ла́паць 1, ‑пця; Р мн. ‑пцей; м.

1. Сялянскі абутак, плецены з лыка, бяросты ці вяровак. Лазовыя лапці. Вяровачныя лапці. □ Сівабароды стары ў сівым армяку, у лапцях, з торбай, стаяў ля пераезду, паклаўшы рукі на кій. Хадкевіч.

2. перан. Разм. пагард. Пра адсталага, некультурнага чалавека.

•••

Абуць у лапці гл. абуць.

На лапці не аб’ехаць гл. аб’ехаць.

Плесці кашалі з лапцямі гл. плесці.

ла́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Разм. Хапаць, мацаць рукамі. [Груня:] Адыдзі! Раней вытры нос, а потым лапай... Гурскі. Маці цяжка ўздыхала, ўпоцемку лапала па чарэні — намацвала лучыну. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

1. што. Траціць без карысці, марнатравіць. Марнаваць грошы. Марнаваць час. □ Я не для бас, паны, о не, Свае дні лепшыя марную, — У вечнай з мукамі вайне Жыву і радасці не чую. Купала.

2. каго. Мучыць, стамляць. [Антаніна:] — Дакуль гэта, дзеўка, ты будзеш сябе марнаваць? Не ў адной цябе такое няшчасце. Васілевіч. Я цэлымі днямі не выходзіў з Мальвінінага пакойчыка і ўсё паўтараў, што так марнаваць сябе не трэба. Сачанка. Сапраўды, Міхал не любіў пераліваць з пустога ў парожняе, не любіў марнаваць людзей бясконцымі прамовамі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мата́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Віць, навіваць, накручваць. Матаць ніткі. Матаць шоўк.

2. чым. Рухаць з боку ў бок, махаць чым‑н. Матаць нагамі. □ Жарабок матаў галавой то ўніз, то ўгору, вадзіў ноздрамі ад свежага паху сасонніку. Ермаловіч.

3. Разм. груб. Хутка ісці, бегчы куды‑н.; уцякаць, паспешна выбірацца адкуль‑н. — Хведар, — крычыць Цопа, — матай у цэнтр, няхай мяхі даюць. Скажы, што малацьбу пачалі. Асіпенка.

•••

Матаць (сабе) на вус — запамінаць што‑н. з якой‑н. мэтай.

мата́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

Разм. Неэканомна, неразумна траціць грошы, маёмасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

джа́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., каго-што і без дап.

1. Раніць, упівацца джалам (у 1, 2 знач.). На кожным кроку джаляць камары. В. Вольскі. // Калоць, раніць (пра што‑н. вострае, калючае). Ды тут басанож у спякоту Не пройдзе хлапчук каля плоту: Гадзюкамі джаляць Абрыўкі калючага дроту. Маляўка.

2. перан. Шкодзіць злосна, спадцішка. Тут толькі ўявіў сабе [Міхась], што перад ім паўзучы гад, што смяротна джаліць з укрыцця пад маскай аднадумца. Машара. // Глыбока хваляваць, трывожыць (пра пачуцці). Горкая самотнасць джаліла мяне, і такое ж горкае шкадаванне напаўняла маё сэрца. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзець, дзену, дзенеш, дзене; зак., каго-што (ужываецца з прысл. «дзе», «недзе», «куды», «некуды»).

Разм.

1. Палажыць куды‑н. так, што цяжка знайсці. Куды ты дзеў маю кнігу?

2. Змясціць куды‑н., знайсці для каго‑, чаго‑н. месца, прытулак і пад. — Куды ж вы .. [трусоў] дзенеце? У вальер да ўсіх? Ракітны. [Люба] пачала звязваць лахманы, каб цяпер увечары, без людскіх вачэй, вынесці іх адгэтуль назаўсёды і дзе-небудзь дзець іх. Чорны. // Выкарыстаць, патраціць. Некуды дзець час. Некуды дзець грошы.

•••

Дзець некуды (няма куды) — надта многа.

Некуды (няма куды) вачэй дзець — пра пачуццё сораму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіку́н, ‑а, м.

1. Чалавек з племені, якое знаходзіцца на ступені першабытнай культуры; нецывілізаваны чалавек. // Пра некультурнага, неразвітага, грубага чалавека. — Тупагаловыя дзікуны! Яны не разумеюць, што няма той сілы, якая знішчыла б народ. Шамякін. Я баяўся, што стычынскія хлапчукі зловяць мяне на вуліцы і адлупцуюць. Такія дзікуны могуць! Чарнышэвіч.

2. Разм. Нелюдзімы, дзікаваты чалавек. [Панне] Людміле цікава было паглядзець на гэтага дзікуна і пустэльніка, які яшчэ аж дасюль не быў у Завітанках. Колас.

3. Разм. Пра чалавека, які адпачывае ў курортным месцы без пуцёўкі. — Люблю ездзіць адпачываць «дзікуном», — гаварыў.. Аляксей Пятровіч. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жніво́, ‑а і жні́ва, ‑а, н.

1. Уборка збожжавых культур сярпамі або жатнымі машынамі. Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Разгарнулася жніво. Дуброўскі. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца, калі даўно скончана жніво, звезена жыта ў гумны, і над апусцелым полем дружна ўзлятаюць стайкі шпакоў — прадвеснікаў блізкай восені. Лынькоў. // Час, пара ўборкі збожжа. Дні за тры да жніва прайшоў дождж, ціхі, без грому.. Жыта пачало хутка паспяваць. Асіпенка.

2. Зжатая збажына; ураджай. Кладуцца снапы ў снапы, — Такога жніва не было! Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міры́цца, міруся, мірышся, мірыцца; незак.

1. з кім і без дап. Спыняць сварку, пачынаць жыць у згодзе. [Сімон:] — Вось і добра, што прыйшлі мірыцца. Пасварыліся і памірыліся. Самуйлёнак.

2. з чым. Цярпіма адносіцца да чаго‑н.; прымірацца з чым‑н. Колас, як і Купала, стварае ў паэзіі вобраз селяніна, які не хоча, не можа далей мірыцца са сваім рабскім становішчам. Навуменка. Дасталося пазней і Алесю за тое, што не быў настойлівым, мірыўся з недахопамі, не абапіраўся на калектыў. Шыцік. Ціхон Ціхонавіч не ўмеў крыўдзіцца і мірыўся з усім, што тварылася дома. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мох, РДМ моху і імху, Т мохам і імхом; мн. імхі, імхоў; м.

Споравая расліна без каранёў і кветак, якая сцелецца або расце ў вільготных мясцінах, на дрэвах, каменні. Перад вайной схілы гары былі голыя, усланыя сівым сухім мохам. Пестрак. Хатка была старая, пахілая, на страсе рос зялёны мох і нават кусцікі нейкай травы. Сіняўскі. Пад босымі нагамі шалахціць залатое лісце, суха патрэскваюць сучкі на мяккай аўчыне імху. Брыль.

•••

Аленевы мох — назва кусцістага шаравата-зялёнага або белага лішайніка, які служыць кормам для паўночных аленяў.

Абрасці мохам гл. абрасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

1. Цярпець мукі; пакутаваць. — Страляй!.. Страляй!.. Толькі разам з дзеткамі, каб не мучыліся ў лапах вашых!.. — не ўнімалася Марыля. Нікановіч. [Сабіна:] — Гэта ж праз вас я мучуся, жывучы з нялюбым, праз вас не ведаю шчасця... Сачанка. // чым. Пакутаваць ад якой‑н. хваробы, болю. Мучыцца жыватом. // чым. Вельмі непакоіцца, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. Мучыцца ж бедны думкай штодзённай, Каб голад са свету не звёў. Купала.

2. Разм. Рабіць што‑н. з вялікім намаганнем, без асаблівага поспеху. Дзве гадзіны мучыліся.. [хлопцы] і знялі [з барсука] не скуру, а нейкія лахманы. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)