«Вялікая пралетарская культурная рэвалюцыя», палітычная кампанія 1966—76, якая праводзілася пад кіраўніцтвам старшыні ЦККамуністычнай партыі Кітая (КПК) Мао Цзэдуна для ўмацавання сваёй асабістай улады ў партыі і краіне. У 1964—65 Мао абвінаваціў парт. кіраўніцтва ў карупцыі і бурж. перараджэнні і заклікаў да «рэвалюцыянізацыі» кіт. грамадства. У пач. 1966 ім створана «Група па справах культурнай рэвалюцыі» на чале з Чэнь Бада і Цзянь Цын (жонкай Мао Цзэдуна). Пад шыльдай рэформы сістэмы адукацыі былі зачынены школы і ВНУ. З моладзі былі створаны групы хунвэйбінаў («чырвоных ахоўнікаў») і цзыафаней («бунтаўшчыкоў»), якія з вясны 1966 пад заклікам «скінуць аўтарытэты» разгарнулі кампанію тэрору і пагроз супраць інтэлігенцыі і парт. кіраўніцтва. 11-ы пленум ЦККПК (жн. 1966) абвясціў К.р. «новым, яшчэ больш шырокім этапам развіцця сацыялістычнай рэвалюцыі». Парт. і дзярж. органы былі падменены рэўкомамі. Рэпрэсіям падвергліся мільёны кітайцаў, у т. л.большасцьпарт. і дзярж. дзеячаў (Дэн Сяапін, Лю Шаоцы, Пэн Дэхуай і інш.). Адносіны паміж Кітаем і СССР у час К.р. пагоршыліся (гл.Савецка-кітайскі канфлікт 1968—69). 9-ы з’езд КПК (крас. 1969) зацвердзіў вынікі К.р. і абвясціў «ідэі Мао Цзэдуна» асновай дзейнасці партыі. У 1977 11-ы з’езд КПК абвясціў К.р. завершанай, але фактычна яна скончылася са смерцю Мао Цзэдуна ў вер. 1976. У 1981 12-ы з’езд КПК прызнаў правядзенне К.р. памылкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЛІНСКАЯ У́НІЯ 1569,
міжнародна-прававы акт аб’яднання Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ў адну федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Прыняты 1.7.1569 у Любліне.
Перадумовамі Л.у. былі: доўгае існаванне асабістай унііВКЛ і Польшчы; паступовае збліжэнне паліт. і дзярж. інстытутаў абедзвюх краін, паліт. менталітэту пануючага класа; у асноўным адзіная палітыка ў міжнар. адносінах; адзіная структура каталіцкай царквы. Шляхта ВКЛ праз унію спадзявалася атрымаць правы, якія мела шляхта Польшчы, польская шляхта разлічвала на землі і дзярж. пасады ў ВКЛ. Непасрэднай прычынай Л.у. былі няўдачы войска ВКЛ у Лівонскай вайне 1558—83.
Для прыняцця уніі ў Любліне 10.1.1569 скліканы сейм ВКЛ і Польшчы. Але большасць дэпутатаў ВКЛ, не згодная з польскім праектам уніі, перагаворы прыпыніла. Намаганнямі польскай шляхты і караля Жыгімонта II Аўгуста да Польшчы далучаны Падляскае і Кіеўскае ваяв., Валынь і Падолле, што было падтрымана мясц. шляхтай. Шляхта Мазырскага пав. адмовілася далучыцца да Польшчы, павятовы сеймік прыняў рашэнне выйсці з Кіеўскага ваяв. і далучыцца да Мінскага ваяв.ВКЛ. Тэр.ВКЛ зменшылася да этнічных бел. і літ. зямель. Пасля вяртання дэпутатаў ВКЛ на сейме быў выпрацаваны кампрамісны варыянт уніі, зацверджаны 1.7.1569. Паводле ўмоў Л.у. на чале Рэчы Паспалітай знаходзіўся польскі кароль (ён жа і вял. князь літ.), якога пажыццёва выбірала шляхта абедзвюх дзяржаў. Збіраўся агульны сейм, але ВКЛ і Польшча захавалі асобныя дзярж. адміністрацыю, войска, фінансы, законы, мытную сістэму, дзярж. мовы. Л.у. дзейнічала да 1795.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ 1863,
ваенныя фарміраванні паўстанцаў у Магілёўскай губ. ў час паўстання 1863—64. Сфарміраваны пад кіраўніцтвам губернскай (ваяводскай) рэв. арг-цыі, падначаленай віленскаму паўстанцкаму цэнтру. Вайсковы начальнік (ваявода) Магілёўскай губ. — Л.Звяждоўскі. У ноч на 24.4.1863 атрад Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага ін-та захапіў павятовы г. Горкі і рушыў на злучэнне з Крычаўскім (Чэрыкаўскім) атрадам Я.Жукоўскага, які павінен быў напасці на Крычаў і захапіць там артылерыю. Але ўлады паспелі нанесці папераджальны ўдар і рассеяць Крычаўскі атрад. Звяждоўскі павярнуў на 3, пераправіўся цераз Проню і, пераканаўшыся ў перавазе царскіх войск, 30.4.1863 непадалёк ад г. Прапойск распусціў атрад. Большасць паўстанцаў атрада (звыш 100 чал.) здаліся ўладам, Звяждоўскі і Жукоўскі ўцяклі. Толькі некалькі дзён пратрымаліся і інш. атрады Магілёўшчыны; Аршанскі атрад І.Будзіловіча (разбіты 26.4.1863 пад Пагосцішчамі), Быхаўскі — І.Анцыпы, Рагачоўскі — Т.Грыневіча. Камандзіры разбітых атрадаў трапіў у рукі ўлад і пасля суда расстраляны. У паўд. частцы Сенненскага пав. атрад сфарміраваў К.Жаброўскі і перайшоў з ім у Барысаўскі пав. З ім дзейнічалі і рэшткі атрада А.Алендскага, разбітага 27.4.1863 каля в. Славені (Талачынскі р-н). У маі 1863 Жаброўскі і Алендскі схоплены ў Барысаўскім пав. і расстраляны. Паўстанне на Магілёўшчыне не набыло размаху. Атрады складаліся гал. чынам з афіцэраў, студэнтаў, гімназістаў, дробных чыноўнікаў, мяшчан, шляхты і інш. Паводле звестак афіцыйнага гістарыёграфа В.Ратча, агульная колькасць узбр. паўстанцаў на Магілёўшчыне не перавышала 800 чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРААРГАНІ́ЗМЫ, мікробы,
найдрабнейшыя арганізмы, бачныя толькі пад мікраскопам. Адкрыты ў 17 ст. А.Левенгукам. Да М. належаць пракарыёты (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці, архебактэрыі) і эўкарыёты (мікраскапічныя грыбы, водарасці, прасцейшыя). Большасць М. — аднаклетачныя арганізмы. Характарызуюцца высокай скорасцю росту і размнажэння, якое адбываецца часта шляхам простага дзялення клеткі. Здольныя існаваць пры т-ры 7—105 °C, павышаным узроўні радыяцыі, у моцнакіслым (pH менш за 1) або шчолачным (pH 9 і болей) асяроддзі, пры адсутнасці кіслароду, пераносіць вельмі нізкую т-ру, высушванне і інш. экстрэмальныя ўмовы. Пашыраны ўсюды ў прыродзе і адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у біясферы: забяспечваюць мінералізацыю арган. злучэнняў, фіксуюць малекулярны азот, удзельнічаюць у разбурэнні горных парод, глебаўтварэнні, фарміраванні некат. карысных выкапняў і інш. Выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, вытв-сці кармавога бялку, вінаробстве, хлебапячэнні, атрыманні малочнакіслых прадуктаў, антыбіётыкаў, вітамінаў, амінакіслот і інш. Некат. М. патагенныя для чалавека, жывёл і раслін. Развіццё шэрагу М. прыводзіць да збяднення глебы на азот, псавання с.-г. прадукцыі, карозіі метал. абсталявання, разбурэння прамысл. вырабаў, будынкаў, выклікае цвіценне і забалочванне вадаёмаў і назапашванне ў іх атрутных рэчываў (серавадароду, нітрытаў і інш.). Вывучэнне М. прывяло да адкрыцця фундаментальных біял. заканамернасцей і стала асновай біятэхналогіі. Вывучае М. мікрабіялогія.
Літ.:
Стейниер Р., Эдельберг Э., Ингрэм Дж. Мир микробов: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІ́СЦКАЯ ПА́РТЫЯ, Нацыянал-сацыялісцкая германская рабочая партыя (Nationalsozialistische Deutsche Arbeiterpartei; НСДАП),
праваэкстрэмісцкая паліт. партыя ў Веймарскай рэспубліцы (1920—33), адзіная дзярж. партыя ў «Трэцім рэйху» (1933—45), старшынёй і «фюрэрам» (правадыром) якой быў А.Гітлер (ад скарачэння першага слова назвы партыі «нацы» паходзяць тэрміны «нацысты», «нацызм»). Узнікла на базе невялікай Герм. рабочай партыі, засн. у 1919 у г. Мюнхен пад старшынствам слесара А.Дрэкслера. Мела іерархічную і ваенізаваную структурную будову (гл.СА, СС), антыкамуніст. і антысеміцкую накіраванасць, выступала за рэвізію Версальскага мірнага дагавора 1919 і аднаўленне Германіі як вял. дзяржавы; ідэалогія — нацыянал-сацыялізм (гл.Нацызм). Сац. база — сярэднія пласты, ч. рабочых, ветэранаў 1-й сусв. вайны і буйных прамыслоўцаў (апошнія падтрымлівалі партыю грашамі). Пасля «піўнога путчу» 1923 у Мюнхене забаронена ўладамі Баварыі (да 1925). Ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33 атрымала большасць месцаў у рэйхстагу (1932) і Гітлер узначаліў урад (1933). Апіраючыся на тэрор СА і СС, інш. структуры партыі (у т. л.Гітлерюгенд), Гітлер хутка ўстанавіў у краіне фаш. дыктатуру. Найб. колькасць членаў — 8,5 млн. (1945). Пасля паражэння Германіі ў 2-й сусв. вайне на Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй, што падлягала ліквідацыі (гл.Дэнацыфікацыя). У 1930—40-я г. ў Вільні і інш. месцах дзейнічала Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя (лідэр — Ф.Акінчыц, друкаваны орган — час.«Новы шлях»), Гл. таксама Фашызм, Неафашызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУКАПАДО́БНЫЯ (Arachnida, або Arachnoidea),
клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 13 атр.: жгутаногія, кляшчы, павукі, сальпугі, сенакосцы, скарпіёны, ілжэскарпіёны (Pseudoscorpiones, або Chelonethi), кененіі, або шчупальцаходавыя (Palpigradi), рыцынулеі (Ricinulei), тартарыды, або схізапельтыдыі (Tartarides, або Schizopeltidia), тэліфоны (Uropygi); каля 60 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы, некат. (вадзяныя кляшчы, вадзяны павук) у вадзе. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі атр. кляшчоў, павукоў, сенакосцаў і інш. Некат. П. — паразіты, пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб, шкоднікі раслін і харч. запасаў.
Даўж. ад 0,1 мм да 17 см. Цела падзяляецца на галавагрудзі і брушка, укрыта кутыкулай. Афарбоўка разнастайная. Галавагрудзі не падзелены на сегменты, у большасці 6 пар канечнасцей; брушка пераважна сегментаванае. Ротавы апарат сысучага тыпу. Вачэй ад 1 да 5 пар (няма ў кененій, многіх кляшчоў, рыцынулей). З органаў пачуццяў найб. развіты дотык. Дыхаюць трахеямі, лёгкімі, радзей паверхняй цела. Крывяносная сістэма незамкнёная (у многіх кляшчоў няма). Органы выдзялення — каксальныя залозы і мальпігіевыя сасуды. Некат. (павукі, скарпіёны) маюць ядавітыя залозы. Пераважна драпежнікі. Раздзельнаполыя. Большасць адкладвае яйцы, некат. (кляшчы, скарпіёны) жывародныя. Звычайна 1, радзей 2—3 пакаленні за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕМАЛО́ГІЯ (ад грэч. polemos вайна + ...логія),
навука аб вайне; кірунак у паліталогіі, у рамках якога даследуюцца войны і ўзбр. канфлікты, іх прычыны, сутнасць, віды і г.д. Закранае таксама пытанні міру, раззбраення, мірнага суіснавання паміж дзяржавамі. У вузкім сэнсе азначае інстытуцыяналізацыю ў Зах. Еўропе ў 2-й пал. 20 ст. вывучэння вайны як грамадскай з’явы. У гэты час узніклі навук. ўстановы П. ў Францыі, Нідэрландах, Італіі, Бельгіі і інш. Характэрная рыса П. — комплексны, міждысцыплінарны падыход да навук. асэнсавання ўзбр. канфліктаў у розных формах з выкарыстаннем элементаў сацыялогіі, дэмаграфіі, сац. псіхалогіі, матэм. мадэліравання, біялогіі і інш. навук, а таксама пазітывісцкая метадалогія, якая спалучае ў сабе элементы эканам., паліт., культ.-псіхал, тлумачэння гэтых з’яў. У П. нярэдка пранікаюць вульгарныя біясац. і псіхасац. канцэпцыі, якія абапіраюцца на ненавук. сцвярджэнне аб агрэсіўнай прыродзе чалавека і наяўнасці ў чалавечым грамадстве нейкага пастаяннага агрэсіўнага комплексу, што прыводзіць да перыяд. успышак узбр. насілля. У такім выпадку П. адрывае войны ад сац. адносін у грамадстве і ад палітыкі дзяржаў, вынікам якой служаць войны. Станоўчымі рысамі П. з’яўляюцца прадбачанне войнаў і ваен. канфліктаў, пошукі форм і спосабаў умацавання міжнар. міру і бяспекі, падтрымка ідэі раззбраення. Прускі ген. К.Клаўзевіц у працы «Аб вайне» (т. 1—3, 1832—34) даказаў, што вайна выступае як частка і інструмент палітыкі дзяржавы. Большасць сучасных вучоных таксама падкрэслівае арган. сувязь вайны з сістэмай паліт. адносін унутры дзяржавы і паміж дзяржавамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́СЦЕ,
форма феад. зямельнага ўладання ў Расіі, пры якім уладальнік абавязаны несці ваенную ці інш. службу дзяржаве. Пашырана ў 15 — пач. 18 ст. Масавая раздача П. феадалам пачата ў канцы 15 ст. ў Наўгародскай і інш. землях. Юрыд. статус П. вызначаны Судзебнікам 1497. Уладальнікі П. — памешчыкі, або дваране. У адрозненне ад вотчыны П. даваліся дваранам на пэўны час, уладальнік не мог яго прадаць, перадаць па спадчыне. З сярэдзіны 16 ст. памешчыкі атрымалі права перадаваць П. ў спадчыну і распараджацца імі. Пасля ўказа Пятра I аб адзінаспадчыннасці (1714) П. зліліся з вотчынамі ў адзіны від зямельнай уласнасці феадалаў — маёнтак. У 18 — пач. 20 ст. тэрмін «П.» ўжываўся як адна з назваў маёнткаў буйных землеўладальнікаў. Ліквідаваны Кастр. рэвалюцыяй 1917.
На Беларусі першыя звесткі пра раздачу зямлі пры ўмовах службы адносяцца да сярэдзіны 13 ст. Зямельныя ўладанні («имения»), якія феадалы-васалы атрымлівалі ад вял. князя ці паноў за ваен. і інш. службу, называліся «даніна» або «выслуга». Землі даваліся ў часовае («дачаснае») і ў пастаяннае («вячыстае») уладанне. З павелічэннем паліт. ролі шляхты і аслабленнем улады вял. князя ў 15—16 ст. адбываўся працэс пераўтварэння дачасных данін у вотчыны, якія сталі пануючай формай феад. зямельнай уласнасці. Да сярэдзіны 16 ст.большасць зямельнага фонду ВКЛ стала ўласнасцю шляхты. Неабмежаваныя правы шляхты на маёнткі замацаваны шэрагам прывілеяў, а таксама Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
адм.-тэр адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Ахоплівала тэр. ранейшай Полацкай зямлі, намеснікі якой з пач. 16 ст. называліся ваяводамі. Цэнтр — г. Полацк. Мела харугву ружовага (паводле інш. звестак — белага) колеру з выявай герба «Пагоня». Карысталася абласнымі прывілеямі, якія ўстанаўлівалі полацкае права; ваявода мог прызначацца толькі са згоды мясц. шляхты. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 ад П.в. да Расіі адышлі воласці Завалочча і Себеж. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 у 1563 амаль усё П.в. было занята рас. войскамі; у 1564 большая частка тэр. П.в. на Пд ад Зах. Дзвіны адваявана ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. структура кіравання ў ваяводстве прыведзена ў адпаведнасць з адм. рэформай 1565—66 і Статутам ВКЛ 1566. П.в. не падзялялася на паветы. Буйнейшымі паселішчамі былі Асвея, Бешанковічы, Глыбокае, Дзісна, Друя, Лепель, Ула, Ушачы і інш. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1654—55 рас. армія цалкам заняла П.в.; большасць яго тэрыторыі вернута ў ВКЛ у 1658—60. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 паўн. частка П.в. (да р.Зах. Дзвіна, з г. Полацк) адышла да Расіі і ўвайшла ў склад Пскоўскай губерні. Астатняя частка П.в. існавала да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793; павятовыя сеймікі ў гэты час збіраліся ва Ушачах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМАКРЫ́ЛЫЯ, прастакрылыя (Orthoptera, або Saltatoria),
атрад насякомых. Вядомы з верхняга карбону (каля 270 млн.г. назад). 2 падатр.: даўгавусыя (Ensifera, або Dolichocera) з падсям.конікавых, цвыркуновых, цвыркунападобных, эдысхідавых і караткавусыя (Caelifera, або Brachycera) з падсям.саранчовых, бестымпанальных, пухірчатых, трыперставых, тэтрыгідавых. Каля 20 тыс. відаў. Пашыраны амаль усюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць у траве, на кустах і дрэвах, некат. ў глебе і на яе паверхні. На Беларусі каля 70 відаў з надсям. конікавых, саранчовых, тэтрыгідавых і цвыркуновых. Некат. П. — шкоднікі с.-г. культур.
Даўж. ад некалькіх міліметраў да 10 см. Цела прадаўгаватае, сціснутае з бакоў, зеленаватае, жаўтаватае, шараватае. Ротавыя органы грызучыя. Заднія ногі скакальныя. Пярэднія крылы скурыстыя, заднія перапончатыя, у шэрагу відаў кароткія або рэдукаваныя. Брушка 10-членікавае з нячленістымі прыдаткамі — цэркамі, у самак з яйцакладам. У некат. відаў ёсць органы слыху і гукавы апарат. Большасць расліннаедныя, ёсць драпежнікі і ўсёедныя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Для П. характэрна фазавая зменлівасць — полімарфізм. 1 пакаленне за год.
Літ.:
Шаров А.Г. Филогения ортоптероидных насекомых. М., 1968;
Станек В.Я. Иллюстрированная энциклопедия насекомых: Пер. с чеш. Прага, 1977;
Подгорная Л.И. Прямокрылые насекомые семейства Tetrigidae (Orthoptera) фауны СССР. Л.,1983.