная выразнасць, глыбокае пранікненне ў сутнасць характару чалавека, арганічнасць паводзін, імправізацыйны дар вызначалі яго мастацтва. Найб. ярка акцёрскі талент Глебава выявіўся ў нац. драматургіі: Няміра («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Пустарэвіч («Паўлінка» Я.​Купалы; і ў кіно), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1941; і ў кіно), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, Дзярж. прэмія СССР 1948; і ў кіно), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Глушак («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа) і інш. Сярод лепшых роляў у класічным рэпертуары: Маргарытаў («Позняе каханне» А.​Астроўскага), Гарпагон («Скупы» Мальера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана). Здымаўся ў кіно: «Несцерка», «Нашы суседзі», «Палеская легенда», «Першыя выпрабаванні», «Усходні калідор» і інш. Вял. папулярнасць набыў як чытальнік на радыё, асабліва казак і баек для дзяцей.

Літ.:

Сабалеўскі А.В. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. камедыйнага акцёра. Мн., 1994.

А.​В.​Сабалеўскі.

Г.П.Глебаў. Мастак І.​Ахрэмчык. 1943.
Г.П.Глебаў у ролі пана Антонія (справа) у кінафільме «Палеская легенда».
Г.П.Глебаў у ролі Пустарэвіча.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. deformatio скажэнне),

змена ўзаемнага размяшчэння часціц (частак) цела, якая вядзе да скажэння яго формы і памераў і ўзнікнення напружанняў механічных. Узнікае ад мех. нагрузак, цеплавога расшырэння, уздзеяння эл. і магн. палёў, інерцыйных і гравітацыйных сіл і інш. Найпрасцейшыя віды Д. — выгін, зрух, кручэнне, расцяжэнне-сцісканне.

У цвёрдых целах адрозніваюць Д. пругкую (узнікае і знікае адначасова з нагрузкай), пластычную (захоўваецца пасля зняцця напружання) і вязка-пругкую (залежыць ад працэсу нагрузкі ў часе, пасля зняцця нагрузкі самаадвольна імкнецца да нуля). Д. бываюць таксама лінейныя (са зменай лінейных памераў цела) і аб’ёмныя (са зменай аб’ёму); агульныя для ўсяго цела (напр., абс. падаўжэнне) і лакальныя (мясцовыя); аднародныя (аднолькавыя ў любым пункце цела) і неаднародныя (змяняюцца ад аднаго пункта цела да другога, уласцівыя рэальным матэрыялам). Д. заўсёды звязана з затратай энергіі, якая пры пругкай Д. пераходзіць у патэнцыяльную, пры пластычнай — у цеплыню. Калі лакальная Д. дасягае гранічнага для дадзенага матэрыялу значэння, адбываецца яго разбурэнне. Пругкія Д. падпарадкоўваюцца законам пругкасці тэорыі (для іх выконваецца Гука закон), пластычныя — пластычнасці тэорыі і паўзучасці тэорыі. Пластычная Д. ў крышталічных целах звязана з паняццем дыслакацый. Вымярэнне Д. робяць пры выпрабаванні матэрыялаў, даследаванні збудаванняў у натуры або на мадэлях. Пругкія Д. ўлічваюць пры разліках дэталей машын, інж. канструкцый і збудаванняў; пластычныя — у тэхналогіі металаў (пры пракатцы, штампоўцы, коўцы, валачэнні, прасаванні і інш.), вытв-сці пластмас і керамічных вырабаў. Гл. таксама Супраціўленне матэрыялаў.

І.​І.​Леановіч.

Дэфармацыі: 1 — расцяжэння; 2 — сціскання; 3 — зруху; 4 — кручэння; 5 — выгіну.

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ДЖА (Caravaggio; сапр. Мерызі да Караваджа, Merisi da Caravaggio) Мікеланджэла (28.9.1573, Караваджа, каля Бергама, Італія — 18.7.1610), італьянскі жывапісец, заснавальнік рэаліст. кірунку ў еўрап. жывапісе 17 ст. Вучыўся ў Мілане (1584—88). Працаваў у Рыме, Неапалі, на а-вах Мальта і Сіцылія. У ранні перыяд імкнуўся да пераадолення ўласцівых маньерызму і акадэмізму ўмоўнасці і ідэалізацыі вобразаў, пошуку нар. прататыпаў і простых быт. сюжэтаў, індывід. выразнасці канкрэтнай мадэлі, увасабляў у ант. сюжэтах святочна-гульнявы нар. пачатак («Вакх», 1592—93, і інш.). Узбагаціў новыя жанры жывапісу: нацюрморт («Кошык з садавінай», каля 1596), быт. жанр («Варажбітка», 1590-я г.), даваў жыццёвую трактоўку рэліг. матывам («Адпачынак на дарозе ў Егіпет», 1590-я г.). У канцы 1590-х г. склалася арыгінальная жывапісная сістэма К.: ярка асветлены праменем святла пярэдні план карціны вылучаўся на агорнутым глыбокім ценем фоне, чым дасягалася падкрэсленая аптычная нагляднасць выявы і ўражанне яе непасрэднай блізкасці да гледача; магутныя святлоценявыя кантрасты стваралі драм. настрой, строгі малюнак, энергічная пластычная лепка і колеравыя дамінанты падкрэслівалі рэальнасць матываў, перадавалі эмацыянальнае напружанне («Нясенне крыжа», 1590-я г.; «Прызнанне апостала Матфея», 1599—1600; «Укрыжаванне апостала Пятра», «Ператварэнне Саўла», абодва 1600—01; «Мадонна ды Ларэта», каля 1603—06; «Палажэнне ў труну», 1602—04; «Успенне Марыі», каля 1605—06). У позніх работах узмацніўся трагізм светаўспрымання, жывапісная манера набыла рысы свабоднай імправізацыйнасці, колеравая гама — танальнага адзінства («Сем дзеянняў міласэрнасці», 1607; «Пахаванне св. Лючыі», 1608; «Адсячэнне галавы Іаана Хрысціцеля», 1609). Творчасць К. паўплывала на Рэмбранта, П.​П.​Рубенса, Д.​Веласкеса і інш. Гл. таксама Караваджызм.

В.​Я.​Буйвал.

М.Караваджа. Нясенне крыжа. 1590-я г.

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РДСКАЯ ШКО́ЛА,

мастацкая школа ў архітэктуры і жывапісе Паўн. Італіі (назва ад гіст. вобласці Ламбардыя) у 8—15 ст. У архітэктуры склалася на працягу 8—10 ст. Адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні т.зв. першага раманскага стылю ў Італіі. Узор яе царк. архітэктуры — 3-нефавая базіліка са слаба выражаным трансептам, крыптай і кампанілай. У інтэр’еры строгае рытмічнае чляненне, падкрэсленае сістэмай скляпеністых перакрыццяў, тэктанічны ўзор вонкавых сцен з лапатак, аркатурных фрызаў і аркадных, т. зв. карлікавых галерэй (цэрквы Сант-Амброджа ў Мілане, асн. буд-ва ў 11—12 ст.; Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне, 12 ст.). У росквіце было мастацтва разьбы на камені (майстры Нікалао, Бенедэта Антэламі і інш.). Готыка тут атрымала падкрэслена статычную інтэрпрэтацыю, набыла дэкар. характар (Міланскі сабор, пачаты ў 1386). Пабудовы эпохі Адраджэння (арх. А. Філарэтэ, Г. Салары, Дж. А. Амадэо) адметныя багаццем дэкар. уставак, якія падкрэсліваюць роўнядзь сцяны, наватарскімі па будове ўнутр. прасторы арх. кампазіцыямі (творчасць Д.Брамантэў).

Жывапіс у ламбардскага трэчэнта і ранняга кватрачэнта ўласцівы крохкая вытанчанасць форм, паэтычнасць. Ён развіваўся ў рэчышчы т. зв. інтэрнац. готыкі (мініяцюры ў рукапісных «гербарыях» і «лячэбніках», анімалістычныя малюнкі Дж. дэ Грасі). Значная роля ў развіцці жывапісу кватрачэнта належыць Пізанела. У 2-й пал. 15 ст. ўзмацніліся ўплывы фларэнтыйскага мастацтва і творчасці А.Мантэньі. У творах майстроў гэтага часу пераважалі пластычная яснасць кампазіцыі, змякчаны каларыт, святлоценявая мадэліроўка (В.​Фопа, Іль Берганьёне, Браманціна, Брамантэ). У эпоху Высокага Адраджэння асноватворным стаў уплыў мастацтва Леанарда да Вінчы і яго школы. У 2-й пал. 16 ст. ўтварылася асобная брэшыянская школа, у якой спалучыліся традыцыі Л.ш. і венецыянскай школы жывапісу.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)