Таі́ць ’трымаць у тайне, хаваючы ад другіх, утойваць’ (Сл. ПЗБ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., ТС), таі́цца ’скрываць; утойваць; хавацца, скрывацца’, таі́ті ’ўтойваць’, таі́тісʼе ’падпільноўваць, цікаваць’ (Вруб.), ’запірацца’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Ласт., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі, Варл., ТС, Ян.), ст.-бел.таити ’ўтойваць’ (XV ст., КГС). Укр.таї́ти, таї́тися, рус.таи́ть, таи́ться, польск.taić (się), в.-луж.tajić (so), н.-луж.tajiś (se), tawiś, чэш.tajit (se), славац.tajiť (se), славен.tajíti (se), серб.-харв.та́јити (се), tájati, харв., чак.tōjȁt, балг.та́я, макед.таи, ст.-слав.таити, таити сѧ ’хаваць, утойваць’. Да прасл.*tajiti, дыял.*taja̋ti (рэканструкцыя Фурлан у Бязлай, 4, 147), якія з’яўляюцца вытворнымі ад *taj ’таямніца, тайна’, ’таямніча, скрытна’ (роднаснага *tatъ ’злодзей’), параўн. старое серб.-харв.tȃj, tȁja, tãja ’таямніца’, ст.-слав.таи ’таемна, употайкі, скрытна’, чэш.taj ’таямніца; невядомае’. Махэк (634) прапануе, аднак, некалькі іншае развіццё: *tajǫ < *taj‑jǫ < *taj‑ī‑tei. Далейшыя сувязі бачаць у хец.tai̯ela ’красці’, ст.-інд.(s)tāyú‑ḥ‑ ’злодзей’, авест.tãiiu/tãyu‑ ’тс’, ст.-ірл.tāid ’тс’, грэч.τήτη ’нястача’, τητάω ’пазбаўляю, адбіраю, рабую’, якія працягваюць і.-е.*(s)tă‑i‑ (Покарны, 1010); гл. таксама: Фасмер, 4, 11; Борысь, 625; Чарных, 2, 224; ЕСУМ, 5, 503 з літ-рай; Рэйзак, 649.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ты — займеннік 2‑й ас. адз. л. ‘ты’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., ТС, Федар. 4, Некр. і Байк.; ашм., Стан., Вруб., Сл. ПЗБ): чужых жэ, малазнаёмых і толькі знаёмых людзей называюць на ты (Сержп. Прымхі), ст.-бел.ты ‘тс’ (1492 г., ГСБМ), ты = лац.tu (Жлутка). Параўн. укр.ти, рус., стараж.-рус.ты, польск., н.-луж., в.-луж., чэш., славац.ty, палаб.tåi, славен.tí, харв.tî, серб.ти̂, макед., балг.ти, ст.-слав.ты. Прасл.*ty роднаснае літ.tù, лат.tu ‘ты’, ст.-прус.tou, tū, гоцк.þu, ст.-н.-ням.thu, ст.-англ.thou; с.-ням., в.-ням., швед., дацк. du, алб.ti (< *tū), ірл.tu, вал.ti, ст.-грэч.дар.τύ), авест.tū і tvə̄m, ст.-перс.tuvam, ст.-інд.tvám, хіндзі tū < і.-е.*tu і tū; другую форму тлумачаць як сцягненне двух элементаў: tu‑wa > tewe > twe, апошняе — энклітыкай В. скл., параўн. ст.-грэч.σε; элемент t‑ ідэнтыфікуюць з указальным t‑ (ESSJ SG, 2, 706; ESJSt, 17, 1007). Гл. таксама: Фасмер, 4, 130; Мюленбах-Эндзелін, 4, 254; Махэк₂, 663; Брукнер, 587; Шустар-Шэўц, 1566; Скок, 3, 466; Борысь, 657; ЕСУМ, 5, 564; Арол, 4, 124. Сюды ж ты́каць ‘звяртацца да каго-небудзь на «ты»’ (ТСБМ, ТС, Яўс.), ты́кацца (týkacsa) ‘тс’, ‘фамільярнічаць’ (Федар. 4).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кал ’змесціва кішэчніка, якое выдзяляецца пры спаражненні’ (БРС, ТСБМ, Гарэц.), ’вадкі, найбольш моцны гной’ (Шат.), ’гразь’ (Клім.; бяроз., КЭС; драг., Нар. лекс., Нар. словатв., Сцяшк. МГ; бяроз., пін., Шатал.; брэсц., гродз., паўдн. бел., Яшк.), ’замёрзлая на дарозе гразь’ (свісл., Шатал.). Паводле даных новых дыялектных слоўнікаў: ’гразь, гной, бруд’ (беласт., гродз., карэл., свісл., гарад., Сл. паўн.-зах.). Статус слова ў літ. мове не вельмі ясны; тэарэтычна такое значэнне магло развіцца на базе вядомага ў гаворках значэння ’гной’, аднак хутчэй за ўсё тут запазычанне (з польск., з рус.?). У гаворках слова адзначана найбольш часта на паўдн. захадзе. Укр.кал ’гразь; кал; гразь на дарозе, на целе і інш.’, рус.кал (статус у гаворках няясны; СРНГ прыводзіць толькі смал., вяц.кала ’нечыстоты, кал’, арханг.калиться ’спаражняцца’), польск.kał ’кал’, дыял. ’гразь, мул, балота і інш.’, каш.kał ’гразь на дарозе’, славін.ko ’гразь, ціна’, kal ’гразь на дарозе’, н.-луж.kala (статус падазроны), чэш.kal ’вадкая гразь, брудная вада, калужа і інш.’, славац.kal ’брудная вада, вадкая гразь і інш.’, славен.kal ’гразь у калужы і інш.’, серб.-харв.ка̏о, дыял.кал ’гразь, ціна і інш.’, макед.кал ’гразь і інш.’, балг.кал ’гразь і інш.’, ст.-слав.калъ ’гразь, ціна’. У шэрагу слав. моў супадаюць канкрэтныя значэнні тыпу бел., славен., укр. ’гразь на целе’. Прасл.kalъ, далейшыя сувязі няясныя. Трубачоў (Эт. сл., 9, 128) звяртае ўвагу на адзнакі архаізма ў гэтым слове і адсутнасць адпаведніка ў балт. мовах, слова нематываванае на слав. глебе, як і і.-е.*kālo‑s або *kālo‑s‑ на і.-е. глебе. З ліку традыцыйных паралелей можна згадаць ст.-грэч.πηλός, дар.πᾱλός ’гліна; гразь, балота і інш., аднак π‑ у гэтым слове можа ўзыходзіць як да *p, так і да *ku̯. Думка аб роднаснасці слав. і грэч. лексем належыць Мейе, MCL, 13, 1905, 291–292, а таксама слав. лексемы з лац.squālus ’брудны і інш., гэта паралель іншымі аўтарамі аспрэчваецца па семантычных крытэрыях (Вальдэ-Гофман, 2, 582). Фасмер (2, 163) упэўнена мяркуе аб сувязі са ст.-інд.kāla‑ ’сіня-чорны’; Слаўскі (2, 32) таксама дапускае магчымасць праформы *kāloḥ, што дазваляе суаднесці слав. лексему з іншымі назвамі колеру і плям (тыпу літ.kalýbas, kalývas ’з белай шыяй (аб сабаках)’, лац.cālidus ’з белай плямай на лбе (пра коней)’, ст.-грэч.κηλάς ἀίξ ’каза з плямай’ і інш.). Відавочна, аднак, што найбольш моцны семантычна і фармальна прыклад — ст.-інд. слова — на самой справе або дравідыйскае, або вельмі дэфармаваны, ва ўсякім разе ‑l‑ тут першаснае, гл. Слаўскі, 2, 33; Трубачоў, Эт. сл., 9, 128, дзе спасылка на Майргофера, 1, 203. Трубачоў (там жа) звяртае ўвагу яшчэ і на тое, што ст.-грэч.καλάς лічыцца няясным па паходжанню, што вельмі зніжае яе надзейнасць як паралелі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тул1 ‘задняя частка ў процілегласць пярэдняй, у тым ліку патыліца, спіна, азадак’ (Нас., Гарэц. 1, Яруш., Некр. і Байк., Бяльк., Байк. і Некр.); сюды ж ту́лом ‘задам, схіліўшы галаву’ (Нас.). Параўн. рус.фалькл.тул ‘тулава [?]’, смал., валаг.ту́ло ‘тс’ (СРНГ). У сувязі з арэальнай і функцыянальнай абмежаванасцю беларускай формы (першапачаткова фіксуецца ва ўсходняй Магілёўшчыне, пазней са слоўніка Насовіча трапіла ў слоўнікі літаратурнай мовы) з’яўляецца мясцовым варыянтам асноўвай формы тыл (гл.), паралельна з якой ужываецца на адзначанай тэрыторыі. Аб мене ы > у ў гаворках з дысімілятыўным аканнем гл. Нарысы дыял., 53; Крывіцкі, Дыялекталогія, 182. Па меркаванні Куркінай (Этимология–1982, 23), у асобных выпадках можна дапусціць уплыў асновы тулава (гл.). Звяртае на сябе ўвагу славянскае запазычанне ў беларускім ідышы tul ‘тулава, туша’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 807). Фурлан (Jez. zap., 11, 1, 115–124) разглядае як праславянскі анатамічны тэрмін *tȕlъ (далучаючы сюды рэз’ян.túlac ‘патыліца’), утвораны ад прыметніка *tȕlъ ‘тоўсты, тлусты’, што звязана з тыл, тыць (Фасмер, 4, 131). Прапанаваная Фурлан (там жа) далейшая сувязь з *tulъ вытворнага тэрміна харв.zȃtuljak ‘патыліца’ (*zatűlъkъ) з беларускім геаграфічным тэрмінам зату́лак ‘зацішнае месца, куды сонца рэдка заглядвае’ (Нас., ад затуля́ць, (гл. туліць) здаецца штучнай (“закрыта” пярэдняй часткай галавы?).
Тул2, ст.-бел.тулъ ‘калчан, чахол для стрэл’ (XVI ст., ГСБМ, Скарына, Альтбаўэр, ПГС, Ст.-бел. лексікон), ту́ля ‘похва для стрэл’ (Ласт.). Захавалася як архаізм стараж.-рус.тулъ (тоулъ), ст.-рус.тулъ, у XVIII ст. — туло ‘тс’, ст.-рус.маск.тулъ ‘похва для лука’. Найбольш працяглы час словы тул, ту́ло і вытворныя ад іх ужываліся ў стараўкраінскай мове і ўкраінскай мове пачатку XIX ст.: тульник ‘той, хто вырабляе калчаны’, ‘які носіць калчаны і стрэлы’, тульникі́вна ‘дачка тульніка’, тульниче́нко ‘сын тульніка’, тульничка ‘жонка тульніка’ (гл. ЕСУМ, 5, 671; Адзінцоў, Этимология–1973, 98–101). Польск.tuł, tół, tula, tuleja ‘калчан’ (Варш. сл.), ст.-польск.tuł (да XVII ст.) ‘тс’, чэш.toul, toulec, ст.-чэш.túl ‘калчан’, славац.tulec, славен.tul̑, tul̑ec, tul̑ičeh ‘тс’, ст.-харв.tul̑, харв.tuljac, серб.ту̑л, ту́лац, балг.тул ‘тс’, радоп. ‘скрынка з кары’, макед.тул ‘скураная похва для стрэл’, ст.-слав.тоулъ ‘тс’. Прасл.*tulъ ‘калчан, похва, чахол, футарал’ развілося з і.-е.*tu̯ah₃‑ul‑o, параўн. ст.-інд.tūn̥a‑, tūn̥í, tū́n̥iras ‘тс’ (Фасмер, 4, 117), інд. tūn̥ava ‘дуда’, ст.-грэч.σωλήν ‘труба, жолаб, канал’ (Сной₂, 791). Захаваныя вытворныя ў народных мовах, параўн. туле́йка (гл.), рус.вту́лка ‘трубка, затычка’, балг.дыял. ‘туле́шник ‘жалезная скрынка на свечкі’, ту́ли́ще ‘кошык на арэхі’, макед.охрыд.тулина ‘жывот’ і інш., схіляюць да версіі пра першаснае значэнне ‘покрыва, накрыўка, схоў’ і сувязь з туліць ‘утойваць, хаваць’ (гл.). Агляд і абгрунтаванне версій у ESJSt, 17, 997; Куркіна, Этимология–1982, 21–23; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 400; Анікін, РЭС, 9, 95.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БАНГЛАДЭ́Ш, Народная Рэспубліка Бангладэш,
дзяржава ў Паўд. Азіі. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. Індыйскага ак. На З, Пн і У мяжуе з Індыяй, на ПдУ — з М’янмай. Пл. каля 144 тыс.км². Нас. 116,6 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Дака. Падзяляецца на 64 акругі. Дзярж. мовы бенгальская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (26 сак.).
Дзяржаўны лад. Бангладэш — унітарная рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Парламент — аднапалатная Нац. асамблея (330 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў 5 гадоў). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў і выконвае прадстаўнічыя функцыі. Кіраўнік выканаўчай улады — прэм’ер-міністр.
Прырода. Каля 90% — плоская алювіяльная нізіна ў межах буйнейшай у свеце агульнай дэльты Ганга і Брахмапутры (выш. 1—3 м над узр. м. ў прыморскіх раёнах, 6—20 м на З і ПнЗ), парэзаная сеткай рэк і каналаў. На Пн узвышшы Барынд і Мадхурпур, на ПдУ горы Чытагонг і Лушаі (да 1230 м). З карысных выкапняў невял. радовішчы прыроднага газу, нафты, каменнага вугалю, торфу, жал. руды, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным (май—кастр.) і сухім сезонамі. У вільготны сезон т-ра паветра 28—35 °C, у сухі 15—25 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год. Частыя паводкі, ураганы і нагоны вады з мора, радзей засухі. Глебы алювіяльныя, рыхлыя, пераважна сугліністыя і супясчаныя, лёгка паддаюцца апрацоўцы. Пашырана эрозія глебаў, у прыморскіх раёнах — засаленне. Рэкі — Ганг, Брахмапутра са шматлікімі прытокамі і пратокамі: выкарыстоўваюцца для арашэння і суднаходства. Пераважае культ. расліннасць; на ПдУ захаваліся трапічныя вечназялёныя бамбукавыя і пальмавыя лясы (каля 14% тэрыторыі), уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі. Нац. паркі Чытагонг, Мадхурпур.
Насельніцтва. 98% — бенгальцы. Ёсць мусульманскія выхадцы з Індыі. На ўскраінах і ў гарах на ПдУ жывуць малыя народнасці асама-бірманскага паходжання (чакма, могх, кхаст, санталы і інш.). Сярэднегадавы прырост 2,4%. Паводле веравызнання больш за 85% вернікаў мусульмане, каля 12% індуісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 810 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце), у многіх раёнах перавышае 1 тыс.чал. На 1 км². У гарадах каля 14% жыхароў краіны. Найб. гарады (1991, тыс.ж.): Дака — 3638, Чытагонг — 1566, Кхулна — 601, Нараянгандж, Маймансінгх, Раджшахі. Сярэдняя працягласць жыцця 52 гады.
Гісторыя. Тэр. Бангладэш заселена ў палеаліце. У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры — сярэдзіне 1-га тыс. нашай эры існавалі дзярж. ўтварэнні, у т. л. Ванга (7—6 ст. да нашай эры), ад якой і пайшла назва Бенгалія, потым Бангладэш (краіна бенгальцаў). У 6—13 ст. нашай эры ў дзяржаве Бенгаліяй правілі дынастыі Гаўда, Палаў і Сенаў. На рубяжы 12—13 ст. яе захапіў Дэлійскі султанат, ва ўсх. яе частцы пануючай рэлігіяй становіцца іслам. З сярэдзіны 14 ст. Бенгалія незалежная. У 1576 яе захапілі Вялікія Маголы. На пач. 18 ст. краіна зноў самастойная, на той час — самая густанаселеная і развітая частка Індастана. У сярэдзіне 18 ст. адсюль англічане пачалі экспансію ў Індастан. Пасля бітвы пры Плесі (1757) Бенгалія — уладанне англ. Ост-Індскай кампаніі. Каланіяльны рэжым прывёў краіну ў заняпад. У 19 ст. ў агульным рэчышчы вызв. руху Індастана ў Бенгаліі сфарміраваўся нац.-вызв. рух. У 20 ст. ім кіраваў Індыйскі нацыянальны кангрэс, а ва Усх. Бенгаліі — і мусульм. ліга. Пасля падзення каланіялізму ў Індыі (1947) б. брытанская калонія падзелена паводле рэліг. прынцыпу на 2 дзяржавы — Індыю і Пакістан; Усх. Бенгалія апынулася ў складзе апошняй як яе частка. Дзярж. ўладу ў краіне захапілі маёмныя колы Зах. Пакістана, якія праводзілі тут палітыку жорсткай эксплуатацыі. Асабліва востра паўстала моўная праблема; дзярж. мовай Пакістана — урду — валодалі 1,1% жыхароў Усх. Пакістана. За раўнапраўе абедзвюх частак краіны выступілі камуністы і чл.Нар. лігі (узнікла ў 1949 і стала самай уплывовай паліт. сілай краіны). Нац. праблема тут ускладнялася цяжкім сац.-эканам. становішчам. Усх. Пакістан быў у ліку самых адсталых рэгіёнаў свету. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. бенгальскае пытанне стала прыярытэтным у комплексе праблем Пакістана, ахопленага дзярж. крызісам. На агульных выбарах 1970 перамагла Нар. ліга на чале з М.Рахманам, якая запатрабавала поўнай аўтаноміі Усх. Пакістана, замацаванай канстытуцыяй. Правячыя колы Зах. Пакістана пачалі супраць бенгальцаў жорсткія рэпрэсіі, якія прывялі да ўцёкаў апошніх у суседнюю Індыю і гібелі каля 3 млн.чал. У Бенгаліі пачалася агульнанац. кампанія непадпарадкавання, якая перарасла ва ўзбр. барацьбу партызанаў (мукці-бахіні). 26.3.1971 бенгальскія нац. сілы абвясцілі незалежную краіну Бангладэш. На дапамогу бенгальцам прыйшлі ўзбр. сілы Індыі разам з мукці-бахіні. У снеж. 1971 войскі Пакістана капітулявалі. Урад новай краіны ўзначаліў вызвалены з турмы М.Рахман. Пакістанцы-небенгальцы пакінулі Бенгалію. Паліт. ўлада ў Бенгаліі апынулася ў руках сярэдняй і дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, служачых, заможных землеўладальнікаў. Урад спрабаваў вырашыць сац. пытанні шляхам шырокай нацыяналізацыі прам-сці, банкаў, стварэннем дзяржсектара і планаваннем у эканоміцы. Непадрыхтаванасць новай улады, цяжкая эканам. спадчына, стыхійныя бедствы прывялі да паліт. напружанасці. У выніку дзярж.ваен. перавароту і забойства М.Рахмана (жн. 1975) настаў 15-гадовы перыяд смуты, за час якой адбыліся 4 ваен. перавароты, забіты 2 прэзідэнты, 9 гадоў існавала прамое ваен. праўленне, 5 гадоў абмяжоўвалася канстытуцыя. Абраны ў чэрв. 1977 прэзідэнт З.Рахман стварыў Нацыяналіст. партыю Бангладэш (НПБ) і абвясціў асн. прынцыпамі сваёй палітыкі іслам, дэмакратыю, нацыяналізм, сац. справядлівасць. У маі 1981 З.Рахман забіты. У сак. 1982 да ўлады прыйшоў ген. Х.М.Эршад, які ажыццяўляў праграму «19 пунктаў» (дапамога сельскай гаспадарцы, дэнацыяналізацыя, пашырэнне дзейнасці прыватнага капіталу, у т. л. замежнага). Дзеянні апазіцыі ў снеж. 1990 прывялі да падзення рэжыму Эршада. На першых свабодных выбарах у лют. 1991 перамагла НПБ на чале з удавой З.Рахмана Х.Зія, якая ўзначаліла ўрад. Асн.апазіц. партыяй стала Нар. ліга (лідэр Х.Вазед, дачка М.Рахмана). Прэзідэнт краіны (з кастр. 1991) Абдур Рахман Бісвас кіруецца прынцыпамі бангладэшскага нацыяналізму і ісламу. Кіруючая партыя імкнецца да правядзення рыначных рэформаў, умацавання прам-сці і с.-г. вытворчасці.
Бангладэш — чл.ААН (з 1974), а таксама Садружнасці, Руху недалучэння, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя»; ініцыятар стварэння ў 1985 Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва Паўд. Азіі. Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі. Дзейнічае каля 100 паліт. партый і груповак. Асн. з іх — Нацыяналіст. партыя Бангладэш, Нар. ліга, Нац. партыя Бпнгладэш, Джамаат-і-ісламі, Кампартыя Бангладэш і інш.
Гаспадарка. Бангладэш — агр. краіна з многаўкладнай эканомікай. Паводле класіфікацыі ААН уваходзіць у лік найменш развітых краін. Штогадовы валавы нац. прадукт 24 млрд.дол. ЗША (каля 200 дол. на чалавека). Найб. развіта сельская гаспадарка (67% зямель апрацоўваюцца), якая дае 40% нац. прадукту. У ёй занята 74% эканамічна актыўнага насельніцтва. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі з нізкай вытв-сцю і таварнасцю. Характэрныя абмежаванасць зямельнага фонду, агр. перанасяленне. На б.ч. палёў штогод збіраюць 2—3 ураджаі. Гал.харч. культура — рыс (80% пасяўных плошчаў, штогадовы збор каля 15 млн.т), вырошчваюць таксама пшаніцу (каля 1,5 млн.т), ячмень, бабовыя (фасоля, чачавіца і інш.), бульбу, агародніну і садавіну. Краіна не забяспечвае сябе харч. прадуктамі, штогод імпартуе каля 2 млн.т збожжа. Асн.тэхн. і экспартныя культуры: джут (каля 1 млн.т, 2-е месца ў свеце пасля Індыі), цукр. трыснёг, бавоўна, тытунь, алейныя (рапс, кунжут, гарчыца, арахіс), чай (штогадовы збор каля 40 тыс.т). Пагалоўе буйн. раг жывёлы каля 24 млн. (выкарыстоўваецца пераважна як цяглавая сіла), дробнай раг. жывёлы (пераважна козаў) каля 11 млн., птушкі каля 90 млн. Прэснаводнае (у сажалках, рэках і на рысавых палях) і марское рыбалоўства штогод дае каля 1 млн.т рыбы. Здабываюць прыродны газ (на ПнУ, каля 2,5 млрд.м³ штогод), нафту (забяспечвае 0,5% патрэбы краіны), вапняк, буд. матэрыялы. Вытв-сць электраэнергіі каля 5 млрд. КВт∙гадз. ГЭС на р. Карнахпулі. Большасць прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Найб. развіты тэкст., пераважна джутавая (тканіны, дываны) і баваўняная, прам-сць. Развіваюцца тэкст. (швейная і трыкат. галіны), харч. (цукр., чайная, алейная, саляная, тытунёвая, рысаачышчальная), папяровая, хім. (вытв-сць угнаенняў, хімікатаў, лекаў, фарбавальнікаў); машынабудаванне (вытв-сць станкоў, дызельных рухавікоў, тэлеф. абсталявання, радыёпрыёмнікаў, суднабудаванне, суднарамонт, зборка з імпартаваных дэталяў). Металургічны і нафтаперапр. з-ды ў Чытагонгу, вытв-сць цэменту ў Чхатаку. Важнае значэнне маюць хатнія промыслы, рамесніцтва і дробная прам-сць (гарбарная, ганчарная і інш.), у якіх занята больш за 1 млн.чал. Саматужнае ткацтва (больш за 300 тыс.чал.) амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў тканінах. На долю ўнутр. воднага транспарту прыпадае 75% грузавых і пасажырскіх перавозак. Працягласць водных шляхоў з пастаяннай эксплуатацыяй 8 тыс.км. Агульная працягласць чыгунак 2818 км, аўтадарог 10 500 км. Асн. рачныя парты і чыг. вузлы Нараянгандж, Кхулна, Сілхет, Маймансінгх. Асн. грузапатокі з Пн на Пд (джут, скуры, чай) і з Пд на Пн (збожжа, машыны і абсталяванне, хімікаты). Марскі транспарт забяспечвае знешнеэканам. сувязі. Марскія парты Чытагонг і Чална. Авіяц. транспарт звязвае буйнейшыя гарады краіны з 26 краінамі Азіі, Афрыкі і Еўропы. Агульны тавараабарот 5,6 млрд.дол. ЗША (1991/92 фін. год), экспарт — 2 млрд.дол., імпарт — 3,6 млрд.дол. Экспартуе джут, джутавыя і скураныя вырабы, чай, рыбу, морапрадукты, адзенне, сантэхн. і кухоннае абсталяванне, абутак, электрабыт. прылады і інш. Імпартуюцца нафта і нафтапрадукты, металы, машыны і абсталяванне, збожжа і інш.харч. прадукты. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, Сінгапур, ААЭ, Кітай, Расія. Грашовая адзінка — така.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Бангладэш выходзіць больш за 90 штодзённых газет, больш за 340 штотыднёвых і каля 180 інш.перыяд. выданняў. Інфармацыйныя агенцтвы: дзярж. Бангладэш Сангбад Сангаста (БСС) і прыватнае Юнайтэд Ньюс оф Бангладэш (ЮНБ). Радыё і тэлебачанне — дзярж., на бенгальскай і англ. мовах.
Літаратура. Развіваецца на бенгальскай мове. Яе спецыфіка абумоўлена цеснай сувяззю з традыцыйнай мусульм. культурай і рэгіянальнымі асаблівасцямі. У 15—18 ст. бенгальскія мусульмане стварылі нямала паэт. твораў на бенгальскай мове, у якіх адчувалася наследаванне араб. і перс. канонам. У адрозненне ад індусаў бенгальскія мусульмане не абнаўлялі ў 19 ст. сваю культуру і л-ру. Першы паэт-мусульманін, які набыў усебенгальскае прызнанне, — Назрул Іслам. Даследчык усх.-бенгальскага фальклору Джасімуддзін стаў вядомы сваімі песнямі і паэмамі ў нар. духу. Паэты Гулам Мустафа і Суфія Камал трымаліся літ. традыцый; Фарук Ахмад і інш. супрацьпастаўлялі сваю творчасць агульнабенгальскім традыцыям. Плённа развіваецца паэзія, якая наследуе традыцыі Р.Тагора, бенгальскай л-ры 1930-х г. і знаходзіцца пад уплывам сусв. паэзіі 20 ст. Буйнейшы паэт — Шамсур Рахман, творы якога адлюстроўваюць трагічны лёс краіны. Іншыя вядомыя паэты: Ахсан Хабіб, Саід Алі Ахсан, Хасан Хафізур Рахман, аль-Махмуд, Шахід Кадры, Нірмаленду Гун. Развіваецца таксама проза: раманы Саіда Валіулы, апавяданні Шаўката Асмана, творы Абул Фазла, Абу Ісхака і інш.Арганізац. цэнтр л-ры — Бенгальская акадэмія (г. Дака).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бангладэш захаваліся помнікі мастацтва 12 ст.: рэшткі ўмацаванняў г. Пундранагара (Махастхан), будыйскіх манастыроў у Пахарпуры і Майнаматы з тэракотавымі рэльефамі на міфалагічныя тэмы, з круглай каменнай і бронз. скульптурай. Пасля мусульм. захопу (канец 12 — пач. 13 ст.) у культуру Бангладэш прыйшлі маст. традыцыі Сярэдняй Азіі, Бліжняга і Сярэдняга Усходу, пашырылася буд-ва мячэцяў, мінарэтаў, медрэсэ. У 16—17 ст. дасягнуў росквіту мініяцюрны жывапіс. У 18—19 ст. разам з традыц. тыпамі збудаванняў («Зоркавая мячэць» у г. Дака) узводзіліся чыг. вакзалы, муніцыпалітэты ў стылі англ. неакласіцызму (будынак банка ў г. Дака). Грамадскія будынкі сярэдзіны 20 ст. пабудаваны ў стылі, які спалучае сучасныя канструкцыі і матэрыялы з традыц. формамі (мячэць Байтул Мукарам у г. Дака). Рэаліст. творы ў духу еўрап. мастацтва створаны жывапісцамі і графікамі (З.Абедзін, А.Сафіуддзін, К.Хасан). Некаторыя мастакі абапіраюцца на традыцыі магольскай мініяцюры і стараж.інд. размалёўкі (Х.Рахман). Творчасць жывапісцаў М.Башыра, М.Кібрыя, графіка К.Чаудхуры адметная імкненнем да зах. мадэрнізму. У дэкар.-прыкладным мастацтве вылучаюцца разьба па дрэве і слановай косці, ганчарства, ткацтва.
Музыка. Найб. раннія этапы станаўлення музыкі Бангладэш адносяцца да 3—2-га тыс. да нашай эры У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры склалася культура напеўнай рэчытацыі тэкстаў Ведаў. На пач. нашай эры фарміравалася музыка высокай традыцыі (пераважна вакальная), у 4—7 ст. расквітнела тэатр. музыка. З 13 ст. ў рэчышчы культуры хіндустані развівалася класічная музыка. У 14—16 ст. склалася прыдворная вак. традыцыя дхрупад, адметная велічнасцю і павольнасцю разгортвання, філас. зместам. У 17—18 ст. з яе вылучылася самаст.вак. традыцыя кхаял з больш экспрэсіўным тыпам спеваў. Музыка Бангладэш уключае і разнастайныя муз.-танц.-тэатр. формы, звязаныя з побытам (бхатыялі). Сярод муз. інструментаў: струнныя — віна, сітар, сарод, сарангі, тампура, сантур; ударныя — табла, пакхавадж, мрыданга, барабаны; духавы — бансуры (драўляная флейта). На мяжы 19—20 ст. пашырылася інстр. музыка. Вял. ўклад у муз. культуру Бангладэш зрабіў Р.Тагор. У Бангладэш працуюць Муз. акадэмія і Т-ва па развіцці мастацтваў і л-ры.
Тэатр. У Бангладэш да нашага часу захаваўся стараж. від інд.нар.т-ра — джатра, які бярэ пачатак з ігрышчаў пастухоў і рэліг. працэсій культу Вішну — Крышны. Ён аб’ядноўвае танец, пантаміму, слова, інстр. і вак. музыку. У канцы 19 — пач. 20 ст. тэатр узбагаціўся новымі тэмамі, героямі сталі гіст. асобы, барацьбіты за нац. вызваленне. Выканаўцы — юнакі і мужчыны; гал. спявак (бібек) дае каментарыі, тлумачыць ход тэатр. дзеяння.
Кіно. У 1959 зняты першы ў Бангладэш фільм «Цячэ рака» («Прыйдзе дзень», рэж. Дж.Кардар). У 1960-я г. здымаліся меладрамы на ўзор інд. камерцыйнай прадукцыі, прытчы. У 1970—80-я г. створаны фільмы, якія закранаюць сац. пытанні, барацьбу за незалежнасць; экранізуецца літ. класіка, нар. легенды. Сярод найб. значных фільмаў: «Усё яшчэ ноч», «Вяртанне да жыцця», «Апошні школьны званок» (усе рэж. Х.А.Рахман), «Бесхарактарны чалавек» (рэж. Б.Іслам), «Паміж небам і зямлёй» (рэж. С.Дата), «Цябе пакліча мая флейта» (рэж. Міта), «Бясконцая дарога» (рэж. А.Хусейн). У краіне 5 кінастудый, у т. л. 1 дзяржаўная.
Літ.:
Ермошкин Н.И. Бангладеш: Годы борьбы и становления (1966—1974). М., 1979;
Народная Республика Бангладеш: Экономика, история, культура. М., 1979.