Прымо́л ’круты бераг ракі’, прымо́лісты ’круты, абрывісты’ (ТС). Відаць, той самы корань, што і ў балг.подмо́л ’бераг, навісшы над ракой’, славен.podmòl ’размыты ракой бераг’, славац.podmoľ ’размытае (падмытае) вадой месца’, што да прасл.*podъmolъ, *podъmoljь ад *podъmelti, параўн. славац.podomlieť ’размыць, падмыць, падкапаць’, в.-луж.podmlěć ’падмыць, падкапаць (бераг)’ пры зыходным mlěć (гл. мало́ць); аналагічна чэш.výmol, славац.výmoľ ’нара, вымытая вадой’, рус.вымол ’прыстань’ (Бернекер, 2, 74; БЕР, 5, 458). Адсутнасць фіксацыі адпаведнага дзеяслова, які лёгка ўзнаўляецца на падставе дзеясловаў тыпу прывары́ць ’зварыць, прыгатаваць’, прыморы́ць ’змарыць’ (ТС) і пад., не можа выклікаць сур’ёзных пярэчанняў супраць названай версіі. Аднак сувязь з *melti трактуецца як другасная, што паўплывала на выцясненне першаснай аманімічнай асновы *‑mьlěti, *‑milati, *‑moliti са значэннем ’выступаць, паказвацца з-за чаго-небудзь’, якая параўноўваецца з алб.mal ’узгорак з крутымі схіламі; абрыў; бераг’ (падрабязна пра апошняе Бярнар, Бълг. изсл., 264), лат.mala ’край, бераг’ і пад. (Куркіна, Этимология–1973, 34–37); супраць роднасці з названымі формамі Трубачоў (ЭССЯ, 9, 49), вяртаючыся да зыходнага *melti, *molъ ’малоць, церці’. Калужская (Палеобалк. реликты в совр. балк. языках. М., 2001, 126) тураў.прымо́л звязвае з грэч.προμολή ’падэшва гары; выток ракі’ і далей з алб.mal, арум.mal ’бераг’, літ.malá ’край, вобласць’, jũrmala ’марское ўзбярэжжа’, лат.jūrmala ’марскі бераг’, ст.-ісл.mǫl ’вал з дробнага камення ўздоўж берага’, а таксама славен.móla ’выступ, балкон, вастрыё’, ’уздоўж’ разам з усімі названымі формамі да і.-е.*mol‑ ’выступаць, выдавацца’. Магчыма, тут назіраецца супадзенне слав.*molъ (< *melti) з субстратным коранем, вядомым у больш шырокім значэнні на значнай індаеўрапейскай тэрыторыі. Сувязь з мул ’іл’, якая прапануецца для ўкр.ви́мул ’вымытае паглыбленне’ (ЕСУМ, 3, 532), здаецца малаверагоднай, параўн. приму́лина ’нанесены вадой глей, мул’. Гл. таксама Глухак, 505: promóliti (se).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГРАВЮ́РА (франц. gravure),
1) друкаваны адбітак на паперы (ці падобным матэрыяле) з пласціны (дошкі), на якую нанесены малюнак.
2) Від мастацтва графікі, што аб’ядноўвае разнастайныя спосабы ручной апрацоўкі «дошак» і друкавання з іх адбіткаў.
Спецыфічная асаблівасць гравюры — яе тыражнасць (магчымасць атрымаць значную колькасць раўнацэнных адбіткаў). Існуюць гравюра пукатая (часцей на дрэве — дрэварыт ці лінолеуме — лінагравюра) і паглыбленая (часцей на метале — афорт). Нярэдка да яе адносяць і літаграфію («плоская» гравюра). Асн. віды гравюры на метале (медзь, цынк): разцовая, сухая іголка, пункцірная манера, мецца-тынта, афорт, акватынта, мяккі лак, лавіс (маляванне кіслатой на дошцы). Шматколерныя гравюры друкуюцца з некалькіх дошак (на кожную кладуць пэўную фарбу) ці з адной пафарбаванай дошкі. Часта выкарыстоўваецца мяшаная тэхніка (дадаецца пластык, арган. шкло). Разам са станковымі гравюрамі (эстампамі) пашырана кніжная гравюра (ілюстрацыя). Гравюры належыць вял. роля ў мастацтве кнігі, карыкатуры і лубка.
Узнікненне гравюры звязана з рамёствамі, дзе былі працэсы гравіравання: разьба, набойка, ювелірная справа і інш. Гравюра на дрэве вядома ў Кітаі з 6—7 ст., у Зах. Еўропе — на мяжы 14—15 ст.Найб. значныя еўрап. Майстры 15—18 ст.: А.Дзюрэр, Ж.Кало, Рэмбрант, Дж.Піранезі, Ф.Гоя і інш. На 17—19 ст. прыпадае росквіт яп. ксілаграфіі (К.Хакусай, Хіросіге). Сярод рус. гравёраў 18—20 ст. вылучаюцца А.Зубаў, М.Махаеў, С.Галакціёнаў, А.Ухтомскі, В.Матэ, Г.Астравумава-Лебедзева, А.Краўчанка, У.Фаворскі і інш.
На Беларусі гравюра ўзнікла ў пач. 16 ст. з развіццём кнігадрукавання (гравюра ў выданнях Ф.Скарыны). У 16—18 ст. значнага ўзроўню дасягнула станковая («абразная») гравюра на дрэве: партрэт, пейзаж, гравюра-тэзіс, лубок. У тэхніцы дрэварыту працавалі П.Мсціславец, Грынь Іванавіч, Ф.Ангілейка, В.Вашчанка, П.Комар і інш. У 2-й пал. 16 ст. паявілася разцовая гравюра на метале (медзярыт) у творах Т.Макоўскага. У канцы 17 ст. ўзнікла акватынта. У пач. 19 ст. асвоена тэхніка літаграфіі (творы Ю.Азямблоўскага, Н.Орды, Я.Дамеля). У 20 ст. актыўна развіваюцца ўсе тэхнікі гравюры. У 1920-я г.найб. пашырана ксілаграфія (А.Астаповіч, З.Гарбавец, Я.Мінін, А.Тычына, С.Юдовін). У даваен. час у тэхніцы гравюры на дрэве працавалі І.Гембіцкі, М.Сеўрук, у тэхніцы афорту — Б.Малкін, Х.Тыбер, лінагравюры — Я.Горыд, літаграфіі — А.Малярэвіч, Ф.Фогт. Сярод сучасных майстроў гравюры: у тэхніцы афорту — Л.Асецкі, І.Вішнеўскі, А.Кашкурэвіч, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч; літаграфіі — А.Дзямарын, Г. і Н.Паплаўскія, В.Шаранговіч; лінагравюры — С.Герус, А.Лось, Шаранговіч; ксілаграфіі — А.Зайцаў; розных тэхніках — У.Савіч, М.Купава, А.Лапіцкая, М.Селяшчук, В.Славук, Л.Марчанка, Ю.Герасіменка, А.Шэвераў і інш.
Літ.:
Турова В.В. Что такое гравюра. [3 изд.]. М., 1986;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;
Яго ж. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
А.М.Пікулік, В.Ф.Шматаў.
Да арт.Гравюра. А.Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да трагедыі І.В.Гётэ «Фауст». 1976. Сухая іголка.Да арт.Гравюра. К.Хакусай. Каляровая гравюра на дрэве з серыі «36 відаў Фудзі». 1823—29.Да арт.Гравюра. В.Славук. Ілюстрацыя да беларускай народнай казкі «Удовін сын». 1977. Цынкаграфія.Да арт.Гравюра. Рэмбрант. Св. Іеранім пад дрэвам. Афорт і сухая іголка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 3-га (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі), 2-га (ген.-палк. Г.Ф.Захараў), 1-га (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) Бел. франтоў пры садзеянні 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.Х.Баграмян) 29 чэрв. — 4 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі: 5, 11, 31, 5-я гвардз.танк., 1-я паветр. арміі, конна-механізаваная група, 2-і гвардз.танк. корпус 3-га Бел. фронту; 33, 49, 50, 4-я паветр. арміі 2-га Бел. фронту; 3, 48, 16-я паветр. арміі, конна-механізаваная група 1-га Бел. фронту.
У выніку ажыццяўлення Віцебска-Аршанскай, Магілёўскай і Бабруйскай аперацый 1944 (гл. адпаведныя арт.) ням. 4-я і частка сіл 9-й армій групы армій «Цэнтр» апынуліся ў паўкальцы сав. войск. Рухомыя злучэнні франтоў, якія дзейнічалі ў раёнах Барысава і Асіповіч, знаходзіліся за 100 км ад Мінска, у той час як гал. сілы праціўніка, што адыходзілі да Мінска, за 130—150 км ад яго. Задача М.а.: імклівымі ўдарамі войск левага крыла 3-га Бел. фронту і часткі сіл правага крыла 1-га Бел. фронту па збежных напрамках на Мінск ва ўзаемадзеянні з 2-м Бел. фронтам завяршыць акружэнне групоўкі войск праціўніка і вызваліць Мінск. Адначасова войскі 1-га Прыбалт. фронту і правага крыла 3-га Бел. фронту і частка сіл 1-га Бел. фронту павінны былі працягваць імклівае наступленне на З, знішчыць падыходзячыя рэзервы праціўніка і стварыць умовы для развіцця наступлення на шаўляйскім, каўнаскім і варшаўскім напрамках. Франты без паўзы пачалі выкананне пастаўленых задач. Войскі 3-га Бел. фронту 30 чэрв.гал. сіламі фарсіравалі Бярэзіну, разбілі барысаўскую групоўку гітлераўцаў, 1 ліп. вызвалілі Барысаў, Бягомль, 2 ліп. — Лагойск, Смалявічы, Вілейку, Краснае, перарэзалі чыгунку Мінск—Вільнюс. Войскі 1-га Бел. фронту 30 чэрв. вызвалілі Любань, Слуцк, 2 ліп. Стоўбцы, Гарадзею, перарэзалі чыгунку Мінск—Баранавічы. Адначасова ў напрамку Мінска наступалі войскі 2-га Бел. фронту, якія 29 чэрв. вызвалілі Бялынічы, 2 ліп. — Чэрвень, 3 ліп. — Беразіно. Перадавыя злучэнні 1-га Бел. фронту ў ноч на 3 ліп. абышлі Мінск з Пд і выйшлі да паўд.-ўсх. ускраіны горада, дзе злучыліся з войскамі 3-га Бел. фронту. Вырашальны ўдар па варожым гарнізоне ў Мінску, які складаўся з 3 пях. і 1 танк. дывізій, 3 палкоў СС і розных спец. падраздзяленняў быў нанесены на досвітку 3 ліпеня. З У і ПнУ у горад уварваўся 2-і гвардз.танк. корпус. З Пн увайшлі часці 5-й гвардз.танк. арміі, падраздзяленні 11-й гвардз. і 31-й армій 3-га Бел. фронту, з ПдУ — 1-ы гвардз.танк. корпус і часці 3-й арміі 1-га Бел. фронту. У 2-й пал. дня 3.7.1944 Мінск быў поўнасцю вызвалены. На У ад горада былі акружаны гал. сілы 4-й і асобныя злучэнні 9-й ням. армій. Утварыўся мінскі «кацёл», у які трапілі 105 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Да 11 ліп. гэтая групоўка праціўніка была разгромлена. У час М.а. сав. авіяцыя наносіла па ворагу ўдары, перашкаджала падыходу яго рэзерваў, дэзарганізоўвала планамернае адступленне яго войск. 4 ліп. войскі 3-га і 1-га Бел. франтоў дасягнулі рубяжа воз. Нарач—Маладзечна, вызвалілі Нясвіж. Войскі 1-га Прыбалт. фронту надзейна ізалявалі групу армій «Поўнач» і не далі ёй магчымасці прыйсці на дапамогу групе армій «Цэнтр», 4 ліп. выйшлі на З ад лініі Варапаева — воз. Мядзел. У ажыццяўленні аперацыі вял. дапамогу сав. войскам аказвалі партызаны. 53 злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Мінскіх», 13 — «Барысаўскіх», 8 — «Слуцкіх».
У.І.Лемяшонак.
Да арт.Мінская аперацыя 1944. Мінск 3 ліпеня 1944 года. Мастак В.Волкаў. 1946—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
магу́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае фізічную сілу; вельмі дужы, здаровы. Магутны асілак. Магутны зубр. Магутныя крылы.// Які сведчыць аб фізічнай сіле. Брыль робіць кароткі перапынак. І яго магутная постаць, і голас, і нейкая прастата і шчырасць у словах робяць на сялян добрае ўражанне.Колас.// Здаровы, жыццяздольны. Магутны арганізм.
2. Вельмі вялікі, значны (па сіле, велічыні). Магутны ўраган. Магутны залп. □ У заключэнне рэйда быў нанесены магутны камбінаваны ўдар па чыгунцы.Шамякін.// З тоўстым ствалом; густы, раскідзісты. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог. — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб.Кірэенка.Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнае голле.Дуброўскі.// Надзелены вялікай баяздольнай сілай, добра ўзброены, умацаваны (пра вайсковыя злучэнні, умацаванні і пад.). Пяскоўцы ведалі ўжо, што следам за разведчыкамі ідуць магутныя часці Чырвонай Арміі.Пальчэўскі.//перан. Здольны аказаць значнае ўздзеянне на каго‑, што‑н. Калі ж вайна хадзіла па Радзіме І вораг нёс нам рабства і разбой, З тваім [Максіма Горкага] магутным словам, Гордым імем Фашызму мы давалі жорсткі бой.Астрэйка.
3. З вялікімі вытворчымі і матэрыяльнымі магчымасцямі. Магутная краіна. Магутная металургічная прамысловасць. □ Для пераможнага салюта, Якім байцоў Радзіма славіць, Мы ведалі: Урал магутны Даўно руду ў мартэнах плавіць.Танк.А калі магутны атам Мы для працы пакарылі, Стаў народ такім багатым, Што канца няма той сіле.Крапіва.
4.Спец. Тоўсты, масіўны (слой, пласт). Тут адразу ж пачынаўся магутны пласт чырвонай гліны.Штыхаў.
5.Спец. Які мае вялікую магутнасць (у 3 знач.). Магутная турбіна.
•••
Магутная кучкагл. кучка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фон1, ‑у, м.
1. Асноўны колер, тон, на якім пішацца карціна. Як увойдзеш у .. хату [Базыля], дык адразу ў вочы кідаецца партрэт Леніна на чырвоным фоне.Нікановіч.// Тое, на чым нанесены ўзор; поле (пра матэрыял і пад.). Фон пояса.// Задні план карціны, малюнка і пад., які садзейнічае вылучэнню асноўных частак адлюстравання. Агульнаму суроваму настрою карціны адпавядае і скупы зімовы пейзаж, на фоне якога разгорнута кампазіцыя.Ліс.// Задні план чаго‑н.; тое, на чым вылучаецца хто‑, што‑н. Здаецца, лістоў на .. [дрэвах] зусім не было. У кожным разе яны стваралі толькі фон пад гэтымі белымі .. кветкамі.Дубоўка.На фоне бледнага шэра-блакітнага неба вылучаюцца белыя ствалы бяроз.В. Вольскі.На фоне алешніку.. [дуб] будзе выглядаць волатам.Пальчэўскі.
2.перан. Агульная аснова, на якой хто‑, што‑н. вылучаецца; акружэнне, абставіны, агульныя ўмовы, дзе што‑н. адбываецца. Вайна і рэвалюцыя — тут ужо не проста фон, а тыя рэальныя фактары, што абумоўліваюць лёс герояў твора.Адамовіч.Асташынскія падзеі на фоне класавай барацьбы 1932 года ўздымаюцца да агульнапольскіх маштабаў.У. Калеснік.
3. Які‑н. асноўны спосаб уздзеяння на глебу пры яе апрацоўцы. Фоны апрацоўкі зямлі.
[Фр. fond.]
фон2, ‑у, м.
Спец.
1. Шум, трэск, перашкоды (у тэлефоне, радыёпрыёмніку і пад.).
2. Адзінка гучнасці.
[Ад грэч. phōnē — гук.]
фон3,
1. Часціца перад нямецкімі прозвішчамі, якая паказвае на дваранскае паходжанне. Смелы разведчык выконвае адказнае даручэнне: з дакументамі кінааператара .. здымае фон Адлера, а потым у час нарады генерала з афіцэрамі ўзрывае фашысцкі штаб.Дзюбайла.
2.узнач.наз.фон, ‑а, м.Разм. Немец-дваранін або немец-памешчык. [Супрун] трапіў батраком да нейкага фона.Машара.
[Ням. von.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВЁСКА (ад стараж.-рус. весь),
у вузкім гіст. сэнсе невял. земляробчае паселішча, адзін з відаў сельскіх нас. пунктаў. У шырокім значэнні паняцце «вёска» ахоплівае не толькі ўсе віды сталых паселішчаў, жыхары якіх — сяляне, с.-г. рабочыя і інш. — заняты пераважна ў сельскай гаспадарцы, паляванні, рыбалоўстве і інш., але і ўвесь комплекс сац.-эканам., культ.-бытавых і прыродна-геагр. асаблівасцей і ўмоў жыцця вёскі як сац.-эканам. катэгорыі, якая проціпастаўляецца гораду. Сац.-эканам. спецыфіка вёскі вызначаецца непасрэднай сувяззю яе жыхароў з зямлёй, гасп. асваеннем тэрыторыі і выкарыстаннем яе прыродных рэсурсаў праз накіраваную, пераўтваральную дзейнасць у розных галінах сельскай гаспадаркі. Адсюль разгрупаванне вёскі, параўнальна невял. памеры, сезонная цыклічнасць працы і інш. Усе бакі жыцця вёскі і сама вёска як сац.-эканам. катэгорыя перажылі значныя змены ў ходзе гіст. развіцця грамадства.
На Беларусі вёска — асн. тып сельскага паселішча, на працягу стагоддзяў была хавальніцай самабытных нар. традыцый, што стварала грунт для нац. адраджэння і этн. самазахавання бел. народа. Да 8—9 ст. вёскамі былі практычна ўсе паселішчы, пакуль у выніку аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі не сталі стварацца гарады і мястэчкі. У гэты ж час пры пераходзе ад радавой да суседскай абшчыны (грамады) з’яўляюцца асобныя сял. двары-сядзібы. Да сярэдзіны 16 ст. пераважала скучаная (бессістэмная) планіроўка вёскі, калі сял. хаты размяшчаліся асобнымі групамі. У выніку валочнай памеры пашырылася вулічная планіроўка, што стала адметнай рысай бел. вёскі на працягу стагоддзяў. Колькасць двароў звычайна не перавышала некалькіх дзесяткаў. Група суседніх вёсак утварала сельскую акругу (воласць), якая вызначалася аднароднасцю насельніцтва, значным падабенствам духоўнага і эканам. жыцця. Тыпалогія і вонкавае аблічча паселішчаў вызначалася асаблівасцямі таго ці інш.гіст.-этнагр. рэгіёна Беларусі. Усё неабходнае для жыцця сялян выраблялася ў вёсцы, гаспадарка мела натуральны характар. У феад. перыяд вёскі былі прыватнаўласніцкія і дзяржаўныя; існаваў пазаэканам. прымус, які даваў магчымасць землеўласнікам забіраць у сялян прыбавачны прадукт. У час спусташэнняў, выкліканых войнамі, асабліва ў 17—18 ст., феадалы заахвочвалі перасяленцаў у разбураныя раёны вызваленнем ад падаткаў на некалькі гадоў, у т. л. ствараліся новыя тыпы паселішчаў — «воля», «слабада», якія потым ператвараліся ў звычайныя вёскі. Пасля адмены прыгону (1861) адбыліся істотныя змены ў жыцці вёскі, павялічыўся рух сялян у горад і на хутары. Сталыпінская аграрная рэформапач. 20 ст. заканадаўча паскорыла працэс эвалюцыі ад сял. пераважна натуральнай гаспадаркі да гандлёва-рыначнай с.-г. вытворчасці. У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 паводле Дэкрэта аб зямлі была ліквідавана памешчыцкая ўласнасць на зямлю, асн. тыпам гаспадаркі ў вёсцы стала дробная індывід. гаспадарка, большасць сялян была паднята да ўзроўню сераднякоў. У вёсцы праводзілася ліквідацыя непісьменнасці, ствараліся ячэйкі РКП (б) і камсамола, прафсаюзныя арг-цыі, якія вялі работу па выхаванні сялян у «пралетарскім» духу, выкараненні дробнапрыватніцкай псіхалогіі, паскаралася развіццё кааперацыі. Стварэнне буйных гаспадарак — калгасаў і саўгасаў — у выніку калектывізацыі ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. прывяло да карэннага пералому ў векавым жыццёвым укладзе вёскі. Сярод жыхароў вёскі з’явіліся механізатары, кіруючыя кадры сярэдняга звяна, павысіўся культ.-тэхн. ўзровень сялян. Разам з тым вёска панесла вял. страты: прынцып добраахвотнасці пры калектывізацыі парушаўся, у выніку раскулачвання і інш. форм рэпрэсій заможныя сяляне (а таксама шмат сераднякоў) высяляліся. Агульная колькасць жыхароў вёскі ў выніку міграцый сялян у гарады СССР і па інш. прычынах зменшылася ў 1930-я г. на 1 млн.чал.Вял. ўрон вёсцы быў нанесены ў гады Вял.Айч. вайны: ням.-фаш. захопнікі разбурылі і спалілі 9200 вёсак (620 разам з жыхарамі), знішчылі 782,2 тыс.чал. У пасляваен. час ішоў працэс адбудовы вёскі, у Зах. Беларусі праведзена калектывізацыя. У 1960—80-я г. на аснове нарошчвання мат.-тэхн. базы сельскай гаспадаркі вырас дабрабыт і культ. ўзровень вёскі, усё больш вёскі забудоўваліся па спец. праектах (цэнтр сядзібы саўгаса «Прагрэс» Гродзенскага, «Новы быт» Мінскага, «Рассвет» Кіраўскага р-наў і інш.). Адначасова ўдз. вага вясковага насельніцтва скарацілася да 35%, каля ⅓ яго складаюць пенсіянеры, за апошнія 30 гадоў знікла больш як 10 тыс. вёсак. З канца 1980-х г. у вёсцы праводзіцца агр. рэформа, узнікаюць фермерскія гаспадаркі і с.-г. кааператывы, адноўлена арэнда зямлі. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 у зоне радыяцыйнага забруджвання апынуліся 54 раёны, сотні вёсак апусцелі. У 1986—92 на новае месца жыхарства пераехала 130 тыс.чал., пераважна вяскоўцаў. Акрамя вёсак на Беларусі гістарычна існавалі інш. тыпы сельскіх паселішчаў: сяло, аколіца, засценак, хутар, фальварак і інш.Гл. таксама Сялянства, Аграрнае пытанне, Аграрныя рэформы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
по́ле, ‑я, н.
1. Абшар зямлі, прызначаны, прыгодны для ворыва. Балеслаў стаяў у самым лесе, на мяжы з полем.Чорны.Па той бок Нёмана лугі ідуць, а за лугамі — лес і поле.Колас.// Засеяны або падрыхтаваны да пасеву ўчастак зямлі. За садам разгортвалася вялікае поле канюшыны.Бядуля.Малашонак доўга не здаваўся, але ўсё ж штучнае ўгнаенне зааралі ў глебу разам з гноем, рыхтуючы поле пад кукурузу.Ермаловіч.//чаго або якое. Вялікі абшар, прастора, накрытая чым‑н. [Маечка] потым доўга расказвала бацьку, як яны хутка імчаліся па дарозе, як з-пад капытоў каня ляцеў іскрысты снег, як прыгожа блішчыць за вёскай снежнае поле.Краўчанка.//чаго або якое. Прастора, прызначаная для чаго‑н.; пляцоўка. Лётнае поле. Футбольнае поле.
2.Спец. Прастора дзеяння якіх‑н. сіл. Электрычнае поле. Магнітнае поле.
3.перан.; чаго або якое. Галіна, сфера (якой‑н. дзейнасці, заняткаў і пад.). З гадамі ж увогуле поле дзейнасці для будаўніка ў вёсцы стане неабмежаваным.Хадкевіч.«Вось дзе багатае поле для гераічных учынкаў», — думаў ён.Шамякін.
4. Фон, на якім нанесены ўзоры. Тканіна з узорам на атласным полі. Паркаль у белыя гарохі на чырвоным полі.
5.звычайнамн. (палі́, ‑ёў). Вузкія чыстыя палоскі па краях аркуша, кнігі, сшытка, рукапісу і пад. Потым сеў і стаў чытаць кнігу.., робячы на палях нейкія паметкі.Гурскі.На вялікіх палях з нядбайна абарванымі краямі.. [Валя] піша папраўкі мікраскапічнымі літарамі.Асіпенка.
6.толькімн. (палі́, ‑ёў). Шырокі бераг капелюша. [Мінгрэл] быў невялікага росту, і першае, што кідалася ў вочы, — гэта яго шырокі чорны капялюш з абвіслымі палямі.Самуйлёнак.
•••
Аперацыйнае поле — участак цела, на якім робіцца аперацыя. Коўбец прыняў з рук другой памочніцы вузкі нож і, нахіліўшыся над аперацыйным полем, спакойным рухам зрабіў разрэз.М. Ткачоў.
Аднаго поля ягадыгл. ягада.
Поле зроку — а) прастора, якую бачыць вока; б) перан. круг інтарэсаў, кругагляд.
Шукаць ветру (лавіць вецер) у полігл. шукаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уда́р, ‑у, м.
1. Моцны рэзкі штуршок, сутыкненне з чым‑н. у час руху. Іліко .. схапіў свае восці і ўдарам пад жабры дакончыў рыбіну.Самуйлёнак.Раптам рэзкі ўдар страсянуў корпус судна. Траўлер даў крэп на правы борт.Матрунёнак.Многія гадзіннікі першага класа вызначаюцца тым, што не баяцца ўдару, пылу, вільгаці, вады.«Звязда».Я спрабаваў падняцца, але адразу падаў пад ударамі страшэннага ветру.Бяганская.// Пра біццё сэрца, пульсу. [Сцяпан] прыклаў фанендаскоп да сэрца і пачуў, як аддаляюцца і затухаюць яго ўдары.Шамякін.Кроў пульсавала выразней, з нарастаючымі ўдарамі.М. Ткачоў.//перан. Пра гром, выбух і іншыя моцныя гукі. Удар грому. □ Адзін за другім раздаліся глухія ўдары выбухаў.Лынькоў.У марозным крохкім паветры чуецца ўдар аб рэйку.Мікуліч.Яшчэ раз грамыхнуў, б’ючы ў самае сэрца людзей, удар нямецкай гарматы.Паслядовіч.
2. Імклівы напад, атака. Флангавы ўдар. Бомбавы ўдар. □ У заключэнне рэйду быў нанесены магутны камбінаваны ўдар на чыгунцы.Шамякін.Вядзе іх ляснічы Праз дзікі гушчар: Ідуць партызаны. Рыхтуюць удар.Колас.[Рагозін:] — Злева ў ляску збіраюцца казакі — адтуль галоўны ўдар.Гурскі.//перан. Рашучае дзеянне, накіраванае на спыненне, знішчэнне чаго‑н. Канчатковы ўдар па спекуляцыі.
3.перан. Нечаканае гора, бяда, непрыемнасць. Пад канец .. зімы Пецю давялося яшчэ перажыць адзін цяжкі ўдар: памёр яго дзед.Ракітны./ Пра што‑н. цяжкае, непрыемнае, што даводзіцца пераносіць каму‑н. Удар лёсу.
4. Цяжкая хвароба, кровазліццё ў мозг; апаплексія. [Ларчанка:] — Чорны захварэў. Вельмі цяжка..; Удар. Кровазліццё ў мозг.Мележ.
•••
Апаплексічны ўдар — тое, што і апаплексія.
Кручаны ўдар — удар у спартыўнай гульні (у тэніс, валейбол), пры якім пасылаецца кручаны мяч.
Свабодны ўдар — у футболе — удар, у час якога праціўнік не мае права нападаць.
Сонечны ўдар — цяжкі стан, які ўзнікае ў выніку перагрэву галавы сонечнымі прамянямі.
Цеплавы ўдар — захворванне, якое выклікаецца перагрэвам цела пры працяглым уздзеянні высокай тэмпературы навакольнага асяроддзя.
Адным ударам — хутка, імкліва, у адзін прыём.
Пад ударам (быць, знаходзіцца) — у такім становішчы, калі могуць напасці, атакаваць; у стане, калі штосьці пагражае.
Ставіць пад ударгл. ставіць.
Удар у спіну — здрадніцкі ўчынак, здрадніцкае забойства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПЕ́РШАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1914—18,
вайна паміж дзвюма кааліцыямі дзяржаў: Цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя, Балгарыя) і Антантай (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Сербія, пазней Японія, Італія, Румынія, ЗША і інш.). Усяго ўдзельнічала 38 дзяржаў (разам з дамініёнамі і калоніямі) з насельніцтвам больш за 1,5 млрд.чал. Выклікана абвастрэннем супярэчнасцей сярод гал.капіталіст. краін за ўмацаванне свайго панавання ў свеце, за перадзел ужо падзеленага свету і падпарадкаванне інш. народаў. Тая акалічнасць, што некат. краіны (напр., Сербія, Чарнагорыя) вялі нац.-вызв. барацьбу, не мяняе агульнага імперыял. характару вайны.
Германія імкнулася дамагчыся панавання ў Еўропе, разграміць свайго гал.эканам. канкурэнта — Англію, пазбавіць яе калоній і ваенна-марскога флоту; разбіць Францыю, Бельгію, Галандыю і захапіць іх калоніі; аслабіць Расію, забраць у яе Польшчу, Беларусь, Украіну, Прыбалтыку, замацавацца на Балканах і Б. Усходзе. Аўстра-Венгрыя хацела захапіць Сербію і Чарнагорыю, Турцыя — рас. Закаўказзе, Балгарыя — усх.ч. Сербіі. Англія імкнулася захаваць сваё калан. панаванне, для чаго намервалася разграміць Германію, захапіць яе калоніі і адваяваць арабскія тэрыторыі ў Турцыі. Францыя разлічвала вярнуць сабе захопленыя Германіяй у 1871 правінцыі Эльзас і Латарынгію і завалодаць сумежным Саарскім вугальным басейнам, абараніць свае калоніі (найперш Марока) ад дамаганняў Германіі. Расія імкнулася адлучыць ад Аўстра-Венгрыі Галіцыю, завалодаць Канстанцінопалем (Стамбулам) і Чарнаморскімі пралівамі. Свае агрэсіўныя мэты мелі Японія, Італія і інш.Гал.імперыял. дзяржавы спадзяваліся таксама, што вайна дапаможа адцягнуць прац. масы метраполій ад рэв. руху, а калан. народы — ад нац.-вызв. барацьбы. Рыхтуючыся да перадзелу свету, Германія (гал. ініцыятар вайны) заключыла ў 1879 ваен. саюз з Аўстра-Венгрыяй, да якога ў 1882 далучылася Італія, і т.ч. быў створаны Траісты саюз. Гэтаму блоку супрацьстаяла Антанта, сфарміраваная ў 1907. Кіраўніцтва 2-га Інтэрнацыянала падтрымала свае ўрады і т.ч. адмовілася ад сваіх ранейшых антываен. рэзалюцый Штутгарцкага (1907) і Базельскага (1912) кангрэсаў аб інтэрнац. салідарнасці працоўных. Супраць імперыяліст. вайны выступілі рас. бальшавікі і шэраг левых груповак у інш.с.-д. партыях.
Зачэпкай для вайны паслужыла забойства членамі сербскай падп. арг-цыі 28.6.1914 у Сараеве (тады ў Аўстра-Венгрыі) наследніка аўстр. трона эрцгерцага Франца Фердынанда (гл.Сараеўскае забойства). 28.7.1914 Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Расія заявіла пра падтрымку Сербіі і пачала частковую, а 30 ліп. агульную мабілізацыю. 1.8.1914 Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жн. — Францыі. Англія 4 жн. заявіла аб стане вайны з Германіяй. Вайну Германіі аб’явілі таксама англ. дамініёны (Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Паўд.-Афрыканскі Саюз). 23 жн. супраць Германіі выступіла Японія. 29 кастр. на баку аўстра-герм. блока ў вайну ўступіла Турцыя. Напярэдадні вайны аўстра-герм. блок разгарнуў 193 дывізіі (3,5 млн.чал.), дзяржавы Антанты — 287 дывізій (6 млн.чал.). Германія сканцэнтравала на Зах. фронце 7 армій у складзе 96 дывізій. Ва Усх. Прусіі знаходзілася 8-я армія (14 дывізій), 2 дывізіі былі на Брэслаўскім (Вроцлаўскім) напрамку. Аўстра-Венгрыя разгарнула ў Галіцыі 4 арміі (45,5 дывізіі), супраць Сербіі — 2 арміі (14 дывізій). Турэцкія ўзбр. сілы (0,5 млн. чал) у складзе 14 карпусоў разгарнуліся ў 6 арміях: каля Стамбула, у Тур. Арменіі, Месапатаміі, Сірыі і Палесціне. Францыя сканцэнтравала на фронце 85 дывізій. Экспедыцыйная армія Англіі налічвала 5,5 дывізіі (87 тыс.чал.) і разгарнулася ў раёне Брусель—Льеж—Намюр. Узбр. сілы Расіі стварылі 2 фронты — Паўночна-Заходні фронт 1914—15 (у пач. вайны 2 арміі, 381 тыс.чал.) на мяжы з Усх. Прусіяй і Паўд.-Зах. фронт (4 арміі, 697 тыс.чал.) на подступах да Галіцыі. Сербія выставіла 13 дывізій (247 тыс.чал.), Чарнагорыя — 6 дывізій (60 тыс.чал.).
Герм. войскі пачалі наступленне на Зах.-еўрап. фронце 2.8.1914. Хутка яны прайшлі Бельгію і Люксембург, захапілі паўн. дэпартаменты Францыі і прасунуліся да Парыжа. 5—12 вер. паміж Вердэнам і Парыжам разгарнулася вял. бітва на р. Марна з удзелам 6 англа-франц. і 5 герм. армій (гл.Марнскія бітвы). У выніку ўпартага супраціўлення саюзнікаў немцы страцілі ініцыятыву, і ў ліст. знясіленыя бакі перайшлі да абароны, якая паклала пачатак пазіцыйнай вайне. Поспеху англа-французаў у значнай меры паспрыяла наступленне рас. войск на Усх.-герм. фронце, што вымусіла немцаў ужо 26 жн. пачаць перавод ч. войск на У.
Першы перыяд кампаніі 1914 на ўсх.-еўрап. тэатры ваен. дзеянняў адзначаны 2 буйнымі наступленнямі: Усходне-Прускай аперацыяй 1914 і Галіцыйскай бітвай 1914. У ходзе наступлення на Усх. Прусію 2 рас. арміі пасля першых поспехаў пацярпелі цяжкае паражэнне і адступілі. Важнае месца займалі баі на Паўд.-Зах. фронце. 18 жн. ў ходзе Галіцыйскай бітвы пачалося наступленне 8-й арміі ген. А.А.Брусілава. На працягу месяца рас. войскі разбілі аўстра-венграў, занялі Львоў, адкінуўшы праціўніка да Карпат, і блакіравалі крэпасць Перамышль (здалася 22.3.1915). Аднак саюзнікі прапанавалі Расіі наступаць супраць Германіі. Рас. камандаванне перагрупавала гал. сілы з р. Сан на сярэднюю Віслу да Варшавы. У ходзе Варшаўска-Івангародскай аперацыі 1914рас. войскі атрымалі перамогу. У Закаўказзі рас. армія адбіла наступленне туркаў на Ардахан і Сарыкамыш (гл.Сарыкамышская аперацыя 1914—15) і перанесла ваен. дзеянні на тэр. праціўніка. На аўстра-сербскім фронце ў жн.—вер. 1914 сербы адкінулі ворага за межы краіны. Гал. вынікам барацьбы на моры было ўсталяванне Англіяй блакады герм. ўзбярэжжа, што адрэзала Германію ад яе калоній і паўплывала на ўвесь ход вайны. У цэлым кампанія 1914 завяршылася перамогай Антанты, планы герм.Ген. штаба на «маланкавую вайну» праваліліся. У кампанію 1915, не маючы сіл для наступальных аперацый на абодвух тэатрах ваен. дзеянняў, герм. камандаванне вырашыла засяродзіць гал. ўвагу на ўсх.-еўрап. тэатры, каб вывесці Расію з вайны. На зах.-еўрап. тэатры планавалася заняць абарону. У выніку масіраванага наступлення герм. і аўстра-венгерскія войскі у чэрв. 1915 захапілі б.ч. Польшчы, у т. л. 4 жн. — Варшаву; фронт наблізіўся да Беларусі.
У жн. 1915 пачалося герм. наступленне ў напрамку Коўна—Вільня—Мінск. 9.9.1925 у стыку Паўночнага фронту 1915—18 і Заходняга фронту 1915—18 немцы здзейснілі Свянцянскі прарыў 1915, захапілі г. Вілейку. У вер.рас. войскі пакінулі Вільню, Гродна, Ліду, Брэст, Пінск і інш. гарады зах. Беларусі. Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання была пераведзена з г. Баранавічы ў Магілёў. 19 вер. перадавыя ням. раз’езды перарэзалі чыгунку Мінск—Масква ў раёне Смалявіч. Вял. намаганнямі рас. войскам удалося ліквідаваць прарыў і адкінуць праціўніка ў раён азёр Свір і Нарач. У кастр. 1915 фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй.
На зах.-еўрап. тэатры англа-франц. войскі правялі шэраг абмежаваных аперацый на вузкіх участках фронту. 22.4.1915 у ходзе баёў каля г. Іпр (Бельгія) немцы ўпершыню ўжылі зброю масавага паражэння — газ хлор. У канцы вер. 1915 франц.-англ. войскі правялі наступальную аперацыю ў Шампані. Аднак прарваць фронт ім не ўдалося. 23.5.1915 Італія выйшла з Траістага саюза і аб’явіла вайну Аўстра-Венгрыі (узнік новы італьян. фронт). У лют. 1915 англа-франц. войскі высадзілі дэсант на беразе праліва Дарданелы з мэтаю захопу Стамбула, але іх штурмы былі адбіты туркамі (у студз. 1916 дэсант эвакуіраваны). Паражэнне гэтага дэсанта і адыход рас. войск з Галіцыі паўплывалі на рашэнне Балгарыі ўступіць 14.10.1915 у вайну на баку аўстра-герм.-тур. блоку. Гэта пагоршыла становішча сербскай арміі, якая пад ударамі Аўстра-Венгрыі і Балгарыі адступала да Адрыятыкі; яе рэшткі эвакуіраваны саюзнікамі на востраў Корфу. У выніку паражэння Сербіі ўсталяваліся бесперашкодныя зносіны паміж Германіяй і Турцыяй.
На азіяцка-каўказскім тэатры ваен. дзеянняў рас. войскі паспяхова прасоўваліся ў напрамку воз. Ван і Алашкерт, баі вяліся на тэр. Ірана. Аднак туркі разграмілі англічан у Месапатаміі і акружылі іх корпус у Кут-эль-Амары, у Егіпце — падышлі да Суэцкага канала. На моры герм. падводны флот разгарнуў «бязлітасную вайну» супраць усіх караблёў, у т. л. і нейтральных краін (гл.Падводная вайна). За 1915 Германія і яе саюзнікі дасягнулі значных поспехаў на ўсх.-еўрап., балканскім і азіяцкім тэатрах, захапілі вял. тэрыторыі. Аднак на зах.-еўрап. тэатры Англія і Францыя паспяхова трымалі фронт. На 1916 краіны Антанты запланавалі правесці 2 скаардынаваныя аперацыі: 15 чэрв. на ўсх.-еўрап. і 2 ліп. на зах.-еўрап. тэатрах. У кампаніі 1916 на зах.-еўрап. тэатры вылучыліся 2 аперацыі — каля крэпасці Вердэн (гл.Вердэнская аперацыя 1916) і на р. Сома. 1 ліп. англа-франц. войскі пачалі наступленне на Соме, найб. моцныя баі адбыліся восенню 1916. Тут англічане ўпершыню выкарысталі новую ваен. тэхніку — танкі. Немцы аслабілі, а потым і спынілі націск на Вердэн; у кастр.—снеж. французы выбілі іх з найб. важных пазіцый у раёне крэпасці. Бакі страцілі сотні тыс.чал., але лінія фронту на ўчастку 35 км прасунулася ўглыбіню толькі на 10 км. Каб аслабіць герм. атакі на Вердэн, рас. армія датэрмінова правяла у сак.Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова. Больш значны поспех мела Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (пачалося 4.6.1916) пад камандаваннем ген. Брусілава. 8-я армія ўзяла Луцк, 9-я армія выйшла на лінію р. Стаход, а потым заняла Букавіну і ч.Усх. Галіцыі. 29.7.1916 войскі Зах. фронту правялі Баранавіцкую аперацыю 1916, але прарваць фронт не змаглі. У выніку «Брусілаўскага прарыву» праціўнік панёс страты да 1,5 млн.чал. і быў вымушаны спыніць сваё наступленне ў Італіі, Аўстра-Венгрыі быў нанесены такі ўдар, пасля якога яна да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні.
Англа-франц. наступленне на Соме і рас. наступленне ў Галіцыі прадвырашылі пералом у 1-й сусв. вайне на карысць Антанты. Пад уражаннем гэтых перамог 27.8.1916 у вайну ўступіла Румынія, спадзеючыся адваяваць ў Аўстра-Венгрыі Трансільванію. Аднак рум. армія была хутка разбіта перакінутымі на дапамогу аўстрыйцам герм. войскамі; немцы занялі Бухарэст. Рас. войскі ўступілі ў Румынію. У канцы снеж. 1916 Рум. фронт стабілізаваўся. У 1916 у абмен на зброю для Расіі ў Францыю і на Балканы перакінуты Рус. экспедыцыйныя корпусы. На азіяцка-каўказскім тэатры ў 1916 рас. войскі ўзялі Эрзурум, Трапезунд, Эрзінджан; англічане ж тут дзейнічалі няўдала: акружаны ў 1915 корпус у Кут-эль-Амары 28.4.1916 капітуляваў. Восенню 1916 туркі трымалі супраць рускіх 27, а супраць англічан 18 дывізій.
Летам 1916 адбылася Ютландская бітва 1916 — адзіная буйная бітва на моры, у якой ням. караблі не здолелі перамагчы англ. флот і ліквідаваць марскую блакаду. У канцы 1916 — пач. 1917 стратэг. ініцыятыва ў цэлым перайшла да Антанты, аднак Расія была настолькі стомлена, што пэўныя прыдворныя колы пачалі шукаць сепаратнага міру з Германіяй. 6.4.1917 у вайну на баку Антанты ўступілі ЗША. Няўдалае крас. наступленне англа-франц. войск у раёне Араса, Сен-Кантэна і Рэймса (загінула больш за 200 тыс.чал.) выклікала хваляванні ў франц. арміі, у Рус. экспедыцыйным корпусе пачаўся рух за вяртанне на радзіму. На італьян. і азіяцка-тур. тэатрах саюзнікі пераламілі ход вайны на сваю карысць. У Расіі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 самадзяржаўе было скінута і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, які ў пытаннях працягу вайны быў яшчэ ў большай залежнасці ад зах. саюзнікаў, чым царызм. Аднак шматлікія ахвяры і эканам. цяжкасці, выкліканыя вайной, рабілі яе ўсё больш непапулярнай у салдацкіх масах; на фронце адбывалася братаннерус. і герм. салдат; з’явіўся лозунг рас. бальшавікоў аб пераўтварэнні вайны імперыял. у грамадзянскую. 1.7.1917 пачалося няўдалае наступленне рас. войск Зах. фронту. У канцы жн. (пач.вер.) 1917 герм. войскі авалодалі Рыгай. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 савецкі ўрад Расіі прыняў Дэкрэт аб міры, у якім прапанаваў усім ваюючым бакам пачаць перагаворы з мэтай заключэння справядлівага міру без анексій і кантрыбуцый. У сувязі з адмовай англа-франц. блоку ад гэтых прапаноў сав. ўрад пачаў сепаратныя перагаворы з аўстра-герм. кааліцыяй і 4.12.1917 падпісаў з ёю Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце 1917. У лют. 1918 іх саюзнікі парушылі перамір’е, пачалі буйнамаштабнае наступленне на ўсіх франтах. Паколькі старая армія развальвалася, а часці Чырв. Арміі толькі ствараліся, праціўніку ўдалося захапіць вял. тэрыторыю па лініі Нарва—Растоў-на-Доне, у т. л. ў Беларусі па лініі Расоны—Полацк—Сянно—Орша—Магілёў—Жлобін—Навазыбкаў. Туркі ўварваліся ў Закаўказзе.
3.3.1918 быў падпісаны Брэсцкі мір 1918. З сак. па ліп. 1918 герм. камандаванне правяло 4 наступальныя аперацыі на зах.-еўрап. тэатры, выкарыстаўшы апошні шанц завяршыць вайну на сваю карысць, але беспаспяхова. 8—13 жн. саюзнікі правялі Ам’енскую аперацыю 1918 і нанеслі буйное паражэнне немцам. 26.9.1918 англа-франц. і амер. войскі перайшлі ў агульнае наступленне, прарвалі герм. абарону і вымусілі праціўніка пакінуць тэр. Францыі. У 1918 вырашальныя перамогі былі атрыманы саюзнікамі і на інш. тэатрах. 29 вер. капітулявала Балгарыя, 30 кастр. — Турцыя, 3 ліст. — Аўстра-Венгрыя, 11 ліст. — Германія.
1-я сусв. вайна цягнулася больш за 4 гады (51 месяц і 2 тыдні) і мела надзвычай разбуральны характар. З 74 млн.чал., мабілізаваных з 33 дзяржаў і 5 калоній, загінула і памерла ад ран каля 10 млн.чал., паранена больш за 20 млн.чал., каля 10 млн.чал. памерла ад эпідэмій і голаду. Вайна забрала вял. ахвяры і сярод мірнага насельніцтва: у выніку артабстрэлаў і паветраных бамбардзіровак гінулі жыхары гарадоў; тур. ўлады ўчынілі генацыд армян; падводныя лодкі тапілі пасажырскія судны. Вельмі цяжкім было становішча ў Беларусі. Зах. губерні, у т. л.бел., былі аб’яўлены на ваен. становішчы, уводзіўся жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым. У бел. губернях у дзеючую армію было мабілізавана 50% мужчын. Астатняе працаздольнае насельніцтва прыцягвалася на абарончыя работы. У час баявых дзеянняў на Беларусі гінула мірнае насельніцтва, разбураліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Адступленне рас. войск суправаджалася масамі бежанцаў. Колькасць прадпрыемстваў скарацілася на 65%, колькасць рабочых — больш, чым на 1/3. Пасяўныя плошчы ў неакупіраваных паветах скараціліся ў 1914—17 на 15,6%, пагалоўе жывёлы — на 11,4 (кароў на 33,9%). Пагоршылася матэрыяльнае становішча сял. мас. Адбываліся забастоўкі, салдацкія выступленні, найб. буйное — Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. На акупіраванай тэр.зах. Беларусі герм. ўлады стварылі «Нямецкае ваеннае ўпраўленне Беласток—Гродна»; 1.2.1918 яно як састаўная ч. пад назвай «Літва—Поўдзень» уключана ў «Нямецкае ваен. ўпраўленне Літва». Акупанты праводзілі масавыя рэквізіцыі с.-г. прадукцыі, вывозілі сыравіну (асабліваму рабаванню падвергліся лясы Белавежскай пушчы) і прамысл. абсталяванне ў Германію. Такая палітыка выклікала супраціўленне насельніцтва, аж да нападаў сялян на рэквізіцыйныя атрады. Пасля акупацыі ў 1918 усх. Беларусі ўзбр. барацьба набыла арганізаваныя формы партызанскай вайны.
28.6.1919 краіны Антанты (без Расіі) падпісалі Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй, паводле якога Францыя вяртала Эльзас і Латарынгію, часова акупіравала Саарскую вобл., усе герм. калоніі (у Афрыцы, Кітаі, а-вах Ціхага акіяна) пераходзілі да Англіі, Францыі, Японіі; абмяжоўваліся ўзбр. сілы і ўзбраенні Германіі, на яе ўскладвалася кантрыбуцыя. У вер. 1919 — жн. 1920 былі падпісаны выпрацаваныя на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 аналагічныя мірныя дагаворы паміж краінамі Антанты і інш. дзяржавамі герм. блоку. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі на яе тэр. ўзніклі Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія. Сербія аб’ядналася з Чарнагорыяй і паўд.-слав. правінцыямі Аўстра-Венгрыі (Харватыя, Славенія, Далмацыя, Боснія і Герцагавіна) у Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Адрадзіла незалежнасць Польшча. За кошт б. Аўстра-Венгрыі павялічылі свае тэрыторыі Румынія і Італія. Арабскія ўладанні Турцыі ў асн. перайшлі да Англіі і Францыі, Ірак атрымаў фармальную незалежнасць. Т.ч. шэраг народаў Усх. Еўропы сталі незалежнымі ці ўз’ядналі свае тэрыторыі, але іншаземнае панаванне на пазаеўрап. абшарах у асн. захавалася. ЗША за ваен. пастаўкі атрымалі вял. прыбыткі, павысілі свой міжнар. статус і ўзмацнілі прэтэнзіі на сусв. панаванне. Версальскі дагавор не ліквідаваў, а ўзмацніў супярэчнасці паміж краінамі, не задаволенымі новым перадзелам свету і паслужыў падставай падрыхтоўкі да Другой сусветнай вайны 1939—45.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
Зайончковский А.М. Мировая война 1914—1918 гг.Т. 1—3. 3 изд. М., 1938—39;
Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг.М., 1964;
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994;
Такман Б. Первый блицкриг. Август 1914: Пер. с англ. М.; СПб., 1999;
Мессенджер Ч. Энциклопедия войн XX в.: Мировые конфликты с 1900 г. до наших дней: Пер. с англ.М., 2000;
Больных А. Морские битвы Первой мировой войны: Схватка гигантов. М., 2000.
П.А.Селіванаў.
Да арт.Першая сусветная вайна. Бой вядуць амерыканскія салдаты.Да арт.Першая сусветная вайна. Англійскі танк накіроўваецца да германскіх пазіцый. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Спаленая беларуская вёска. Заходні фронт. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Перавязачны пункт у Мінску.Да арт.Першая сусветная вайна. Газавая атака на Заходнім фронце. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійская кулямётная ўстаноўка, прыстасаваная для стральбы па паветраных цэлях.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійскія крэйсер і падводная лодка на Балтыйскім моры. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Братанне на руска-германскім фронце. 1917.Да арт.Першая сусветная вайна. Паветраны бой паміж германскімі і англійскімі самалётамі. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬГІЯ (франц. Belgique, флам. België),
Каралеўства Бельгія (франц. Royaume de Belgique, флам. Keninkrijk België), дзяржава ў Зах. Еўропе, на паўд. узбярэжжы Паўночнага м. Мяжуе на Пн з Нідэрландамі, на У з ФРГ і Люксембургам, на Пд і ПдЗ з Францыяй. Пл. 30,5 тыс.км². Нас. 10,1 млн, чал. (1994). Афіц. мовы — нідэрландская (фламандская), франц., нямецкая. Сталіца — г.Брусель. Падзяляецца на 9 правінцый. Існуе падзел на 3 рэгіёны: Фландрыю (Пн), Валонію (Пд), Брусель з ваколіцамі (цэнтр). Нац. свята — Дзень прынясення каралём прысягі (21 ліп.).
Дзяржаўны лад. Бельгія — канстытуцыйная манархія з наследаваннем па мужчынскай лініі. Дзейнічае канстытуцыя 1831 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе парламент у складзе палаты прадстаўнікоў і сената (тэрмін паўнамоцтваў 4 гады), выканаўчую — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Міністраў прызначае і вызваляе кароль. Кіраванне ў правінцыях ажыццяўляюць губернатары. У правінцыях ёсць выбарныя муніцыпальныя органы — правінцыяльныя рады. Судовая сістэма ўключае суды касацыйны, апеляцыйны, 1-й інстанцыі, прысяжных і міравых суддзяў. Усе суддзі прызначаюцца пажыццёва каралём.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. На ПдУстараж. (герцынскі) масіў Ардэны (г. Батранж, 694 м). На Пн ад яго нешырокая паласа раўнін і плато, складзеных з палеагенавых глін і пяскоў. Паўн.ч. займаюць плоскія нізіны Фландрыі і Кампіна, укрытыя чацвярцічнымі рачнымі і марскімі адкладамі. Уздоўж узбярэжжа паласа польдэраў (шыр. да 15 км), якая часткова знаходзіцца на 2 м ніжэй за ўзровень мора і засцерагаецца ад затаплення пясчанымі дзюнамі і дамбамі. З карысных выкапняў найб. значэнне мае каменны вугаль (запасы каля 6 млрд.т), ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы. Клімат марскі, умерана цёплы. Сярэдняя т-растудз. 3 °C (у Ардэнах да -1 °C), ліп. 18 °C (у Ардэнах 14 °C). Ападкаў 700—900 мм за год, у гарах 1200—1500 мм. Рэкі паўнаводныя, не замярзаюць. Галоўныя: Шэльда і Маас з шматлікімі прытокамі. Б. ч. краіны мае культ. ландшафт. Прамысл. цэнтры злучаны рэкамі і суднаходнымі каналамі. Лясы (дуб, бук, граб) разам з лесапалосамі займаюць каля 21% тэрыторыі. Натуральныя лясы захаваліся ў Ардэнах. Фауна (дзік, лань, казуля, вавёрка, заяц, курапаткі, фазаны) і ландшафты зберагаюцца ў шматлікіх рэзерватах і прыродных парках (буйнейшыя От-Фань, Калмтхаўт).
Насельніцтва. Каля 55% — фламандцы (на Пн краіны), каля 33% — валоны (на Пд). У Бруселі і ваколіцах змешанае двухмоўнае насельніцтва. У краіне каля 1 млн. іншаземцаў — французаў, немцаў, італьянцаў, мараканцаў і інш. Паводле веравызнання 75% католікі, 25% пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 331 чал. на 1 км². Асабліва густа населена цэнтр.ч. — да 665—800 чал. на 1 км², у Ардэнах да 50—100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 96,3% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1993): Брусель — 949, Антверпен — 463, Гент — 228, Шарлеруа — 207, Льеж — 195, Бруге — 117, Намюр — 105.
Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек, на тэр. Бельгіі жыў з часоў палеаліту. Каля 3 ст. да н. э. яе пачалі засяляць кельцкія плямёны белгаў, (адсюль назва краіны). У 57 да н.э. землі белгаў заваяваў Юлій Цэзар і ўключыў іх у Рым. дзяржаву. У 1—4 ст.н.э. на тэр. Бельгіі фарміраваўся рабаўладальніцкі ўклад. У выніку далейшага яе засялення (3 ст.) герм. плямёнамі франкаў, фрызаў і саксаў, змяшання плямёнаў пачалі складвацца 2 народнасці: валоны (патомкі раманізаваных белгаў) і фламандцы (патомкі герм. плямёнаў). У 5—9 ст.тэр. Бельгіі ў складзе Франкскай дзяржавы, а пасля распаду імперыі Каралінгаў (843) падзялілася на шэраг феад. уладанняў. З 10 ст. развіваюцца гарады Гент, Бруге, Іпр, з 11—12 ст. — Антверпен, Брусель і інш. У 12—13 ст. у графстве Фландрыя і герцагстве Брабант хутка расла прам-сць, і яны сталі цэнтрамі міжнар.гандл. сувязяў. Рост таварна-грашовых адносін і сярэдневяковай гар. культуры спрыяў больш ранняму, чым у інш. краінах Еўропы, разлажэнню феад. адносін. У 15 ст.тэр. Бельгіі адышла да Бургундскага герцагства, потым да Нідэрландаў, у 1477—82 — да імперыі Габсбургаў. З 1555 уладанне ісп. манархіі. Ранняя бурж. рэвалюцыя 16 ст. ў Нідэрландах (гл.Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя) на тэр. Бельгіі не мела поспеху, і там было адноўлена ісп. панаванне. У 1714 Ісп. Нідэрланды (тэр. Бельгіі) адышлі да Аўстр. манархіі. Палітыка нац. прыгнёту насельніцтва Бельгіі стала прычынай нац.-вызв. руху, які перарос у Брабанцкую рэвалюцыю 1789—90. У ходзе яе было вызвалена некалькі бельг. правінцый. 11.1.1790 Нац. кангрэс, скліканы ў Бруселі, абвясціў незалежнасць Злучаных Штатаў Бельгіі. Скарыстаўшы ўнутр. барацьбу, аўстр. Габсбургі з дапамогай арміі аднавілі (1791) сваю ўладу ў бельг. правінцыях. Пасля перамогі франц.рэв. войскаў над аўстрыйскімі (1792) тэр. Бельгіі зноў вызвалена. Паўторна рэстаўрыраваная ў Бельгіі ўлада Аўстрыі (сак. 1793) скончылася ў выніку паражэння аўстрыйцаў у бітве з франц. Войскам. 26.6.1794 пры Флёрусе. 1.10.1795 абвешчана далучэнне Бельгіі да Франц. рэспублікі. Аўстрыя прызнала гэты акт у 1797 (Кампафармійскі мір). Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15бельг. правінцыі штучна аб’яднаны ў 1815 з Галандыяй у Каралеўства Нідэрланды. Незадаволенасць мясц. насельніцтва галандскім панаваннем вылілася ў Бельгійскую рэвалюцыю 1830, у выніку якой Бельгія стала незалежнай. У сярэдзіне 19 ст. тут узніклі рабочыя арг-цыі; працоўныя дамагліся права на забастоўкі (1866), адмены забароны рабочых саюзаў (1867). Незалежнасць Бельгіі спрыяла хуткаму развіццю капіталізму. У канцы 19 — пач. 20 ст. яна стала развітой дзяржавай, буйным экспарцёрам прамысл. тавараў і капіталу (толькі ў Расію да 1914 вывезена 6 млрд. франкаў). У 1870—80-я г.бельг. каланізатары захапілі частку бас. Конга (з 1908 афіц. калонія Бельгіі). У 1-ю сусв. вайну Германія парушыла нейтралітэт Бельгіі і акупіравала амаль усю яе тэрыторыю. За 4 гады акупацыі эканоміцы краіны нанесенывял. страты. Бельг. войскі разам з англ. і франц. ўдзельнічалі ў вайне ў Еўропе і ў захопе герм. уладанняў у Афрыцы. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 Б. атрымала герм. акругі Эйпен і Мальмеды, у Афрыцы — мандат на Руанда-Урундзі, а таксама права на рэпарацыі. Бельгія адыгрывала важную ролю ў Версальскай сістэме, як партнёр Францыі ўдзельнічала ў акупацыі Рура. Міжваенны перыяд характарызаваўся ўздымам рабочага руху, што вымусіла ўлады палепшыць умовы жыцця працоўных, расшырыць выбарчыя правы.
Сусв.эканам. крызіс 1929—33 выклікаў заняпад эканомікі Бельгіі. Зменшыліся вытв-сць і экспарт, зарплата рабочых, павялічылася колькасць беспрацоўных. У знешняй палітыцы ўрад Бельгіі пайшоў на збліжэнне з Германіяй і Італіяй, адмовіўся ад стварэння сістэмы калект. бяспекі ў Еўропе. 10.5.1940 герм. войскі ўварваліся на тэр. Бельгіі. Па просьбе яе ўрада Англія і Францыя накіравалі туды свае войскі, але 28 мая бельг. кароль Леапольд III падпісаў акт аб капітуляцыі. У гады акупацыі ў краіне дзейнічаў Рух Супраціўлення. Бельгія вызвалена англа-амер. войскамі ў вер. 1944. Згодніцкая палітыка Леапольда III у час вайны выклікала агульную незадаволенасць насельніцтва і прывяла ў 1944 да ўстанаўлення рэгенцтва. У 1951 Леапольд III адрокся ад прастола на карысць сына Бадуэна I. У 1948 Бельгія заключыла мытны, у 1960 — эканам. саюз з Нідэрландамі і Люксембургам (гл.Бенілюкс). Нац.-вызв. барацьба народаў Афрыкі прымусіла Бельгію даць у 1960 паліт. незалежнасць Конга (Кіншаса), у 1962 — Руанда-Урундзі, на тэр. якой утварыліся 2 дзяржавы: Руанда і Бурундзі.
Развіваючыся на стыку раманскай і германскай культур, Бельгія складаецца з 2 асн. частак: паўн. — Фландрыі і паўд. — Валоніі. Да пач. 20 ст. ў паліт., эканам., культ. плане дамінуючым рэгіёнам была Валонія, якая пазней саступіла першынство Фландрыі. Пастаяннае саперніцтва гэтых 2 рэгіёнаў — асн. фактар унутрыпаліт. нестабільнасці ў краіне ў апошнія дзесяцігоддзі, прычына шматлікіх выступленняў і ўрадавага крызісу. У 1970—71 кааліцыйны урад Г.Эйскенса з мэтай вырашэння моўнага канфлікту ініцыіраваў змены ў канстытуцыі і прыняцце законаў аб эканам. і культ. дэцэнтралізацыі, свабодзе выбару мовы навучання. Пасля шматгадовых дэбатаў у 1980 бельг. парламент пачаў правядзенне дзярж. рэформаў — прыняў закон аб рэгіяналізацыі краіны і прызнанні шырокіх паўнамоцтваў Фландрыі і Валоніі ў справе самакіравання. Паводле канстытуцыі насельніцтва Бельгіі падзелена на 3 лінгвістычныя садружнасці: франц., флам. і германамоўную; тэрытарыяльна — на 3 рэгіёны: Валонію, Фландрыю і Брусельскі рэгіён. Садружнасці займаюцца пытаннямі культ. развіцця, сродкаў масавай інфармацыі, турызму, асветы, спорту; маюць права заключаць пагадненні аб супрацоўніцтве па гэтых пытаннях з інш. садружнасцямі і замежнымі дзяржавамі. У кампетэнцыі рэгіёнаў знаходзяцца і сац.-эканам. пытанні. За цэнтр. урадам захоўваюцца паўнамоцтвы ў галіне знешняй палітыкі, абароны, бяспекі, валютна-фін. палітыкі. У 1988 парламент прыняў рашэнне аб чарговых зменах у канстытуцыі, якія больш шырокія паўнамоцтвы перадаюць рэгіянальным уладам Фландрыі, Валоніі і Бруселя. Гэтая праграма федэралізацыі засн. на канцэпцыі паступовай трансфармацыі дзяржавы з унітарнай у федэратыўную. Яе мэта — юрыд. замацаванне раздзялення кампетэнцыі органаў улады краіны, рэгіёнаў і садружнасцяў. 1.1.1989 Бельгія канстытуцыйна абвешчана федэрацыяй. У выніку ўрадавага крызісу ў кастр. 1991 парламент распушчаны. На парламенцкіх выбарах 24.12.1991 поспехаў дамагліся правыя флам.нацыяналіст. сілы і партыі экалагістаў. Але гэта не змяніла становішча буйнешых партый — флам.Хрысц.нар. партыі і сацыяліст. партый Фландрыі і Валоніі, якія захавалі вядучае становішча ў парламенце. У ліп. 1992 парламент зацвердзіў Маастрыхцкія пагадненні 1992 аб утварэнні Еўрап. саюза. У крас. 1993 парламент прыняў папраўку да канстытуцыі, якая завяршыла дзярж. рэформу федэралізацыі краіны. Пасля смерці Бадуэна I (ліп. 1993) новым каралём Бельгіі стаў Альберт II. З 1955 Бельгія — чл.ААН, чл.Зах.-еўрап. саюза, з 1957 чл. «Агульнага рынку» (гл.Еўрапейскае эканамічнае супольніцтва). Бельгія — чл. Бельгійска-Люксембургскага эканам. саюза (БЛЭС), Бенілюкса і шэрагу інш.паліт. і эканам. саюзаў. Дыпламат адносіны з Беларуссю ўстаноўлены 10.3.1992.
У 1947 — пач. 1960-х г. дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі, створаны бел. дыяспарай. У кастр. 1949 у г. Лёвен адбыўся з’езд бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі. Францыі, на якім створана Бел.акад. каталіцкае аб’яднанне «Рунь» (існавала да канца 1960-х г.).
Палітычныя партыі. Буйнейшыя паліт. партыі падзелены паводле нац. прынцыпу: 2 сацыялістычныя партыі — СП (фламандцы) і СП (франкафоны); 2 дэмакр.-хрысціянскія — Хрысц.нар. (фламандцы) і Сац.-хрысц. (франкафоны); 2 ліберальныя — флам. лібералаў і дэмакратаў і Рэфармісцкая ліберальная (франкафоны), а таксама партыі «зялёных» і інш. Буйнейшыя прафс. цэнтры: Канфедэрацыя хрысц. прафсаюзаў, Усеагульная федэрацыя працы Бельгіі, Ген. цэнтр ліберальных прафсаюзаў.
Гаспадарка. Бельгія — высокаразвітая краіна з інтэнсіўнай сельскай гаспадаркай і шырокімі знешнеэканам. сувязямі. На яе прыпадае прыкладна ⅓ сусв. экспарту дываноў, шкла, брыльянтаў, 1/5 — каляровых цяжкіх металаў, 1/7 — чорных металаў і кінаплёнкі. Прамысловасць — аснова бельг. эканомікі. Развіты чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, электроніка, вытв-сць камунікацыйнага абсталявання. Вял. значэнне маюць шкляная прам-сць, агранка алмазаў і вытв-сць зброі. Здабываецца каменны вугаль (каля 5 млн.т штогод). У энергет. балансе больш як ⅔ складаюць нафта (з Паўн. Афрыкі і Б. Усходу) і прыродны газ (пераважна з Нідэрландаў). Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў каля 57 млн.т (Гент, Антверпен), каля палавіны нафтапрадуктаў ідзе на экспарт. Вытв-сць электраэнергіі складае 68 млрд.кВт∙гадз (1993), каля 70% даюць АЭС (Дуль, Тыянж, Мале). Адна са старэйшых галін прам-сці — чорная металургія. Выплаўка чыгуну 8,2 млн.т, сталі 10,1 млн.т (1993). Асн. прадпрыемствы знаходзяцца вакол Шарлеруа і Льежа ў т.зв. «чорным поясе». Каляровая металургія развіваецца пераважна на прывазной сыравіне, асн. прадпрыемствы ў раёне ад Антверпена да Льежа. Бельгія ўваходзіць у першую пяцёрку краін па вытв-сці і экспарце цяжкіх каляровых металаў. Вытв-сць складае (тыс.т, 1993): медзі 455, свінцу 131, цынку каля 53, волава 7. Краіна падзяляе 1—2-е месцы ў свеце па вытв-сці германію, кобальту, радыю, танталу, ніобію, селену, кадмію. Важнае месца ў прам-сці займае машынабудаванне; найб. развіты аўтазборачная (каля 1 млн. легкавых аўтамабіляў штогод, асн. цэнтры Антверпен, Гент, Брусель), эл.-тэхн. і радыёэлектронная (Шарлеруа, Брусель, Антверпен, Бруге, Лёвен) галіны, вытв-сць пад’ёмна-трансп. абсталявання, авіярухавікоў, абсталявання для металургічнай, хім., тэкст. прам-сці. Традыцыйна развіта зброевая прам-сць (Льеж), у хім. прам-сці — вытв-сць пластмасаў, сінт. валокнаў і каўчуку, угнаенняў, мыйных сродкаў, соды. Асн. цэнтры нафтахім. прам-сці — Льеж і Антверпен. Вытв-сць медыкаментаў (Брусель, Антверпен, Брэн-л’Алё), кінафотаматэрыялаў (у прыгарадзе Антверпена). Старэйшая галіна — тэкст.прам-сць (больш за 3/4 вытв-сці ў Фландрыі). Цэнтры баваўнянай прам-сці — Гент, Мускрон, Кортрэйк, шарсцяной — Верв’е, Мускрон, Ронсе, Турнэ, ільняной — Гент, Кортрэйк, Ронсе, Руселарэ. Вылучаюцца вытв-сць карункаў і аксаміту, шарсцяных і сінт. дываноў, трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, а таксама мэблевая, шкляная прам-сць. Алмазагранільная справа і гандаль брыльянтамі — у Антверпене. Сярод галін харч. прам-сці — вытв-сць цукру, піва, шакаладу, мясных і малочных кансерваў. Сельская гаспадарка высока інтэнсіўная. С.-г. ўгоддзі займаюць 1350 тыс.га (44% тэр.), у т. л. пад ворывам 620 тыс.га, пад лугамі і пашай 730 тыс.га. Пераважаюць фермерскія гаспадаркі па 10—50 га. Усе яны ахоплены кааперацыяй. Асн. галіна — мяса-малочная жывёлагадоўля (70% прыбытку), агародніцтва і пладаводства (20%), паляводства (10%). Пагалоўе (млн. галоў, 1993) буйн. раг. жывёлы 3,1, свіней 6,9. Птушкагадоўля. Вырошчваюць (млн.т, 1993) пшаніцу — 1,4, ячмень — 0,4, бульбу — 2,2, цукр. буракі — 6,3, лён-даўгунец, тытунь. Самазабяспечанасць малаком, мясам, малочнымі прадуктамі, яйцамі, агароднінай, бульбай, цукрам больш як 100%. Транспарт. Бельгія мае густую сетку шляхоў зносін. Даўж. чыгунак 3,4 тыс.км, аўтадарог 15,1 тыс.км, унутр. водных шляхоў каля 1,8 тыс.км. Па гушчыні чыгунак і аўтадарог краіна займае 1-е месца ў свеце. Праз Бельгію праходзяць 5 міжнар. чыгунак, тры з іх пачынаюцца ў Астэндэ (злучаны паромамі з Вялікабрытаніяй) і ідуць на Рым, Бухарэст, Варшаву. Аўтапарк каля 4 млн. машын, у т. л. 3,5 млн. легкавых. Суднаходства па рэках Шэльда, Маас, каналах. Танаж марскога гандл. флоту каля 3 млн. брута рэг. т. Гал. парты Антверпен, Зебруге, Бруге (грузаабарот разам каля 120 млн.т штогод), а таксама Гент, Астэндэ. Экспарт складае 117,7, імпарт — 120,7 млрд. долараў (1991). Бельгія — адзін з вядучых сусв. экспарцёраў чорных і каляровых металаў, машын і абсталявання, каштоўных камянёў (у т. л. ювелірных алмазаў), тэкстылю, сінт. каўчуку, шкла; імпартуе пераважна збожжа, нафту, канцэнтраты каляровых металаў, машыны. Гал.гандл. партнёры: ФРГ, Францыя, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Італія, Заір. Беларусь экспартуе ў Б. грузавыя аўтамабілі, трактары, калійныя і азотныя ўгнаенні, імпартуе металарэзныя станкі, медыкаменты, каўчук натуральны, цукар. Штогод Бельгію наведвае каля 10 млн. турыстаў. У краіне каля 2,2 тыс. гасцініц і атэляў. Грашовая адзінка — бельгійскі франк.
Узброеныя сілы. Агульная колькасць ваеннаслужачых 83,35 тыс.чал. (1991), з іх сухапутныя войскі складаюць 62,7 тыс., авіяцыя — 18,2 тыс., ВМФ — 4,45 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Вышэйшыя органы кіравання — мін-ва абароны (узначальвае цывільная асоба), ген. штаб. 3 ваен. акругі і 1 ваенна-марскі раён. Бельгія — член ваен. арг-цыі НАТО (з 1949), на яе тэр. штаб-кватэра НАТО (Брусель) і камандаванне ўзбр. сіламі НАТО у Еўропе (Монс). У Бельгіі базіруецца 2,7 тыс. ваеннаслужачых ЗША; 22,8 тыс.бельг. ваеннаслужачых знаходзяцца ў Германіі. Бельгія — удзельнік пагаднення аб звычайных узбраеннях (1990) і пагаднення аб колькасці ваеннаслужачых (1992), паводле якіх бельг. армія будзе складацца з 70 тыс.чал., а на ўзбраенні мець 344 танкі, 1099 баявых машын пяхоты, 320 адзінак артылерыі, 232 баявыя самалёты, 46 верталётаў. У аснове ваен. дактрыны Бельгіі канцэпцыя кааліцыйнай стратэгіі НАТО.
Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне прыватнае. Праз сістэму сац. страхавання кампенсуецца 75% кошту ўрачэбных паслуг. Поўную кампенсацыю атрымліваюць удовы, сіроты, пенсіянеры і інваліды. Бясплатным з’яўляецца лячэнне сац. хвароб і рэабілітацыя, а таксама знаходжанне ў шпіталі ў пасляродавы перыяд. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74 гады, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць складае 10 на 1 тыс.чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 103 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 298 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць складае 7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Бельгіі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей да 6 гадоў; 6-гадовую пач. школу (узрост навучання 6—11 гадоў); 6-гадовую сярэднюю школу, што складаецца з 3 двухгадовых цыклаў: пед. назірання, арыентацыі, спецыялізацыі; прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. ВНУ падзяляюцца на 3 тыпы: ун-ты (тэрмін навучання 5 і болей гадоў), ВНУ з 4-гадовай (ін-ты, вышэйшыя школы) і скарочанай (3 гады) праграмамі навучання. Дзейнічаюць 2 сістэмы адукацыі — дзярж. і прыватная. Сярод прыватных навуч. устаноў 95% — канфесійныя. Буйнейшыя ун-ты: каталіцкі ў Лёвене (з 1425, у 1970 падзелены паводле мовы навучання на 2 аўтаномныя); 2 дзярж. ун-ты — валонскі ў Льежы, фламандскі ў Генце (абодва з 1817), свабодны ў Бруселі (з 1834, у 1970 таксама падзелены паводле мовы навучання). ВНУ 2-га тыпу: мед. і вет. вышэйшыя школы ў Кюрэгхайме, агр.ін-т у Жамблу і інш. Буйныя б-кі: Бельгійская нац. ў Бруселі (з 1837), універсітэцкія ў Бруселі, Генце, Льежы, Лёвене. Музеі: Каралеўскія музеі — прыгожых мастацтваў у Антверпене (з 1890), прыгожых мастацтваў Бельгіі (з 1830, у т. л. старадаўняга мастацтва і Музей сучаснага мастацтва), музеі мастацтва і гісторыі ў Бруселі (з 1835), Цэнтр. Афрыкі ў Тэрвюрэне (з 1897); Муніцыпальная маст. галерэя ў г. Бруге (з 1930). Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, ін-тах, абсерваторыі, н.-д. цэнтрах, галіновых асацыяцыях прамысл. даследаванняў і інш. У Бельгіі 8 валонскіх і флам. акадэмій, найстарэйшыя каралеўскія валонская — Бельг. акадэмія л-ры і прыгожых мастацтваў (з 1772), флам. — акадэмія флам. мовы і л-ры (з 1886) і Бельг.мед. акадэмія.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць 35 штодзённых газет (19 на франц., 15 на флам. і 1 на ням. мовах), агульны тыраж 2,1 млн.экз., 1991). Буйнейшыя з іх: «De Standaard» («Сцяг», з 1914, на флам. мове), «Het Laatste Nieuqs» («Апошнія навіны», з 1888, на флам. мове), «Le Soir» («Вечар», з 1887, на франц. мове). Агенцтвы друку: Агенсе Белга (з 1920), Сантр д’Энфармасьён дэ Прэс (з 1946), Агенсе Эўропе (з 1952). Радыёвяшчанне з 1924, тэлебачанне з 1953. Дзярж. тэле- і радыёстанцыі трансліруюць праграмы на франц. (Радыё-Тэлевізьён Бельж дэ ла Камюнатэ Кюльцюрэль Франсэз), флам. (Бельгісе Радыё эн Телевізі) і ням. (Бельгішэс Рундфунк-унд Фэрнзехцэнтрум дэр Дойчшпрахіген Гемайншафт) мовах. Найб. папулярныя прыватныя станцыі: Канал Плю Бельжык, Тэлевізьён Эндэпэндант (камерцыйныя, на франц. мове), Вламсе Тэлевізі Матсапей (камерцыйная, на флам. мове).
Літаратура. Развіваецца пераважна на дзвюх мовах: у паўд. правінцыях на франц., у паўн. — на нідэрл. (флам.). Першыя помнікі пісьменнасці на франц. мове ўзніклі ў 1200-я г.: гіст. хронікі, эпічныя казанні пра крыжацкія паходы. У 13—14 ст. развіваліся жанры агіяграфіі, пропаведзі, маралітэ. У 14 ст. напісана «Хроніка Фландрыі» Ж.Фруасара. У эпоху Адраджэння (16 ст.) бельг. паэзія знаходзілася пад уплывам франц. «Плеяды». З сярэдзіны 18 ст. ў л-ры ўзніклі асветніцкія матывы. У 1801—18 у Бруселі выходзілі «Паэтычныя альманахі», прасякнутыя вальтэр’янскімі ідэямі. У пач. 19 ст. з’явіліся творы бельг. рамантыкаў, што знаходзіліся пад моцным уплывам Дж.Байрана, а потым В.Гюго (зб. вершаў «Прымулы» А. ван Гасельта, творы Ш.Патвена), фарміруецца жанр. гіст. рамана («Марскія гёзы...» А.Мока), гераічныя трагедыі. Дэмакр. духам прасякнуты раманы «Ціхі дом» Э.Леклерка, «Медзяніца» Ж.Дэмулена; найб. выдатны твор эпохі — «Легенда пра Уленшпігеля» (1867) Ш.дэ Кастэра. У 1880-я г. за нац. самабытнасць бельг. культуры змагаліся пісьменнікі аб’яднання «Маладая Бельгія»; К.Леманье (раман «Крывасмок») і Ж.Экаўт (раман «Новы Карфаген»), М.Метэрлінк з сімвалісцкімі драмамі («Сляпыя») і п’есай-казкай «Сіняя птушка», Ж.Радэнбах з раманам «Царства маўчання», Э.Верхарн з паэт.зб. «Гарады-спруты» і «Буйныя сілы». У 1920—30-я г.сац. раманы характэрны для творчасці К.Бюрньё, Ф.Эленса. Псіхал. драмы Ф.Кромелінка («Велікадушны раганосец») спалучаюць фарс і трагедыю. У час гітлераўскай акупацыі ствараецца паэзія супраціўлення. Сац. раманы Д.Жылеса («Купон 44») малююць норавы буржуазіі ў час вайны, Д.Шайнерт («Даўгавухі фламандзец») расказвае пра барацьбу бельг. народа з акупантамі. Сучасным праблемам прысвечаны раманы Ж.Ленза, А.Карнелюса, Ж.Сіменона, п’есы П.Вілемса. У пасляваен. бельг. паэзіі вылучаецца лірыка Ж. дэ Башэра, М.Тыры, М.Карэма, Ленза, Ж.Норжа, А.Шавэ. Літаратура на нідэрландскай мове да пач. 17 ст. была часткай нідэрл. л-ры (гл. ў арт.Нідэрланды). З канца 16 ст. цэнтр нідэрл. культуры перамясціўся на Пн, аднак у Паўд. Нідэрландах (сучасная Бельгія) працягвала развівацца л-ра на нідэрл. мове. Ю. дэ Хардэйн у цыкле «Хвалебныя песні Богу» спалучаў рэліг. і рэнесансавыя матывы. В.Агір пісаў сатырыка-быт. камедыі з жыцця гараджан. Вясёлыя клухты (фарсы) ствараў М. дэ Сван. Па меры ўсталявання ў Бельгіі франц. культуры ў 18 ст. паглыбляецца крызіс нідэрл. культуры. Нац.-дэмакр. ўздым 1830 выклікаў рух за яе адраджэнне. Паэт і гісторык Я.Ф.Вілемс у патрыят. вершах услаўляў гераічнае мінулае свайго народа. Нідэрл. рамантыкі былі адначасова і асветнікамі і гарачымі прыхільнікамі развіцця нац.літ. мовы (Х.Кансіянс, К.Л.Ледэганк). З першым у бельг. л-ры на нідэрл. мове псіхал. раманам выступіў Э. дэ Бом («Абломкі»). Кумірам флам. дэкадэнтаў быў паэт-сімваліст К. ван дэ Вустэйне. З містыка-сімвалісцкім раманам «Вечны жыд» выступіў А.Вермейлен. У развіцці крытычнага рэалізму важнае месца займае творчасць паэта і раманіста В.Элсхата. Пасля 2-й сусв. вайны з’явіліся антыфаш. раманы «Свяшчэнны гнеў» М.Дэйзе і «Толькі мёртвыя выратуюцца» П. ван Акена. Антыімперыял. і антыклерыкальная накіраванасць характэрная для твораў Х.Клаўса 1960—70-х г., пазначаных рысамі авангардызму. Пісьменнікі-рэалісты В.Ройслінк, Х.Лампа, Х.Рас раскрываюць адчужанасць чалавека ў сучасным цывілізаваным грамадстве.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бельгіі захаваліся помнікі мастацтва кельтаў і стараж. рымлян. У сярэднявеччы багатыя гарады Бельгіі былі буйнымі цэнтрамі маст. культуры: у 11—12 ст. — раманскага стылю (цэрквы ў Льежы і Турнэ), у 13—14 ст. — готыкі (саборы ў Бруге, Генце, Бруселі, Антверпене, Мехелене). З аб’яднаннем на рубяжы 14 і 15 ст.Паўд. (сучасная Бельгія) і Паўн. Нідэрландаў фарміруецца нідэрл. мастацтва (гл. ў арт.Нідэрланды). У 15—16 ст. росквіту дасягнула свецкая архітэктура позняй, т.зв. «палымянай», готыкі (ратушы ў Бруселі, Генце, Лёвене). Адначасова склаліся гал. цэнтры нідэрл. жывапісу Адраджэння, заснавальнікам якога стаў Я. ван Эйк. У 16 ст. рэнесансавыя формы панавалі ў архітэктуры, скульптуры і дэкар. мастацтве. У 17—18 ст. сфарміравалася флам. мастацтва, якое спалучала пышнасць і параднасць барока з нар.-рэаліст. тэндэнцыямі (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Ф.Снейдэрс, Я.Іорданс, А.Браўэр, Д.Тэнірс, Я.Брэйгель «Аксамітны» і інш.). Флам. карціны віртуозна ўзнаўляліся ў шматлікіх гравюрах, дрэве, шпалерах. Шырокую вядомасць набылі плеценыя і вышываныя карункі Фландрыі і Брабанта. Архітэктуры 17 ст. ўласцівы барочная ўрачыстасць, класічны дэкор (дамы гільдый на Вял. плошчы ў Бруселі, Дом Рубенса ў Антверпене). У канцы 18 ст. ў флам. барока з Францыі і Аўстрыі пранікае класіцызм (Верхні горад, Каралеўская пл., парк, палац у Бруселі, замак Сенеф у прав. Эно; партрэтныя бюсты Ж.Л.Гадшарля, інтэр’еры Л.Дэфранса і інш.). У 19 ст. складваецца ўласна бельг. мастацтва (пабудовы арх. Л.Руланта, гіст. карціны і рэаліст. партрэты Ф.Ж.Навеза). Рамант. кірунак у жывапісе (Г.Ваперс, Л.Гале, В.Гефс, Х.Лейс, Т.Фурмуа) паступова ператварыўся ў салонны акадэмізм. Пашырэнне рэалізму у 2-й пал. 19 ст. і адыход ад салоннага мастацтва звязаны з творчасцю мастакоў Ш. дэ Гру, Х. дэ Бракелера, Л.Дзюбуа, І.Буланжэ і інш. Скульптар К.Менье адзін з першых у зах.-еўрап. мастацтве звярнуўся да тэмы працы і жыцця рабочых. Да канца 19 ст. Бельгія становіцца радзімай стылю мадэрн у архітэктуры (заснавальнік і тэарэтык Х. ван дэ Велдэ). Выяўл. мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. характарызуецца пераходам да містычнай сімволікі і алегарызму (Дж.Энсар, Ф.Ропс, Э.Ларманс, майстры «1-й латэмскай групы» — скульпт. Ж.Міне, В. дэ Садэлер), драм. экспрэсіі (скульпт. Р.Ваўтэрс, майстры «2-й латэмскай групы» — К.Пермеке, Г. дэ Смет). Пошукі рацыянальных рашэнняў у архітэктуры пачаліся пасля 1-й сусв. вайны (арх. Х.Хостэ, Л. ван дэр Свалмен, В.Буржуа, Э. ван Авербеке і інш.). У 1920—30-я г. панаваў неакласіцызм. Прынцыпы сучаснай архітэктуры выявіліся ў буд-ве жылых раёнаў, трансп., прамысл. і грамадскіх збудаванняў (арх. Х. ван Кёйк, Р.Брам, М.Брэнфо і інш.). У выяўл. мастацтве 20 ст. значнае месца займаюць фармальныя стылістычныя пошукі (Я.Бруселманс), сюррэалізм (П.Дэльво, Р.Магрыт), абстрактнае мастацтва. Рэаліст. кірунак уласцівы творчасці скульптараў Ф.Мазерэля, Ш.Лепле, мастакоў І.Опсамера, К.Пейзера, П.Палюса, Р.Самвіля. У дэкар. мастацтве 20 ст. вылучаюцца вырабы ў стылі мадэрн (Велдэ, Арта), керамічная скульптура (П.Кай), дываны (Э.Дзюбрэнфо, Л.Дэльтур).
Музыка. У сярэднявеччы Бельгія была часткай Нідэрландаў — краіны развітых муз. традыцый. У запісах зберагліся песні фагеланаў — удзельнікаў антыфеад. і антыкаталіцкіх рухаў 15 ст. Асновы музыкі Бельгіі закладзены ў 15—16 ст. у рэчышчы Нідэрландскай школы. Цэнтрамі муз. адукацыі былі т.зв. метрызы — муз. школы пры каталіцкіх храмах, дзе рыхтавалі царк. пеўчых. Сучасная прафес. музыка пачала фарміравацца ў 2-й пал. 19 ст. Развіваліся оперны, кантатна-аратарыяльны і камерна-інстр. жанры. Склаліся 2 кампазітарскія школы — валонская, якая зазнала ўплыў франц. музыкі і творчасці С.Франка (Ж. і Л.Іонгены, Г.Лекё, В.Врольс), і флам., набліжаная да ням. музыкі і творчасці Р.Вагнера (П.Бенуа, Я.Блокс). Сярод кампазітараў 20 ст. П.Жыльсон і Ж.Абсіль. У 1920—40-я г.муз. мастацтва развівалася пераважна ў рэчышчы агульнаеўрап. неакласіцызму. Пасля 2-й сусв. вайны пашырыліся авангардысцкія плыні. Сусв. прызнанне атрымалі бельг. музыказнаўчая школа (Ф.Ж.Фетыс, Ф.А.Геварт, П.Калар) і выканальніцкае мастацтва скрыпачоў Ш.Берыё, А.В’ётана, Э.Ізаі. Дзейнічаюць оперныя т-ры ў Бруселі, Антверпене, Генце і інш., Нац.сімф. аркестр, сімф. аркестры і хары Бельгійскага радыё і тэлебачання, «Фламандскі камерны аркестр», «Капэла Бургундскага двара», кансерваторыі ў Антверпене, Бруселі, Льежы, муз. акадэміі ў Турнэ, Шарлеруа, ін-т музыказнаўства ў Монсе. Праводзяцца міжнар. конкурсы імя каралевы Лізаветы (з 1951, Брусель), імя І.С.Баха (з 1958, Гент), струнных квартэтаў (з 1951, Льеж).
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва Бельгіі ў рэлігійных абрадах сярэднявечча. У 13—15 ст. ставіліся літургічныя драмы (на лац. мове), маралітэ і містэрыі (на франц. і нідэрл. мовах). У 15—16 ст.т.зв. камеры рытараў (аб’яднанні цэхавага тыпу, члены якіх выконвалі вершы і п’есы, што складалі самі) у сваіх пастаноўках (пераважна фарсах і маралітэ на нідэрл. мове) праводзілі ідэі дзярж. незалежнасці. У 16—17 ст. па Бельгіі гастралявалі франц., ісп. і інш.тэатр. трупы. Першы бельг. «Тэатр дэ ла Манэ» адкрыты ў 1700 у Бруселі, меў оперную і драм. трупы. Пасля 1830 створаны т-ры ў Генце, Антверпене, Бруселі (на нідэрл. мове). Ставіліся рамант. драмы, вадэвілі, развесяляльныя п’есы. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўплыў на т-р Бельгіі зрабілі творчасць і эстэтыка Метэрлінка, Ш. ван Лерберга і інш. У гады ўздыму рабочага руху літ.-маст. секцыя Бельг.нар. дома паставіла рэв. Драму Э.Верхарна «Зоры» (1898). У 1920—30-я г. пашырыліся самадз. калектывы. У гады ням.-фаш. акупацыі (1940—44) браты Ж. і М.Хойсманы арганізавалі вандроўны «Тэатр Супраціўлення». У Бельгіі каля 50 прафесійных т-раў, у т. л. каля 20 у Бруселі. Найб. значныя: «Тэатр дэ ла Манэ», «Дзю Парк», «Дэ Галеры», «Каралеўскі нацыянальны тэатр», «Дзю Рыдо», «Дэ Пош». Тэатр. дзеячаў рыхтуюць Каралеўская кансерваторыя ў Бруселі, школа драм.маст. Каралеўскай флам. кансерваторыі і інш.
Кіно. Вытворчасць фільмаў, распачатую ў 1908, спыніла 1-я сусв. вайна. У 1919 арганізавана «Бельгійская кінакампанія», у 1922 — кінастудыя «Бельгійскі фільм». У 1920-я г. знята каля 20 ігравых фільмаў. Вядомасць атрымалі відавыя, мастацтвазнаўчыя і этнагр. фільмы рэжысёраў А.Сторка, П.Хасартса і інш. Пасля 2-й сусв. вайны кінавытворчасць аднавілася ў пач. 1950-х г. Зняты маст. фільмы: «Чайкі паміраюць у гавані» (1957), «І ўжо ападае кволая кветка» («Дзеці Барынажа», 1960), «У цягніку аднойчы вечарам...» (1969), «Дом, мілы дом» (1973), «Вялікі пейзаж Алексіса Дрэвена» (1981). У 1980-я г. развіваецца дакумент. і анімацыйнае кіно, здымаюцца тэлевізійныя серыялы. Кінематаграфістаў рыхтуюць у 7 ВНУ.
Літ.:
Аксенова Л.А. Бельгия. М., 1982;
Мицкевич Б.П. Шарль де Костер и становление реализма в бельгийской литературе. Мн., 1960;
Фромантен Э. Старые мастера: Пер. с фр.М., 1966;
Ecmans M. L’art vivant en Belgique. Bruxelles, 1972;
Грубер Р.П. Всеобщая история музыки. Ч. 1. 3 изд. М., 1965;
Mertens C. Hedendaagse muziek in Belgie. Bruxelles, 1967.
П.І.Рогач (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Бельгіі.Да арт.Бельгія. П.П.Рубенс. Саюз Зямлі і Вады. Каля 1618.Да арт.Бельгія. Святыя Фама і Матфей. Фрагмент габелена. Брусель. Канец 15 ст.Да арт.Бельгія. К.Пермеке. Заручаныя. 1923.Да арт.Бельгія. Царква Сінт-Міхілскерк у Лёвене. 1650—71.Да арт.Бельгія. Ж.Міне. Чалавек, які моліцца. 1901.
Да арт.Бельгія. Дж.Энсар. Дзіўныя маскі 1892.Да арт.Бельгія. Ратуша на плошчы Гротэ-маркт у Антверпене. Арх. К.Флорыс. 1561—65.Да арт.Бельгія. У цэнтры Бруселя.Да арт.Бельгія. Фантан Брабо на плошчы Гротэ-маркт у Антверпене.