КРЫ́ПТА (ад грэч. krypte крыты падземны ход, тайнік),

1) у Старажытным Рыме скляпеністае падземнае або паўпадземнае памяшканне.

2) У сярэдневяковай зах.-еўрап. архітэктуры — капліца пад храмам (звычайна пад алтарнай часткай), месца ганаровых пахаванняў.

На Беларусі К. вядомы ў культавых збудаваннях 16 — пач. 20 ст.: К. пад касцёламі езуітаў і бенедыкцінак у Нясвіжы (фамільныя скляпы кн. Радзівілаў), брыгітак у Гродне, езуітаў у в. Юравічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл., у капліцах-пахавальнях у в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. і г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.

Т.​В.​Габрусь.

Крыпта.

т. 8, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭМЕНЕЗДАБЫЎНЫ́Я ША́ХТЫ,

выпрацоўкі ў тоўшчы вапняковых або мелавых адкладаў, у якіх першабытныя людзі ў неаліце і бронзавым веку здабывалі крэмень — асн. сыравіну для вырабу прылад працы. К.ш. — пераважна вертыкальныя калодзежы дыяметрам 1,5 м, глыбінёй 2,5—3 м, асобныя да 5 м і больш. Па ходзе залягання крамянёвых канкрэцый ад калодзежа адыходзілі падбоі даўжынёй 1—2 м. Суседнія выпрацоўкі часам злучаліся пралазамі-штрэкамі. У Беларусі вядомы ў сярэднім цячэнні р. Рось каля г.п. Краснасельскі (гл. Краснасельскі археалагічны комплекс) і в. Карпаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы з в. Крэва Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Промысел вядомы з 14 ст. Найб. развіцця дасягнуў у 19—1-й пал. 20 ст. Вылепленыя вырабы дапрацоўвалі на ручным ганчарным крузе з наступным гартаваннем або дымленнем; у 20 ст. посуд рабілі на нажным крузе і глазуравалі, часам аздаблялі падглазурнай ангобнай размалёўкай у выглядзе простых расл. матываў. Посуд вызначаецца ўстойлівымі формамі, выразным S-падобным профілем сценак. З 1950-х г. быт. глазураваныя вырабы нешырокага асартыменту вырабляе кафляны цэх Астравецкага камбіната буд. матэрыялаў (Гродзенская вобл.).

Я.​М.​Сахута.

т. 8, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРА́НТА (франц. courante літар. бягучая),

прыдворны танец італьян. паходжання. Найб. пашыраны на мяжы 16—17 ст. Муз. памер ​2/4, рытм пункцірны. Пазней узніклі 2 віды К. — франц. (тэмп умераны, памер ​3/2 або ​6/4, частая змена рытму, урачысты характар) і італьянская (тэмп хуткі, пастаянны муз. памер ​3/4 або ​3/8). У прафес. музыцы існавала да 1-й пал. 18 ст. як 2-я частка інстр. сюіты (І.​С.​Бах, Г.​Ф.​Гендэль). Вядомы рукапісны зб. «Куранты», у якім змешчаны шэраг кантаў і псальмаў з акрэсленымі бел. рысамі.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДДЗЯ́Н (Corallorhiza),

род кветкавых раслін сям. архідных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Л. трохнадрэзаны (C. trifida), занесены ў Чырв. кнігу. Вядомы ў Бярэзінскім біясферным запаведніку і бат. заказніку каля воз. Вял. Швакшты (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Трапляецца на аблесеных балотах, у вільготных лясах, ярах.

Шматгадовыя травяністыя расліны, пазбаўленыя хларафілу (сапрафіты), выш. 8—30 см, з мясістым каралападобным карэнішчам. Лісце лускападобнае. жаўтаватае. Кветкі дробныя, жаўтавата- або зеленавата-белыя, паніклыя, у рыхлай гронцы. Плод — каробачка.

Ладдзян трохнадрэзаны.

т. 9, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНСЬЕ́, кадрыля-лансье (франц. lancier літар. улан),

англійскі бальны танец. У сярэдзіне 19 ст. пашыраны ў Еўропе. Выконваюць 4 пары, размешчаныя крыж-накрыж у карэ. Складаецца з 5 фігур; муз. памер для 1-й, 3-й, 4-й фігур ​6/8, для 2-й і 5-й — ​2/4. Кожная фігура, акрамя 5-й, пачынаецца муз. уступам (інтрадукцыяй; 8 тактаў). У некат. краінах, у т. л. ў Расіі, быў пашыраны ў нар. побыце; у Беларусі вядомы пад назвай «Лянцей». У нар. танц. практыцы існуюць шматлікія варыянты Л.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЛА́СА ТЭАРЭ́МА,

адна з лімітных тэарэм імавернасцей тэорыі, што адносіцца да размеркавання адхілення частаты з’яўлення падзеі ад яе імавернасці пры незалежных выпрабаваннях.

Паводле Л.т., калі пры кожным з n незалежных выпрабаванняў у m выпадках адбываецца некаторая выпадковая падзея, імавернасць з’яўлення якой роўная p(0<p<1), то імавернасць няроўнасці z1 < ( m np ) / np ( 1 p ) < z2 блізкая пры вял. z да значэння інтэграла Лапласа. У агульным выглядзе даказана П.С.Лапласам (1812); асобны выпадак Л.т. быў вядомы А.​Муаўру (1730), таму яе часам наз. тэарэмай Муаўра—Лапласа.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЯТРО́ПНЫЯ РАДЫ́,

рады іонаў, размешчаных у парадку ўзмацнення або аслаблення іх уплыву на ўласцівасці растваральніку, а таксама на скорасць і глыбіню хім. рэакцый і фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў ім.

Уплыў іонаў растворанага рэчыва на растваральнік наз. ліятропным дзеяннем іонаў. Вядомы Л.р. іонаў, састаўленыя, напр., па іх здольнасці адсарбіравацца з водных раствораў на адсарбентах, па ўплыве на растваральнасць і набуханне палімераў. Паслядоўнасць іонаў у Л.р. вызначаецца зарадам і памерам іонаў, іх здольнасцю звязваць малекулы растваральніку (гл. Сальватацыя) і мяняцца пры змене саставу растваральніку, канцэнтрацыі вадародных іонаў, т-ры.

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАКАНТАРЫ́НХІ (ад макра... + грэч. akantha калючка + rhynhos хабаток),

род гельмінтаў сям. алігакантарынхід кл. скрэбняў. 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі найб. вядомы скрэбень-гігант (M. hirudinaceus), які паразітуе ў тонкім кішэчніку дзікіх і свойскіх свіней (асн. гаспадары). Узбуджальнік макракантарынхозу.

Даўж. самцоў скрэбня-гіганта да 15 см, самак да 70 см. Цела верацёнападобнае або пляскатае з бакоў. Хабаток яйцападобны або круглаваты са спіральнымі радамі кручкоў. Раздзельнаполыя. Яйцы авальныя з трохслаёвай абалонкай. Развіваецца з удзелам пра межкавых гаспадароў — бронзавак, жукоў-насарогаў, майскіх хрушчоў і інш.

т. 9, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКАМА́НЫ (лац. Marcomanni жыхары маркі),

адно з плямён стараж. германцаў, што насялялі даліну р. Майн. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 58 да н.э. (згадваюцца ў войску Арыявіста). У 9—8 да н.э. выцеснены рымлянамі на тэр. сучаснай Чэхіі. У 1 ст. н.э. разам з роднаснымі ім квадамі прасунуліся на землі паміж верхнім цячэннем Эльбы і Дунаем. Адсюль яны рабілі набегі ў Паўн. Італію, што прывяло да Маркаманскай вайны 166—180 з рымлянамі. З 4 ст. ўдзельнічалі ў Вялікім перасяленні народаў. У 5 ст. аселі пераважна на тэр. Баварыі (гл. Бавары).

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)