экранізацыя тэатральнага спектакля, зробленая з улікам асаблівасцей выяўленча-выразных сродкаў кіна-, тэле- і відэамастацтва. Мае на мэце пашырэнне дасягненняў тэатр. мастацтва з дапамогай сучасных тэхналогій. Дзеянне пры здымцы можа фіксавацца ў тэатр. зале або пераносіцца ў павільёны кінастудыі ці на натуру; выкарыстоўваецца і спалучэнне гэтых форм пры захаванні пастановачнай задумы спектакля, рэжысёрскага вырашэння і акцёрскай трактоўкі вобразаў. Першыя Ф.-с. створаны ў Расіі («Цар Іван Васілевіч Грозны», 1915; «Рэвізор», 1916, і інш.).
У бел. кіно пашыраны з пач. 1950-х г.: «Паўлінка» Я.Купалы (1952, рэж. А.Зархі), «Пяюць жаваранкі» (1953, рэж. У.Корш-Саблін і К.Саннікаў) і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы (1954, рэж. Корш-Саблін) і інш. У наст. гады стварэнне Ф.-с. звязана з выкарыстаннем тэлевізійнага спосабу фіксацыі: «Трыбунал» (1976, рэж. В.Акімушкін і В.Раеўскі) і «Зацюканы апостал» А.Макаёнка (1982, рэж. Б.Луцэнка), «Брама неўміручасці» К.Крапівы (1978, рэж. У.Міхарскі), «Апошні шанц» В.Быкава (1981, рэж. Раеўскі) і інш.Бел.т-ра імя Я.Купалы; «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (1977, рэж. У.Траццякоў), «Паядынак» М.Матукоўскага (1985, рэж. У.Арлоў і Б.Эрын) Бел.т-ра імя Я.Коласа; «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча (1984, рэж. Луцэнка і Ю.Хашчавацкі) Дзярж.рус.драм.т-ра і інш. З 1990-х г. рэпрадукцыя тэатр. спектакляў ажыццяўляецца з выкарыстаннем электронных, лічбавых і відэаносьбітаў: «Пагарэльцы» Макаёнка (1988, рэж. В.Шавялевіч) Бел.т-ра імя Я.Коласа; «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева (1989, рэж. Раеўскі), «Тутэйшыя» Купалы (1992, рэж. М.Пінігін), «Князь Вітаўт» А.Дударава (1998, рэж. Шавялевіч) і інш.Бел.т-ра імя Я.Купалы, «На Залатым возеры» Э.Томпсана (1993, рэж. А.Карпаў-малодшы) рус.драм.т-ра, фільм-опера «Францыск Скарына» Дз.Смольскага (1990, рэж. Г.Нікалаеў) Нац.т-ра оперы; фільм-балет «Страсці» А.Мдывані (1996, рэж. Шавялевіч) Нац.т-ра балета; «Запіскі вар’ята» паводле Ф.Дастаеўскага (1997, рэж. А.Ляляўскі) Бел.дзярж.т-ра лялек, «Мілы ілгун» Дж.Кілці (1999, рэж. С.Агеенка) Т-ра студыі кінаакцёра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАМЯКО́Ў Аляксей Сцяпанавіч (13.5.1804, Масква — 5.10.1860),
рускі філосаф, гісторык, паэт і публіцыст, адзін з заснавальнікаў славянафільства. Скончыў Маскоўскі ун-т (1822). Да 1829 на ваен. службе, потым займаўся літ. і грамадскай дзейнасцю. Выступаў за самаўладную дзяржаўнасць, але лічыў мэтазгодным яе рэфармаванне ў ліберальным кірунку, ліквідацыю прыгоннага права і смяротнага пакарання. Яго філас. погляды грунтаваліся на багаслоўскіх ідэях хрысціянства, найперш на вучэнні пра саборнасць, якую разумеў як мноства, аб’яднанае сілай любві ў арган. цэлае, як гарманічнае спалучэнне адзінства і свабоды. На яго думку, яднанне ў ісціне рэалізуецца толькі правасл. царквой. бо каталіцызм сцвярджае толькі адзінства, а пратэстантызм — свабоду. Анталогія Х. тэацэнтрычная: першаасновай усяго існага лічыў божы розум. Сцвярджаў, што розум (божы і чалавечы) непарыўна звязаны з воляй. Адвяргаў рацыяналізм, які, на яго думку, супярэчыць саборнаму пачатку, і абгрунтоўваў неабходнасць цэласных ведаў. Усеаг. гісторыю тлумачыў як вынік узаемадзеяння 2 пачаткаў: «іранскага» (сімвал свабоды духу, маральнай самасвядомасці) і «кушыцкага» (сімвал панавання неабходнасці і чалавечай пакорнасці). На яго думку, Расія ўвасабляе «іранскі» пачатак і процістаіць нац. і рэліг. абсалютызацыі і самаізаляцыі. Будучыню Расіі звязваў з «уваскрашэннем стараж. Русі». Славянафільскім пафасам прасякнута і яго паэзія, у якой заклік да аб’яднання славян пад эгідай Расіі (вершы «Развітанне з Адрыянопалем», «Арол»), адлюстраваны грамадскі ідэал Х. (вершаваныя трагедыі «Ярмак», паст. 1827, «Дзмітрый Самазванец», паст. 1833). Аўтар працы «Запіскі пра ўсеагульную гісторыю» (ч. 1—2, выд. 1871—73), публіцыст. твораў «Пра старое і новае» (1839), «Пра магчымасць рускай мастацкай школы» (1847), зб. «24 вершы» (1844) і інш.
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1994: Стихотворения и драмы. Л., 1969;
О старом и новом: Стати и очерки. М., 1988;
Сочинения богословские СПб., 1995.
Літ.:
Сухов А.Д. Хомяков, философ славянофильства. М., 1993;
Благова Т.И. Родоначальники славянофильства: А.Хомяков и И.Киреевский. М., 1995;
Зернов Н.М. Три русских пророка: Хомяков. Достоевский. Соловьев: Пер. с англ.М., 1995;
Бердяев Н.А. А.С.Хомяков. Томск, 1996;
Кошелев В.А. А.С.Хомяков, жизнеописание в документах, в рассуждениях и разысканиях. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫЧНАЯ ФІЗІКА
Матэматычная фізіка на Беларусі развіваецца з 1950-х г. у БДУ і ін-тах Нац.АН Беларусі. Даследаваліся краявыя задачы тэорыі цеплаправоднасці і цепла- і масапераносу, укараняўся метад інтэгральных пераўтварэнняў для рашэння розных краявых задач тэорыі пераносу цяпла і рэчыва (А.В.Лыкаў з супрацоўнікамі). У Ін-це матэматыкі Нац.АН Беларусі ў 1959—64 распрацоўваліся метады рашэння краявых задач тэорыі цеплаправоднасці (А.В.Іваноў з супрацоўнікамі); з 1962 даследуецца матэматычная тэорыя хваль, у т. л. краявыя задачы тэорыі дыфракцыі хваль (Я.А.Іваноў, Л.В.Чаркесаў і інш.) і некаторыя краявыя задачы на спалучэнне разнавідных дыферэнцыяльных ураўненняў і іх сістэм, задач тэорыі ваганняў стрыжняў і бэлек (С.І.Гайдук). У БДУ вывучаны несамаспалучаныя задачы для некаторых гіпербалічных сістэм на плоскасці (В.Ф.Ждановіч), даследавана вырашальнасць шэрагу краявых задач (М.І.Брыш, В.І.Карзюк, М.І.Юрчук і інш.), распрацаваны метады энергетычных няроўнасцей даследавання краявых задач для дыферэнцыяльна-аператарных ураўненняў вышэйшых парадкаў (М.І.Юрчук і інш.) і краявых задач у нецыліндрычных абласцях (В.І.Карзюк і інш.), атрымаў сваё развіццё выкарыстаны Я.А.Івановым метад тэарэм складання для ўраўненняў Гельмгольца і сістэм ураўненняў Максвела (В.Ц.Ерафеенка і інш.), даследаваліся некарэктныя ў сэнсе Ж.Адамара—І.Г.Пятроўскага задачы (М.І.Юрчук і інш.), зроблена гаматэтычная класіфікацыя эліптычных ураўненняў, сістэм і краявых задач для іх (А.Ц.Ус, У.І.Шаўчэнка і інш.).
Літ.:
Иванов А.В. Операционный метод в задачах теплопроводности и тепло- и массопереноса // Теплофизика в литейном производстве. Мн., 1963;
Лыков А.В. Теория теплопроводности. М., 1967;
Иванов Е.А. Дифракция электромагнитных волн на двух телах. Мн., 1968;
Юрчук Н.И. Метод квазиобращения для задачи управления начальным условием для уравнения теплопроводности с интегральным краевым условием // Дифференциальные уравнения. 1998. Т. 34, №4;
Корзюк В.И. Метод энергетических неравенств и операторов осреднения // Вестн. БГУ, Сер. 1. 1996. №3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Наповерку, наповеркі ’несці груз удвух, прымацаваўшы да сярэдзіны палкі і ўзяўшыся за яе канцы або палажыўшы іх на плечы’ (Юрч.), ’наперавес’ (Нас.), наповірку ’тс’ (Яруш.), ’трымаючыся ўдвух за абодва канцы’ (Бяльк.), параўн. балг.дыял.на поверенки ’спосаб несці груз удвух на палцы, да якой ён прымацаваны’. Балгарская паралель дае падставы рэканструяваць першапачатковае спалучэнне з прыназоўнікам *на поверку, дзе другая частка назоўнік, параўн. польск.pouerek ’кій’, powyrek (з 1532 г.) ’кій для нашэння вёдраў, каромысла’; чэш.poverek і povererl ’кій для пераноскі цэбраў (прасоўваецца праз абодва вухі цэбра)’, ст.-чэш.pouerekyславен.pouerek ’каромысла’ параўноўваюць з серб.-ц.-слав.повора (XVI ст.) ’насілкі, паланкін’ (да *verti) (Махэк₂, 476; Варбат, АДД, 14), адносяць да *vyriti ’тырчэць’ (Брукнер, 639), параўн. таксама рус.верать, вирать ’піхаць, усоўваць’, гл. аўраць, вор2. Згадка ў Насовіча пра сувязь з поверх ’зверху’ не мае падстаў (гл. Нас., 314).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДРЭНА́Ж (франц. drainage ад англ. drain асушаць),
сістэма штучных вадатокаў — дрэнаў (труб, свідравін, поласцей і інш.), якія збіраюць і адводзяць залішнюю ваду з с.-г. зямель, ад збудаванняў, зніжаюць узровень падземных (грунтавых) вод. Выкарыстоўваецца пры меліярацыі, буд-ве, торфаздабычы, асваенні рудных радовішчаў і інш.
Д. с.-г. можа выкарыстоўвацца для асушэння, увільгатнення і рассольвання зямель. Адрозніваюць Д. гарыз. (трубчасты і поласцевы), верт. (сістэма свідравін) і камбінаваны (спалучэннегарыз. дрэн са свідравінамі або калодзежамі). Робіцца з дапамогай дрэнажных машын, экскаватараў. У выкапаную траншэю або шчыліну укладваюць трубы з розных матэрыялаў. Керамічныя (ганчарныя) гарыз. дрэны кладуць упрытык, стыкі абкладаюць фільтравальнымі матэрыяламі, потым траншэю засыпаюць; пластмасавыя дрэны ўкладваюць і бестраншэйным спосабам (напр., з бухты) — у вузкую шчыліну ў грунце. У залежнасці ад размяшчэння дрэн на асушальнай плошчы адрозніваюць Д.: сістэматычны (паралельныя адна адной дрэны або свідравіны раўнамерна размеркаваны па тэр.); выбарачны, або тальвегавы (робіцца на асобных паніжэннях рэльефу); галаўны, або нагорналоўчы (для перахопу падземных вод з боку схілу); берагавы (для перахопу вады з боку ракі або вадасховішча пры падтапленні). У засушлівы перыяд Д. можа выкарыстоўвацца для ўвільгатнення зямель (падачай вады ў дрэнажныя сістэмы). У засушлівых зонах Д. выкарыстоўваюць для барацьбы з засаленнем арашальных зямель. Д. збудаванняў робяць (у выглядзе сістэмы труб, свідравін, латакоў, галерэй, штольняў і інш.) для асушэння і ўмацавання асноў будынкаў, плацін, дарог, аэрадромаў, для паніжэння фільтрацыйнага ціску вады на збудаванне і інш.
Літ.:
Мурашкшо А.И. Сельскохозяйственный дренаж в гумидной зоне. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКО́Р (франц. décor ад лац. decoro упрыгожваю),
у архітэктуры, сістэма ўпрыгожвання фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. Выступае ў адзінстве з аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, падкрэслівае яе гал. элементы, надае пабудовам своеасаблівасць і выразнасць, садзейнічае аб’яднанню асобных будынкаў у арх. ансамбль. Можа быць просты (аднакаляровая афарбоўка сцен) ці складаны, які спалучае арх. элементы (абломы, ордэр, балконы і інш.) са скульптурай, рэльефам, размалёўкай і г.д. Вызначаецца таксама матэрыялам, яго фактурай, колерам.
У збудаваннях Беларусі 11—12 ст. Д. ствараўся выразнасцю муроўкі з плінфы (Сафійскі сабор у Полацку) і спалучэннем яе з часанымі ці паліраванымі камянямі і керамічнымі пліткамі рознай формы (Барысаглебская царква ў Гродне). У гатычнай архітэктуры асн. тэма Д. — спалучэнне цаглянай муроўкі з атынкаванымі нішамі (Мірскі замкава-паркавы комплекс, Сынковіцкая царква-крэпасць). У будынках стылю барока і класіцызму выкарыстоўвалі формы антычнай ордэрнай сістэмы. Для барока характэрны складаныя пластычныя формы, крывалінейныя і разарваныя карнізы, лепка, скульптура, размалёўкі, паліваная кераміка (Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, касцёл бернардзінцаў у Гродне). Д. класіцызму мае больш простыя формы фасадаў пры актыўным выкарыстанні ў інтэр’ерах жывапісу і лепкі (палацы ў Гомелі, Жылічах Кіраўскага р-на). Д. несапраўднай готыкі ўласціва шырокае выкарыстанне зубчатых завяршэнняў сцен, машыкуляў, стральчатых арак у аконных праёмах, нішах і інш. (палац у г.п. Косава, касцёл у в. Сар’я Верхнядзвінскага р-на). У Д. псеўдарускага стылю ўключалі какошнікі, гіркі, фігурныя калонкі і інш. (тэатр у Магілёве, сабор у Барысаве). Стыль мадэрн адметны выкарыстаннем арнаменту са стылізаваных дэкар. элементаў іншых арх. стыляў (будынкі пазямельна-сял. банкаў у Віцебску, Гродне). У драўляным нар. дойлідстве Д. складаюць маст. апрацоўка канструкцыйных элементаў (калон, падкосаў, кранштэйнаў і інш.) і разныя аздабленні іншых элементаў будынка: абрамленні акон і дзвярэй, шалёўка франтонаў, вуглоў, сцен і інш. (жылы дом у г.п. Чачэрск). У манум. драўляным дойлідстве 17—20 ст. выкарыстоўваліся матывы Д. каменных будынкаў (касцёл у в. Воўпа Ваўкавыскага р-на, Радзівілімонтаўскі палац у Клецкім р-не). У Д. сучасных будынкаў шырока выкарыстоўваюць абліцоўку сцен прыродным каменем, керамічнай і шклокерамічнай пліткай розных памераў, фактуру, колер, а таксама рэльефныя зборныя жалезабетонныя элементы; фасады ўпрыгожваюць творамі манум. мастацтва (тэатр муз. камедыі, гасцініца «Турыст», жылыя дамы ў мікрараёне «Усход» у Мінску).
С.А.Сергачоў.
Да арт.Дэкор у архітэктуры. Аздабленне скразной разьбой ліштвы акна жылога дома ў г.п. Чачэрск.Дэкор аздаблення жылога дома па вуліцы Савецкай у г. Гродна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТРУМЕНТО́ЎКА,
выкладанне муз. твора для выканання аркестрам ці інстр. ансамблем. Да арк. музыкі выкарыстоўваюць і тэрмін аркестроўка. І. ўвасабляецца ў партытуры, дзе запісаны партыі ўсіх інструментаў і галасоў муз. твора. Тэрмін «І.» часта пашыраюць і на сферу хар. шматгалосай музыкі (т.зв. харавая І.). Асн. прынцыпы І.: збалансаванае спалучэнне кантрастных груп інструментаў; функцыян. трактоўка арк. груп і іх узаемаадносіны; стварэнне мелодыка-тэматычных, рытмавых, гарманічных пластоў арк. фактуры, выкарыстанне педалей, фонаў, контрапунктычных утварэнняў; тэхніка перадачы і перапляцення арк. галасоў (інстр. ліній); верт. складанне і гарыз. развіццё шматпланавай арк. тканіны.
Развіццё І. пачалося з зацвярджэннем гамафоннага стылю муз. пісьма (гл.Гамафонія). Важную ролю ва ўсведамленні драматург. ролі тэмбраў адыграў оперны т-р (16—17 ст.). У 18—19 ст. сфарміраваўся класічны склад сімфанічнага аркестра, чаму садзейнічала творчасць Л.Бетховена, І.Гайдна, В.А.Моцарта, якія імкнуліся пераадолець абмежаванасць тагачаснага інструментарыя, павялічыць і ўдасканаліць сімф. аркестр. На базе класічнага аркестра 19 ст. склаўся народжаны ідэямі муз. рамантызму і імпрэсіянізму сімф. аркестр 20 ст., які задавальняе маст. патрэбы кампазітараў розных кірункаў і індывідуальнасцей.
Гіст. развіццё арк. музыкі суправаджалася пошукамі новых тэмбравых спалучэнняў, удасканаленнем інструментарыя і стварэннем новых інструментаў для ўзмацнення маляўнічасці, выразнасці музыкі. Разам з выкарыстаннем «чыстых» (сольных) тэмбраў як носьбітаў тэмы (лейтматыву) кампазітары пачалі выкарыстоўваць мяшаныя тэмбры. У залежнасці ад маст. задумы і творчай індывідуальнасці кампазітара І. (аркестроўка) можа быць (з улікам пераважнай тэндэнцыі) акустычна ўраўнаважанай (больш блізкая венскім класікам; асн. ўвага аддаецца дынамічнай збалансаванасці гучання, арган. спалучэнню гарызанталі і вертыкалі) ці тэмбральна-каларыстычнай (больш блізкая рамантыкам і імпрэсіяністам; пераважае характарыстычнасць тэмбраў, выяўленчасць, маляўнічасць гучання). У бел. музыцы да першай больш схіляюцца А.Багатыроў, Я.Цікоцкі, да другой — Г.Вагнер, Я.Глебаў, С.Картэс, А.Мдывані, Дз.Смольскі. Курс І. выкладаюць у кансерваторыях і інш.спец.муз.навуч. установах.
Літ.:
Геварт Ф.О. Новый курс инструментовки: Пер. с фр. 2 изд. М.;
Лейпциг, 1913;
Римский-Корсаков Н.А. Основы оркестровки // Полн. собр. соч. Лит. произв. и переписка. М., 1959. Т.З;
Берлиоз Г. Большой трактат о современной инструментовке и оркестровке: Пер. с фр. [4 ] 1—2. М., 1972;
Витачек Ф.Е. Очерки по искусству оркестровки XIX в. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,
мастацкая школа ў бел. графіцы канца 17—18 ст. Склалася ў Магілёве, працягвала традыцыі Віленскай шкалы гравюры і Куцеінскай школы гравюры. Развіццё школы звязана з дзейнасцю друкароў і гравёраў Магілёўскага богаяўленскага брацтва (гл.Магілёўская брацкая друкарня), гал. ролю ў яе фарміраванні адыгралі Ф.Ангілейка, М.Вашчанка, В.Вашчанка; сярод майстроў Афанасій П. (Пігарэвіч), Сямён, М.Антушкевіч, Я.Стральбіцкі, М.Чарняўскі. Развівалася пераважна кніжная гравюра (дрэварыт і медзярыт), стылістычна блізкая да тагачасных бел. абразоў і паліхромнай драўлянай пластыкі. Вядома больш за 40 выданняў Магілёўскага брацтва, якія мелі тытульныя лісты, былі ўпрыгожаны фігуратыўнымі ілюстрацыямі, застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі. Упершыню пасля выданняў Ф.Скарыны фігуратыўная старонкавая ілюстрацыя адыгрывала гал. ролю ў маст. аздабленні кніг, у адным выданні спалучаліся дрэварыты і медзярыты. Некаторыя ілюстрацыі мелі подпісы мастакоў. Творы выкананы ў стылі т.зв. магілёўскага барока (спалучэннемясц.маст. традыцый з рысамі зах.-еўрап. барока і візант. мастацтва). У аснове маст. прынцыпаў М.ш.г. — натурныя назіранні, шырокае выкарыстанне традыцый нар. мастацтва, што выявілася ў нар. характары тыпажу, адлюстраванні адзення, прадметаў побыту, арх. дэталей і інш. Характэрнымі рысамі школы з’яўляюцца лаканічная лінеарная, пластычна выразная гравіроўка, прастата і ўраўнаважанасць кампазіцыйнай будовы, перавага фігур над арх. фонам. Найб. выразныя яны ў іл. да кніг «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (1678, надрукавана ў Слуцку), «Акафісты і каноны» (1693), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» і «Неба Новае» (1699), «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна (1700), «Кнігі жыцій святых» (1702), «Часослов сиречь Последование службы» (1703), «Асмагласнік» (1730). Асаблівай дэкаратыўнасцю вызначаўся тытульны ліст: абапал традыц. брамы на фоне пышнага расл. арнаменту змяшчалі медальёны, картушы з выявамі анёлаў, святых, сцэн на рэліг. сюжэты. Картушы і медальёны з сюжэтнымі выявамі характэрны таксама застаўкам і канцоўкам. Своеасаблівым спалучэннем расл. арнаментаў з выявамі чалавечых фігур, часам з сюжэтнымі сцэнамі на тэмы жыцця святых вызначаюцца ініцыялы («Евангелле вучыцельнае», 1697). Яркая з’ява бел. кніжнай гравюры 17 ст. — медзярыты М.Вашчанкі да «Манархіі Турэцкай», цалкам свецкі цыкл, выкананы з жыццёвай пераканаўчасцю, што надае творам жанравы характар. Змяшчэнне на тытульным лісце «Кнігі жыцій святых» віду Магілёва з выявамі будынкаў грамадз. прызначэння — адзін з першых прыкладаў свецкага гар. пейзажа ў кірылічнай кнізе.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;
Пікулік А.М. Барочныя тэндэнцыі ў мастацтве магілёўскіх старадрукаў // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКСІ́ЗМ-ЛЕНІНІ́ЗМ,
спалучэнне філасофскіх, эканам. і сац.-паліт. поглядаў К.Маркса і Ф.Энгельса з тэарэтыка-філас. сістэмай, распрацаванай У.І.Леніным. Тэрмін «М.-л.» уведзены ў навук. ўжытак І.В.Сталіным у пач. 1920-х г. для абазначэння новага этапу развіцця марксізму, звязанага з творчасцю і дзейнасцю Леніна. Сам Ленін ніколі не прэтэндаваў на стварэнне асобнай цэласнай навук. сістэмы і разглядаў сябе толькі вучнем Маркса і Энгельса, а свой уклад у тэорыю — як частку марксісцкага вучэння. Таму ў афіц. дакументах КПСС, міжнар.камуніст. і рабочага руху ленінізм разглядаўся як асобны этап у развіцці марксізму, як марксізм эпохі імперыялізму і пралетарскіх рэвалюцый, эпохі пераходу чалавецтва ад капіталізму да сацыялізму і будаўніцтва камуніст. грамадства. У ленінізме, на аснове абагульнення вопыту і актуальных праблем рэв. руху, дасягненняў прыродазнаўчых навук на мяжы 19 і 20 ст. атрымалі далейшае развіццё матэрыяліст. дыялектыка і тэорыя пазнання, марксісцкае вучэнне аб дзяржаве і рэвалюцыі, сацыяліст. дэмакратыі і класавай барацьбе. Акрамя філас. пытанняў Ленін развіваў палажэнні і вывады марксізму ў дастасаванні да канкрэтных умоў Расіі (напр., палажэнне аб магчымасці перамогі сацыяліст. рэвалюцыі ў Расіі як найб. слабым звяне імперыялізму, аб сувязі масавай барацьбы пралетарыяту з нац.-вызв. барацьбой). Пасля Леніна тэарэт. распрацоўка М.-л. звязана з абгрунтаваннем шляхоў і метадаў сацыяліст. будаўніцтва, развіцця розных сфер жыццядзейнасці грамадства, сучаснай НТР, вырашэння глабальных праблем чалавецтва. Аднак М.-л. быў абвешчаны адзіна правільным вучэннем аб грамадстве, а ўсё, што выходзіла за яго межы — ненавуковым. Рамкі М.-л. абмяжоўваліся трыма састаўнымі часткамі: філасофіяй, паліт. эканоміяй і навук. сацыялізмам. Тым самым шэраг іншых сац. і гуманіт. навук (напр., сацыялогія, дэмаграфія, псіхалогія) апынуліся па-за М-л. Сур’ёзную шкоду М.-л. прычынілі дэфармацыі ідэалаў і прынцыпаў сацыялізму, якія прывялі да яго дагматызацыі і вульгарызацыі, адрыву ад рэальных праблем жыцця. Непаслядоўнымі былі спробы абнаўлення М.-л. ў перыяд перабудовы; не была рэалізавана на практыцы абвешчаная КПСС праграма дэмакратызацыі паліт. сістэмы сацыялізму, радыкальнай эканам. рэформы, пераўтварэнняў у сферы грамадскай свядомасці і культуры.
Літ.:
История марксизма-ленинизма. Ч. 1—2. М., 1990;
Вильчек В.М. Прощание с Марксом: (Алгоритмы истории). М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЗМ (ад грэч. mēchanē прылада, машына),
1) сістэма злучаных паміж сабой цел (звёнаў) для пераўтварэння (перадачы, узнаўлення) руху аднаго або некалькіх цел у патрэбныя рухі інш. цел; аснова машын, апаратаў, прылад, тэхн. прыстасаванняў. Звычайна ў М. ёсць уваходнае (вядучае) звяно, што атрымлівае рух ад якога-н. рухавіка, і выхадное звяно, злучанае з нейкім рабочым органам.
Звяно М. можа складацца з 1 або некалькіх нерухома злучаных дэталей. Спалучэнне 2 судатыкальных звёнаў, якое дапускае іх адносны рух, наз.кінематычнай парай. Найб. пашыраныя кінематычныя пары: вярчальная (шарнір), паступальная (паўзун і накіравальная), вінтавая (вінт і гайка), сферычная (шаравы шарнір). Перадатачныя М. — карданныя (гл.Карданны шарнір), а таксама зубчастыя, ланцуговыя і інш.перадачы; пераўтваральныя (узнаўляльныя) — крывашыпныя механізмы, кулачковыя механізмы, кулісныя механізмы, шарнірныя механізмы, мальтыйскія. М. наз.гідраўл. або пнеўматычным, калі ў пераўтварэнні руху, акрамя цвёрдых цел (звёнаў), удзельнічаюць вадкасці або газы. Адрозніваюць таксама М.: плоскія (траекторыі руху пунктаў усіх звёнаў ляжаць у паралельных плоскасцях) і прасторавыя (траекторыі ляжаць у непаралельных плоскасцях або некат. з іх з’яўляюцца прасторавымі крывымі; прасторавымі з’яўляюцца, напр., чарвячныя перадачы, шарнірныя муфты, часткі некат. маніпулятараў); М. рухавікоў, пераўтваральнікаў, прылад; кіроўныя, выканаўчыя механізмы і інш.Найб. пашыраны М. з 1 ступенню свабоды, у якіх для пэўнага руху ўсіх звёнаў трэба задаць закон руху аднаго (вядучага) звяна; ёсць і М. з 2 ступенямі свабоды (напр., дыферэнцыялы ў трансп. сродках). Рухі М. і іх звёнаў, рэакцыі элементаў кінематычных лар вывучаюць кінематыка механізмаў, кінетастатыка механізмаў, дынаміка механізмаў і машын, метады даследавання і праектавання М. складаюць ч.механізмаў і машын тэорыі. Унутр. будова, сістэма чаго-н., парадак якога-н. віду дзейнасці (напр., дзярж. М. кіравання, гасп. М.).
3) Сукупнасць і паслядоўнасць станаў, стадый, працэсаў, з якіх складаецца якая-н. фіз., хім., фізіял. і падобная з’ява (напр., М. выпрамянення, М. хім. рэакцыі, М. мыслення).
Артоболевский И.И. Механизмы в современной технике Т. 1—2. М., 1970—71;
Кожевников С.Н. Основания структурного синтеза механизмов. Киев, 1979.
У.М.Сацута.
Механізмы: а — зубчастай перадачы з эліптычнымі коламі; б — крывашыпна-кулісны для пераўтварэння вярчальнага руху ў паступальны (1 — куліса, 2 — крывашып, 3 — паўзун); в — мальтыйскі для пераўтварэння неперарыўнага вярчальнага руху ў перарывісты (1 — вядучы дыск, 2 — вядзёны дыск, т.зв. мальтыйскі крыж); г — зубчастай рэйкі.