навярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.
1. каго-што чым. Палажыць што‑н. цяжкае паверх чаго‑н. Навярнуць камень на дошкі. Навярнуць ламачча бервяном.
2. чаго. Налажыць, накідаць многа чаго‑н.; наваліць. Навярнуць гару камення. □ Здорава фрыцы партызан баяліся — зямлі болей як у два метры навярнулі [да сцяны хаты]. Савіцкі.
3. пераважна безас. чаго. Намесці, нагнаць у вялікай колькасці. За ноч навярнула гурбы снегу.
4. што. Нахіліць, схіліць у які‑н. бок. Навярнуць слупы.
5. перан.; каго на што. Разм. Прыахвоціць да чаго‑н. Навярнуць на рыбалоўства.
6. чаго і без дап. Разм. Нагаварыць на каго‑н. няпраўды; наплесці. [Матка:] — Навярнуў [нехта] такога, што страх слухаць! На хлопца, які век птушаняці не зачапіў! Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
га́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
Разм.
1. што і без дап. Забруджваць спаражненнямі. Галубы гадзяць падаконнік.
2. што. Псаваць, брудзіць. Нельга гадзіць мэблю.
3. Шкодзіць, рабіць подласці.
4. Нудзіць, выклікаць пачуццё агіды. Усё нячыстае мяне гадзіць. / у безас. ужыв. Яго гадзіла.
гадзі́ць, гаджу́, го́дзіш, го́дзіць; заг. гадзі́; незак.
1. Старацца задаволіць каго‑н., робячы прыемнае, патрэбнае; дагаджаць. Госцю гадзі, ды і сябе глядзі. Прыказка.
2. Садзейнічаць, спрыяць каму‑, чаму‑н. Ішлі дажджы. І гэта вельмі гадзіла на поле. Чорны.
3. каго. Абл. Наймаць на працу на пэўны час. Стэпа засаб пяць год гадзіла яго пастухом у сваім мястэчку. Гартны.
•••
Гадзіць як благой (ліхой) скуле — вельмі дагаджаць каму‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ганя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Праследуючы, бегаць за кім‑, чым‑н., каб дагнаць, злавіць. [Лабановічу] было лёгка, проста хацелася бегчы, ганяцца за гэтымі белымі пушынкамі, нібы яны былі жывымі, або ён сам быў яшчэ дзіця. Колас. // Высочваць месцапрабыванне каго‑н., каб затрымаць, схапіць. Самадзяржаўна-памешчыцкая ўлада пры жыцці Каліноўскага многа гадоў праследавала яго, занялася за ім па пятах. Лушчыцкі.
2. за кім-чым. Разм. Імкнуцца да чаго‑н., дамагацца каго‑, чаго‑н. Не прывык я за славай ганяцца — Можна хораша жыць без яе: У мяне ёсць цікавая праца, Ад якой не магу адарвацца, — І таму маё сэрца пяе. Непачаловіч.
3. Зал. да ганяць (у 1, 2 і 3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
са́нкцыя, ‑і, ж.
1. Зацвярджэнне вышэйшай інстанцыяй якога‑н. акта, што надае яму прававую сілу; прызнанне законнасці якой‑н. з’явы. Ніхто не можа быць падвергнуты арышту інакш як па пастанове суда або з санкцыі пракурора. Крымінальна-працэсуальны кодэкс БССР. Увечары, маючы санкцыю на высяленне, .. [домакіраўнік] прыйшоў разам з міліцыянерам. Скрыган. // Кніжн. Адабрэнне чаго‑н., дазвол на што‑н. Конюху Міхалю Слагадзе — выдаваць коней і калёсы для перавозкі камення без санкцыі брыгадзіра, па першаму патрабаванню зборшчыкаў. Сергіевіч.
2. Мера ўздзеяння за парушэнне закона. Санкцыі суда за хабарніцтва.
3. У міжнародным праве — мера ўздзеяння ў адносінах да дзяржавы, якая парушае свае абавязацельствы, дагаворы. Эканамічныя санкцыі. Ваенныя санкцыі.
[Ад лац. sanctio — строгая пастанова.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сарамлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які лёгка саромеецца, бянтэжыцца; нясмелы. Сарамлівы ад прыроды, Пятро заўсёды адчуваў сябе няёмка і быў нязграбны сярод незнаёмых. Шамякін. Алёша ніколі не танцаваў. Ён быў сарамлівы, ніколі не жартаваў з дзяўчатамі, моўчкі трымаўся ў баку ад іх. Дуброўскі. // Які выяўляе хваляванне, збянтэжанасць, нясмеласць. [Андрэй] усміхнуўся: усмешка ў яго была добрая, нібы сарамлівая. Мележ. Голас гарманіста вінаваты, сарамлівы. Бядуля. // Поўны хвалявання, збянтэжанасці, нясмеласці. Любоў гэта сапраўдная — чыстая і сарамлівая. У. Калеснік.
2. Непрыстойны. Калі Язэп апавядаў аб сваім блуканні, аб тым, як цяжка ажаніцца, а яшчэ цяжэй даказаць без метрыкі валасному старшыні, што радзіўся, Настуля трэслася ад злосці і лаяла ўсіх самымі сарамлівымі словамі... Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
булава́, ‑ы; мн. булавы, ‑лаў; ж.
1. Гіст. Дубінка з патаўшчэннем на канцы ў выглядзе шара або васьмігранніка, якая служыла даўней зброяй; паліца. [Мікола:] — Гэта, брат, тая самая булава, з якой яшчэ асілак Машэка ваяваў з панамі. Брыль.
2. Гіст. Кароткая палка з шарападобным патаўшчэннем на канцы, якая ў казакоў, на Украіне і ў Польшчы служыла знакам вярхоўнай улады. Гетманская булава. □ І сказаў Багдан Хмяльніцкі, Узмахнуўшы булавой: — Слава рускаму народу, Шлях наш з роднаю Масквой. Астрэйка.
3. Гімнастычная прылада, якая мае выгляд бутэлькі з патаўшчэннем на вузкім канцы.
4. перан. Лаянк. Пра някемлівага, неразумнага чалавека. [Сымон:] — Малады Жук — булава, ды стары хадовы чалавек, з ім без суда не абыдзешся. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ву́ліца, ‑ы, ж.
1. Два рады дамоў і прастора паміж імі для праходу і праезду, а таксама сама гэта прастора. Мястэчка малое: ад незабрукаванай плошчы разыходзіцца шэсць вуліц. Брыль. На доўгай, абсаджанай старымі таполямі вуліцы было ціха і бязлюдна. В. Вольскі. // перан. Жыхары гэтых дамоў. На пажар збеглася ўся вуліца.
2. Месца пад адкрытым небам у процілегласць памяшканню. [Алена:] — На вуліцы такая відната, людзі з работы яшчэ не прыйшлі, а ты ўжо святло запаліў. Мележ.
3. перан. Асяроддзе, якое сваёй некультурнасцю, нявыхаванасцю дрэнна ўплывае на каго‑н. Уплыў вуліцы.
•••
Будзе і на нашай вуліцы свята гл. свята.
Выкінуць на вуліцу каго гл. выкінуць.
Зялёная вуліца — прапускаць без затрымак, па-за ўсякай чаргою.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгле́дзець, ‑гледжу, ‑гледзіш, ‑гладзіць і прыглядзе́ць, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; зак.
1. за кім-чым, каго-што і без дап. Паклапаціцца аб кім‑, чым‑н., стварыць добры догляд, дагледзець. Прыглядзець за дзецьмі. □ [Брыгадзір:] — Возьмеш трох дзяўчат, Хадося. Сама на поле не ходзіш, дык хоць за людзьмі прыгледзь. Навуменка. [Аўдоцця:] — Збіраюся паехаць у Ленінград, дык табе прыйдзецца некалькі дзён у мяне пагаспадарыць. Прыгледзіш тут. Гаўрылкін. — От вазьміце хаця звычайную грушку-дзічку. Калючая яна, нягеглая. А вазьмі яе ды прыгледзь, ды абкапай, ды прышчэпку зрабі, глядзі і выйдзе такая бэра слуцкая, што толькі людзям [надзіва]. Лынькоў.
2. каго-што. Спадабаўшы, выбраць; нагледзець. Сядзібу нашу прыгледзеў сусед недалёкі, на ёй паставіць меціўся хату для зяця. Барадулін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгу́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што, чаго і без дап.
Прыклаўшы да вуснаў, крыху адпіць (звычайна віна або іншага напітку); пакаштаваць. Марынка прыгубіла шклянку і памкнулася паставіць яе, але, кінуўшы спадылба позірк на Паходню, выпіла да дна. Хадкевіч. Бацька выпіў гарэлку, а маці прыгубіла піва. Брыль. Хлопцы і гаспадар выпілі па поўнаму кубку, а гаспадыня толькі прыгубіла. Пальчэўскі.
прыгубі́ць, ‑гублю́, ‑гу́біш, ‑гу́біць; зак., каго-што.
Абл. Прывесці да пагібелі, загубіць. [Андрэй:] — Я з братам біўся калі, як гаспадарку дзялілі, ці што? Я яго абязвечыў, я яго прыгубіў? Чорны. [Ціток:] І-і-і, ты ж, братачка, мяне прыгубіш. Дзе я табе вазьму такія грошы? Каб рублёў з дваццаць, то яшчэ была б гаворка. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пэ́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. у што, чым. Забруджваць, вымазваць. Калі скажа [маці] Юльцы не пэцкаць спаднічкі, дык якраз прыйдзе запэцканая ў гразь з ног да галавы. Бядуля. [Агата] выцірала кулакамі вочы і пэцкала зямлёю твар. Чорны.
2. і без дап. Разм. Рабіць што‑н. няўмела, неахайна, брудна (пераважна маляваць, пісаць). — Але ж Платон і фарбы набыў не для забавы. Хіба прыемна, калі імі не малююць, а пэцкаюць, — з рэзкасцю адбіў напад Сандро. М. Ткачоў.
•••
Пэцкаць рукі аб каго, аб што — быць замешаным у што‑н. непрыстойнае, нізкае, звязвацца з кім‑н. [Васька:] — Мы заб’ём.. [інжынера]. Вы, старыя, не хочаце пэцкаць аб яго свае рукі, дык мы прыбяром яго. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)