Вярце́п ’вялікі роў, які зарос кустамі’ (слаўг., Яшк.); ’прытон’ (РБС), укр. вертеп ’пячора’; батлейка, зах. верте́па ’прорва, яр, роў’, ве́ртіб, ве́ркіп ’яміна на полі з вадою або без яе’, рус. перм., смал., калуж. верте́п ’яр з непраходнымі кустамі, лесам’, перм. ’узгорак з лагчынамі’, верте́па ’крутая гара, пакрытая непраходным лесам’, маск. вертепи́жина ’яміна з вадою на дарозе’, цэнтр.-рус. вертебя ’карставы яр’, тул. вертебинище ’яр’, ст.-рус. вертепъ, вьртьпъ ’цясніна’; ’яр’; ’пячора, склеп, тайнае сховішча’; ’прытон’; ’сад’, польск. wertep, wertepy ’мясцовасць, цяжкая для пераадолення, дарога з калдобінамі’; ’батлейка’, ст.-польск. werteb ’бездарожжа’, werteba ’яр, роў’, славен. vrtèp ’пячора’, макед., балг. варто́п, врто́п, върто́п, въртуп ’вір’; ’карставая яма’; ’глыбокае месца ў рацэ’; ’невялікі гай сярод голай мясціны’; ’быстрыня’; ’месца на лузе з патаптанай травою’; ’зігзагападобны яр’; ’паварот ракі, дарогі, гары’; ’лагчына’; ’прорва’; ’лужына’, балг. върто́пел ’вір’; ’лагчына’; ’паварот ракі, дарогі, гары’, ст.-слав. врътъnъ, вьртьnъ ’пячора’; ’сад’; ’пекла’, врьтопъ ’пячора’. Некаторыя этымолагі разглядаемую лексему выводзяць з vьrtь ’сад’ (Сразнеўскі, 1, 464), утвораную пры дапамозе суф. ‑ьръ/‑ъръ (Фасмер, 1, 300; КЭСРЯ, 76; Шанскі, 1, В, 65), маючы на ўвазе павойны, пакручасты характар раслін (у садзе). Семантыка, звязаная са сцэнамі нараджэння Хрыста, сведчыць на карысць запазычання ўсх.-слав. лексемы вярцеп (вертеп) з ц.-слав. мовы (Брандт, РФВ, 25, 215). Значэнне ’прытон (разбойнікаў)’ другаснае; яно паходзіць з асноўнага ’прорва, яр, лагчына, непраходнае месца, гушчар’, якое маецца ў паўдн.- і ўсх.-слав. мовах. Польскае werteb(a) Брукнер (607) лічыць запазычаннем з укр. мовы. Можна меркаваць, што лексема з’яўляецца вельмі старым складаным словам, утвораным ад і.-е. *u̯ert‑ ’вярцець’ і *upos ’вада’, якое мела значэнне ’вір, непераходнае глыбокае месца’ (Гараеў, 1896, 69; БЕР, 1, 212; Геаргіеў, БЕ, 11, 1965, 302 і наст.; Кабылянскі, Мовознавство, 1967, 6, 43; Уладзімірская, ЭИРЯ, 6, 1968, 28–40; Клепікава, Карп. диал. и оном., 51 і наст.). Другая частка і.-е. *upos знайшла сваё ўвасабленне ў балг. вапа ’катлавіна’, въпа ’яма, лагчына’, серб.-харв. ва̀павыпарэнне’, ст.-слав. вапа ’возера, лужына’. Гл. таксама вярцёбы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МІЖЗЕ́МНАЕ МО́РА,

міжмацерыковае мора Атлантычнага ак., паміж Еўропай, Азіяй і Афрыкай. На З Гібралтарскім пралівам злучана з Атлантычным ак., на ПнУ пралівам Дарданелы, Мармуровым м. і пралівам Басфор — з Чорным м., на У Суэцкім каналам — з Чырвоным м. У М.м. вылучаюць моры: Альбаран, Балеарскае, Лігурыйскае, Тырэнскае, Адрыятычнае, Іанічнае, Эгейскае. М.м. абмывае берагі 21 краіны: Іспаніі, Францыі, Манака, Італіі, Мальты, Славеніі, Харватыі, Югаславіі, Босніі і Герцагавіны, Албаніі, Грэцыі, Турцыі, Кіпра, Сірыі, Лівана, Ізраіля, Егіпта, Лівіі, Туніса, Алжыра, Марока. Пл. 2505 тыс. км². Сярэдняя глыб. 1541 м, найб. глыб. 5121 м. М.м. канчаткова ўтварылася ў эпоху альпійскага арагенезу ў выніку апускання часткі альпійскіх структур Паўд. Еўропы, Пярэдняй Азіі і платформенных утварэнняў Паўн. Афрыкі. Паўн. берагі гарыстыя, берагавая лінія складаная, паўд. афр. бераг мала парэзаны. Шэльф М.м. вузкі, за выключэннем Адрыятычнага і Эгейскага мораў, берагоў Туніса, Лівіі, Егіпта. Прыбярэжная зона глыбокая, меляў і рыфаў мала. Рэльеф дна складаецца з Алжыра-Праванскай, Тырэнскай, Цэнтр. і Левантыйскай катлавін. Найб. залівы: Валенсійскі, Ліёнскі, Генуэзскі, Таранта, Сідра, Габес. Найб. паўастравы: Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі, М.​Азія; астравы: Балеарскія, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт, Кіпр. Частыя землетрасенні, вывяржэнні вулканаў (в-аў Стромбалі). У М.м. ўпадаюць буйныя рэкі: Эбра, Рона, Тыбр, По, Ніл. Адна з асн. рыс воднага балансу М.м. — выпарэнне (3130 км³/год) — перавышае над ападкамі (1000 км³/год) і рачным сцёкам (430 км³/год). Водны дэфіцыт кампенсуецца паступленнем вады з Атлантычнага ак. (40 тыс. км³/год) і Чорнага м. (170 км³/год) у паверхневыя слаі. Існуе адток з прыдонных слаёў больш салёнай і шчыльнай вады М.м. ў Атлантычны ак. (38,5 тыс. км³/год) і Чорнае м. (170 км³/год). М.м. размешчана ў субтрапічных шыротах у зоне міжземнаморскага клімату з кароткай цёплай і дажджлівай зімой (т-ра студз. 5—10 °C, ападкаў да 600 мм) і працяглым сухім гарачым летам (т-ра ліп. каля 28 °C, сума ападкаў за чэрв.—жнівень каля 50 мм). Зімой дзьмуць моцныя паўн. вятры — містраль (у раёне Ліёнскага зал.) і бара (на У Адрыятычнага м.). Летам частыя сухія вятры з Афрыкі — сірока. Сярэдняя т-ра вады ў М.м. на паверхні вады ў лютым ад 10—12 °C на Пн да 15—16 °C на Пд, жн. ад 21—23 °C да 27—28 °C адпаведна. Салёнасць вады (ад 36%° да 39,5%°) павялічваецца з 3 на У і дасягае макс. ў Левантыйскім басейне. Прылівы паўсутачныя да 1 м, найб. да 4 м. Цячэнні ў М.м. ў паўд. паласе з 3 на У, у паўн. — з У на 3, з цыкланальнымі кругаваротамі ў морах паўн. часткі, з антыцыкланальнымі ў залівах Габес і Сідра. Біял. і рыбапрамысл. прадукцыйнасць М.м. невялікая, што звязана са слабым развіццём фіта- і зоапланктону. Аднак адзначаецца вял. відавая разнастайнасць арганізмаў. Водзіцца 540 відаў рыб паўд.-барэальнага і трапічнага комплексаў (анчоўс, сардзіна, скумбрыя, стаўрыда, тунец). Каля 70 відаў рыб — эндэмікі, у т. л. скаты, віды хамсы, бычкоў, губана, марскіх сабачак. Ёсць марскія чарапахі, дэльфіны. Шмат розных беспазваночных (галаваногія малюскі, ракападобныя, губкі, чырвоны карал). Улоў рыбы штогод каля 600 тыс. т. Каля Туніса здабываюць губкі і каралы. Штучнае развядзенне ў рыбніках вустрыц і мідый. На шэльфе здабываюць нафту і газ, магнійртутныя руды, солі. На берагах М.м. сканцэнтравана каля ​1/3 часткі ўсіх населеных пунктаў прыбярэжных краін, у т. л. больш за 300 партоў. Па М.м. ажыццяўляецца каля 20% сусв. знешнегандл. перавозак. Буйныя парты: Барселона (Іспанія), Марсель (Францыя), Генуя, Неапаль, Венецыя, Трыест (Італія), Бейрут (Ліван), Александрыя, Порт-Саід (Егіпет), Пірэй (Грэцыя), Ізмір (Турцыя), Хайфа (Ізраіль), Бенгазі, Трыпалі (Лівія), Туніс, Бізерта (Туніс) і інш. Міжземнамор’е — буйны раён адпачынку і турызму. Курорты: Лазурнага берага (Рыўера) у Францыі, Італіі і Манака, Левантыйскага ўзбярэжжа, Балеарскіх а-воў у Іспаніі. Буйной праблемай М.м. з’яўляецца забруджванне вод.

А.​А.​Матужа.

т. 10, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тук1 ‘растоплены тлушч’ (Гарэц., Некр. і Байк., Варл., Шат., Касп., Жд. 1, 3, Бір.; бялын., Янк. Мат.; петрык., лун., Шатал.; мсцісл., драг., З нар. сл., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ‘ператопленае авечае сала’ (Сцяшк.), ‘рыбін тлушч’ (Ласт.), ‘сыць; пажыўная якасць харчовага прадукта, але не тлушч’ (Некр. і Байк., Нік., Оч.), ‘плодная сіла зямлі’: колы й сахары … не можна чысціць або мыць, бо ат гною не будзе ў зямлі туку (Сержп. Прымхі), то̂к ‘растоплены тлушч’ (маз., ГЧ), ст.-бел. тукъ ‘тс’ (ГСБМ): тукъ земли ‘зямное багацце’ (Скарына, ГСБМ). Укр. тук, рус. тук, стараж.-рус. тукъ ‘тлушч, сала’, ц.-слав. тукъ ‘сала, цвёрды тлушч’; польск., н.-, в.-луж. tuk ‘тлушч’, польск. паўн.-зах., каш. tuk ‘касцявы мозг’, чэш., славац. tuk, харв. чак. ту̏к, ту̂к ‘тлушч’, балг. тук ‘сала, тлушч, навар’, макед. тук ‘растоплены свіны тлушч’, ‘сок з печанага мяса’, ‘кружкі тлушчу на паверхні варыва’, ст.-слав. тоукъ ‘тлушч’, ‘тлустасць, плоднасць, сакавітасць’. Прасл. *tukъ ‘жывёльны тлушч’ — суфіксальны дэрыват з чаргаваннем галосных ад *tyti (гл. тыць), роднасныя: літ. táukas ‘кавалак сала’, ‘жывот’, taukaĩ ‘тлушч, сала’ < tùkti ‘таўсцець’, лат. tàuks ‘тлусты’, ст.-прус. taukis ‘сала’ < і.-е. *touk‑o‑s; ст.-англ. þīoh, þēoh, ст.-в.-ням. diech ‘тук’ < þeuhos < і.-е. *teukos — узыходзяць да і.-е. асновы *tū‑ ‘набрыняць’, ‘разбухаць, набухаць’ (Фасмер, 4, 116; Махэк₂, 660; Брукнер, 683; Скок, 3, 475; Борысь, 652–653; Буга, Rinkt., 2, 633; Каруліс, 2, 378; ESJSt, 17, 997; ЕСУМ, 5, 670). Сюды ж з абнаўленнем семантыкі суч. тук ‘мінеральнае ўгнаенне’ (ТСБМ).

Тук2 ‘дух’: од старого й тук неважны йдзе (ТС). Няясна; магчыма, да папярэдняга слова, якое набліжана да туск ‘пот, выпарэнне’. Параўн., аднак, серб. ту̏кнути ‘прыпахваць дрэнным пахам, смярдзець’, што, напэўна, адлюстроўвае варыянтнасць х/к у параўнанні з ту̏хнути ‘пратухаць, псавацца’; у беларускай мове, відаць, падобнае чаргаванне назіраецца пад уплывам балцкага субстрату, што дазваляе звязаць слова з тухлы, гл.

Тук3 — пра ціхі стук (мсцісл., Нар. лекс.). Як і стук (гл. стукаць) — гукапераймальнага паходжання, палаталізаваны варыянт цюк (гл.), параўн. чэш. ťuk, ťuky ‘стук-стук’. Аналагічна літ. táukšt ‘стук, грук’. Сюды таго ж паходжання дзеяслоў ту́каць ‘кляпаць касу’ (Касп.), ‘стукаць’ (Сцяшк.), ‘біцца (пра сэрца), стукаць, удараць’ (Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк.), параўн. серб. дыял. ту̏кнути ‘паціху стукнуць’ (Фасмер, 4, 116; Махэк₂, 660; ЕСУМ, 5, 671), а таксама аддзеяслоўны назоўнік інтэнсіўнага дзеяння ту́кат ‘тупат’ (Адм., Сцяшк.), параўн. чэш. ťukot ‘стук, грук’ (Махэк₂, 660), і вытворны дзеяслоў тукаце́ць ‘стукаць’ (Зайка Кос.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)