ГЛАЗКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура пач. бронзавага веку (мяжа 3—2-га тыс. да н.э. — 1200 г. да н.э.) на тэр. Прыбайкалля, Прыангар’я, у вярхоўях Лены і нізоўях Селенгі. Назва ад пахаванняў у б. Глазкоўскім прадмесці г. Іркуцка. Вядома па невял. могільніках (ад 1 да 8 пахаванняў). Пахавальны абрад — у неглыбокіх ямах на спіне ў выцягнутым становішчы, радзей з сагнутымі нагамі; на апошнім этапе ў скурчаным становішчы. Асаблівасць пахаванняў — арыентацыя ўздоўж ракі, часцей галавой уверх па цячэнні. Асн. занятак — рыбалоўства. Насельніцтва карысталася каменнымі і касцянымі прыладамі і зброяй. З’явіліся першыя метал. вырабы: нажы, рыбалоўныя кручкі, іголкі, шылы і інш.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІЯ ДЫВАНЫ́,

вырабы Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, заснаваных А.​Тызенгаўзам у 2-й пал. 18 ст. Адметныя высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. Кампазіцыі гродзенскіх дываноў (ворсавых і шпалер) складаліся з раскіданых па полі букетаў, перавязаных стужкамі, вазонаў і кошыкаў з кветкамі. Колеравая гама звычайна блакітная і залацістая. Раслінны арнамент ворсавых дываноў (букеты руж на светлым фоне) вызначаўся лёгкасцю формаў і гарманічнасцю колеравых спалучэнняў. Французскія майстры, якія працавалі на мануфактурах, пераймалі зах.-еўрап. ўзоры і стваралі дываны ў стылях барока і класіцызму. Часам у гродзенскіх дыванах трапляюцца ўзоры ў мясц. арнаментальных традыцыях.

Дз.​С.​Трызна.

Да арт. Гродзенскія дываны. Фрагмент шпалеры 18 ст.

т. 5, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭСЬ (Аляксандр Яўхімавіч) (н. 22.5.1951, г. Брагін Гомельскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў БПІ (1981). Працуе на Мінскім электратэхн. з-дзе імя В.​І.​Казлова (з 1973). Вучыўся ў свайго бацькі — нар. майстра Я.​С.​Грэся, працуе пераважна з жонкай — нар. майстрам Г.​С.​Грэсь. Аўтар твораў утылітарнага і дэкар. прызначэння з саломкі, лазы, бяросты, чароту і інш.: куфэркі, цукерніцы, хлебніцы, вазы, капелюшы, пацеркі, бранзалеты і інш. Аформіў саломкай інтэр’ер пакоя музея М.​Багдановіча ў Мінску (1983). Аздабляе касцюмы фалькл. калектывам «Белая Русь», «Агмень», «Купалінка», «Крэсіва», «Жавароначкі», «Бяседа» і інш. Творчасці ўласцівы нар. матывы, завершанасць кампазіцыі і пластычнасць.

А.Грэсь. Вырабы з саломкі. 1990-я г.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕЎСКІ ХРУСТАЛЁВЫ ЗАВО́Д,

прадпрыемства гатунковага шклянога посуду і высокамастацкіх вырабаў. Засн. ў 1756 А.​Мальцовым у г. Гусь-Хрустальны (Расія, б. з-д А.​Мальцова); тут упершыню ў Расіі пачалі вырабляць хрусталь. Асн. прадукцыя канца 19 — пач. 20 ст. — вырабы з бясколернага і каляровага шкла (з размалёўкай і залачэннем), хрусталю (з алмазнай гранню і гравіроўкай), вазы з 2—3-слойнага хрусталю) з траўленнем, 1950-х г. — выдзіманыя шклянкі для гарбаты і віна, 1960-х г. — свінцовы хрусталь. На з-дзе ствараюць розныя віды хрусталёвых вырабаў — сувеніры, дэкар. кампазіцыі і інш.

Да арт. Гусеўскі хрусталёвы завод. Я.​Рогаў. Дэкаратыўны набор. 1968.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАСІ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў з в. Дарасіно Любанскага р-на Мінскай вобл. Промысел вядомы з 18 ст., росквіту дасягнуў у канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі кухонны, сталовы, тарны посуд з гліны светлага ці шэра-чорнага колеру, глазуравалі празрыстай ці зялёнай палівай. Формы вырабаў светлага ці светла-чырвонага колеру ўпрыгожвалі прамымі і хвалістымі выціснутымі або ангобнымі паяскамі. Бытаваў таксама чорназадымлены посуд. У 1930—40-я г. працавала ганчарная арцель, цяпер — ганчарны цэх (майстры М.​Прышчэпа, М.​Філіпеня, В.​Юхневіч). Традыцыі Д.к. прадаўжаюць таксама ў ганчарнай майстэрні пры Любанскім раённым цэнтры культуры.

Я.​М.​Сахута.

Дарасінская кераміка.

т. 6, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙЛА́-ДЭ-МАЯ́К,

археалагічны комплекс (паселішча і могільнікі) позняга бронзавага і ранняга жал. веку каля г. Нарбон (Францыя). Вылучаюць 5 фаз. Паселішча заселена каля 700 да н.э. (1-я фаза); у 600—500 да н.э. пашыраны вырабы з жалеза, пахаванне ў павозцы з могільніку Ла-Рэдорт сведчыць пра сувязі з гальштацкай культурай (2-я фаза). 3-я фаза датуецца 2-й пал. 6 ст. да н.э. ў адпаведнасці з імпартам грэчаскай чорнафігурнай і этрускай керамікі. Паселішча 4-й фазы акружана валам, дамы будавалі з сырцовай цэглы (ранні латэн). 5-я фаза належыць да сярэдняй стадыі латэнскай культуры (не пазней 100 да н.э.).

т. 7, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРУСЕ́ЛЬНЫ СТАНО́К,

металарэзны такарны станок з верт. шпіндэлем і гарыз. планшайбай, якая разам з вырабам, што апрацоўваецца, верціцца ці перыядычна паварочваецца вакол верт. восі. Бываюць аднастоечныя (з верт. і бакавым супартамі) і двухстоечныя (з 2 верт. і 1 або 2 бакавымі супартамі). На адным з верт. супартаў устанаўліваюць паваротнае інструментальнае прыстасаванне (рэвальверную галоўку). На К.с. апрацоўваюць вырабы вял. масы (да 500 т), дыяметр якіх значна перавышае іх даўжыню (тыпу дыскаў).

Да арт. Карусельны станок. Такарна-карусельны станок: 1 — планшайба; 2 — станіна з вертыкальнымі накіравальнымі; 3 — рэвальверная галоўка; 4, 6 — вертыкальны і бакавы супарты; 5, 7 — каробкі перадач супартаў; 8 — разцатрымальнік.

т. 8, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы з г. Крычаў Магілёўскай вобл. Промысел вядомы з 12 ст. Росквіту дасягнуў у канцы 16 — пач. 18 ст. Выраблялі з чырв. гліны паліваны сталовы посуд, кафлю, дэкар. арх. ўпрыгожанні, вазы, цацкі, дробную анімалістычную пластыку (выявы мядзведзяў, ільвоў, бараноў і інш.), якія вылучаліся высокім узроўнем тэхналогіі вытв-сці. У 16—18 ст. у аздабленні тэракотавай, паліхромнай, паліванай («мураўлёнай») кафлі пераважалі геам. і расл. арнаменты, геральдычныя і анімалістычныя выявы. У пач. 20 ст. працавала больш за 70 ганчароў. Промысел бытаваў да сярэдзіны 20 ст.

М.​А.​Ткачоў, У.​В.​Угрыновіч.

Да арт. Крычаўская кераміка. Тэракотавая кафля з выявай букета. 17 ст.

т. 8, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРСК,

горад у Расіі, цэнтр Курскай вобл., на р. Сейм і яе прытоку Тускар. Вядомы з 1032 як крэпасць Кіеўскай Русі. 442,3 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (лічыльныя машыны, акумулятары, эл.-апаратура і інш.), хім. (хім. валакно, гумава-тэхн. і пластмасавыя вырабы), хім.-фармацэўтычная, лёгкая, харч.; вытв-сць буд. матэрыялаў. НДІ аховы глеб ад эрозіі. 4 ВНУ (пед., мед., с.-г., політэхн.). 3 т-ры (драм., юнага гледача, лялек). Філармонія. Цырк. Краязнаўчы музей, Ваенна-гіст. музей Курскай бітвы 1943. Карцінная галерэя. Арх. помнікі 17—19 ст., у т. л. палаты баяр Рамаданаўскіх, Троіцкая царква.

т. 9, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. і адкрыты ў 1959 у г. Ліда Гродзенскай вобл. Пл. экспазіцыі 317 м², больш за 31 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў карысныя выкапні, чучалы жывёльнага свету Лідчыны, знаходкі з археал. раскопак стараж. паселішчаў, Лідскага замка, друк. выданні і абразы 19 — пач. 20 ст., дакументы і матэрыялы пра вайну 1812, паўстанне 1863—64, нац -вызв. барацьбу ў Зах. Беларусі, пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. рух у Вял. Айч. вайну, аднаўленне гаспадаркі горада і раёна ў пасляваенны час. Экспануюцца нар. адзенне, узоры дэкар.-прыкладнога мастацтва (разьба па дрэве, вышыванкі, ткацтва), вырабы шклозавода «Нёман» і інш. прадпрыемстваў.

Р.​М.​Жалезны.

т. 9, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)