ГІСТАГЕНЕ́З (ад гіста... + ...генез),
працэс развіцця ў шматклетачным арганізме, які забяспечвае ўзнікненне, існаванне, перабудову і аднаўленне тканак з іх спецыфічнымі для кожнага арганізма і яго органаў марфалагічнымі і фізіёлага-біяхім. асаблівасцямі; адна з фаз антагенезу. Настае пасля або ў працэсе арганагенезу; уключае клетачнае размнажэнне, дэтэрмінацыю, клетачны рост, міграцыі клетак, адгезію, дыферэнцыроўку клетак і пазаклетачных вытворных, міжклетачныя і міжтканкавыя ўзаемадзеянні, адміранне клетак. Спецыялізацыя клетак спадчынна замацоўваецца, таму адна тканка ў другую не ператвараецца. Гістагенез абумоўлены эвалюцыйным развіццём, залежыць ад унутры- і міжтканкавых узаемаадносін, ад узаемадзеяння арганізма з навакольным асяроддзем. Неадначасовае развіццё клетак пры гістагенезе забяспечвае захаванне маладыферэнцыраваных элементаў, якія служаць крыніцай папаўнення клетак на працягу жыцця арганізма і аднаўлення тканкі пасля яе пашкоджання (рэгенерацыі). У тканках з высокім узроўнем дыферэнцыроўкі (мышачная, нервовая) магчымасці рэгенерацыі больш абмежаваныя. Рэпаратыўны гістагенез у постнатальным перыядзе антагенезу складае аснову аднаўлення часткова страчаных або пашкоджаных тканак (напр., фізіялагічная рэгенерацыя клетак крыві). Якасныя змены гістагенезу могуць прывесці да ўзнікнення і росту пухліны. Нармальны і паталагічны гістагенез вывучае гісталогія.
А.С.Леанцюк.
т. 5, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
парэнхі́ма, ‑ы, ж.
Спец.
1. Асноўная тканка якога‑н. органа. Парэнхіма лёгкіх.
2. Асноўная тканка раслін, якая складаецца з клетак аднолькавага памеру.
[Ад грэч. parénchýma — напаўненне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Перакле́так, перакле́ць ’каморка ля ганку клеці’ (Нас., Касп.: паст., Сл. ПЗБ), перэкле́ць ’шырокі ганак з навесам перад дзвярамі ў клець’ (ТС). З ⁺перад‑клетак, ⁺перадклець. Да перад і клець (гл.); перэкле́тка ’перагародка паміж клеткамі’ (ТС) да пера- і кле́тка (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
клятча́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Тое, што і клятчасты. Клятчаты абрус. Клятчатая кепка.
2. Які складаецца з клетак (у 4 знач.). Клятчатая будова рэчыва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хіці́н, ‑у, м.
Арганічнае рэчыва групы вугляводаў, якое ўваходзіць у склад знешняга покрыва членістаногіх, а таксама абалонак клетак грыбоў, некаторых відаў водарасцей і бактэрый.
[Ад лац. chitimum з грэч. chitōn — хітон.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
храматафо́р, ‑а, м.
Спец.
1. У жывёл — пігментныя клеткі ў скурным покрыве, якія абумоўліваюць здольнасць жывёл зменьваць колер.
2. Бялковае цела пратаплазмы клетак водарасцей.
[Ад грэч. chrōma — колер, фарба і phorós — носьбіт.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГІСТАФІЗІЯЛО́ГІЯ (ад гіста... + фізіялогія),
раздзел гісталогіі, які вывучае ўзаемасувязі структуры клетак, тканак і органаў з іх функцыянаваннем і зменамі ў розных фізіял. станах. Даследаванні па гістафізіялогіі праводзяць на жывых клетках арганізма з дапамогай спец. мікраскопаў-ілюмінатараў, ужыўлення празрыстых камер у арганізм жывёлы або выкарыстання пярэдняй камеры вока для вывучэння цыркуляцыі крыві ў мікрасасудах, працэсаў міграцыі лейкацытаў, ранніх стадый развіцця зародка і інш. Шырока выкарыстоўваюць культуру клетак і тканак пры вывучэнні жывых структур (гл. Культура тканкі), метад трансплантацыі клетак крыві і касцявога мозгу ад здаровых жывёл-донараў апрамененым жывёлам-рэцыпіентам. Выкарыстоўваюць вітальнае (прыжыццёвае) і суправітальнае (клетак, вылучаных з арганізма) афарбаванне клетак і тканак спец. фарбавальнікамі з наступным вывучэннем метадамі гістахіміі, мікраскапіі, радыёаўтаграфіі і інш., што дазваляе высвятляць заканамернасці функцыянавання жывых сістэм і механізмы іх змен пры паталогіі.
А.С.Леанцюк.
т. 5, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАВА́Я ЛІ́НІЯ,
сістэма органаў пачуццяў у кругларотых, рыб і асобных земнаводных. Размешчана ў выглядзе паласы ўздоўж цела. У многіх рыб сістэматычная прыкмета. Лакалізуецца ў скуры і падскурных структурах цела і галавы. Складаецца з запоўненых вадкасцю каналаў, ампул і эпідэрмальных клетак. Групы адчувальных валасковых клетак падобныя да сенсорных клетак органаў слыху і вестыбулярнага апарату. Органы бакавой лініі дазваляюць успрымаць напрамак і скорасць цячэння, арыентавацца ў прасторы.
т. 2, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНГЕРГА́НСА АСТРАЎКІ́,
групы клетак падстраўнікавай залозы пазваночных, якія ўтвараюць яе эндакрынную частку. Названы імем ням. вучонага П.Лангерганса, які апісаў іх (1869). У кругларотых астраўковая тканка знаходзіцца ў сценках страўніка. Л.а. развіваюцца з трубчастых нарасцей пярэдняй кішкі і ў залежнасці ад віду жывёлы складаюцца з клетак некалькіх тыпаў: ȥ-, β-, δ-клетак. У ȥ-клетках утвараецца гармон глюкагон, у β-клетках — інсулін, у δ-клетках сінтэзуецца сакрацін і інш. гармоны.
т. 9, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВАЕ НАЦЯЖЭ́ННЕ клеткі,
адзін з фактараў, які вызначае форму клеткі і яе частак. Мае значэнне для клетак (жывёльных, некат. прасцейшых), пазбаўленых трывалай надмембраннай структуры, як, напр., у клетак раслін. Такія клеткі ў вадкім асяроддзі ў завіслым стане маюць сферычную канфігурацыю. Форма клеткі, якая прымацавана да субстрату або да інш. клетак, залежыць пераважна ад інш. фактараў (напр., ад мікратрубачак, кантактных структур). Лакальныя змены П.н. маюць значэнне ў гаструляцыі, пінацытозе, фагацытозе.
т. 11, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)