крышы́ць, крышу́, кры́шыш, кры́шыць; незак.

1. што. Наразаць дробнымі кавалкамі. Крышыць сала. Крышыць цыбулю. □ Анежка, якая стаяла каля стала і крышыла капусту, разгубілася так, што выпусціла нож з рук. Броўка. // Расціраць, раздрабняць на невялікія часткі, ператвараць у крошкі. Крышыць хлеб курам.

2. каго-што. Разм. Ламаць, руйнаваць, разбіваць на часткі. Крышыць, ломіць вецер І платы і стрэхі. Купала. Адмыслова малаток адбойны У забоі крышыць скібы вугалю. Звонак. // Забіваць, нішчыць. Як пайшлі глушыць І мячом крышыць, — Парадзелі раці. Пушча. // перан. Ліквідаваць, разбураць. Рабочы клас пачаў ламаць і крышыць устоі старога свету. «ЛіМ».

3. Разм. Накідваць крошак дзе‑н. Не крышы на падлогу.

4. што. Разм. Выклікаць боль у касцях; ламаць. Прастуда ломіць, крышыць косці.

•••

Крышыць на капусту — сячы на дробныя часткі (мячом, шабляй і інш.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́па ‘ марудна, павольна (пра рост)’ (шчуч., свісл., Сл. ПЗБ), ту́по ‘вельмі павольна (пра хадзьбу)’ (Клім.). Параўн. славац. tupo ‘абыякава’, ‘тужліва, сумна’, ‘нудна’. Паводле Махэка₂ (661), апошняе ўзыходзіць да прасл. *tǫpiti, самастойнага дзеяслова, не звязанага з прыметнікам *tǫpъ ‘тупы’, параўн. чэш. tupit ‘пазбавіць хуткасці’, польск. tępić ‘знішчаць, вынішчаць’; раней — ‘прыніжаць, дыскрэдытаваць’, што знаходзіць адпаведнікі ў тупі́ті ‘тупіць, вынішчаць’ (Вруб.), ст.-бел. тупети ‘слабець’, тупитися ‘тс’ (ГСБМ, дзе звязваецца з тупый ‘тупы’). Борысь (631) значэнне ‘нішчыць, пераследаваць’ выводзіць з больш ранняга ‘пазбаўляць вастрыні, рабіць тупым (напрыклад, рэжучыя прылады)’. Кралік (634) дзеяслоў «з духоўнай сферы» славац. tupiť ‘прыгнятаць, зневажаць’ выводзіць з ‘наступаць, прыціскаць’, адкуль otupný ‘аднастайны, нудны’. Сюды ж, відаць, тупава́ты (пра гліну) ‘гліна нязначнай вязкасці’ (Нар. словатв.), ‘глухаваты’: тупава́ты на ву́шы (луцэ., Сл. ПЗБ), тупова́ты ‘разумова абмежаваны, някемлівы’ (ТС), дзе прысутнічае сема ‘слабы, непаўнавартасны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

убива́ть несов.

1. (умерщвлять) забіва́ць;

2. перен. (уничтожать) ні́шчыць, знішча́ць;

3. перен. (глубоко огорчать, приводить в отчаяние) прыбіва́ць, прыгнята́ць, прыво́дзіць у ро́спач; (ошеломлять) ашаламля́ць;

4. перен. (тратить на что-л.) разг. тра́ціць; (издерживать — ещё) расхо́даваць, выдатко́ўваць; (о времени) марнава́ць;

5. (уплотнять, утрамбовывать) разг. убіва́ць, утрамбо́ўваць;

6. (покрывать) карт., разг. біць; см. уби́ть;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

знішчаць, нішчыць, вынішчаць, губіць, руйнаваць, пустошыць, апусташаць; зніштажаць, пляжыць, друзгатаць (разм.); мітрэнжыць (абл.); ліквідоўваць (кніжн.); пераводзіць, зводзіць, вытраўляць, зганяць, зносіць, з'ядаць, карчаваць, выкарчоўваць (перан.) □ вырываць з карэннем

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Траві́ць1 ’засвойваць у працэсе стрававання, ператраўліваць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб.), ’карміць’ (Сцяшк. Сл.), ’харчавацца, есці’ (Хрэст, дыял.), ’спажываць’ (ТС), тра́віць ’ператраўляць (пра страўнік)’ (Нас.). Укр. трави́ти, дыял. трови́ти ’тс’, польск. trawić, чэш. tráviti ’ператраўляць ежу’, ’праводзіць час’, славац. tráviť ’тс’, серб. тра́вити ’карміць травой’, ’засяваць травой’, ст.-слав. травити ’жэрці’, натроути ’накарміць’. Прасл. *traviti < *truti, trovešь (параўн. мар. truju < trutʼ ’ператраўляць (пра страўнік)’, славац. trova ’выдаткі’) выступае ў славянскіх мовах у ступенях: *tru‑, *trov‑, *trav‑ (апошняя — з *‑ō‑), а таксама *trū‑, параўн. серб.-ц.-слав. трыти, трыѩ, балг. три́я ’тру, выціраю’, ц.-слав. растръва ’страта, згуба’, ’пагібель’, троути ’вынішчаць’ з багатым наборам значэнняў — да ’атручваць’ (Фасмер, 4, 92; Махэк₂, 650). Роднасныя: ст.-грэч. τρώω ’раню’, τρΰω ’знішчаю, свідрую’, ’выводжу’, ст.-в.-ням. drawa ’пагроза’, англ.-сакс. đréa ’тс’, ’кара’. Сной₂ (778) дапускае дзве і.-е. асновы для разглядаемай лексемы: 1) і.-е. *treu̯H‑ ’раздрабляць, раскрышваць, малоць, спажываць, расходаваць’: ст.-грэч. τρῶμα, τραῦμα ’рана’, вал. taraw ’таўчы, біць’, с.-брэтонск. tarauat ’працерці’, літ. trunýti ’гніць, тлець’; 2) і.-е. аснова *trōu̯ah2, *treu̯ah2, якая з і.-е. *(s)ter‑, — з апошняй выводзіцца ст.-інд. tṛ́ḥa ’трава’, прасл. *tьrnъ > бел. цёрн. Сюды ж траўленне ’страваванне’, траве́нье ’кармленне’ (ТС); траві͡енё ’ператраўліванне, засвойванне’ (беласт., Сл. ПЗБ), якое з польск. trawienie (Сл. ПЗБ, 5, 111).

Траві́ць2 ’таптаць лугі, з’ядаць пасевы; рабіць патраву’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сержп. Прык.): козамі сена травіць (Пятк. 2), тра́віць ’тс’, ’нацкоўваць сабак на коз і свіней, каб не пустошылі агароды’ (Нас.). Укр. трави́ти ’рабіць патраву’, дыял. трови́ти ’выпасаць, травіць траву на корані’, рус. трави́ть ’псаваць, пашкоджваць, нішчыць, спустошваць, разбураць’, польск. trawić ’тс’, ’марнатравіць’, ’выдаткаваць’, ’паліць, спальваць’. Прасл. (паўночнае) *travitiнішчыць, выдаткоўваць’ (Борысь, 640). Да травіць1 (гл.). Сюды ж траві́ць ’апрацоўваць паверхню чаго-небудзь кіслатой або іншымі рэчывамі’ (ТСБМ), ’атручваць каларадскіх жукоў’ (Ян.), ’труціць, атручваць’ (ТС; віл., Сл. ПЗБ), траві́тісе ’труціцца’ (беласт., Сл. ПЗБ).

Траві́ць3 ’паволі, патроху адпускаць ліну, снасць, аслабляючы нацяжэнне’ (ТСБМ). Відавочна, з рус. трави́ть (снасть, канат) ’тс’.

Траві́ць4 пытраві́ць палоску ’апрацоўваць зямлю плугам трэці раз, пасля баранавання’ (бабр., ЛА, 2). Да траі́ць, трайні́ць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

каці́ць, качу, коціш, коціць; незак.

1. каго-што. Рухаць, перамяшчаць які‑н. круглы прадмет, прымушаючы яго вярцецца. Каціць бочку. Каціць мяч. □ А самым цікавым для мяне было пабачыць, як з высокага яруса бярвення кацілі ў Нёман калоды. Колас. // Рухаць, везці што‑н. на колах. Шашура ў гэты час з двума таварышамі каціў на фланг процітанкавую гармату. Мележ. Па цяністай алеі малады мужчына асцярожна каціў дзіцячую каляску. Гроднеў.

2. што. Перамяшчаць сілай цячэння, павеву ветру і пад. Толькі Бярэзіна, вада ў якой пацямнела ад холаду і хмурнага неба, спакойна і велічна коціць сваю плынь. С. Александровіч. Наша возера хвалямі б’ецца, Коціць пену сваю на пяскі. Калачынскі.

3. перан.; што. Губіць, нішчыць (пра эпідэмія), павальную хваробу). Геня ніяк не мог адразу зразумець, што хоча сказаць Кася, бо тая так хвалявалася, нібы на ферме .. чума.. коціць усю жывёлу. Пташнікаў.

4. Разм. Тое, што і каціцца ​1 (у 2, 3, 4 і 5 знач.). І машына коціць.. мякка, бясшумна. Лынькоў. Па дарозе, уздымаючы слуп пылу, коціць на кірмаш айцец Парфіры. Чарот. А час ідзе, на захад коціць сонца. Шушкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ка́зі́ць ’псаваць, перакрыўляць і інш.’, ’перакрыўляць, крывіць твар’, ка́зіцца ’здзекавацца і інш.’ (Нас.), казити ’псаваць, шкодзіць і інш.’ (Гарб.). Укр. казити ’перакрыўляць, псаваць’, рус. (варонеж.) казить ’псаваць’, польск. kazić псаваць і інш.’, ст.-польск. (з XVI ст.) ’разбураць, псаваць, разбіваць (напр., збанкі)’, славін. kãzec ’разбіваць, разбураць і інш. в.-луж. kazyćнішчыць, псаваць’, н.-луж. kazyś ’псаваць і інш.’, чэш. kaziti ’псаваць, разбураць, шкодзіць’, славац. kazit ’псаваць, разбураць’, славен. kazíti ’псаваць, перакрыўляць’, серб.-харв. ка́зити се ’псаваць свой выгляд’, ст.-слав. казити ’псаваць, шкодзіць’. Прасл. kaziti (sę) традыцыйна лічыцца каўзатывам да čeznǫti, Трубачоў (Эт. сл., 9, 171) слушна звяртае ўвагу на тое, што паміж гэтымі словамі няма непасрэднай суаднесенасці ні ў фармальным, ні ў семантычным плане. Таму ранейшыя даследчыкі шукалі іншыя сувязі; можна згадаць спробу Махэка, Recherches. 82–86, суаднесці слав. kaziti і літ. kežė́ti ’кіснуць’, аднак у слоўніку (Махэк₂, 246) ён супастаўляе з слав. літ. gōžti, góžti ’пра псаванне піва і інш.’. Паводле Мее, MSL, 9, 1896, 144, можна меркаваць, што kaziti ад іменнай асновы kaza; фармальна (праз ступень o → ō) гэта супадае з асновай у слав. kazati. Семантычная сувязь лексем зразумелая, калі прыняць, што kazati ’псаваць’, ’памячаць, адзначаць (у дрэнным сэнсе)’, гл. Трубачоў, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тала́н1 ’удача, шанцаванне; лёс, доля; шчасце’ (Нар. Гом., Ян., ПСл, Пятк. 2), ’талент’ (Касп.), ’разумнік, шчасліўчык’ (Яўс.), тала́н, тала́нь ’удача, шчасце’ (Мат. Гом., Растарг.), тала́н, тала́нт ’лёс, шчасце, удача’ (ТС), тала́нь ’дараванне, шчасце, доля’ (Байк. і Некр.), ’лёс’ (чач., Жыв. НС), ’талент; шчасце, доля’ (Нас., Бяльк.), ’шанцаванне’ (Юрч.), тала́ня ’ўдача’ (Касп.; б.-каш., ЛА, 3). Сюды ж тала́ніць ’удавацца, мець удачу’ (Нас., Касп.), ’шанцаваць, шчасціць’ (Некр. і Байк., Юрч. Вытв., ТС, Мат. Гом.; светлаг., б.-каш., ЛА, 3), тала́нлівы ’удачлівы’ (Нар. Гом.), ’шчаслівы; таленавіты, адораны’ (Нас.), тала́нны ’здольны’ (Жд. 3). Укр. тала́н ’доля, жыццёвы шлях’, рус. дыял. талан ’шчасце, удача; прыбытак, знаходка’. З цюркскіх моў, дзе тур. talan ’грабеж; здабыча’, кірг. талан ’шчасце’, якія паходзяць ад цюрк. tala ’рабаваць, нішчыць’ (ЕСУМ, 5, 507; Фасмер, 4, 14; Анікін, 529). Дапускаецца змяшэнне народнага тала́н, тала́нь з рус. талант, гл. талент.

Тала́н2 ’участак, няпэўная мера плошчы’ (карэліц., З нар. сл.). Няясна.

Тала́н3 ’званок, які чапляецца на шыю карове’ (докш., Сл. ПЗБ). Хутчэй за ўсё, гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання, параўн. укр. дыял. тала́нтати ’боўтацца, хістацца’.

Тала́н4 ’тоўсты, мажны’ ў параўнанні: сыты, як талан (Шат., Стан.). Магчыма, да талан1 (гл.) са значэннем ’удача’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́ціць ‘расходаваць (грошы, сродкі)’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт., Бяльк.), ‘пазбаўляцца, страчваць, губляць (у тым ліку час)’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп.; паст., Сл. ПЗБ, Байк. і Некр.), тра́тіті ‘тс’ (Вруб.), тра́ціць ‘пазбаўляць жыцця’ (Нас., Сержп. Прымхі), тра́ціці (tracici) ‘тс’ (Федар. 2), ст.-бел. тратити, тратить ‘расходаваць грошы, сродкі; транжырыць, губляць, страчваць; губіць, пазбаўляць жыцця; марнаваць час’ (ГСБМ), трациц ‘тс’ (Кітаб Луцкевіча). Укр. тра́тити ‘рабіць выдаткі’, ‘губляць, знікаць’, ‘пазбаўляць жыцця’, рус. тра́тить ‘расходаваць’, ‘спажываць’, польск. tracić ‘пазбаўляцца’, ‘несці матэрыяльныя страты’, ‘марнаваць’, ‘пазбаўляць жыцця’, каш. tracëc ‘тс’, чэш. tratiti ‘губляць’, ‘цярпець шкоду, страту’, славац. tratiť ‘тс’, славен. trátiti ‘траціць, марнатравіць’, ‘губляць час’, харв. trȁtiti, серб. тра̏тити, тра̏ћити ‘траціць грошы, час’, макед. траце ‘губляць’: си траче времто. Прасл. *tratiti ‘выкарыстоўваць, расходаваць, нішчыць, марнаваць’, ‘драбіць, церці, праціраць’, ‘вастрыць’ роднаснае літ. trúotas ‘брус, асялок, тачыла’, лат. truõts ‘тс’, гоцк. þrōþjan ‘практыкаваць, рабіць практыкаванні, развучваць’ < і.-е. *trōt‑/*trēt‑ < *ter‑ ‘церці’ (Фасмер, 4, 94–95; Чарных, 2, 258–259; Скок, 3, 493; Голуб-Копечны, 388; Брукнер, 575; Борысь, 639; Сной₃, 800; ЕСУМ, 5, 623). Махэк₂ (649) паходжанне лексемы тлумачыць кантамінацыяй слоў traviti ‘праводзіць час’ і ratiti ‘знішчыць, згубіць, пазбавіцца’, што малаверагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́рман1 ‘голуб асобай пароды, які куляецца пры палёце’ (ТСБМ). Укр. ту́рман ‘тс’, рус. ту́рман ‘тс’. Цёмнае слова. Як здаецца, пэўныя падставы мае думка Фасмера (4, 124) пра гукапераймальнае паходжанне слова, параўн. рус. пск. дать ту́рмана ‘ўпасці, паляцець уніз галавой, перакуліцца’ (1858 г., СРНГ) пры тури́ть ‘кідаць з вышыні’ (гл. турнуць). Аднак большасць даследчыкаў схіляецца да ўтварэння на базе французскага дзеепрыметніка tournant ‘які абарачаецца, круціцца’ (паводле Гараева, 380: франц. tourner ‘вярцець’), гл. ЕСУМ, 5, 683; Арол, 4, 119. Ідэя перакульвання пры найменні гэтага голуба пераважае, параўн. англійскую назву бірмінгемскіх ролераў roller ад roll ‘вярцецца, катацца’, roll over ‘перакульвацца’. Паводле Сетарава (Тюрк. лекс. элем., 39), назва птушкі — цюркізм.

Ту́рман2 (ту́рмын) ‘дурань, неразвіты чалавек’ (Юрч. Фраз.), ‘дурыла, тупіца’ (мсцісл., З нар. сл.). Няясна. Параўн. польск. дыял. turman ‘дрэнь, нягоднік, марнатраўца’, turmanić ‘марнатравіць, нішчыць’, якія, відаць, ад turma ‘группа, натоўп, вайскоўцы’ (< лац. turma ‘найменшы атрад конніцы ў Старажытным Рыме’), гл. Варш. сл., 7, 171; Брукнер, 585. Аднак па лінгвагеаграфічных прычынах запазычанне менш верагоднае, чым мясцовы наватвор. Параўн. ду́рман ‘дурань’ (ТС), дурмана́й ‘тс’ (Сл. ПЗБ) як магчымыя зыходныя “звонкія” варыянты слова, утвораныя пры дапамозе суф. ‑ман; звязана з дурны́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)