КУРНАКО́Ў (Мікалай Сямёнавіч) (6.12.1860, г. Нолінск Кіраўскай вобл., Расія — 19.3.1941),
савецкі хімік, адзін з заснавальнікаў фізіка-хімічнага аналізу. Акад.Пецярб.АН (1913). Скончыў Пецярб. горны ін-т (1882), дзе і працаваў (з 1893 праф.). З 1899 выкладаў у Пецярб. эл.-тэхн. (да 1908) і політэхн. (1902—30) ін-тах. З 1918 дырэктар заснаванага ім Ін-та фіз.-хім. аналізу АНСССР, з 1934 дырэктар Ін-та агульнай і неарган. хіміі АНСССР (з 1944 імя К.). Навук. працы па хіміі комплексных і інтэрметал. злучэнняў, па даследаванні шматкампанентных сістэм — метал. сплаваў, сілікатаў, саляных раствораў. Устанавіў факт існавання злучэнняў пераменнага саставу — берталідаў (1900—03). Сфармуляваў прынцыпы бесперапыннасці і адпаведнасці, на якіх грунтуецца фіз.-хім. аналіз (тэрмін уведзены К. у 1913). Стварыў самапісны прыбор для тэрмічнага аналізу (пірометр К.). Прэмія імя У.І.Леніна 1928. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Избр. труды. Т. 1—3. М., 1960—63.
Літ.:
Н.С.Курнаков. М., 1961;
Балезин С.А., Бесков С.Д. Выдающиеся русские ученые-химики. 2 изд. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХЕНАЛО́ГІЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + ... логія),
навука пра лішайнікі; раздзел батанікі. Вывучае відавую разнастайнасць лішайнікаў (сістэматыка), іх будову (марфалогія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія), роднасныя сувязі (філагенія), узаемаадносіны з асяроддзем (экалогія), геагр. пашырэнне і гасп. значэнне. Звязана з экалогіяй, медыцынай, прам-сцю. Першыя звесткі пра лішайнікі трапляюцца ў Тэафраста (4—3 ст. да н. э.). Заснавальнік Л. — Э.Ахарыус. На Беларусі першыя апісанні лішайнікаў зроблены С.Б.Юндзілам і Ф.Блонскім у 19 ст. Планамерна вывучаць ліхенафлору пачалі з 1930-х г. у АН Беларусі і БДУ пад кіраўніцтвам М.П.Таміна, які сабраў багаты гербарны матэрыял, выдаў вызначальнікі лішайнікаў Беларусі (1936—38). Даследаванні па Л. (пераважна фларыстычныя і фітацэнатычныя) вядуцца ў Ін-це эксперым. батанікі Нац.АН Беларусі (У.У.Галубкоў, Н.М.Кобзар). Даследуюцца антрапагенныя змены ліхенафлоры і груповак лішайнікаў, вядуцца работы па ліхенаіндыкацыі стану навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Горбач Н.В. Лихенологические исследования в Белоруссии и перспективы их развития // Экология и биология низших растений: Тез. докл.Мн., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Аляксей Мікалаевіч) (18.2.1903, Масква — 21.1.1979),
расійскі псіхолаг, філосаф, педагог. Акад.АПН РСФСР (1950), АПНСССР (1968). Ганаровы чл. Венгерскай АН (1973). Д-рпсіхал.н. (1940), праф. (1932). Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). Працаваў у Псіхал. ін-це ў Маскве, Ленінградскім пед. ін-це, Маскоўскім ун-це і інш. У 1920—30-я г. разам з Л.С.Выгоцкім і А.Р.Лурыя ўдзельнічаў у распрацоўцы культ.-гіст. тэорыі псіхічнага развіцця чалавека. Вывучаў філас.-метадалагічныя асновы псіхал. навукі, праблемы ўзнікнення свядомасці ў антрапагенезе, функцыянавання яе гал. кампанентаў («пачуццёвая тканка», значэнне, асобасны сэнс), механізмы фарміравання і развіцця вышэйшых псіхічных функцый. Распрацаваў агульнапсіхал. тэорыю дзейнасці («дзейнасны падыход»), сфармуляваў палажэнні аб сістэмнай будове псіхікі, адзінстве практычнай і «ўнутранай», псіхічнай дзейнасці чалавека («Дзейнасць. Свядомасць. Асоба», 1975). Дзейнасны падыход да даследавання свядомасці і псіхікі ў варыянце Л. выкарыстоўваецца ў пед., мед., узроставай, сац., і інш. галінах псіхалогіі, знайшоў сваіх паслядоўнікаў у многіх краінах свету. Вёў даследаванні ў галіне інж. псіхалогіі. Ленінская прэмія 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАГІЛЁЎСКАЯ ДАЎНІНА́»,
1) «Могилевская старина», зборнік матэрыялаў з «Могилевских губернских ведомостей» за 1898—1903. Выйшлі 3 выпускі (1900—03) пад рэд. Е.Р.Раманава. Уключае артыкулы і нататкі па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі Магілёўскай губ., гіст. дакументы. У 1-м выпуску змешчаны Баркулабаўскі летапіс, грамата караля Стафана Баторыя ад 1.3.1581, карта магілёўскага намесніцтва 1768, успаміны пра падзеі 1812 на Магілёўшчыне; у 2-м вып. — апісанне Крычаўскага графства А.Меерам у 1786, фрагменты запісак 1816 і 1822 англ. падарожніка Р.Пінкертона пра бел. губерні, бібліяграфічны паказчык асн. прац Раманава; у 3-м вып. — дакументы 16—20 ст. У 2-м і 3-м вып. змешчаны звесткі пра «апошняга летапісца» Беларусі ігумена Арэста. Публікацыі гіст. крыніц вызначае высокі навук. ўзровень, які не быў характэрны для тагачасных перыяд. выданняў.
2) Зборнік гіст. і краязнаўчых матэрыялаў, які з 1993 штогод выдаецца ў Магілёве як аднаўленне «М.д.» 1898—1903. Матэрыялы ахопліваюць гіст. перыяд развіцця Магілёўшчыны ад старажытнасці да сучаснасці. Мае рубрыкі: «Даследаванні. Меркаванні», «Асоба ў гісторыі», «Малавядомае», «Школьнае краязнаўства» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АМА́ТАРАЎ ПРЫРОДАЗНА́ЎСТВА, ЭТНАГРА́ФІІ І АРХЕАЛО́ГІІ.
Існавала ў 1912—15 у Мінску. Яго праграма прадугледжвала навук. вывучэнне прыроды краю, гісторыка-археал.даследаванні, ахову помнікаў прыроды, пашырэнне прыродазнаўча-гіст. і геагр. ведаў на тэр. Мінскай губ. Размяшчалася ў памяшканні Мінскай губ. земскай управы і гімназіі К.В.Фальковіча, з 1913 — у Мінскім гарадскім музеі. Кіравалася радай з 6 чал. 1-ы старшыня — дырэктар Мінскай балотнай доследнай станцыі А.Ф.Флёраў, члены: урачы А.П.Грацыянскі і С.М.Урванцоў, інж.-тэхнолаг, чл.гар. управы Ф.Цывінскі, кіраўнік Упраўлення земляробства і дзярж. маёмасцей Мінскай губ. І.М.Шэмігонаў, старшыня губ. казённай палаты Ф.М.Ястрэмскі і інш. Члены т-ва займаліся навук. работай, чыталі даклады па медыцыне, геалогіі, глебазнаўстве, флоры і фауне Беларусі, праблемах зберажэння нар. багаццяў. Т-ва падтрымлівала сувязі з шэрагам ун-таў і т-ваў. У 1914 выдала навук.зб. «Весці». Сабрала калекцыі стараж. кніг, манет, мінералаў, бел.нац. адзення, гербарыі, якія захоўваліся ў створаным т-вам гар. музеі. Спыніла дзейнасць у сувязі з падзеямі 1-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ БАЛО́ТНАЯ ДО́СЛЕДНАЯ СТА́НЦЫЯ,
першая навук. ўстанова па культуры балот у Расіі і Беларусі. Засн. 21.8.1911 у Мінску паводле рашэння балотнай камісіі Мінскага губ. земства. 1-ы дырэктар А.Ф.Флёраў. Праводзіла навук.даследаванні ў галіне земляробства, раслінаводства, лугаводства, меліярацыі, глебазнаўства, геабатанікі, аграхіміі і агратэхнікі. Мела доследную гаспадарку (7,5 дзесяціны балотнай глебы каля прыпынку Лахва Палескай чыг.). У 1912—17 выдавала час. «Болотоведение» (з 1915 выходзіў у Маскве), які публікаваў справаздачы пра дзейнасць станцыі, навук. артыкулы, паведамленні аб новых машынах па асушэнні балоцістых глеб і здабычы торфу, агляды айч. і замежнай л-ры па балотнай справе. У 1912 удзельнічала ў юбілейнай с.-г. і саматужнай выстаўцы, арганізаванай Смаленскім т-вам сельскай гаспадаркі, у нарадзе па кармавых раслінах, лугаводстве і асушэнні балот Беларусі і Літвы. У 1913 пераўтворана ў раённую. У зону яе дзейнасці ўваходзілі Мінская, Валынская, Гродзенская, Чарнігаўская і Магілёўская губ. У 1930 на базе станцыі і аддзела асушэння і культуры балот Бел.дзярж. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі арганізаваны Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ІНСТЫТУ́Т АДУКА́ЦЫІ.
Засн. ў кастр. 1929 у Мінску як НДІ педагогікі і педалогіі. З 1931 НДІкамуніст. выхавання, з 1934 НДІ школьнай педагогікі, з 1940 НДІ школ, з 1951 НДІ педагогікі, з 1990 БелНДІ адукацыі, з 1993 Нац.ін-т адукацыі. Асн. кірункі навук. дзейнасці: фундаментальныя і прыкладныя даследаванні па педагогіцы (дыдактыка, тэорыя і методыка выхавання, дэфекталогія), псіхалогіі, культуралогіі, філасофіі, эканоміцы і гісторыі адукацыі; распрацоўка стандартаў адукацыі, тэарэтыка-метадалаг. праблем нац. сістэмы непарыўнай адукацыі і выхавання, навукова-метадычнага забеспячэння навучання, выхавання і развіцця асобы; даследаванне праблем псіхолага-пед. рэабілітацыі, сац.-прававой абароны і спецыфікі навучання і выхавання ва ўмовах радыяцыйнага забруджання і інш. экстрэмальных сітуацый; распрацоўка праблем навучання і выхавання навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця, праблем дыягнастычнага забеспячэння, прафарыентаваных і прафадаптаваных методык і інструментарыя па адбору навучэнцаў для дыферэнцыраванай агульнай, профільна-прац. і прафес. адукацыі; даследаванне праблем псіхолага-пед. адукацыі бацькоў і насельніцтва, параўнальнай адукацыі ў краінах замежжа; падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі навукова-пед. кадраў, у т. л. магістраў, канд. і д-роў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРО́ННАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць штучных нейронных элементаў і сувязей паміж імі. Структура Н.с. запазычана ў біял. аб’ектаў, мае здольнасць да навучання і дазваляе мадэліраваць разумовыя працэсы жывой матэрыі. З Н.с. звязваюць перспектывы развіцця выліч. тэхнікі, сістэм кіравання і інш.
Складаецца з штучных нейронных элементаў (гл.Нейрон), якія злучаны сінаптычнымі сувязямі і выконваюць аперацыю нелінейнага пераўтварэння сумы здабыткаў уваходных сігналаў на іх вагавыя каэфіцыенты. Самаарганізацыя і прыстасавальнасць Н.с. дасягаецца ў працэсе яе навучання, у выніку чаго ўдакладняюцца сінаптычныя сувязі паміж яе элементамі. Правілы навучання вызначаюць залежнасці вагавых каэфіцыентаў ад уваходных уздзеянняў. Асаблівасць Н.с. — здольнасць карэктна функцыянаваць пры паступленні даных, якія не ўваходзілі ў навуч. выбарку (здольнасць да абагульнення).
На Беларусі даследаванні па праблемах Н.с. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім політэхн. ін-це і інш. Для каардынацыі работы ў гэтай галіне створана бел. аддзяленне Міжнар.т-ва Н.с. (г. Брэст).
Літ.:
Головко В.А. Нейроинтеллект теория и применение. Кн. 1—2. Брест, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРЭ́НКА (Васіль Барысавіч) (н. 2.12.1934, г.п. Красны Кут Луганскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне ядз. энергетыкі і радыяцыйнай бяспекі. Чл.-кар.Нац.АН (1972), д-ртэхн.н. (1968), праф. (1969). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1958). З 1963 заг. лабараторыі Ін-та цепла- і масаабмену, у 1965—90 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі (з 1965 нам. дырэктара, з 1977 дырэктар, з 1987 заг. лабараторыі), адначасова ў 1971—87 гал. канструктар перасовачных АЭС. З 1990 дырэктар Ін-та радыяцыйнай бяспекі «Белрад». Навук. працы па вывучэнні цеплаабмену і газадынамікі ў ядз. рэактарах з дысацыіруючым цепланосьбітам, даследаванні новых хімічна рэагавальных цепланосьбітаў, вызначэнні тэхніка-эканам. характарыстык АЭС з рэактарамі на хуткіх нейтронах. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Физико-технические основы применения диссоциирующих газов как теплоносителей и рабочих тел атомных электростанций. Мн., 1971;
Теплообмен в ядерных реакторах с диссоциирующим теплоносителем. Мн., 1980 (разам з Б.Я.Твяркоўкіным);
Масштабы и последствия катастрофы на Чернобыльской АЭС для Беларуси, Украины и России. Мн.. 1996;
Чернобыльская катастрофа: радиационная защита населения. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОКРА́ИНА»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-радыкальнага кірунку. Выдавалася з 30.7(12.8). 1907 да 25.5(7.6).1908 у Мінску на рус. мове. Развівала праграму забароненай газ.«Жизнь провинции». Цэнзура характарызавала яе як выданне «рэзка апазіцыйнага кірунку без ясна і пэўна вызначанай праграмы якой-небудзь партыі». Друкавала апошнія паведамленні, артыкулы грамадска-паліт. і літ.-маст. зместу, белетрыстыку, паэзію, мясц. хроніку, рэкламу, ілюстрацыі. Крытыкавала ўрадавую палітыку П.А.Сталыпіна, злоўжыванні мясц. улад, выступала супраць дыскрымінацыі «іншародцаў». Праблемам гістарыяграфіі, гісторыі, культуры прысвечаны даследаванні Д.Бохана «Польская народная паэзія», М.Метэрлінка «Псіхалогія няшчаснага выпадку», «Вялікі мастак» (пра Л.Талстога), М.Караліцкага «Ідэя творчасці ў творах Тургенева і Гаўптмана» і інш. Аўтары літ.-маст. аддзела арыентаваліся на традыцыі рэалізму і асветніцкую эстэтыку, прапагандавалі спадчыну рус., польск. і зах.-еўрап. л-ры і маст. культуры, станоўча ацанілі наватарства Л.Андрэева, К.Бальмонта, З.Гіпіус, У.Меерхольда, М.Мінскага, Г.Гаўптмана, Метэрлінка, Ф.Салагуба. Асвятляла тэатральнае і муз. жыццё Мінска. Выданне газеты прыпынена, пазней забаронена.
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.