ВЕВЯРЭ́СК,

летапісны горад, які ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у канцы 14 ст. сярод гарадоў ВКЛ. У даследчыкаў няма адзінага пункту гледжання наконт месцазнаходжання Вевярэска: рус. гісторык М.​М.​Ціхаміраў адносіў яго да загадкавых; археолаг В.​В.​Сядоў атаясамліваў з гарадзішчам каля в. Касцянёва Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. і лічыў, што назву атрымаў ад р. Ваверка, якая працякае за 16—18 км ад пасялення. Магчыма, летапісны Вевярэск існаваў на месцы сучаснай в. Ваверка Лідскага р-на, якая размяшчаецца на беразе р. Ваверка. У дакументах 16 ст. ўпамінаецца пад назвай Гарадзішча.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЙГЕ́ЛА (Weigela),

род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 15 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны і рэкамендаваны для зялёнага буд-ва вейгела квітучая (Weigela florida) і гібрыдная (Weigela hybrida), якая мае шмат розных садовых форм (адрозніваюцца формай, памерамі і афарбоўкай кветак — ружовыя, чырв., пурпуровыя і інш.).

Лістападныя кустовыя расліны з прамастойнымі парасткамі выш. да 3 м. Лісце супраціўнае, простае, эліпсоіднае. Кветкі адносна вялікія, трубчастыя, без паху, у малакветкавых (па 3—6 шт.) суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. святлалюбныя, патрабавальныя да ўрадлівасці глебы, зімаўстойлівыя расліны. Выкарыстоўваюцца ў адзіночных і групавых пасадках, для афармлення ўзлескаў.

Вейгела гібрыдная.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛД, Фелд,

назва плато ў Паўд. Афрыцы, укрытых ксерафітнай злакавай і хмызняковай расліннасцю. Вылучаюць: Высокі Велд (выш. 1200—2000 м) — паміж рэкамі Аранжавая і Вааль; Сярэдні Велд (выш. 1000—1500 м) — паміж вусцем р. Вааль і вярхоўямі р. Оліфанто; Хмызняковы Велд (выш. каля 900 м) — на Пн ад Прэторыі; Нізкі Велд (выш. 300—800 м) — паміж Хмызняковым Велдам і р. Лімпопа. Зніжаюцца плато на У ступенямі (ад 1800 да 300 м) ад плато Басута ў Драконавых гарах да ўпадзіны Калахары. Складзены з пясчанікаў, сланцаў, крышт. парод. Клімат трапічны пустынны. Участкі саваннаў. Радовішчы алмазаў, золата, урану.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЯМІ́ЧЫ,

група бескурганных могільнікаў і селішчаў зарубінецкай культуры (2—1 ст. да н.э. — 2 ст. н.э.) каля в. Велямічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл. На могільніках выяўлена 275 пахаванняў, з іх 10 — зруйнаваныя стараж.-рус. курганы, 12 — кенатафы. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка; знойдзены грубаляпныя і глянцаваныя арнаментаваныя гаршкі, міскі, кубкі, бронзавыя і жал. фібулы, бронзавыя шпількі, арнаментаваныя трапецападобныя падвескі, кольцы і інш. На адным з селішчаў выяўлены рэшткі 3 пабудоў, адна з якіх зрубная з рэшткамі глінабітнага агнішча, і некалькі гасп. ям; сярод знаходак фрагменты грубаляпнога і глянцаванага посуду.

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРДАМІ́ЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-й пал. 19 ст. ў в. Вердамічы (Свіслацкі р-н Гродзенскай вобл.). Пл. каля 12 га. Парк пейзажнага тыпу. Цэнтрам яго кампазіцыі быў палац (не захаваўся). Тэрыторыя парку абнесена мураванай сцяной. Ад уязной брамы разыходзяцца цэнтр. і кальцавая алеі. У кампазіцыі парку выкарыстаны прыёмы паступовага раскрыцця пейзажу, кантрасту, улічаны асаблівасці афарбоўкі дрэў у розныя поры года, формы кроны, хуткасць росту і інш. Растуць дуб шарлахаўскі, клёны (чырвоны, серабрысты, ясенялісты), явар і яго пурпуровая форма, хвоя веймутава, лістоўніца (еўрапейская, польская), туя заходняя і інш.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧАЛЛЕ,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 1 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Уваходзіць у курортную зону Ушачы. Пл. 1,36 км², даўж. 3,68 км, найб. шыр. 480 м, найб. глыб. 35,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 8 км. Пл. вадазбору 37,2 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м (на ПнУ 2—4 м), разараныя. Берагі высокія, на ПнУ і ПдЗ месцамі нізкія. Дно карытападобнае. Ложа складаецца з 2 упадзін, падзеленых невысокім падняццем. Расліннасць займае 5% плошчы возера. Упадаюць 4 ручаі, выцякае ручай у воз. Ваўчо. Каля возера дом адпачынку «Лясныя азёры».

т. 4, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЙРА ((Wiera) Аўгуст Петэравіч) (28.3.1853, Яама, каля Тарту, Эстонія — 30.3.1919),

эстонскі тэатр. дзеяч, рэжысёр, дырыжор; заснавальнік эст. муз. т-ра. У 1878—1903 кіраўнік эст. тэатр. трупы «Ванемуйне». Пад яго кіраўніцтвам пастаўлены першы муз. спектакль на эст. мове — опера «Прэцыёза» К.​М.​Вебера (1883). Сярод інш. пастановак: аперэты «Карневільскія званы» Р.​Планкета (1885), «Цыганскі барон» І.​Штрауса (1889), опера «Іосіф у Егіпце» Э.​Мегюля (1899); творы эст. драматургіі — «Вар’яцтва Муру Міку» (1880) і «Адстаўны салдат» (1886) Ю.​Кундзера, «Гэтакі мульк» Л.​Койдулы (1884), п’есы класікаў, у т. л. Вальтэра, Мальера, У.​Шэкспіра і інш.

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria Falls),

вадаспад на р. Замбезі, у Паўд. Афрыцы, на мяжы Замбія—Зімбабве; адзін з буйнейшых у свеце. Выш. 120 м, шыр. 1800 м. Падзяляецца астравамі на часткі: Глотка Д’ябла, Галоўны, Вясёлкавы, Усходні. Вада падае з уступу выш. 120 м у вузкі (130 м) і глыбокі (140 м) каньён у базальтах, утварае гіганцкія слупы вадзянога пылу. Расход вады моцна вагаецца на працягу года, у сярэднім каля 1400 м³/с. Уваходзіць у склад нац. паркаў Вікторыя-Фолс (Зімбабве) і Мосі-Оа-Тунья (Замбія). ГЭС. Турызм. Адкрыты ў 1855 Д.Лівінгстанам, названы ў гонар каралевы Вялікабрытаніі.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬКАНЕ́Ц (Мар’ян Фёдаравіч) (каля 1799 — ?),

дзекабрыст. З дваран Віленскай губ. У 1814—19 выхоўваўся ў Дваранскім палку пры 2-м кадэцкім корпусе; выпушчаны прапаршчыкам у Нясвіжскі карабінерны полк. З 1824 паручнік. У 1825 прыняты ў тайнае т-ва «Ваенныя сябры». Удзельнічаў у падрыхтоўцы выступлення Літ. піянернага батальёна (1825). 22.3.1826 арыштаваны, знаходзіўся пад следствам у Беластоку. Прыгавораны да пакарання смерцю. Па царскай канфірмацыі (1827) пазбаўлены чыноў, дваранства, разжалаваны ў радавыя. На 6 месяцаў зняволены ў Бабруйскую крэпасць, потым служыў у Грузіі, Каўказскім асобным корпусе, у 1830 — у 10-м лінейным батальёне. Далейшы лёс невядомы.

В.​В.​Швед.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НДЗАР (Windsor),

Нью-Віндзар, горад у Вялікабрытаніі, у графстве Беркшыр, на З ад Лондана, на р. Тэмза, 31,5 тыс. ж. (1981). Гал. летняя рэзідэнцыя англ. каралёў (з 12 ст.). У 11 ст. Вільгельм I Заваёўнік набыў Віндзар у якасці паляўнічага запаведніка і пабудаваў замак. У 1711 па загадзе каралевы Ганны каля замка зроблены іпадром, дзе штогод у чэрв. праводзіцца тыдзень каралеўскіх скачак. Помнікі архітэктуры: замак 11 ст., перабудаваны ў 13—19 ст., захоўваецца калекцыя карцін, габеленаў, зброі і інш.), капэла Сент-Джордж (1474—1528, позняя готыка), ратуша (17 ст.), парк і інш.

Да арт. Віндзар. Уваход у замак.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)