ГРА́МШЫ ((Gramsci) Антоніо) (23.1.1891, г. Алес, вобл. Сардзінія, Італія — 27.4.1937),
італьянскі паліт. дзеяч, філосаф, гісторык. Вучыўся ў Турынскім ун-це (1911—14). У 1913—21 чл.Італьянскай сацыялістычнай партыі, адзін з кіраўнікоў яе левага крыла. З 1919 выдаваў час. «L’Ordine Nuovo» («Новы лад»), які заснаваў разам з У.Тэрачыні і П.Тальяці. Адзін з заснавальнікаў (1921) і ген. сакратар (з 1924) Італьян.Камуніст. партыі. У 1922—23 удзельнічаў у працы Камуністычнага інтэрнацыянала. Дэп. парламента (1924—26). Выступаў за паліт. саюз з інш. партыямі — праціўнікамі фашызму. У 1926 арыштаваны, у чэрв. 1928 асуджаны на 20 гадоў зняволення (пазней тэрмін скарочаны). У зняволенні напісаў «Турэмныя сшыткі», у якіх даследаваў сац.-паліт. гісторыю Рысарджымента, марксізм як светапогляд і вучэнне, тэорыю прыродазнаўства, крытыкаваў погляды на культуру Б.Крочэ і інш. Фашызм вызначаў як «несанкцыянаванае законам насілле з боку капіталіст. класа».
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произведения. М., 1980.
Літ.:
Григорьева И.В. Исторические взгляды Антонио Грамши. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКАЯ РЭФО́РМА 1864у Расіі, «Палажэнне аб губернскіх і павятовых земскіх установах 1 студзеня 1864»,
рэформа, выкліканая неабходнасцю дастасаваць самадзярж. лад да патрэб капіталіст. развіцця; састаўная ч. рэформ 1860—70-х г. Праведзена ў 34 губернях еўрап. Расіі і Вобласці Войска Данскога. Рэформа не пашыралася на нац. ўскраіны, у т. л. на Беларусь. Палажэннем 1890 дзейнасць земстваў абмежавана. 15.4.1903 уведзена «Палажэнне аб кіраванні земскай гаспадаркай у губернях Віленскай, Віцебскай, Валынскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Падольскай». Паводле гэтага палажэння ствараліся губ. і пав. к-ты па справах земскай гаспадаркі. 27.3.1911 прынята «Палажэнне аб земскіх установах». На Беларусі яно пашырана толькі на Віцебскую, Магілёўскую і Мінскую губ. (з 35 бел. паветаў земствы ўведзены ў 25). У аснову выбарчай сістэмы пакладзены саслоўны і маёмасны цэнзы, якія забяспечвалі перавагу памешчыкам і чыноўнікам. Паводле палажэння 1911 ствараліся губ. і пав. земскія сходы і земскія ўправы, якія займаліся мясц.гасп. справамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1830,
рэвалюцыя ў Францыі, у выніку якой скінута манархія Бурбонаў, пакончана з дваранска-клерыкальным рэжымам Рэстаўрацыі (1814—30) і ўстаноўлена Ліпеньская манархія — улада буйных капіталіст. уласнікаў (пераважна фінансістаў) у асобе караля Луі Філіпа. Падставай для рэвалюцыі стала спроба караля Карла X арданансамі ад 25 ліп. распусціць палату прадстаўнікоў, абмежаваць і без таго малую (90 тыс.) колькасць выбаршчыкаў і ўвесці жорсткую цэнзуру друку. Рухаючая сіла Л.р. — рабочыя, рамеснікі, прадпрымальнікі, студэнты, афіцэры. 27—29 ліп. пасля вулічных баёў рэвалюцыя перамагла ў Парыжы, а потым у правінцыі. 2.8.1830 Карл X адрокся ад прастола. Паводле новай канстытуцыі («Хартыі 1830») колькасць выбаршчыкаў павялічылася да 166 тыс., абмежавана ўлада караля, праведзены інш. рэформы. Л.р. не вырашыла задачы дэмакратызацыі франц. грамадства, што абумовіла непазбежнасць новай рэвалюцыі. Але яна пакончыла са спробамі аднаўлення ў Францыі феад.-абсалютысцкіх парадкаў, спрыяла развіццю рыначных адносін у краіне, нанесла ўдар сістэме Свяшчэннага саюза, дала штуршок Бельгійскай рэвалюцыі 1830.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́ЙДЗІ ІСІ́Н,
«Рэстаўрацыя Мэйдзі», буржуазная рэвалюцыя ў Японіі ў 1867—68. З’явілася вынікам сац.-эканам. крызісу ў Японіі ў 1-й пал. 19 ст., пасля прымусовага «адкрыцця» краіны замежнымі дзяржавамі. Ажыццяўлялася ў выглядзе руху за аднаўленне ўлады імператара і скасавання ўлады сёгунаў з дома Такугава. Рух М.і. узначалілі самураіпаўд.-зах. княстваў, якія выступалі за перабудову Японіі на аснове дасягненняў еўрап. культуры і тэхнікі. 3.1.1868 яны абвясцілі пра скасаванне сёгуната і перадачу ўсёй улады імператару Муцухіта (дэвіз яго кіравання «Мэйдзі» — «Асвячонае кіраванне», адсюль назва). У маі 1868 сёгун Кэйкі капітуляваў, а войскі імператара занялі сталіцу Эда (з 1868 Токіо). У 1870—80-я г. ажыццёўлены шэраг сац.-эканам. пераўтварэнняў, якія ліквідавалі феад. сістэму і спрыялі развіццю капіталіст. адносін: ліквідаваны рамесныя цэхі (1868), скасавана саслоўная сістэма (1872), абвешчана свабодная купля-продаж зямлі (1872) і інш.
Літ.:
Лещенко Н.Ф. «Революция Мэйдзи» в работах японских историков-марксистов. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУФАКТУ́РА (позналац. manufactura ад лац. manus рука + factura выраб),
прадпрыемства, заснаванае на падзеле працы і ручной рамеснай тэхніцы; стадыя развіцця прам-сці, якая гістарычна папярэднічала буйной машыннай індустрыі. Узнікненне М. падрыхтавана развіццём рамесніцтва, таварнай вытв-сці, унутр. і знешняга гандлю, маёмасным расслаеннем сялян і рамеснікаў, паскорана першапачатковым накапленнем капіталу, вял.геагр. адкрыццямі, стварэннем рынку свабоднай рабочай сілы. Развілася з простай кааперацыі, фарміравалася пераважна двума шляхамі — аб’яднаннем у адной майстэрні рабочых розных спецыяльнасцей, калі гатовы прадукт атрымлівалі мех. злучэннем самаст. частковых прадуктаў (гетэрагенная М.), ці аб’яднаннем у адной майстэрні рамеснікаў адной спецыяльнасці з наступным раздзяленнем аднародных работ на больш дэталёвыя аперацыі, замацаваныя за асобнымі рабочымі (арганічная М.). З сярэдзіны 16 ст. М. ў Зах. Еўропе стала пануючай формай капіталіст. вытв-сці, у Расіі пашырылася ў 18 ст. У Беларусі першае прадпрыемства мануфактурнага тыпу — Налібоцкая шкляная мануфактура, пабудаваная ў пач. 1720-х г. Дзейнічала Урэцкая шкляная мануфактура, прадпрыемствы, на якіх выраблялі сукно і інш. тавары. У 2-й пал. 18 ст. сярод М. на Беларусі вылучаліся Гродзенскія каралеўскія мануфактуры (21 М.), заснаваныя па ініцыятыве гродзенскага старосты А.Тызенгаўза, якія выраблялі палатно, шоўк, сукно, дываны, габелены, паясы, металаапрацоўчую і інш. прадукцыю. Многія М. існавалі ў буйных феад. маёнтках. Новы этап у развіцці М. на Беларусі пачаўся пасля далучэння яе да Расіі; павялічылася іх колькасць, удасканальвалася тэхніка вытв-сці, больш шырока пачалі ўжывацца капіталіст. формы працы, з’явіліся новыя галіны прам-сці. У 1811 былі 33 М., на якіх працавала 1529 рабочых; у 1825 адпаведна 40 і 2880; у 1859—66 і 5740. Некат. М. былі вял. прадпрыемствамі, напр., на суконнай М. ў Хомску працавала больш як 500, на металургічнай у Налібаках — 600, на металургічнай і металаапрацоўчай у Старынцы — каля 900 рабочых. У канцы 1820-х г. М. Беларусі давалі больш за 10% тонкага сукна, 8% парусінавага палатна, больш за 50% аптэкарскага посуду ад агульнарас. вытв-сці. З развіццём М. падрыхтоўваўся прамысловы пераварот, М. выцясняліся фабрыкамі. Але многія прадпрыемствы мануфактурнага тыпу на Беларусі захаваліся і дзейнічалі на працягу 2-й пал. 19 і пач. 20 ст.
Літ.:
Романовский Н.Т. Развитие мануфактурной промышленности в Белоруссии (вторая половина XVIII — первая половина XIX в.). Мн., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР III (10.3.1845 — 1.11.1894),
расійскі імператар [1881—94]. З дынастыі Раманавых. Сын Аляксандра II. Наследнікам прастола стаў пасля смерці (1865) старэйшага брата. Прыхільнік інтарэсаў найб. кансерватыўных колаў дваранства і буйных землеўладальнікаў, непахіснай самадзяржаўнай улады (29.4.1881 прыняты адпаведны маніфест). У 1883 у гонар сваёй каранацыі амнісціраваў удзельнікаў паўстання 1863—64. Прымаючы пад увагу тэндэнцыі капіталіст. развіцця краіны, правёў у 1880-я г. рэформы: панізіў выкупныя плацяжы б. прыгонных сялян (1881), часоваабавязаных сялян перавёў на абавязковы выкуп (1883), у еўрап.ч. Расіі адмяніў падушны падатак (1887). З канца 1880-х г. пачаўся перыяд адкрытай рэакцыі і т.зв. контррэформаў: уведзены ін-т земскіх начальнікаў (1889, на Беларусі з 1900), перагледжаны земскія і гарадавыя палажэнні, ліквідавана універсітэцкая аўтаномія, узмацніліся нац. прыгнёт нярускіх народаў, уціск нац. культур, русіфікацыя; па Украіне і Беларусі пракацілася хваля яўр. пагромаў. Знешняя палітыка вызначалася міралюбівасцю. У перыяд яго царавання ў асноўным завершана далучэнне да Рас. імперыі Сярэдняй Азіі (1885), заключаны франка-рус. саюз (1891—93), адносіны з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй пагоршыліся.
Літ.:
Твардовская В.А. Александр III // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА», Паўлаўская «Рэч Паспалітая», маёнтак Паўлава (Мерач) у Віленскім пав. (цяпер у Літве), дзе ў 2-й пал. 18 ст. былі праведзены кардынальныя сац.-эканам. рэформы. Уладальнік Паўлава (маёнтак атрымаў найменне ў 1767 ад імя гаспадара) П.К.Бжастоўскі (гл. ў арт.Бжастаўскія) ажыццявіў комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні становішча сялян, якое рэгулявалася статутамі 1769 і 1791. Сялянам дадзена асабістая вольнасць, яны атрымалі ў вечнае карыстанне вял. гаспадаркі, з якіх неслі павіннасці, права на вольнае карыстанне пушчай, права распараджацца маёмасцю, займацца рамёствамі і гандлем. Было ўведзена шырокае сял. самакіраванне на ўзор парламента з 2 палат, сял. суд і войска, ашчадна-пазыковая каса, дзе сяляне маглі атрымаць пазыку грашыма, збожжам і жывым інвентаром; пабудаваны школа, аптэка. Сяляне П.«р.» ўдзельнічалі ў паўстанні 1794. Не маючы магчымасці трымаць маёнтак пад рас. уладай, у канцы 1794 Бжастоўскі прадаў яго, аднак асн. палажэнні статута маёнтка захоўваліся. Праведзеныя ў духу Асветніцтва рэформы садзейнічалі развіццю капіталіст., грашовых адносін у сял. гаспадарцы, павышэнню дабрабыту насельніцтва. Рэформы Бжастоўскага сустрэлі варожыя адносіны большасці землеўласнікаў і ўхваляліся перадавымі коламі Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАГА МА́Я,
міжнароднае свята салідарнасці працоўных, дзень іх барацьбы за свае сац., эканам. і паліт. правы, за мір і сяброўства паміж народамі. Устаноўлена ў ліп. 1889 парыжскім кангрэсам Інтэрнацыянала 2-га ў памяць аб жорстка задушаных уладамі выступленнях (1—4.5.1886) рабочых г. Чыкага (ЗША), якія патрабавалі ўвядзення 8-гадзіннага рабочага дня. Упершыню адзначалася ў 1890 ў Германіі, Даніі, ЗША і інш. краінах. У Расіі ўпершыню адзначана ў 1891 (С.-Пецярбург), на Беларусі — у 1895 на тайным сходзе 40 рабочых Мінска. З пач. 20 ст. пад уплывам рэв. партый святкаванне П.м. палітызавалася і адзначалася ў форме забастовак, стачак, мітынгаў і дэманстрацый. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адбылося першае ў гісторыі Расіі і Беларусі легальнае святкаванне Першамая. З 1918 у Расіі, пазней у СССР і інш.сацыяліст. краінах П.м. адзначалася як дзярж. свята, закліканае ўслаўляць афіцыйна абвешчаную перамогу працоўных над капіталіст. эксплуататарамі. У некат. краінах СНД адзначаецца як выхадны дзень, пазбаўлены ідэалагічнага значэння (Свята працы, Свята вясны і працы і інш.). У Рэспубліцы Беларусь П.м. — дзярж. Свята працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУДАНІ́ЗМ,
кірунак грамадска-паліт. думкі, тэарэт. асновай якога з’яўляецца філас.-сацыялагічная канцэпцыя франц. філосафа П.Прудона. Для П. характэрны вульгарная інтэрпрэтацыя гегелеўскай дыялектыкі і звядзенне яе да тэзы аб наяўнасці ў кожным прадмеце ці з’яве добрага і дрэннага; тлумачэнне развіцця грамадства барацьбой ідэй; сцвярджэнне магчымасці вырашэння грамадскіх супярэчнасцей шляхам ураўнаважання дзеючых у грамадстве сац. сіл. Эканам. пасылкі П. ўключаюць; асуджэнне буйной капіталіст. уласнасці, абарону дробнай прыватнай уласнасці, адмаўленне грашовай сістэмы, ідэю аб арганізацыі «справядлівага абмену» паміж асобнымі таваравытворцамі. Для П. характэрны некат. анархісцкія тэндэнцыі: адмаўленне дэмакратыі, нігілістычныя адносіны да паліт. партый, пропаведзь ліквідацыі дзяржавы і замены яе федэрацыяй супольнасцей вытворцаў. Паліт. праграма П грунтавалася на палажэннях аб ажыццяўленні сацыяліст. рэвалюцыі мірным шляхам і паступовым рэфармаванні грамадства, неабходнасці рэалізацыі ідэі сац. справядлівасці і маральнага ўдасканалення асобы. Прадстаўнікі П. адмоўна ставіліся да ўдзелу жанчын у прамысл. працы і грамадскім жыцці. Некаторыя палажэнні П. выкарыстаны прадстаўнікамі анархізму (М.А.Бакунін), сацыял-дэмакратыі (Э.Бернштэйн), а яго антыдэмакр. ідэі знайшлі адбітак у ідэалогіі фаш. рухаў у Італіі, Францыі, Германіі, Іспаніі, Лац. Амерыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫКАЛІ́ЗМ (ад сярэднелац. radicalis карэнны),
імкненне, схільнасць да карэнных рашучых мер і дзеянняў; адметная рыса пэўных грамадскіх рухаў, паліт. партый або іх асобных фракцый, парламенцкіх груповак, паліт. лідэраў. Існуе паняцце радыкальнай апазіцыі, як процілеглае памяркоўнай. Р. выступае ў розных формах: як правы і левы, рэфарматарскі і рэвалюцыйны. Ён не атаясамліваецца з нігілізмам, які адмаўляе канструктыўны падыход да грамадска-паліт. пераўтварэнняў і вырашэння існуючых задач і пытанняў. Важная рыса Р. — імкненне да паслядоўнага правядзення палітыкі глыбокіх станоўчых змен у грамадскім жыцці ці ў яго асобных сферах.
Тэрмін «Р.» узнік у Англіі ў канцы 18 ст., у эпоху прамысл. рэвалюцыі і хутка распаўсюдзіўся ў Зах. Еўропе, дзе ім называлі разнастайныя паліт., філас., рэліг., культ., асветніцкія плыні, прадстаўнікі якіх выступалі за мадэрнізацыю грамадства на аснове капіталіст. адносін і за пераадольванне перажыткаў феадалізму ў эканам., паліт., духоўным жыцці грамадства. У 19 і 20 ст. Р. канцэнтруецца ў ідэалогіі і паліт. праграмах левых партый сацыяліст., с.-д., камуніст. арыентацыі, у праграмах нац.-вызв. рухаў у краінах Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі.