ЗАСЛУ́ЖАНЫ ТРЭ́НЕР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца высокакваліфікаваным трэнерам-выкладчыкам па спорце, у т. л. тым, што працуюць са спартсменамі-інвалідамі не менш за 4 гады, за паспяховую вучэбна-трэніровачную і выхаваўчую работу па падрыхтоўцы выдатных спартсменаў і каманд; трэнерам нацыянальных (зборных) каманд Рэспублікі Беларусь, якія маюць стаж работы з гэтымі камандамі не менш за 4 гады, за падрыхтоўку і паспяховае выступленне гэтых каманд на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах, пяршынствах і Кубках свету і Еўропы; першым трэнерам спартсменаў, якія дасягнулі выдатных поспехаў на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах, пяршынствах і Кубках свету і Еўропы, і тым, што працуюць з гэтымі спартсменамі не менш за 2 гады, пачынаючы з вучэбна-трэніровачнага этапу; трэнерам спарт. школ і арг-цый, што раней прымалі непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы перададзеных у вышэйшае звяно спартсменаў, пры ўмове работы з імі не менш за 4 гады. Устаноўлена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Заслужаныя трэнеры Рэспублікі Беларусь

1995. В.​А.​Няфёдаў, М.​Б.​Парахоўскі, Ю.​М.​Тарасюк.

т. 6, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕНІ́ТНЫ АРТЫЛЕРЫ́ЙСКІ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць зенітных пушак (адной ці некалькіх) і розных тэхн. сродкаў для выяўлення цэлі, аўтам. наводкі, вядзення агню і знішчэння паветр. цэлей артыл. агнём. Асн. яго элементы: зенітныя пушкі з боекамплектамі, станцыя гарматнай наводкі, прылада кіравання артыл. зенітным агнём ці выліч. прылада, сінхронная перадача і сістэмы сачэння, агрэгаты электрасілкавання, якія могуць размяшчацца на базе адной (зенітная самаходная ўстаноўка) ці на розных транспартных адзінках.

З.а.к. з’явіліся ў розных арміях у час Вял.

Айч. вайны. Са з’яўленнем зенітных ракетных комплексаў развіваліся гал. чынам малакаліберныя (да 60 мм) самаходныя З.а.к., прызначаныя для знішчэння паветр. цэлей на малых вышынях. Найб. дасканалымі з’яўляюцца зенітныя пушачна-ракетныя комплексы (ЗПРК), здольныя знішчаць самалёты, верталёты, крылатыя ракеты і інш. на выш. да 3500 м і адлегласцях да 8 км. Падраздзяленні ППА Узбр. Сіл Беларусі забяспечаны малакалібернымі З.а.к. ЗСУ-23-4 «Шылка», ЗУ-23-2, С-60, а таксама ЗПРК 2К22 «Тунгуска».

В.​М.​Бялько.

т. 7, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНАЧЭ́ННЕ СЛО́ВА,

адлюстраванне ў слове той ці іншай з’явы рэчаіснасці (прадмета, якасці, дзеяння, стану, адносін). Адрозніваюць грамат. і лексічнае З.с. Граматычнае значэнне (гл. Граматыка) абумоўлівае прыналежнасць слова да пэўнай часціны мовы. У бел. мове граматычнымі з’яўляюцца значэнні роду, ліку, склону, асобы, ладу, часу, стану, трывання і інш., якія выражаюцца пераважна формамі слова, што ўтвараюцца афіксацыяй (гл. Афікс), чаргаваннем гукаў, націскам, суплетывізмам, спалучэннем паўназначнага слова са службовым. Слова можа мець адно або некалькі грамат. значэнняў. Грамат. З.с. выступаюць як абстрактныя, уласцівыя цэлым групам і класам слоў («дом» — назоўнік мужчынскага роду, адз. л., назоўнага склону; гэтыя значэнні агульныя для назоўнікаў «сад», «лес», «мост» і інш.). Лексічнае значэнне (гл. Лексіка) ствараецца суаднесенасцю слова з адпаведным паняццем (што складае ядро лексічнага З.с.). Носьбітам яго з’яўляецца аснова слова (гл. Аснова ў мовазнаўстве). Лексічнае З.с. — індывід., уласцівае толькі дадзенай лексічнай адзінцы. Словы могуць мець і некалькі лексічных значэнняў (полісемія), тады адрозніваюць прамыя і пераносныя З.с. Лексічныя значэнні слоў фіксуюцца ў тлумачальных слоўніках.

А.​Я.​Баханькоў.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБААПРАЦО́ЎЧЫ СТАНО́К,

аўтаматычны ці паўаўтаматычны металарэзны станок для наразання або чыставой апрацоўкі зубчастых колаў. На Беларусі З.с. вырабляюць на Віцебскім станкабуд. з-дзе.

На З.с. апрацоўваюць вырабы метадамі абкаткі (профіль выразанай канаўкі фарміруецца як агінальная імгненных паслядоўных становішчаў рэзальнага канта зубарэзных інструментаў маюць найб. дакладнасць апрацоўкі або капіравання (рэзальныя канты інструментаў выразаюць канаўкі такога ж профілю, які маюць самі). Напр., метадам абкаткі наразаюць зубы цыліндрычных колаў на зубафрэзерных, зубастругальных, зубадаўбёжных і зубатакарных станках, канічных прамазубых колаў — на зубастругальных і зубафрэзерных станках; чыставую апрацоўку рабочай паверхні зубоў — на зубашавінгавальных, зубашліфавальных, зубаханінгавальных, зубаабкатачных і зубапрыцірачных станках. У буйнасерыйнай вытв-сці тыя ж вырабы апрацоўваюць метадам капіравання на зубафрэзерных, зубапрацяжных ці спец. станках са шматразцовымі зубадаўбёжнымі галоўкамі або працяжкамі. Тарцы зубоў апрацоўваюць на зубазакругляльных станках. На З.с. з лічбавым праграмным кіраваннем апрацоўваюць колы з рознымі мадыфікацыямі зубоў, робіцца хуткая пераналадка на апрацоўку дэталей з інш. параметрамі, аўтам. замена інструментаў і загатовак і інш.

Л.​І.​Карчагін.

т. 7, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЯ́НЕ (польск. ziemianie ад ziemia зямля),

зямляне, 1) катэгорыя ваеннаслужылага насельніцтва ВКЛ, частка феад. саслоўя. У 15—16 ст. назва З. пашырылася сярод шляхты ў зах. землях ВКЛ, што тлумачацца ўжываннем польскай тэрміналогіі і перасяленнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ. Попіс войска ВКЛ 1528 дакладна адрознівае почты (ваен. атрады) баярскія ад зямянскіх. Пазней гэтыя дзве катэгорыі насельніцтва атаясамліваюцца — «зямяне або баяры». Заможная частка З. злівалася са шляхтай, бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах з вял. князем ВКЛ ці феадаламі. З. павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну. У адрозненне ад шляхты не ўдзельнічалі ў сейміках. Да пач. 18 ст. былі ўсвяцкія З. (20 радоў) і аднолькавыя з імі паводле стану себежскія і невельскія ардынаты (20 і 48 радоў). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) З. былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне, і не змешаны з імі.

2) Назва буйных землеўладальнікаў у ВКЛ пераважна ў 17 ст.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВЯНЕ́ЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

паўднёва-заходняя частка Мінскага ўзвышша на У Валожынскага і Пн Дзяржынскага р-наў Мінскай вобл. Мяжуе на З з Верхнянёманскай нізінай, на Пдса Стаўбцоўскай раўнінай, на Пн і У з Мінскім узвышшам. Выш. 210—280 м, найб. 345 м (Дзяржынская гара). Прымеркавана да Валожынскага грабена Бел. антэклізы. Складзена з сярэднедэвонскіх пясчана-гліністых адкладаў (з праслойкамі даламіту, мергелю, гіпсу) і верхнемелавой мергельнай тоўшчы. Антрапагенавыя адклады магутнасцю больш за 150 м. Выраўнаваная хвалістая паверхня, ускладненая невысокімі ўзгоркамі — камамі (адносныя перавышэнні 5—20 м) і буйнымі астраўнымі канцова-марэннымі ўзгоркамі. Фарміравалася ў зоне акумуляцыі сожскага ледавіка, пасля адступлення якога значна зменена эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Асабліва моцна былі размыты прыдалінныя ўчасткі водападзельных прастораў. Некаторыя глыбока ўрэзаныя лагчыны занятыя далінамі невялікіх прытокаў Іслачы і Пцічы. Прыдалінныя схілы ўзвышша стромкія (10—25°), астатнія спадзістыя, паступова пераходзяць у водна-ледавіковую раўніну. Глебы дзярнова-падзолістыя супясчаныя, радзей сугліністыя, месцамі эрадзіраваныя. Участкі лясоў (хваёвыя, дубовыя, яловыя). Ёсць сухадольныя лугі. Пад ворнымі землямі каля 60% тэрыторыі.

В.​М.​Яцухна.

т. 7, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗМАЙЛО́ВІЧ,

сёстры, рэвалюцыянеркі. Нарадзіліся ў Пецярбургу. З дваран, бацька — генерал рас. арміі Аляксандра Адольфаўна (1878—11.9.1941). Чл. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў з 1901. У 1905 падтрымлівала сувязі з Беларускай сацыялістычнай грамадой. 27.1.1906 разам з І.П.Пуліхавым удзельнічала ў няўдалым замаху на мінскага губернатара П.​Р.​Курлова і паліцмайстра Дз.​Дз.​Норава, за што прыгаворана да смяротнага пакарання (заменена пажыццёвай катаргай). З кастр. 1917 чл. ЦК Партыі левых эсэраў, са снеж. 1917 чл. Прэзідыума ВЦВК. У 1918 арыштавана, з 1923 у ссылцы. У 1930 арыштавана ў Ташкенце і выслана на 3 гады ва Уфу. У 1937 асуджана на 10 гадоў. 11.9.1941 расстраляна. Рэабілітавана ў 1957 па справах 1937 і 1941 і ў 1989 па справах 1920—30-х г. Аўтар кнігі «Паслякастрычніцкія памылкі» (1918).

Кацярына Адольфаўна (1881—9.2.1906). У 1905 куратар Мінскай арг-цыі эсэраў, праводзіла рэв. работу ў Магілёве, Маскве. Расстраляна ў Севастопалі за замах на віцэ-адмірала Р.​П.​Чухніна.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 7, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІДУА́ЦЫЯ,

1) вылучэнне адзінкавага і індывід. са ўсеагульнага. Ідэя І. сфармулявана ант. філосафамі. Прадстаўнікі «стаіцызму» (Зянон з Кітыёна, Хрысіп, Л.​А.​Сенека) лічылі, што навука імкнецца пазнаць агульнае, а пачуцці чалавека ўспрымаюць рэчаіснасць як нешта адзінкавае. Арыстоцель сфармуляваў прынцып І. як спалучэнне формы і матэрыі. У сярэдневяковай філасофіі прынцыпам яе называлі пастулат аб пачатках (асновах) І. Існавалі 3 канцэпцыі асноў І.: канцэптуалісцкая (яе прыхільнікі лічылі магчымым існаванне розных рэчаў адной формы), рэалісцкая (пачатак І. не ў колькасных, а ў якасных адрозненнях паміж рэчамі) і наміналісцкая (яе паслядоўнікі сцвярджалі, што пачаткі І. ў вонкавых характарыстыках рэчаў, іх назве, становішчы ў прасторы і часе). Ф.​Шэлінг бачыў аснову І. ў адыходзе ад Бога. Дж.​Лок, А.​Шапенгаўэр яе формамі лічылі прастору і час. 2) У аналіт. псіхалогіі К.​Г.​Юнга І. — працэс станаўлення і развіцця індывіда ў выніку асіміляцыі свядомасцю зместу асабістага і калектыўнага неўсвядомленага; канчатковы вынік ажыццяўлення І. — самарэалізацыя чалавека, дасягнуць якой могуць найб. мэтанакіраваныя і здольныя людзі. Э.С.Дубянецкі.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ШКАЛДСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры готыкі. Пабудаваны да 1472 у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Мікалаем Неміровічам. Мураваны храм зальнага тыпу. Кампактны асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам са стромкімі шчытамі на тарцах. З паўн. боку да апсіды прылягаюць невысокія сакрысція і паўкруглы аб’ём з вітымі ўсходамі. Масіўныя сцены ў ніжняй ч. арнаментаваны сеткавай муроўкай (пазней атынкаваны) і ўмацаваны на бакавых фасадах вертыкальнымі, на вуглах ступеньчатымі контрфорсамі. Пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на гал. зах. фасадзе аздоблены сіметрычна размешчанымі плоскімі нішамі. Унутры асн. аб’ём падзелены 4 слупамі на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. У апсідзе зорчатае нервюрнае скляпенне (у канцы 15—1-й пал. 16 ст. скляпенні касцёла і слупы былі размаляваны). У 2-й пал. 16 ст. касцёл перайшоў да кальвіністаў, у 1641 Радзівілы вярнулі яго католікам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пашкоджаны, у 1866—1919 — царква.

У.​А.​Чантурыя, А.​А.​Ярашэвіч.

Ішкалдскі Троіцкі касцёл.

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЗА́»,

«казёл», гульня-паказ і маска-персанаж у стараж. усх.-слав. нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. На Беларусі вядома ўсюды, найб. пашыраны на Палессі.

Здольнага да імправізацыі выканаўцу ролі «К.» апраналі ў вывернуты кажух, надзявалі маску (яе магла замяняць шапка з аўчыны). Галаву маскі выразалі з дрэва і абшывалі аўчынай, да яе прымацоўвалі рогі (іх рабілі з лазы ці скруткаў саломы), вушы (часам са сталовых лыжак); ніжняя сківіца з барадой з лёну была рухомай. Вядома «К.» і ў выглядае вялікай лялькі на кіі. У абходны гурт на чале з «дзедам»-павадыром (яго прыбіралі таксама ў вывернуты кажух або рыззё, на спіне рабілі горб, надзявалі маску з бяросты, прыладжвалі бараду з лёну) уваходзілі адпаведна апранутыя «маладзіца», «афіцэр», «немец», «цыган», а таксама «песельнікі», музыка, механоша. Гурт спяваў спец. прымеркаваную песню, «К.» іншы раз імітавала яе сюжэт, прыкідвалася мёртвай (сімвал памірання і адраджэння прыроды).

М.​А.​Каладзінскі.

Калядная «каза»-маска. Вёска Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 7, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)