скале́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. каго. Учыніць каму‑н. цяжкае калецтва, зрабіць калекам. Адмаўчалася Зося. Не пікнула нават, абы толькі паляжаць яшчэ дзянёк, каб не скалечыць сябе на ўсё жыццё. Крапіва. [Савасцянчык:] — Кінуць жывёлу на дажджы... Хамут жа намокне, вы ж каня скалечыце, пакуль да сваёй Лонвы даедзеце. Пташнікаў. // што. Сапсаваць што‑н., пашкодзіць. І мы парашылі машыну разбіць, скалечыць так, каб ні адна дэталь не магла быць скарыстана. Шамякін. [Лора:] — Тыя прафесары, што вучылі мяне, скалечылі мой голас назаўсёды. Вітка.
2. перан.; што. Маральна знявечыць, сапсаваць. Скалечыць душу. □ Спрактыкаваны педагог, .. [Адам Юр’евіч] добра ведаў, што дзіцячы розум вельмі лёгка можна скалечыць няправільным выхаваннем, і стараўся, каб яго дзеці з маленства пранікаліся павагай да людзей працы. Майхровіч. З болем гляджу на чалавека, якога знявечыла, скалечыла жыццё, і хочацца яму памагчы. Вярцінскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эта́пны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да этапа (у 1, 2 знач.). Доўга думаў Войцік, чаму шпікі адвезлі Максіма ў гарадскі астрог, а не ў дэфензіву ці паліцыю на папярэдняе следства і допыт? Ён ведаў, што пры гарадскім астрозе следства не вядуць, што гэта астрог этапны, перасылачны. Машара.
2. Які звязаны з перасылкай па этапу. [Дзяўчыну] не пасадзілі ў турму, а паколькі яна была яшчэ вельмі маладая, суд вырашыў выслаць яе этапным парадкам у нейкі штат. Лынькоў. // у знач. наз. эта́пны, ‑ага, м. Асоба, якая рухаецца па этапу пад канвоем. // Які суправаджае, канваіруе тых, каго перасылаюць па этапу. На нашай вуліцы стаяла этапная рота, якая канваіравала палонных аўстрыякаў. Хведаровіч.
3. Які з’яўляецца этапам (у 4 знач.). У кожнай літаратуры ёсць творы этапныя і малазначныя. Шкраба. Этапнымі тварамі Янкі Брыля, якія адпавядаюць гэтым новым ідэйным якасцям яго рэалізму, з’яўляюцца «Марыля», «Зладзеі», «У сям’і». Майхровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кано́н, ‑а, м.
1. Якое‑н. правіла, устаноўленае і ўзаконенае вышэйшай царкоўнай іерархіяй. Беларускія кніжнікі XVI–XVII стст. перакладалі рэлігійныя творы на «простую» мову, але з аглядкай — не нарабіць бы памылак, не адысці б ад царкоўных канонаў, не ўпасці б у ерась. Шакун.
2. перан. Кніжн. Правіла або сукупнасць правіл якога‑н. напрамку ў мастацтве. Класіцысцкія каноны. □ Паэт выступаў супраць сацыяльнага і нацыянальнага ўціску і адкідваў прэч рэакцыйныя, антырэалістычныя «каноны» эстэтыкі сімвалізму. Майхровіч. // Тое, што з’яўляецца традыцыйнай, абавязковай нормай. Тэхнічныя каноны. □ [Мікалай] адкінуў бы прэч усе каноны ветлівасці, дагнаў бы Адама і з усёй сілы ўчапіўся б яму ў горла. Дамашэвіч.
3. Спіс рэлігійных кніг, прызнаных царквою ў якасці свяшчэннага пісання. Біблейскі канон.
4. Царкоўнае песнапенне ў пахвалу святога або свята і пад. Велікодны канон. Памінальны канон.
5. Паўтарэнне адной мелодыі рознымі галасамі, якія ўступаюць у спевы паслядоўна, адзін за другім, дакладна паўтараючы мелодыю першага голасу.
[Грэч. kanon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разма́х, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. размахваць — размахнуць і размахвацца — размахнуцца (у 1 знач.).
2. Велічыня хістання, вагання якога‑н. цела; амплітуда. Размах маятніка.
3. Адлегласць паміж крайнімі пунктамі чаго‑н. разгорнутага, распасцёртага, разнятага. Размах крылаў арла. □ Хадакі занялі пракосы на ўвесь размах рук. Пальчэўскі. // Прастора, на якой распасціраецца што‑н. Поле ляжала роўнае як кінуць вокам, шэрае і радаснае ў сваім бязмежным размаху. Адамчык.
4. перан. Шырыня, смеласць ва ўчынках, дзейнасці; адсутнасць абмежаванасці, вузкасці ў праяўленні. Размах будаўніцтва. □ Любіў Максім Багдановіч народную песню за яе меладычнасць, эпічны размах і лірычную цеплыню. Майхровіч. З кожным днём культурнае жыццё вёскі набывала ўсё большы размах. Сергіевіч.
•••
З размаху; з усяго размаху — а) размахнуўшыся, з сілаю. Грысь першы раз у сваім жыцці з размаху секануў па той рэчы, якую з такой любоўю сам рабіў. Кулакоўскі; б) з разгону, з разбегу. Вярблюд і бухнуў у раку з размаху. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
характары́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Апісанне, вызначэнне істотных, адметных рыс, асаблівасцей, якасцей каго‑, чаго‑н. — Ну, а скажыце, як настроена сялянства? [Настаўнік:] — Розныя ў іх [сялян] бываюць настроі. Даць такую агульную характарыстыку досыць трудна. Колас. [Гаспадыня] падрабязна расказвала аб кожнай сваёй кватарантцы, давала ім дакладныя характарыстыкі, пераводзячы крывы палец дрыготкай рукі з адной фотакарткі на другую. Ракітны. // Апісанне характару, учынкаў і пад., якое даецца дзеючай асобе ў мастацкім творы. Трапная партрэтная характарыстыка герояў, як у люстры, адбівае іх унутраны свет. Майхровіч.
2. Афіцыйны дакумент, у якім змяшчаецца водзыў, заключэнне аб чыёй‑н. працоўнай і грамадскай дзейнасці. Характарыстыка з месца работы. □ Следам за мной з панямонскага пастарунка прыйшла мая характарыстыка. Брыль. [Анатоль Пятровіч:] — Ведайце: усякае парушэнне дысцыпліны будзе запісана ў характарыстыкі, якую я завёў на кожнага з вас. Нядзведскі.
3. У матэматыцы — цэлая частка дзесятковага лагарыфма.
4. Спец. Графічны наказ уласцівасцей чаго‑н. праз крывую; асноўны графічны паказчык чаго‑н. Характарыстыка магутнасці рухавіка. Характарыстыка турбіны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экспеды́цыя, ‑і, ж.
1. Спец. Адпраўка, рассылка чаго‑н. (карэспандэнцыі, тавару і пад.). Экспедыцыя грузаў. Экспедыцыя карэспандэнцыі.
2. Спец. Установа ці аддзел ва ўстанове, які займаецца адпраўкай, рассылкай чаго‑н. Ганна.. атрымала месца ў экспедыцыі газеты — па перапісцы адрасоў. Гартны.
3. Аддзел канцылярыі якой‑н. дзяржаўнай установы царскай Расіі. Сергіевіч быў прыняты на працу ў Экспедыцыю па нарыхтоўцы дзяржаўных папер. Ліс.
4. Падарожжа, паездка, паход і пад. групы асоб, атрада з навуковымі, даследчымі мэтамі. Палярная экспедыцыя. □ Іншы раз.. [бацька] нават браў з сабою Максіма ў свае этнаграфічныя экспедыцыі. Майхровіч. // Ваенная аперацыя, якая праводзіцца параўнальна невялікімі ўзброенымі сіламі; узброеныя сілы, прызначаныя для такой аперацыі. Карная экспедыцыя. □ За здзек экспедыцыі карнай, За земляў крывавы падзел, За арышт партыйнай друкарні, За кожны ганебны расстрэл, .. Усё маё юнае племя Вялікую помсту нясе. Таўбін.
5. Група, атрад удзельнікаў такога падарожжа, паходу, паездкі і пад. Восенню касмічная экспедыцыя надоўга пакіне Зямлю і адправіцца ў бязмежныя глыбіні Сусвету. Шыцік.
[Лац. expeditio.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эпі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да эпасу (у 1, 2 знач.). Паэма «Янук Сяліба» [М. Танка] — эпічнае палатно, дзе праўдзіва паказваецца жыццё беларускай вёскі ў першыя гады Вялікай Айчыннай вайны. «Беларусь». // Які напісаны ў форме эпасу, з’яўляецца эпасам. Эпічная песня. Эпічны твор. □ Якуб Колас з’яўляецца паэтам шырокага літаратурнага дыяпазону, выдатным празаікам, творцам вялікіх эпічных паэм. «Полымя». Творы паэта [М. Танка].. узбагацілі ўсе яе [беларускай літаратуры] вельмі разнастайныя паэтычныя жанры, пачынаючы ад эпічнай сюжэтнай паэмы і канчаючы лірычнай мініяцюрай. Бугаёў. // Уласцівы эпасу. Эпічны стыль. □ Янка Купала змог жыва і адчувальна перадаць эпічную шырыню і глыбокую народнасць, фальклорную аснову «Слова аб палку Ігаравым». Палітыка. Любіў Максім Багдановіч народную песню за яе меладычнасць, эпічны размах і лірычную цеплыню. Майхровіч. // Поўны значнасці, гераізму, які можа быць адлюстраваны ў народным эпасе. Эпічны працоўны гераізм Аляксей Максімавіч Горкі раіў браць савецкім пісьменнікам у аснову сваёй творчасці. «Полымя».
2. Спакойны, не ўсхваляваны; без эмоцый. — Чаму не хочаш? — мяне здзіўляе ўжо не самы адказ, мяне здзіўляе эпічны Шуркаў тон. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спе́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выспеў, паспеў (пра садавіну, гародніну, злакі). Між густой зялёнай травы ўсюды чарнелі спелыя ягады. В. Вольскі. Маці ў сенцах рэзала нажом спелыя гарбузы. Гамолка. Арэхі былі спелыя і вельмі смачныя. Ваданосаў. Мора калышацца, мора жытнёвае, Спелым калоссем звіняць берагі. Трус. // Прыгодны для выкарыстання або які дасягнуў гранічнага ўзросту. У Лаўскі лес ішлі ў арэхі, Шукалі там лісіных нор. Гукнём: — Агу!.. — Адкажа рэхам: — Агу! — цяністы, спелы бор. Бялевіч. // Пра яркі, насычаны колер. А можа, гэтая красуня вялікая модніца і вырашыла ўпрыгожыць сябе такімі спелымі колерамі? Паслядовіч. Завывала ў топцы полымя .. Струменіліся, снавалі празрыстыя залацістыя ніці. Яны прымалі самыя нечаканыя абрысы, дзівосныя адценні: ад расплаўленага золата да спелай жаўціні аўсянага снапа. Лынькоў.
2. перан. Які дасягнуў майстэрства, вопытнасці (пра музыканта, мастака і пад.). І ў гэтым асаблівая сіла .. даступнай толькі спеламу майстру метафары. Бугаёў. Наогул, небяспечна што-небудзь раіць такому спеламу майстру, як Янка Брыль, але думаецца, што ён можа паставіць перад сабой талстоўскую задачу — патрошкі абмяжоўваць лірычную стыхію свае творчасці. Кучар.
3. перан. Дасканалы; закончаны, грунтоўна абдуманы. Паволі, радок за радком, вырысоўваўся, няхай і не надта дасканалы, спелы, але ўсё-такі ёмкі малюнак іх студэнцкага жыцця. Дамашэвіч. Нашу літаратуру ведаюць і далёка за межамі, і ў гэтых поспехах — вялікая заслуга нашай дасканалай і спелай літаратурнай мовы. Скрыган. Новыя часы — новыя духоўныя павевы. Яны асветлены звычайна больш спелымі поглядамі на працэс сацыяльнага развіцця. Майхровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сутыкне́нне, ‑я, н.
1. Удар, штуршок, які адбываецца пры хуткім збліжэнні двух прадметаў, што рухаюцца насустрач. Прыйдзе такі момант, калі ў нагрэтым газе малекулы будуць вельмі моцна ўдарацца адна аб другую і энергіі сутыкнення будзе дастаткова для адрыву атамаў. «Маладосць».
2. перан. Уступленне ў супярэчнасць з чым‑н. процілеглым, несумяшчальным, а таксама сама супярэчнасць. Сутыкненне інтарэсаў. □ Грамадскія адносіны, якія склаліся ў працэсе сутыкнення мэтанакіраваных дзеянняў людзей, самі становяцца для іх аб’ектыўным фактарам, што не залежыць ад іх волі. «Весці». Байкі Крапівы змяшчаюць у сабе сутыкненні разнастайных характараў. Лужанін.
3. перан. Непасрэдныя зносіны, сувязь, знаёмства з чым‑н. Сутыкненне з рэчаіснасцю. □ Жыццё [касманаўтаў] праходзіла ў пастаянных сутыкненнях сам-насам з чужой і грознай прыродай. Шыцік. Алесь Руневіч сталее з першых дзён свайго сутыкнення з жахлівай рэальнасцю вайны. Юрэвіч. Сутыкненне з беларускай міфалогіяй, якое дало адметны беларускі каларыт раннім вершам паэта, аказалася эпізадычным. Лойка.
4. Вострая спрэчка, сварка на глебе рознагалосся. [Сябры] адчувалі, што з цягам часу такія спрэчкі могуць перарасці ў больш сур’ёзныя сутыкненні, і ўсяляк імкнуліся загладзіць папрокі і кпіны жартам. Ваданосаў. Але скажу вам... што нават і ў закаханых не заўсёды ідзе ўсё гладка, бываюць і нязгоды і сутыкненні. М. Ткачоў.
5. Сутычка, бой. Узброенае сутыкненне. // Пра палітычны канфлікт, класавыя баі. Пісьменнік зусім не выпадкова паказаў сутыкненне процілеглых класавых сіл тагачаснай заходнебеларускай вёскі — рэвалюцыйна настроенага сялянства і яго антыпода — кулацтва. Майхровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
го́рача,
1. Прысл. да гарачы (у 1, 3 знач).
2. безас. у знач. вык. Пра высокую нагрэтасць паветра. На дварэ горача. □ У паветры ўжо адчуваўся подых блізкай восені. Днём усё яшчэ было горача. Затое ноччу дацінаў холад. Асіпенка. Нібы ля сонца, горача на полі, Плугі дымяцца ад гарачыні. А. Астапенка.
3. безас. у знач. вык., каму і без дап. Пра адчуванне кім‑н. гарачыні, якая ідзе ад чаго‑н. моцна нагрэтага. З адчыненых дзвярэй школы валіла пара, горача было сядзець у суконных світках, у кажухах. Лобан. — Горача, — пачуўся з-за коміна звонкі дзіцячы голас. Чорны. // Пра адчуванне гарачыні ў целе ад наплыву моцных пачуццяў, перажыванняў і пад. Ад радасці ўнутры горача робіцца. Бядуля. [Візэнеру] рабілася і горача і холадна, калі ён думаў аб гэтай звышснайперскай кулі нябачнага стралка. Шамякін.
4. безас. у знач. вык., каму і без дап. Цяжка, многа бяды, клопату. Натхніцелі санацыйнага рэжыму добра разумелі, што заўтра ім будзе яшчэ больш горача на «крэсах усходніх», чым сёння, і гэта парахавая бочка рана ці позна павінна будзе, нарэшце, узарвацца. Майхровіч.
•••
Аж небу горача (стане, будзе і пад.) — пра самую высокую ступень інтэнсіўнасці якога‑н. дзеяння або дзейнасці. — І потым наносім такія моцныя ўдары, што аж небу горача робіцца, — лічачы, што размова скончана, устаў Карніцкі. Паслядовіч.
Ні холадна ні горача каму — пра раўнадушныя адносіны, адсутнасць цікавасці да чаго‑н. Дзед Астап проста сніць свае турэцкія баталіі, ад якіх цяпер нікому ні холадна ні горача. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)