ВЕТРАВЫ́Я ЦЯЧЭ́ННІ,

марскія цячэнні, якія ўзнікаюць у выніку ўздзеяння ветру на водную паверхню. Развіваюцца пад сукупным уплывам сіл трэння, турбулентнай вязкасці, градыента ціску, адхіляючай сілы вярчэння Зямлі і інш. Ахопліваюць паверхневы слой мора таўшчынёй каля 100 м. Называюцца таксама дрэйфавымі цячэннямі, калі вецер, што выклікае іх, устойлівы (напр., Паўн. і Паўд. пасатныя цячэнні, Антарктычнае цыркумпалярнае цячэнне, або цячэнне Зах. Вятроў, і інш.).

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНАЯ ТУРБІ́НА,

турбіна, у якой унутраная (патэнцыяльная) энергія рабочага цела (газу, пары, вадкасці) пераўтвараецца ў знешнюю (кінетычную) у нерухомых соплавых прыстасаваннях. Далейшае пераўтварэнне кінетычнай энергіі ў энергію вярчэння ротара адбываецца толькі ў выніку змены напрамку руху рабочага цела на лапатках турбіны. У актыўнай турбіне ціск патоку газу (пары, вадкасці) на ўваходзе і выхадзе з рабочага кола аднолькавы. Гл. таксама Рэактыўная турбіна.

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТЭРЭ́ЗІСНЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,

сінхронны электрарухавік, у якога вярчальны момант ствараецца ад узаемадзеяння магн. поля статара з намагнічаным ротарам, зробленым з матэрыялу з шырокай пятлёй гістэрэзісу. Магутнасць да некалькіх соцень ват пры частаце сілкавальнага току 50—500 Гц. Гістэрэзісны электрарухавік маюць добрыя эксплуатацыйныя характарыстыкі, надзейныя, даўгавечныя, бясшумныя, здольныя працаваць з рознай частатой вярчэння. Выкарыстоўваюцца ў маламагутных электрычных прыводах і ў сістэмах аўтам. кіравання.

т. 5, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАБАЛО́ІД,

незамкнутая нецэнтральная паверхня другога парадку. Асн. віды — эліптычны і гіпербалічны П.

Лініі перасячэння гіпербалічнага П. з любымі магчымымі плоскасцямі — парабалы, гіпербалы і прамыя. Праз любы пункт такога П. праходзяць 2 прамалінейныя ўтваральныя (гл. Лінейчастая паверхня). Лініямі перасячэння эліптычнага П. з плоскасцямі з’яўляюцца эліпсы ці парабалы. Асобны выпадак такога П. — П. вярчэння, які можна атрымаць вярчэннем парабалы вакол яе восі.

Эліптычны парабалоід.

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прэцэ́сія

(лац. praecessio = папярэднічанне)

рух восі ўласнага вярчэння цвёрдага цела, пры якім яна апісвае кругавую канічную паверхню.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АНЕМО́МЕТР (ад анема... + ...метр),

прылада для вымярэння скорасці ветру і газавых патокаў. У недыстанцыйных анемометрах скорасць патокаў вызначаецца па скорасці вярчэння ветравога кола, вінта, крыжавіны з паўшар’ямі (анемометр чашачны) або па дадатным ціску (т.зв. трубка Піто), у тэрмаанемометрах — па цеплааддачы нагрэтага дроту. Выкарыстоўваецца таксама аўтаматычны анемометр з сігнальным прыстасаваннем для выяўлення небяспечных парываў ветру і ўключэння проціаварыйных прыстасаванняў. Для бесперапыннага запісу скорасці ветру служаць анемографы.

Анемометр чашачны.

т. 1, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЦЭРАЛЬДЭГІ́Д,

трохвугляродны цукар (альдоза), які мае асіметрычны (хіральны) атам вугляроду. Служыць у якасці эталона для выяўлення канфігурацыі аптычна актыўных злучэнняў. Стэрэаізамеры ўсіх хіральных злучэнняў, якія адпавядаюць па канфігурацыі L-гліцэральдэгіду, абазначаюцца літарай L, D-гліцэральдэгіду — літарай D незалежна ад напрамку вярчэння плоскасці палярызацыі плоскапалярызаванага святла. З’яўляецца прамежкавым прадуктам уцягвання фруктозы ў клетках печані ў гліколіз; пры фасфарыліраванні ператвараецца ў гліцэральдэгід 3-фасфат (ключавы метабаліт гліколізу).

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСКАВЫ́ РУХАВІ́К,

карбюратарны рухавік унутранага згарання для запуску гал. рухавікоў з запальваннем ад сціскання (дызеляў) на трактарах і машынах спец. прызначэння. Раскручвае вал дызеля праз рэдуктар да вуглавой скорасці, неабходнай для запальвання паліва ў рабочых цыліндрах, пасля чаго аўтаматычна адключаецца. Магутнасць да 15 кВт, частата вярчэння вала да 4000 аб/мін. На Беларусі П.р. (аднацыліндравыя, двухтактавыя, з аднаступеньчатым рэдуктарам і электрастартэрам) выпускае Гомельскі з-д пускавых рухавікоў.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІО́ ((Biot) Жан Батыст) (21.4.1774, Парыж — 3.2.1862),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1803), Лонданскага каралеўскага т-ва (1815), Пецярбургскай АН (1819). Скончыў політэхн. школу ў Парыжы (1797). Праф. з 1800 Калеж дэ Франс, у 1808—49 Парыжскага ун-та. Навук. працы па электрамагнетызме, оптыцы і акустыцы. Адкрыў (1815) закон вярчэння плоскасці палярызацыі (закон Біо), разам з Ф.​Саварам вызначыў індукцыю магн. поля, створанага эл. токам (гл. Біо-Савара закон).

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭЙФ ІЛЬДО́Ў,

рух ільдоў у вадаёмах пад уздзеяннем вятроў і цячэнняў. Ад дзеяння сілы вярчэння Зямлі адбываецца адхіленне лёду ад напрамку ветру ў сярэднім на 30° управа ў арктычных і ўлева ў антарктычных шыротах. Скорасць ветравога Д.і. у 50 разоў меншая за скорасць ветру. На характар Д.і. уплываюць берагі, астравы, водмелі. Больш павольна, чым ледзяныя палі, дрэйфуюць айсбергі. Магутныя халодныя цячэнні (Лабрадорскае, Перуанскае) выносяць палярныя льды ва ўмераныя, радзей субтрапічныя шыроты.

т. 6, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)