Кайданы́ ’злучаныя ланцугом жалезныя кольцы, якія надзяваюцца на рукі і ногі тых, хто абвінавачваецца ў цяжкіх злачынствах’ (БРС, ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Нас., Яруш.). У гэтай жа форме слова вядома і ў іншых мовах: рус. (паўд. і зах., паводле Даля, смален., СРНГ), укр. кайдани, польск. kajdany. Па сутнасці, бел.-укр. лексема (польск. з укр., гл. Слаўскі, 2, 24, там і літ-pa). Магчыма, аб укр. крыніцы неабходна меркаваць і для бел. слова. Першапачаткова — араб. kajdani — форма парнага ліку ад kajd ’завязка, пута’ (так у Міклашыча, 110). Слова распаўсюджвалася, верагодна, праз цюрк.-тат. пасрэдніцтва. З літаратуры параўн. Бернекер, 1, 469.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Вяшня́к1, вешня́к ’вясенні вецер, які вельмі сушыць дровы’ (КСТ). Укр. вешняк, рус. дыял. вешняк ’вясенні вецер’ (перм., варон., СРНГ), ве́шни́к ’вясенні вецер, паўднёва-ўсходні вецер’ (асташ., пск., цвяр., СРНГ). Ад *вешний ’вясенні’, параўн. рус. формы ў Даля, або < вясняк3 (гл.). Паводле Фасмера, 1, 309, рус. вешний < *vesni̯o ад весна; параўн., аднак, рус. дыял. вешна, вёшна, ’вясна і да т. п.’, вешный, вешной ’вясенні’ (СРНГ), якія могуць уяўляць і іншую праформу або пазнейшыя трансфармацыі.

Вяшня́к2, вешня́к ’вадзяны млын, які працуе толькі пры высокім узроўні веснавой вады’ (Яшк.). Рус. дыял. вешняк ’тс’ (СРНГ). Ад *вешний ’вясенні’; параўн. вяшняк1 або < вясняк. Суфіксацыя, як у сіняк, скразняк і да т. п.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катэ́лка ’хлебны, гліняны шарык’ (Касп.). Не вельмі яснага паходжання; няма, здаецца, падобных форм у іншых мовах (гл. СРНГ, Даль, Трубачоў, Эт. сл.). Зыходзіць трэба, магчыма, з вядомага ўтварэння, празрыстага марфалагічна *katalъka (ад *katati; з элементам ‑l‑, што сустракаецца ў дзеепрыметніках мінулага часу). Параўн. у Даля: ката́лка ’што качаюць, дзіцячыя цацкі на колах; чым качаюць, качалка для качання бялізны; на чым катаюцца, каток, горка, рагожка для катання’ (гл. яшчэ СРНГ, 13, 121–122). Магчыма, калісьці націск быў на першым складзе (параўн. рус. ка́талки ’гульня ў шар’). Пры перанясенні націску на другі склад нібы аднаўляецца вакалізм «э» пад націскам. Параўн. чаргаванне ў бел. мове эа ў залежнасці ад месца націску.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аргама́к ’парода рослых скакавых коней’ (БРС). Рус., укр. аргамак ’тс’, ст.-бел. ограмак, громакъ (Гіст. мовы, 1, 139). Польск. rumak < hromak < ohromak (з XVI ст. — Брукнер, 468). Запазычанне з цюрк. аргамак, аргымак, арыгмак і да т. пад. (гл. Севарцян, 171). Конанаў (ИОРЯ, 1966, 229) указвае на персідскую крыніцу цюркскага. Рускае слова можа быць з кожнага з трох арэалаў: Каўказ, Крым, Усход (у Даля — трухменскія і кабардзінскія аргамакі). Беларускае хутчэй з крымска-татарскай, турэцкай, магчыма, праз украінскую ці паралельна. Польскае з украінскай ці беларускай. Калі ст.-бел. толькі ограмак, нельга выключыць паўторнае запазычанне праз рускую мову (Крукоўскі, Уплыў, 74). Супрун, Зб. Крымскаму, 125–126; Фасмер, 1, 84; Трубачоў, Происх., 57.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашаламі́ць ’аглушыць, адурыць, здзівіць’ (БРС, Нас., Грыг.), ашыламіць (Бяльк.) ’збіць з толку, збянтэжыць’ (Сцяшк.), ашаламуціць ’адурыць словамі ці ўдарам’ (Чач., Шат.), укр. ошоломити ’аглушыць, увесці ў зман’, рус. ошеломить ’аглушыць моцным ударам, здзівіць’, польск. oszołomić ’адурыць, пазбавіць розуму’ (з усходнеславянскіх моў, гл. Брукнер, 170). Насуперак агульнапрынятай этымалогіі, што ўзыходзіць да Даля, згодна з якой рус. ошеломить ад шелом ’шалом’ (Праабражэнскі, 1, 674; Фасмер, 3, 179 і інш.), ад шолам ’шум’, гл. Супрун, Зб. Аванесаву, 244 і наст., дзе прыводзіцца семантычная, словаўтваральная, акцэнталагічная і гістарычная аргументацыя; параўн. таксама шаламіць ’шумець моцна, раздражняць, нерваваць’ і выраз «не шаламі галаву» (Янк. Мат.), якому семантычна адпавядаюць балг. ошумоглавя, макед. ошумоглави ’аглушыць ударам; ашаламіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аса́да1 ’рама, аснова акна, воза, сельскагаспадарчых прылад; драўляная частка сякеры’, ’паліца каля акна’, матэрыял для рам’ (Янк. II). Укр. осада ’ложа ў ружжа’, ’аснова воза’, ’частка (аснова) млына’. Аддзеяслоўны назоўнік ад слова асадзіць ’змясціць нешта на месца’ (параўн. рус. у Даля асаживать токарные колодочки ’стаўляць іх у калодкі, ручкі’).

Аса́да2 ’аблога’, стар. ’сядзіба, пасяленне, умацаванае месца’ (Нас., Гарб.), дыял. насаджэнні вакол сядзібы, саду’ (Янк. II). Рус. осада (ваен.), укр. асада ’сядзіба’, ст.-рус. осада ’аблога; абарона ўмацаванага месца, пасяленне’. Польск. osada ’пасяленне, сядзіба, асада, калонія, група людзей’, чэш. osada ’пасяленне, калонія, група людзей’, славац. osada ’пасяленне, калонія’, в.-луж. wosada ’абшчына, калонія’. Паўночнаславянскае бязафікснае ўтварэнне ад дзеяслова асаджвацца ’сяліцца’, адкуль развіццё іншых значэнняў, у тым ліку ваеннага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажуры́на1 ’кусок аўчыны’ (БРС, ТСБМ, КЭС, лаг.; Шат.), кажурынко ’кажух’ (Федар. рук.), кажуронак ’тс’ (Бядуля). Як і ў папярэднім выпадку, нельга адназначна меркаваць аб статусе бел. слова. Адпаведнікі — у рус. мове, параўн. кожуринаДаля без геаграфіі) ’кусок закарэлай скуры, аўчыны і да т. п.’, пск., асташ., цвяр., вышагар., алан. ’дрэнны, закарэлы кажух’. Да значэння ’кажух’ параўн. рус. валаг., наўг., кастр., смал. і інш. кожурина ’скура (авечкі і пад.)’; значэнне ’кавалак аўчыны’ паводле суфікса in‑a. Утвораны гэтыя словы ад кожура, кантынуант апошняга засведчаны рускімі гаворкамі. Кажура пск. ’скура, пераважна свіная’, перм. баранья кожура, свярдл. ’скура цяляці’, кадн., валаг., пск. ’луска’ і інш., далей да кожа (гл.). Суфіксацыя ‑ур‑, відаць, экспрэсіўная, параўн. рус. дыял. кожурина ’худы замардаваны конь’, кожура ’скура жабы’, ’тоўстая скура’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сы́рамяць ’нядубленая скура, сырыца’ (ТСБМ), сырамя́тны ’зроблены з сырыцы’ (ТСБМ, Бяльк.), сы́раметны ’скураны’ (Касп.), сы́рамяць, сы́рмець, сы́рміць ’сырыца’ (Сл. ПЗБ), су́рамяць ’тс’, сурамя́тны ’зроблены з сырыцы’ (карэліц., Нар. лекс.), сырымыць, сыръмяць ’гужык у цэпе’ (кругл., маг., ДАБМ, камент., 829), су́рамятка ’раменная ці вяровачная частка пугі’ (стаўб., З нар. сл.), сурамя́ць, сурамя́зь ’сырамяць’ (Сл. ПЗБ), су́рметка ’папруга, повад з сырамяці’ (Сл. ПЗБ), сыро́мец ’вузкая палоска з нявырабленай скуры’ (Сцяшк.), сюды ж, відаць, сы́рамаць ’сырыя дровы’ (Мат. Гом.), сыромі́ть ’амаль дарма’: сыроміть оддала півня (кобр., Сл. Брэс.). Рус. сы́ромять ’сырыца’, сыромя́тный ’выраблены з сырыцы’. Да сыры і мяць (гл.), параўн. кажамя́ка (гл.) і адзначанае ў Даля (IV, 376) “кожа… выделанная очисткой и сильным мятьем”. Да значэння ’сырыя дровы’ параўн. сыромля ’тс’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калта́ць ’трохі памыць што-небудзь у сцюдзёнай вадзе’ (КЭС, лаг.). Іншыя крыніцы як быццам не падаюць гэтага слова, няма і дакладных адпаведнікаў у іншых усх.-слав. мовах. Дэфініцыя разглядаемага слова здаецца залішне канкрэтнай, відаць, неабходна дапускаць больш дыфузную — ’памыць’ або ’пабоўтаць’ (’абмыць’). Як роднаснае ў такім выпадку можна разглядаць рус. дыял. (вяц., у Даля да значэння) колтень ’атрута або нагаворная вада для сурокаў’, а ў якасці адпаведніка — дыял. колтать ’качаць, калыхаць, боўтаць і да т. п.’ (заходняе, паводле Даля), колтаться ’хістацца, боўтацца і інш. ’. Рус. колтать ’балбатаць і інш.’ зафіксавана ў шэрагу гаворак (валаг., пск., цвяр. і інш.), што можна разглядаць і ў плане арэальных адносін і як аргумент на карысць усх.-слав. паходжання дзеяслова, параўн. укр. ковтки ’збітыя касмылі воўны’, ’завушніцы’, рус. колтки ’завушніцы’ (пск. і паўн.-рус. у Бернекера, I, 660), для рус. слоў прапануецца рэканструкцыя kъltati, што разглядаецца як варыянт да koltiti. Храналогію лексемы трэба ўдакладніць, паколькі да ўсх.-слав. фактаў неабходна дабавіць польск. дыял. kieltać (варыянты kiełdać, giełdać) ’кроіць, рэзаць тупой прыладай; малоць (рухаючы); хістаць, круціць, мяшаць’, kiełtać się ’хістацца, калыхацца’ (паўдн.-польск., у Карловіча не фіксуецца, Слаўскі (2, 147) падае эксцэрпцыю з Купалы, JP, 38, 129–131, і інфармуе, што слова зрэдку сустракаецца ў літаратурных творах), далей макед. дыял. să klъ́tʼa ’калыхацца, кратацца’, адзначанае Малэцкім. На аснове гэтых прыкладаў можна ўзнавіць прасл. kl̥tati ’калыхаць, хістаць’; што датычыць абмежаванага распаўсюджання лексемы, гэта можна разумець і як арэальную суаднесенасць, якая сведчыць аб даўніх кантактах племянных гаворак (прасл. дыял. лексема, як аб гэтым мяркуе Слаўскі, 2, 147) і як архаічнасць слова, страчанага большасцю слав. моў. Параўн. яшчэ нашы меркаванні пад калдун, калдыга і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пражмо́1 ’паджаранае на агні калоссе недаспелага жыта’ (Нас., Бяльк., Юрч., Мат. Маг., Мат. Гом., Сцяшк. Сл.). Рус. смал. пря́жмо ’калоссе жыта, пражанае на масле’, польск. prażmo. ст.-чэш., суч. дыял. pražma (відаць, мн. л.) ’паджаранае на агні калоссе недаспелага жыта’. Прасл. *pražьmo. Ад *pražiti (гл. пражыць) з суф. ‑mo (Адносна суф. гл. Слаўскі, SP, 2, 15). Махэк₂, 482 падкрэслівае, што слова можа лічыцца старажытным ужо з прычыны даўнасці такога спосабу ўжывання ў ежу калосся ў час неабходнасці. Гл. яшчэ Брукнер, 434.

Пражмо́2 ’адлегласць паміж слупамі ў клеці, дзе складваюць збожжа’ (Касп.). Не зусім ясна. Відаць, дэрыват ад ‑прагу (гл. запрагаць, упрагаць) з суф. ‑ьмо, г. зн. прастора, якая звязваецца, спалучаецца (рус. сопрягается) слупамі. Няясна, ці сюды адзначанае ў Даля бесар. пря́жина ’лінейная мера’ (= 3 сажням 12 вяршкам) і ўкр. закарп. пра́жина ’від зямельнай меры’, якія таксама не маюць пэўнай этымалогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)